каляя́, і́; мн. кале́і (з ліч. 2, 3, 4 каляі́), кале́й; ж.

1. Пара паралельна пракладзеных рэек; чыгуначны пуць. Шырокая каляя. Вузкая каляя. □ На ўсход і захад, амаль праз кожныя паўгадзіны, па дзвюх сталёвых каляях грымяць цягнікі. Навуменка. — Бач ты, колькі збожжа сёння загрузілі! — казаў Петрык дружкам сваім, ідучы паўз .. чараду вагонаў, што стаялі на дальняй ад станцыі каляі. Шынклер.

2. Тое, што і каляіна (у 1 знач.). І вось грэбля з разбітай і засохлай каляёй застаецца ззаду. Ракітны. Дарога ўся ў лужах. Размыта Дажджом праліўным каляя. Багдановіч.

•••

Выбіцца з каляі гл. выбіцца.

Выбіць з каляі гл. выбіць.

Увайсці ў каляю гл. увайсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

навальні́ца, ‑ы, ж.

1. Атмасферная з’ява — непагода з маланкай, громам, дажджом або градам і моцным ветрам. Закружыўся віхор, узнімаючы пыл. Насоўвалася вялізная чорная хмара, яе разрэзала маланка, потым ударыў раскацісты гром. Пачыналася навальніца. Гурскі. І вось найшла навальніца, наваліліся дрэвы, усю зямлю ўслалі векавыя гіганты. Лынькоў. // перан. Бурныя, грозныя падзеі. Адшумелі гарачыя дні Баявых, агнявых навальніц. Хведаровіч. Ваенная навальніца кідала яго па гітлераўскіх лагерах смерці. «Маладосць». // перан. Бурнае праяўленне якіх‑н. пачуццяў. І расла навальніца нянавісці дзікай і злосці. Глебка.

2. перан. Бяда, небяспека. Няхай цябе мінуць усе навалы, каб ты не ведала ніякіх навальніц! Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шквал, ‑у, м.

1. Раптоўны моцны парыў ветру (часам з дажджом). І раптам парывы магутнага шквалу На чорныя камні абрушылі пырскі. Звонак. Дождж мацнее. Заходні вецер наганяе цяжкія хмары і б’е па машыне вадзяным шквалам. Мяжэвіч.

2. перан.; чаго або які. Пра што‑н. раптоўнае, імгненнае, што праяўляецца з вялікай сілай, у значнай колькасці. Любіны думкі захліснуў шквал дзявочага смеху і гоману. Васілевіч. І кадр палкоўніцкі радзее, Змывае ўсё салдацкі шквал. Колас. // Моцная масіраваная стрэльба (з гармат, кулямётаў і пад.). На ўскраіне гарадка мітусіліся стракатыя постаці, але лезці пад шквал кулямётнага агню не адважваліся. Грахоўскі. Шрапнельны шквал быццам бы прыцішаўся, радзеў. Кулакоўскі.

[Англ. squall.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пралі́цца, ‑льецца і ‑ліецца; зак.

1. Пацячы, паліцца. Выпадае мокры снег ці пральецца дождж-абліваха, і стане зорка [на абеліску] чырвоная, такая, якой і павінна быць. Шашкоў. Густыя асеннія хмары, што вось-вось гатовы праліцца дробным нудным дажджом, нізка плылі над лесам. Няхай. Там, дзе пралілася кроў прыгажуні Аліі і смелага юнака Касыма, выраслі яркія пунсовыя макі. Даніленка. Горкіх матчыных слёз праліецца нямала, Бо сыноўняя кроў на пялёсткі упала. Бачыла.

2. перан. Распаўсюдзіцца, разнесціся (пра святло, пах і пад.). Павеяла з мора азёрным цяплом, І водар паўднёвы праліўся... Глебка. — Жыве! — пралілося гарачай радасцю па ўсім целе. Кулакоўскі. // перан. Паэт. Раздацца, пранесціся (пра гукі). Дзесьці песня пральецца, — Маці чуецца голас знаёмы. Кірэенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

цвялі́ць, цвялю, цвеліш, цвеліць; незак., каго-што.

