АКСАМІ́ТАЎ Анатоль Сцяпанавіч (н. 17.7.1926, Гомель),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1984). Скончыў БДУ (1951). У 1952—91 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1994 у Фондзе фундаментальных даследаванняў Рэспублікі Беларусь. Распрацоўвае пытанні бел. і слав. фразеалогіі («Лексіка беларускіх прыказак XIX ст. ў сувязі з агульнай праблемай фразеалогіі», 1958; «Беларуская фразеалогія», 1978; «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы», 1970, у сааўт.), этналінгвістыкі, фразеаграфіі і гісторыі бел. мовазнаўства. Рэдактар і адзін са складальнікаў «Фразеалагічнага слоўніка мовы твораў Я.​Коласа» (1993), сааўт. «Беларуска-рускага слоўніка» (1962). Аўтар кн. «З думай славяніна» «З душой славяніна» (1991, з Л.​А.​Малаш).

т. 1, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАНО́ВІЧ Антон Канстанцінавіч (6.6.1910, в. Казлы Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 27.12.1980),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1969). Скончыў Віленскі ун-т (1950), выкладаў у ім (1950—71). Даследаваў помнікі татара-мусульманскага пісьменства на бел. мове («Беларускія тэксты, пісаныя арабскім пісьмом, і іх графіка-арфаграфічная сістэма», 1968), фанетыку, графіку і арфаграфію судовай (актавай) кнігі Ковенскага земскага суда 1566—67. Выявіў 24 рукапісныя кнігі 17 — пач. 20 ст. на бел. мове араб. пісьмом. Працы Антановича паказваюць суадносіны бел. літ. і жывой гутарковай мовы розных часоў, фанетычныя, граматычныя і лексічныя асаблівасці нар. бел. гаворак.

І.​У.​Саламевіч.

т. 1, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́НТКЕ (Bandtkie) Ежы Самуэль (24.11.1768, г. Люблін, Польшча — 11.6.1835),

польскі гісторык, бібліёграф, мовазнавец. Д-р філасофіі (1811). Вучыўся ў Гальскім і Іенскім ун-тах (1787—90). Служыў гувернёрам, выкладаў у сярэдніх навуч. установах. З 1811 праф. бібліяграфіі Кракаўскага ун-та, дырэктар Ягелонскай б-кі, дзе ўпарадкаваў б. езуіцкія зборы (каля 15 тыс. тамоў). Аўтар прац па гісторыі Польшчы і ВКЛ, гісторыі права, нумізматыцы, слав. мовазнаўстве. У працах, прысвечаных гісторыі кнігадрукавання ў Польшчы і ВКЛ, прывёў даныя пра бел. стараж. выданні, асвятляў дзейнасць бел. першадрукароў і кнігавыдаўцоў у Вільні, Заблудаве, Супраслі, Нясвіжы і інш.

т. 2, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАНА́ЎСКАС (Baranauskas) Антанас (17.1.1835, г. Анікшчай, Літва — 26.11.1902),

літоўскі паэт, мовазнавец, царк. дзеяч. Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1862). У 1866—84 праф. Каўнаскай духоўнай семінарыі. З 1897 епіскап у г. Сейны (Польшча). Гал. тэматыка твораў Баранаўскаса — гіст. лёс Літвы і літоўскага народа. У паэме «Падарожжа ў Пецярбург» (1859) асуджаў каланізатарскую палітыку царызму. Паэма «Анікшчайскі бор» (1860—61) — першы рамант. твор у літ. паэзіі 19 ст., у якім апаэтызаваны прырода роднага краю і духоўная прыгажосць народа. Заснавальнік літ. дыялекталогіі: зрабіў першую класіфікацыю літоўскіх дыялектаў, сабраў багаты дыялектны матэрыял (выд. 1882, 1920—21); аўтар граматыкі літ. мовы (1899).

А.​Лапінскене.

т. 2, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЫ́ШНІКАВА Кіра Кір’янаўна (20.2.1897, г. Фергана, Узбекістан — 27.4.1978),

бел. і рус. педагог, мовазнавец. Праф. (1964). Скончыла Вышэйшыя навук.-пед. курсы пры 2-м Маскоўскім ун-це (1928). З 1947 у Маскоўскім пед. ін-це замежных моў, з 1967 — заг. кафедры эксперым. фанетыкі ў Мінскім пед. ін-це замежных моў. Аўтар шэрагу даследаванняў па фанетыцы франц. мовы: інтанацыі і рытміцы, слоўным і фразавым націску; па агульных пытаннях прасодыі, інтанацыі і фанетычнай стылістыкі. У сааўт. выдала «Уводна-карэктыўны фанетычны курс французскай мовы» (1974). Пад яе навук. кіраўніцтвам падрыхтавана плеяда бел. раманістаў і фанетыстаў.

