акцэнтало́гія

(ад акцэнт + -логія)

раздзел мовазнаўства, які вывучае сістэму націску ў мовах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВАНДРЫЕ́С (Vendryes) Жазеф (13.1.1875, Парыж — 30.1.1960),

французскі мовазнавец. Праф. Сарбоны (1907). Чл. Акадэміі надпісаў і л-ры (у Парыжы), 7 еўрап. акадэмій. Распрацоўваў праблемы агульнага і індаеўрап. мовазнаўства; прыхільнік т.зв. сацыялагічнай школы ў мовазнаўстве («Мова», 1921). Даследаваў класічныя і кельцкія мовы.

т. 3, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРАЗЕАГРА́ФІЯ (ад грэч. phrasis выраз + ...графія),

раздзел мовазнаўства, які займаецца складаннем, апісаннем і характарыстыкай фразеалагічных слоўнікаў. Бел. Ф. ўзнікла ў 19 ст., калі фразеалагізмы сталі ўключаць у слоўнікі жывой нар. мовы і тлумачыць (напр., «Слоўнік беларускай мовы» І.​І.​Насовіча, 1870).

т. 16, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛАХО́ЎСКІ Леанід Арсенавіч (26.4.1888, г. Харкаў, Украіна — 4.4.1961),

украінскі мовазнавец. Акад. АН Украіны (1939), чл.-кар. АН СССР (1946). Засл. дз. нав. Украіны (1941). Скончыў Харкаўскі ун-т (1910). Праф. Пермскага (з 1917), Харкаўскага (з 1921) і Маскоўскага (1943—44) ун-таў. У 1944—61 дырэктар Ін-та мовазнаўства АН Украіны. Даследаванні ў галіне агульнага, параўнальна-гіст., слав., укр. і рус. мовазнаўства. Шматлікія працы Булахоўскага прысвечаны малавывучаным пытанням і гісторыі індаеўрап. моў, узаемаадносінам балт. і слав. моў, слав., у т. л. бел., акцэнталогіі. Аўтар даследаванняў «З гістарычных каментарыяў да ўкраінскай мовы» (1946—52), «Пытанні паходжання ўкраінскай мовы» (1956) і інш.

Тв.:

Избр. труды. Т. 1—5. Киев, 1975—83.

Літ.:

Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Мн., 1977. Т. 2. С. 61—78;

Л.А. Булаховский и современное языкознание: К 100-летию со дня рождения: Сб. науч. тр. Киев, 1987.

т. 3, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТЫ́НАЎ Віктар Уладзіміравіч (н. 25.1.1924, г. Адэса, Украіна),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1969), праф. (1971). Засл. дз. нав. Беларусі (1990). Скончыў Адэскі ун-т (1948), з 1952 працаваў у ім. З 1960 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, у 1994—96 у Мінскім лінгвістычным ун-це. З 1998 у Еўрап. гуманітарным ун-це (Мінск). Даследуе агульнае, слав. і прыкладное мовазнаўства. Аўтар кніг: «Славяна-германскае лексічнае ўзаемадзеянне найстаражытнейшай пары: (Да праблемы прарадзімы славян)» (1963), «Кібернетыка. Семіётыка. Лінгвістыка» (1966), «Славянская і індаеўрапейская акамадацыя» (1968), «Семіялагічныя асновы інфарматыкі» (1974), «Катэгорыі мовы» (1982), «Мова ў прасторы і часе: Да праблемы глатагенезу славян» (1983), «Універсальны семантычны код: УСК-3» (1984), «Этнагенез славян: Мова і міф» (1993), «Прарадзіма славян. Лінгвістычная верыфікацыя» (1998), сааўтар «Лексікі Палесся ў прасторы і часе» (1971), «Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—8, 1978—93) і інш.

