Й,

адзінаццатая літара беларускага і некаторых інш. слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай Н («іжэ»), утворанай на аснове грэка-візант. устаўнай Η («эта») шляхам далучэння дыякрытычнага знака. У старабел. пісьменстве ўжывалася з канца 16 ст. (у рус. з 1735). Абазначала гук «й» пераважна ў друкаваных кнігах («добродейство», «Зизаний», «тайна», «хитрый»), У рукапісах 17 ст. ўжывалася радзей, паралельна з паерыкам (​s); «уйти» — у​sти», «сеймъ» — «се​sмъ». Лічбавага значэння не мела. У сучаснай бел. мове абазначае санорна-шумны мяккі шчылінны сярэднеязычны зычны гук «й» пасля галосных («гай», «май», «сейбіт»).

А.​М.​Булыка.

т. 7, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТРО́Ў (Ярміл Іванавіч) (1755, с. Сінягор’е Кіраўскай вобл., Расія — 20.12.1796),

рускі паэт і перакладчык. Вучыўся ў Вяцкай семінарыі, з 1775 — у Славяна-грэка-лац. акадэміі, скончыў Маскоўскі ун-т (1779). З 1782 служыў у Маскве. Друкаваць вершы пачаў у 1773. Пад уплывам М.​В.​Ламаносава пісаў оды ў духу класіцызму. Перакладаў паэму «Тактыка» Вальтэра, раман «Метамарфозы» («Залаты асёл»; 1780—81) Апулея, «Песні Асіяна» (1792, з франц.), упершыню шасцістопным ямбам «Іліяду» Гамера (песні 1—6, 1787; песні 7—9, выд. 1811). Асобныя творы К. на бел. мову перакладаў Э.​Валасевіч.

т. 8, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КСЕРКС I (стараж.-перс. Хшаяршан, грэч. Xerxēs; ? — 465 да н.э.),

старажытнаперсідскі цар [486—465 да н.э.]. З дынастыі Ахеменідаў. Сын Дарыя I (гл. Дарый) і Атосы, дачкі Кіра ІІ. Задушыў паўстанне егіпцян (486—484 да н.э.). Пасля пачатку ў 482 паўстання вавіланян разбурыў г. Вавілон, а Вавілонію ператварыў у перс. сатрапію (правінцыю). Няўдачы К. ў грэка-персідскіх войнах (паражэнні каля Саламіна ў 480, Мікале ў 479, Платэяў у 479) аслабілі магутнасць Ахеменідаў дзяржавы. Каб умацаваць цэнтралізацыю дзяржавы, правёў рэліг. рэформу. Забіты ў выніку дварцовай змовы.

т. 8, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЗА́НСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1923 Падпісаны 24.7.1923 на заключным пасяджэнні Лазанскай канферэнцыі 1922—23 прадстаўнікамі Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Японіі, Грэцыі, Румыніі, Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў, з аднаго боку, і Турцыі — з другога. Замяніў Сеўрскі мірны дагавор 1920. Устанавіў сучасныя межы Турцыі (акрамя яе мяжы з Іракам з-за спрэчкі вакол тэрыторыі, прылеглай да г. Масул), адмяніў рэжым капітуляцый, эканам. і паліт. Прывілеі іншаземцаў у краіне, міжнар. фінансавы кантроль над Турцыяй. Замацаваў вынікі Кемалісцкай рэвалюцыі ў Турцыі і грэка-турэцкай вайны 1919—22. Не быў ратыфікаваны Каралеўствам сербаў, харватаў і славенцаў.

т. 9, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАТЭ́І, Платэя (Plataiai, Plataia),

старажытнагрэчаскі горад у Паўд. Беотыі на мяжы з Атыкай. Каля П. ў час грэка-персідскіх войнаў 26.9.479 да н.э. адбылася бітва паміж войскамі 24 грэч. гарадоў-дзяржаў на чале з Афінамі і Спартай пад камандаваннем спартанскага палкаводца Паўсанія і перс. арміяй пад камандаваннем Мардонія. Персы пацярпелі паражэнне і адышлі з Грэцыі да Гелеспонта. У 431 да н.э. фіванцы, саюзныя спартанцам, раптоўным нападам на П. пачалі Пелапанескую вайну 431—404 да н.э., у 427 да н.э. пасля працяглай аблогі яны разбурылі горад.