1. Дражніць, раздражняць. [Ілья Ільіч:] — Дзеці бегаюць па вуліцы, сабак цвеляць. Кулакоўскі. — Ой, сціхні хоць ты, Сяргей, не цвялі душу, — замахаў на Церахава Павел Кукушкін. Місько. // Выклікаць зайздрасць. [Мацвей] з першага разу адолеў араць і ўжо Андрушку паказваў, што ён ледзь не адной рукой можа трымаць плуг. А Андрушку гэта цвяліла. Лобан. // Хваляваць, расчульваць каго‑н. Частушкі аб каханні Мішка сабраў у папуры і так цвяліў імі хлопцаў і дзяўчат, так расчульваў, што рабіліся яны, як ліповыя — гні куды хочаш. Ермаловіч.

2. Выклікаць якія‑н. пачуцці, надзеі, жаданні. Мае сябры, Надзея цвеліць, Што не рассыплецца краса — Яна дажджом пялёсткаў белых Аквеціць новы зорны сад. Глебка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Тра́п’е — недакладна вызначанае значэнне ’рыззё, лахманы’, параўн. ілюстрацыю: рыба залезе ў гэты закобэнь [закутак], у гэтэ трапʼе (ТС). Параўн. каш. třap ’гразь на дарогах; снег з дажджом’, якое Борысь (SEK, 5, 176) звязвае з *trepati (гл. трапаць1). Аднак кантэкст і іншыя запісы (КСТ) дапускаюць сувязь і з адпаведнымі паўднёваславянскімі словамі, параўн. балг. дыял. трапйе ’роў, упадзіна’ (Сб. на Бълг. книж. дружество, 1. София, 1901, 16), тапонім Трапьето (Младенов, Принос. към. изучване на бълг. говори в Източна и Западна Тракия. София, 1936, 173), макед. дыял. трапје ’карытападобныя формы на зямлі’ (МЈ, 8, 1, 83), што да балг., макед. трап ’яма, роў’, серб.-харв. тра̏п ’яма для захоўвання гародніны зімой’, славен. trap ’яма’, якія Куркіна (Диал. структура, 31) лічыць паўднёваславянскімі дыялектызмамі і ўзводзіць да прасл. *trapъ/*torpъ (з пытальнікам). У якасці іншаславянскіх адпаведнікаў прыводзяць літ. tar̃pas ’прамежак, шчыліна’ (гл. торп, тарпа), раманскае trabs ’калода’ (Бязлай, Eseji, 83). Гл. таксама трап1 і наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дзьмуць, ‑му, ‑меш, ‑ме; ‑мём, ‑мяце; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Несці, гнаць струмень паветра; веяць (пра вецер). Дзьмуў лёгкі ветрык, ласкаючы твар і зганяючы спякоту. Гартны. Ноч была халаднаватая, вецер дзьмуў няроўна: і гусцеў і зменшваўся. Чорны. / у безас. ужыв. Была ўжо глыбокая восень. Дзьмула халоднымі вятрамі, напаўняла канавы дажджом. Ракітны. // безас. Цягнуць, прабіваць (пра скразняк). — Настаюць сапраўдныя халады. Вы бачыце, як дзьме праз вокны?.. Скразняк! Грамовіч.

2. З сілаю выпускаць з рота струмень паветра. Дзьмуць на агонь. □ І хлопчык стаў у дудку дзьмуць, Гамоніць дудка галасліва. Колас. Коля стаяў на каленях і дзьмуў на невялікі грудок сухіх галінак. Ставер.

•••

І ў вус (сабе) не дзьме — не звяртае ўвагі на што‑н., не турбуецца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мо́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. мок, мокла; незак.