т. 10, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯКАПІ́Н (Jakopin) Франц (29.9.1921, с. Драмлі, Славенія — 2003),

славенскі філолаг-славіст. Чл.-кар. Славенскай акадэміі навук і мастацтваў (1985), д-р філал. н. (1978), праф. (1979). Скончыў Люблянскі ун-т, чытаў у ім курс лекцый «Фарміраванне беларускай літаратурнай мовы». У 1969 і 1978 працаваў у БДУ. З 1982 дырэктар Ін-та славенскай мовы Славенскай акадэміі навук і мастацтваў. Аўтар манаграфіі «Граматыка рускай літаратурнай мовы» (1968), артыкулаў па бел. мове і мовазнаўстве, у т. л. «Праблемы беларускай мовы і мовазнаўства» (1969—70), «Вывучэнне прыназоўнікаў у беларускай мове» (1970—71), «З галіны беларускага мовазнаўства» (1971—72; 1976—77), «Новы мовазнаўчы часопіс» (пра час. «Беларуская лінгвістыка»; 1972—73), «Манаграфіі пра словаспалучэнні ў беларускай мове» (1972—73), «Беларускі тлумачальны слоўнік» (1980—81), рэцэнзіі на кн. М.​Г.​Булахава «Усходнеславянскія мовазнаўцы» (1978) і інш.

В.​У.​Мартынаў.

т. 18, кн. 1, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАГАЎЦО́Ў Васіль Іванавіч (н. 4.1.1952, г.п. Стрэшын Жлобінскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. мовазнавец і паэт. Чл.-кар. Бел. акадэміі адукацыі (1999). Д-р філал. н. (2003), праф. (1993). Скончыў Мазырскі пед. ін-т (1973). Настаўнічаў. З 1978 у Магілёўскім ун-це (з 1983 заг. кафедры). Даследуе сінтаксіс сучаснай бел. і рус. моў, лінгвістыку тэксту, тэарэт. лінгвістыку, бел. дыялектную анамастыку, бел. тэрміналогію, методыку выкладання бел. мовы і інш. Аўтар манаграфіі «Маўленчае выражэнне камічнага ў беларускай драматургіі» (2002), навуч. дапаможнікаў, у т. л. «Сінтаксіс беларускай і рускай моў: Дыскусійныя пытанні» (2001). Сааўтар кн. «Уводзіны ў мовазнаўства» (1987), «Руска-беларускі слоўнік па машынабудаванні» (1998), «Анамастычны слоўнік Магілёўшчыны» (2000), біябібліягр. даведніка «Мовазнаўцы Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта імя А.​А.​Куляшова: Агульнае і славянскае мовазнаўства (1930—2001)» (2002) і інш. Выдаў кнігі паэзіі «Сутонне» (1995) і «Долягляд» (1998).

т. 18, кн. 1, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

структу́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да структуры. Структурныя элементы сплаву. // Звязаны з вывучэннем структуры, будовы чаго‑н. Структурны аналіз.

2. Які мае пэўную структуру. Структурныя глебы.

•••

Структурная лінгвістыка — галіна мовазнаўства, якая вывучае натуральную мову як сістэму элементаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

этналінгві́стыка

(ад этнас + лінгвістыка)

раздзел мовазнаўства, які вывучае ўзаемасувязь мовы і этнічных фактараў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ЖУРА́ЎСКІ Аркадзь Іосіфавіч (н. 5.8.1924, в. Янава Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. мовазнавец. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1980). Д-р філал. н. (1968), праф. (1970). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1950). З 1950 працуе ў Ін-це мовазнаўства Нац. АН Беларусі (у 1983—89 дырэктар). Даследуе гісторыю бел. мовы і бел. мовазнаўства. Аўтар прац «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» (т. 1, 1967), «Мова нашых продкаў» (1983). Сааўтар даследаванняў «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы» (1970), «Гістарычная марфалогія беларускай мовы» (1979), «Мова беларускай пісьменнасці XIV—XVIII стст» (1988), «Мова выданняў Францыска Скарыны» (1990), дапаможнікаў для ВНУ «Нарысы па гісторыі беларускай мовы» (1957), «Хрэстаматыя па гісторыі беларускай мовы» (ч. 1—2, 1961—62) і інш. Адзін са стваральнікаў «Руска-беларускага слоўніка грамадска-палітычнай тэрміналогіі» (1970) і гал. рэдактар «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» (вып. 1—14, 1982—96). Дзярж. прэмія Беларусі 1994 (за комплекс прац у галіне скарыназнаўства).

І.​К.​Германовіч.

А.І.Жураўскі.

т. 6, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)