РАЗМАРЫ́Н (Rosmarinus),

род кветкавых раслін сям. губакветных. 1 від (паводле інш. звестак 3—5 блізкароднасных відаў). Пашыраны ў Міжземнамор’і, стварае характэрны элемент мясцовай расліннасці (маквіс). Са стараж. часу як эфіраалейную расліну культывуюць Р. лекавы (R.officinalis). На Беларусі вырошчваюць у аранжарэях і пакоях.

Вечназялёныя кусты выш. 0,5—2 м. Каранёвая сістэма дасягае глыб. 4 м. Старыя галіны дравяністыя, разгалінаваныя, маладыя парасткі густаапушаныя. Лісце лінейнае, падоўжанае (да 4 см), скурыстае, знізу белалямцавае. Кветкі блакітнаватыя, у гронкападобных пазушных суквеццях. Плод — арэшак. З лісця і парасткаў атрымліваюць эфірны алей, які выкарыстоўваецца ў медыцыне, парфумерыі, лікёра-гарэлачнай і кандытарскай прам-сці. Эфіраалейныя, лекавыя і дэкар. расліны.

В.​М.​Прохараў.

Размарын лекавы.

т. 13, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕДАТЫ́ЎНЫЯ СРО́ДКІ,

лекавыя сродкі, якія маюць заспакаяльны ўплыў. Адрозніваюць С.с. расл. паходжання (прэпараты валяр’яны, сардэчніку, півоні, пасіфлоры), сінт. (прэпараты брому, напр., натрыю і калію брамід) і камбінаваныя (валакардзін, валаседан і інш.). Заспакаяльным дзеяннем у малых дозах валодаюць снатворныя сродкі, транквілізатары, сардэчныя гліказіды, нейралептыкі і інш. Зніжэнне эмацыянальнага напружання, часам лёгкі снатворны эфект пры прыёме С.с. абумоўлены ўзмацненнем працэсаў тармажэння або аслабленнем працэсаў узбуджэння ў ц. н. с. С.с. ўзмацняюць уздзеянне снатворных, абязбольваючых і інш. сродкаў, не выклікаюць прывыкання, псіхічнай і фіз. залежнасці, расстройстваў каардынацыі руху. Ужываюцца для лячэння неўрозаў, пры бяссонніцы, павышанай раздражняльнасці, спазмах страўнікава-кішачнага тракта, пач. стадыі артэрыяльнай гіпертаніі.

І.​М.​Семяненя.

т. 14, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРО́ННІК, аройнік,

арум (Arum),

род кветкавых раслін сям. ароідных. Каля 15 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Малой і Пярэдняй Азіі. 6 відаў трапляюцца ў лясах на Пд Еўрап. ч. б. СССР, на Каўказе і ў Сярэдняй Азіі. На Беларусі асобныя віды ў калекцыі Цэнтр. бат. сада АН.

Шматгадовыя аднадомныя травяністыя расліны выш. 25—30 см з шара- або яйцападобным клубнем. Лісце суцэльнае, сэрца- або коп’епадобнае, бліскучае, на доўгіх чаранках. Аднаполыя кветкі ў катахах, укрытых пакрывалам белага, зеленаватага або цёмна-фіялетавага колеру. Плод — ярка-чырвоная ягада. Дэкар. і лекавыя расліны. Свежыя расліны атрутныя (ёсць рэчывы сапаніна-глюказіднага характару). Высушаныя клубні аронніку плямістага (A. maculatum) і інш. відаў маюць да 25% крухмалу, прыдатныя ў ежу.

Ароннік альпійскі.

т. 1, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВАНЕ́Ц (Rhinanthus),

род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 50 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераных абласцях Еўропы, Азіі, Паўн. Амерыкі. На Беларусі 6 відаў: З. летні (Rh. aestivalis), малы (Rh. minor), бяскрылы (Rh. apterus), позні (Rh. serotinus), вясенні (Rh. vernalis), чарнеючы (Rh. nigricans). Растуць на палях, лугах, каля дарог.

