МАГЕЛА́НАЎ ПРАЛІ́Ў.
Паміж мацерыком Паўд. Амерыка і архіпелагам Вогненная Зямля. Злучае Ціхі і Атлантычны акіяны. Даўж. 575 км, найменшая шыр. 2,2 км, глыб. да 1170 м, найменшая глыб. на фарватэры 19,8 м. Паўн.зах. частка вузкая, глыбокая са стромкімі, скалістымі берагамі, з якіх спускаюцца ў ваду ледавікі, паўн.-ўсх. — шырокая, мелкаводная з нізкімі берагамі лагуннага тыпу. Плаванне небяспечнае з-за моцных зах. вятроў, падводных скал і меляў. Гал. порт — Пунта-Арэнас (Чылі). Праліў адкрыты Ф.Магеланам у 1520.
т. 9, с. 444
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ВЕРЦАЎ (Мікалай Аляксеевіч) (5.11.1827, г. Варонеж, Расія — 7.2.1885),
расійскі заолаг, зоагеограф і падарожнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1846). У 1857—79 даследаваў Сярэднюю Азію. Вывучаў геалогію, араграфію, клімат, глебы, расліннасць і жывёл цэнтр. ч. Цянь-Шаня, пустыні Кызылкум, Паміра і інш., стварыў першыя комплексна-геагр. характарыстыкі прыроды гэтых тэрыторый. Навук. працы па зоагеагр. раянаванні Палеарктыкі. Яго імем названы пік на Паміры ў хр. Пятра Першага, ледавікі на Паміры і Заілійскім Алатау, некат. віды жывёл і раслін.
т. 14, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕРАЎПІА́НСКІ ХРЫБЕ́Т горны хрыбет у сістэме Гісара-Алая ва Узбекістане і Таджыкістане, на Пд ад р. Зераўшан. Даўж. каля 370 км. Выш. да 5489 м (г. Чымтарга). На У (да р. Фандар’я) — высакагорны рэльеф з вяршынямі выш. да 4500—5000 м, на З — сярэднягор’е з карставымі формамі рэльефу (карставая бездань Кіеўская, глыб. 950 м). Складзены ў асн. з крышт. сланцаў і вапнякоў, часткова з гранітаў. На схілах — рэдкалессе (пераважна з арчы), горныя стэпы і альпійскія лугі. Ледавікі (агульная пл. 307 км²).
т. 7, с. 62
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАЛЕ́ВЫ МОД ЗЯМЛЯ́ (Queen Maud Land),
частка Усх. Антарктыды паміж 20° зах. і 45° усх. д. На Пн абмываецца морамі Лазарава, Рысер-Ларсена і Касманаўтаў. Паверхня магутнага ледавіка ўздымаецца на Пд да выш. 3500 м. Берагі ўяўляюць сабой шэльфавыя ледавікі. У прыбярэжнай ч. асобныя горныя хрыбты і вяршыні ўзнімаюцца над паверхняй ледавіка і дасягаюць вышыні больш за 3000 м. Дзейнічаюць навук. станцыі: Новалазараўская (Расія), САНАЭ (Паўд.-Афр. Рэспубліка), Сёва (Японія). Адкрыта ў 1930 нарв. экспедыцыяй Я.Рысер-Ларсена. Названа ў гонар нарв. каралевы.
т. 8, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ФІНАВА ЗЯМЛЯ́ (Baffin Island),
в-аў на ПнУ Паўн. Амерыкі, самы вял. ў Канадскім Арктычным архіпелагу, тэр. Канады. Пл. 476 тыс. км². Выцягнуты з ПнЗ на ПдУ амаль на 1350 км, аддзелены ад Грэнландыі Дэвісавым пралівам.
Берагі фіёрдавыя. Усходняя ч. гарыстая (выш. да 2591 м), значныя ледавікі (83 тыс. км²); заходняя — узгоркавая раўніна (выш. 150—200 м) са шматлікімі балотамі і вял. азёрамі. Складзены з крышт. парод, пераважна гнейсаў і сланцаў. Расліннасць мохава-лішайнікавай і хмызняковай тундры. Нац. парк Аўюітук. Асн. населены пункт — Фробішэр-Бей. В-аў названы ў гонар У.Бафіна.