Г.​А.​Мятлюк.

т. 2, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЗЛАЙ (Bezlaj) Францэ (19.9.1910, г. Ліція, Славенія — 24.4.1993),

славенскі мовазнавец. Д-р філал. н. (1939), акад. Славенскай акадэміі навук і мастацтваў (1964). Вучыўся ў Люблінскім і Пражскім ун-тах. Праф. Люблянскага ун-та (з 1958). Аўтар манаграфіі-слоўніка «Славенская гідранімія» (т. 1—2, 1956—61), манаграфіі «Эсэ пра славенскую мову» (1967), «Этымалагічнага слоўніка славенскай мовы» (т. 1—2, 1976—82), артыкулаў пра балта-слав. моўныя сувязі. У працах шырока выкарыстоўваў бел. матэрыял. У 1969 прачытаў у БДУ цыкл лекцый па пытаннях слав. этымалогіі і анамастыкі, акцэнтуючы ўвагу на бел.-славенскіх моўных паралелях.

А.​Я.​Супрун.

т. 2, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫРКЕ́ВІЧ Міхаіл Іванавіч (13.10.1899, в. Залесавічы Крычаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 13.8.1984),

бел. мовазнавец. Канд. пед. н. (1944). Засл. дз. нав. Беларусі (1951). Скончыў БДУ (1927). Працаваў настаўнікам, выкладчыкам у Магілёўскім пед. ін-це (1933—41), БДУ (1943—69). Аўтар падручнікаў па бел. мове для сямігадовай і сярэдняй школ, артыкулаў па пытаннях сучаснай бел. літ. мовы, у т. л. пра моватворчасць Я.​Купалы («Аб народнасці мовы паэмы Я.​Купалы «Над ракою Арэсай», 1954, «Аб мове камедыі Я.​Купалы «Паўлінка», 1958, «Аб мове паэмы Я.​Купалы «Бандароўна», 1960, і інш.).

І.​К.​Германовіч.

т. 6, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЯЛЕ́ЎСКІ Анатоль Іванавіч (28.12.1925, Мінск — 27.9.1986),

бел. мовазнавец. Брат Л.І.Кісялеўскага. Д-р філал. н. (1980), праф. (1981). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1957). Працаваў у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1963 выкладаў у Мінскім пед. ін-це замежных моў (у 1968—75 прарэктар). Даследаванні ў галіне агульнага мовазнаўства, лексікаграфіі і тэрміналогіі. Аўтар працы «Мовы і метамовы энцыклапедый і тлумачальных слоўнікаў» (1977), «Лацінска-руска-беларускага батанічнага слоўніка» (1967), вучэбных дапаможнікаў па агульным мовазнаўстве. Сааўтар «Руска-беларускага слоўніка грамадска-палітычнай тэрміналогіі» (1970) і «Слоўніка славянскай лінгвістычнай тэрміналогіі» (т. 1—2, 1977—79).

І.​К.​Германовіч.

т. 8, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЗЫРАЎ Іван Сафронавіч (22.6.1924, в. Пашына Дзямідаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 5.11.1992),

бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1971), праф. (1973). Скончыў Арлоўскі пед. ін-т (1950), з 1953 працаваў у ім. У 1973—88 у Мінскім пед. ін-це. Даследаваў параўнальна-гіст. лексікалогію рус. і бел. моў: манаграфіі «Нарысы па параўнальна-гістарычнай лексікалогіі рускай і беларускай моў» (1970), «Фарміраванне слоўнікавых саставаў рускай і беларускай моў: Саматычная лексіка» (1983). Аўтар вучэбных дапаможнікаў для пед. ін-таў «Сучасная руская мова: Фразеалогія, лексікаграфія» (1979), «Пытанні параўнальна-гістарычнай лексікалогіі рускай і беларускай моў» (1980) і інш.

І.​К.​Германовіч.

т. 8, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗО́ЎСКІ Уладзімір Міхайлавіч (н. 14.1.1934, в. Нянькава Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. мовазнавец. Канд. філал. н. (1966), праф. (1997). Скончыў БДУ (1956). Настаўнічаў. З 1961 у БДУ (у 1966—96 нам. дэкана філал. ф-та). У 1981—85 выкладаў бел. мову ў Берлінскім ун-це імя Гумбальта. Даследуе лексіку бел. літ. мовы і жывых нар. гаворак. Аўтар «Слоўніка антонімаў беларускай мовы» (1994), сааўтар падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў для ВНУ «Сучасная беларуская мова: Практычныя заняткі» (1989), «Сучасная беларуская мова: Уводзіны. Фанетыка. Фаналогія. Арфаэпія. Графіка. Арфаграфія. Лексікалогія. Лексікаграфія. Фразеалогія. Фразеаграфія» (2-е выд. 1995).

т. 9, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)