1. Станавіцца мокрым, вільготным; намакаць. Каля панурага старажытнага будынка караля мок пад дажджом маршчыністы стары.., зазываючы паесці гарачых сасісак. Мележ. З бярозы цурком палілася вада, мокла вопратка. Пташнікаў.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Псавацца ад празмернай вільгаці. Дошкі Грачоў прывёз для новых сенцаў, і частку іх склаў у двары, пад сцяной хлеўчука. Частку, каб не моклі, перацягаў на гарышча. Ракітны.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Ляжаць у вадзе або іншай вадкасці для набыцця новых якасцей. У цэбры ля студні мокла лаза. Пестрак. Ну, што, здаецца, кусок дрэва, Той чорны дуб, што ў рэчцы мок, А вось жа выйшаў кад[а]ўбок, Майстэрства дзіва. Колас.

•••

Мокнуць у гарэлцы — многа і часта піць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Re labor est dulcis, quia non pluit usus hiulcis

Праца карысная, таму што дабро не льецца дажджом у рот.

Труд полезен, потому что добро не льётся в виде дождя в рот.

бел. Без працы няма чаго хлеба шукаці. Работа і корміць і поіць. Трэба нахіліцца, каб з ручая напіцца. Не капаўшы студні, не нап’ешся вады. Вось на свеце як бывае: хто працуе, той і мае. Без працы не есці пірагоў. Нікому з неба само не спадае. Дзе работа, там і густа, а ў лянівым доме пуста. Пячоныя галубы не ляцяць да губы.

рус. Жареные куры в рот не летят. Счастье в воздухе не вьётся, а руками достаётся. Масло само не родится. Без тру да ничего не даётся. В лес не съездим, так и на полатях замёрзнем. Без труда не вытащишь и рыбку из пруда. Не замочив рук, не умоешься. Жареные голубки не прилетят до губки. Бобы ‒ не грибы, не посеяв, не взойдут. Без труда нет плода.

фр. Des alouettes ne tombent pas toutes rôties dans la bouche (Жаворонки не падают в рот уже зажаренными).

англ. No cross no crown (Без креста нет короны). As you sow so must you reap (Как посеял ‒ так пожнёшь). He that would eat the fruit must climb the tree (Кто хочет съесть плод, должен залезть на дерево).

нем. Der Mühe gibt Gott Schaf und Kühe (Усердию/старанию Бог даёт овец и коров). Ohne Fleiß kein Preis (Без усердия нет награды).

Шасцімоўны слоўнік прыказак, прымавак і крылатых слоў (1993, правапіс да 2008 г.)

абсы́паць, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; зак., каго-што.

1. Пасыпаць, пакрыць каго‑, што‑н. зверху чым‑н. сыпкім. Пад жарты і смех гасцей маладога і маладую абсыпалі жытам, каб былі добрымі гаспадарамі. Васілевіч. // Сыплючыся, раскідваючыся, пакрыць паверхню чаго‑н. Пялёсткі яблынь, збітыя начным цёплым дажджом, густа, амаль набела абсыпалі бераг. Хомчанка. // Пакрыць з усіх бакоў што‑н. Пушысты іней абсыпаў кожную галінку, кожную іголачку елак. Жычка. Вочы.. [жанчыны] былі шэрыя, строгія, валасы абсыпала сівізна. Новікаў. // безас. Пакрыць высыпкай. Губы абсыпала. // Уцяпліць што‑н., абкідаўшы зямлёю. Абсыпаць хату.

2. Абтрэсці што‑н. з чаго‑н. [Мікіта] стаяў, як ук[о]паны, каб не варухнуць нагою, каб не абсыпаць з ботаў на падлогу.. гразь. Галавач.

3. перан.; чым. Шчодра абдаць каго‑н. чым‑н. Абсыпаць падарункамі. Абсыпаць кампліментамі. Абсыпаць пацалункамі.

абсыпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да абсы́паць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)