т. 2, с. 355
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯ́СКІНСКІ ХРЫБЕ́Т (Alaska Range),
на Пд Аляскі, у Ціхаакіянскім поясе Кардыльераў Паўн. Амерыкі (ЗША). Даўж. каля 1000 км. Сярэдняя выш. каля 3000 м, найб. — 6191 м (г. Мак-Кінлі самая высокая вяршыня Паўн. Амерыкі). Восевая ч. хрыбта складзена з інтрузіўных (пераважна гранадыярытаў), па краях — з асадкавых парод. Схілы стромкія, моцна расчлянёныя. Аляскінскі хрыбет — важны клімата- і водападзел. На паўд. увільготненых схілах да выш. 800 м яловыя лясы, вышэй — вечныя снягі, буйныя ледавікі; на паўн. больш сухіх схілах мяжа лесу павышаецца да 1000—1200 м, вышэй — горныя тундры.
т. 1, с. 300
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІРГІ́ЗСКІ ХРЫБЕ́Т, Кіргізскі Алатау,
горны хрыбет на Пн Цянь-Шаня, у Кыргызстане і Казахстане.
Даўж. 375 км. Цягнецца ад г. Джамбул да Баамскай цясніны р. Чу. Выш. да 4875 м (пік Зах. Аламедзін). Пераважае высакагорны рэльеф. Паўн. схіл больш спадзісты і доўгі, чым паўд., абмяжоўвае з Пд Чуйскую даліну. Складзены з асадкавых і метамарфічных парод, парфірытаў, гранітаў. Радовішчы поліметал. руд, мінер. крыніцы. На схілах да выш. 2500 м — стэпы, лясы (елка, арча), вышэй — субальпійскія і альпійскія лугі. З выш. 3700 м — ледавікі (агульная пл. 223 км²).
т. 8, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНГО́ЛЬСКІ АЛТА́Й,
горная сістэма ў Манголіі і Кітаі, паўд.-ўсх. ч. Алтая. Даўж. з ПнЗ на ПдУ каля 1000 км. Шыр. 150—300 км. Некалькі паралельных хрыбтоў выш. да 4362 м (г. Мунххайрхан—Ула), падзеленых падоўжнымі тэктанічнымі ўпадзінамі. Складзены з палеазойскіх крышт. сланцаў, парфіраў, гранітаў. Вяршыні пераважна платопадобныя, найб. высокія горы з рэльефам альпійскага тыпу. Асобныя каравыя і вісячыя ледавікі (найб. Патаніна ледавік). Пераважаюць стэпы, на больш вільготных паўд.-зах. схілах — участкі лясоў (елка, лістоўніца) і лугоў. У міжгорных упадзінах — паўпустыні. Каля вяршынь альпійскія лугі.
т. 10, с. 74
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУШКЕ́ТАЎ (Іван Васілевіч) (19.1.1850, ст. Аляксееўская Валгаградскай вобл., Расія — 10.1.1902),
расійскі геолаг і географ. Скончыў Пецярбургскі горны ін-т (1872), дзе выкладаў з 1877. З 1882 у Ін-це інжынераў шляхоў зносін (з 1897 праф.). Навук. працы па тэктоніцы, геамарфалогіі, сейсмалогіі і інш. Вывучаў геалогію Сярэдняй Азіі, Урала, Паволжа і Каўказа. Вызначыў навук. канцэпцыю аб геал. будове Сярэдняй Азіі і склаў геал. карту Туркестана. Імем М. названы хрыбет ў горнай сістэме Наньшань, вяршыня ў вярхоўях р. Віцім, 2 ледавікі на Цянь-Шані і інш.
т. 11, с. 47
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́МЕР ((Romer) Эўгеніюш) (3.2.1871, г. Львоў, Украіна — 28.1.1954),
польскі географ і картограф. Чл. Польскіх АН у Кракаве (1919) і Варшаве (1952). Скончыў Львоўскі ун-т (1894). У 1911—31 праф. Львоўскага і ў 1946—47 Ягелонскага (Польшча) ун-таў. Навук. працы па кліматалогіі, метэаралогіі, геамарфалогіі, метадалогіі геаграфіі. Склаў Атлас геаграфічны (1908) з першымі гіпсаметрычнымі картамі мацерыкоў і акіянаў і Географа-стат. атлас Польшчы (1916). Заснаваў картаграфічны ін-т «Атлас» (1921), вывучаў сучасныя ледавікі Скандынавіі і Паўн. Амерыкі. Імем Р. названы адзін з ледавікоў Аляскі.
т. 13, с. 405
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)