Аднагадовыя травяністыя расліны з прамастойным простым ці галінастым сцяблом выш. да 60 см. Лісце сядзячае, супраціўнае, зубчастае, без прылісткаў. Кветкі няправільныя, двухгубыя, з цыліндрычнай трубкай, на кароткіх кветаножках, звычайна жоўтыя, у гронкападобных суквеццях. Плод — 2-створкавая каробачка. Для З. характэрны сезонны дымарфізм. Паўпаразіты — утвараюць прысоскі (гаўсторыі), якімі прысмоктваюцца да каранёў злакаў. Некат. віды (напр., З. летні, З. бяскрылы) — пустазелле, ёсць лекавыя і ядавітыя расліны.

Званец малы.

т. 7, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

wartość

wartoś|ć

ж. вартасць;

~ć wymienna — менавая вартасць;

~ć kaloryczna — каларыйнасць;

lecznicze ~ci — лекавыя якасці

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

псіхатро́пны

(ад псіха- + -тропны);

п-ыя сродкі — лекавыя рэчывы, якія аказваюць уплыў на псіхічныя працэсы, уздзейнічаючы на вышэйшую нервовую дзейнасць.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

фармакагно́зія

(ад гр. pharmakon = лякарства + gnosis = веды)

раздзел фармацыі, які вывучае рэчывы расліннага і жывёльнага паходжання, што маюць лекавыя ўласцівасці.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Тра́ўнік 1 ‘старадаўняя кніга, якая змяшчае апісанне лекавых раслін’ (ТСБМ). Укр. тра́вник ‘гербарый’, ‘кніга пра лекавыя расліны’, рус. травни́к, тра́ве(я)ник ‘тс’. Да трава́ (гл.), першапачаткова, відаць, ‘чалавек, які знае лекавыя травы’, параўн. ст.-бел. травникъ ‘знахар, шаптун’ (ГСБМ).

Тра́ўнік 2 ‘газон’ (Жд. 2; гродз., Яшк.). Відаць, з польск. trawnik ‘тс’. Параўн. аналагічна ўтвораныя чэш. trávník ‘газон’, славац. trávnik ‘тс’, ‘футбольнае поле’, славен. trávnik ‘газон’, ‘паплавец, лужок’, макед. тревник ‘газон’, ‘травяністы луг, поле’, харв. trâvnik ‘газон’ і пад.

Тра́ўнік 3 ‘аднагадовае цялё’ (Касп.; лельч., Мат. Гом.), тра́ўніца ‘аднагадовая цялушка’ (Касп.). Фармальна ад тра́ўны ‘травяны’ (Стан.), да трава́ (гл.), г. зн. якія ўжо харчуюцца травой, пасуцца.

Тра́ўнік 4 ‘птушка чырвананожка, Tringa totanus’ (рэч., петрык., Мат. Гом.). Да трава́ (гл.), бо гняздуецца на сырых лугах і травяністых балотах, а травой не корміцца, гл. Дарафееў, Птушкі, 88. Тая ж матывацыя ў траўнічо́к ‘валасянка перасмешка-мармытуха, Sylvia curruca’ (Байк. і Некр.), параўн. славац. trávniček ‘слаўка’, і ў тра́ўніца ‘тля, раслінная вош’ (Байк. і Некр.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

транквіліза́тары

(ад англ. tranquilliser = супакойваць)

лекавыя сродкі, якія аказваюць супакойлівае дзеянне на цэнтральную нервовую сістэму і аслабляюць некаторыя сімптомы псіхозаў (трызненне, галюцынацыі, страх, трывогу і інш.).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

Нагне́тка ’?’: Як‑бы з руты ды нагнетак / Букет велькі май уклаў (Цётка). Няясна, якая кветка маецца на ўвазе; фармальна слова вельмі падобна да польск. nogietek ’наготка’, сустракаецца і ў форме nogietka (Steffen. Słownik Warmiński. Wrocław, 1984), аднак не выключана, што гэта іншая расліна, лекавыя ўласцівасці якой могуць выкарыстоўвацца ў народнай медыцыне, напрыклад для лячэння навярэджванняў, параўн. тураўск. нагнёт ’ціск, прыгнёт’, чэрв. нагне́сці ’набіць’, воран. нагнётка ’мазоль’ і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)