т. 12, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

С,

дзевятнаццатая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай С («слова»), утворанай на аснове грэка-візант. Ϛ («сігма»), У старабел. графіцы ў сувязі з функцыянаваннем розных пісьмовых школ і выкарыстаннем розных тыпаў пісьма (устаў, паўустаў, скорапіс) ужывалася ў некалькіх варыянтах, якія памагаюць вызначаць час і месца напісання помнікаў. Абазначала гукі «с», «с’» («столъ», «сила»), У 16 ст., акрамя рукапіснай, набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае шумныя глухія фрыкатыўныя пярэднеязычныя зычныя гукі «с», «с’» («сонца», «сяло», «сала»). Бывае вялікая і малая, мае рукапісную і друкаваную форму.

А.​М.​Булыка.

т. 14, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКАЛДЗІ́НСКІ (Уладзіслаў Сямёнавіч) (28.12.1888, Мінск — 8.3.1976),

бел. спартсмен і трэнер (цяжкая атлетыка, барацьба). Адзін з заснавальнікаў першага на Беларусі аддз. Усерас. спарт. т-ва «Санітас» (1913). Выступаў у цырку. З 1918 — трэнер па цяжкай атлетыцы, выкладчык фіз. культуры ў навуч. установах Мінска. 1-ы чэмпіён Мінска (1914) па франц. (грэка-рымскай) барацьбе ў сярэдняй вагавой катэгорыі і 1-ы чэмпіён Мінска і Беларусі (1924) па гіравым спорце (пяцібор’е) у паўцяжкай вагавой катэгорыі Рэкардсмен Расіі (1913, Мінск) у жыме (214 фунтаў — 85,6 кг) для штангістаў сярэдняй вагавой катэгорыі.

т. 14, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ ЦАРКВА́»,

рэлігійна-гістарычны часопіс. Выдаваўся ў 1956—65 у Чыкага (ЗША) ратапрынтным спосабам на бел. мове з выкарыстаннем лацінкі і кірыліцы адначасова. Заснавальнік — бел. культ.-рэліг. цэнтр, які ў сярэдзіне 1950-х г. аб’яднаў бел. эміграцыю вакол царквы Хрыста Спаса (Збаўцы). Мэта дзейнасці — паліт. незалежнасць бел. дзяржавы, стварэнне незалежнай грэка-каталіцкай царквы (уніяцкай), барацьба супраць камуніст. ідэалогіі. У часопісе пераважалі артыкулы гіст. і рэліг. зместу. Аўтарам большасці з іх быў вядомы на эміграцыі гісторык В.​Пануцэвіч. Змяшчаў таксама артыкулы гісторыкаў і мовазнаўцаў Беларусі, маст. творы рэліг. зместу і інш.

М.​А.​Матрунчык.

т. 2, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БО́ЖЫМ ШЛЯ́ХАМ»,

грамадска-рэлігійны, літаратурна-гістарычны часопіс. Выдаваўся бел. грэка-каталіцкім (уніяцкім) духавенствам у 1947—57 у Парыжы і ў 1957—80 у Лондане на бел. мове. Асвятляў пытанні гісторыі хрысціянства, хрысціянскай царквы, царк. будаўніцтва, рэліг. адносін на Беларусі, асабліва уніяцкага руху, узаемазалежнасць рэлігіі, культуры, нац. свядомасці ў развіцці бел. народа. Асэнсоўваў ролю хрысціянскіх асветнікаў, царк. дзеячаў Ефрасінні Полацкай, Клімента Смаляціча, Кірылы Тураўскага, заснавальнікаў айч. кнігадрукавання Ф.​Скарыны, В.​Цяпінскага, братоў Мамонічаў у станаўленні і ўзбагачэнні бел. культуры. Змяшчаў матэрыялы пра грамадска-паліт. становішча ў БССР, дзейнасць бел. асяродкаў на эміграцыі і інш.

А.​А.​Каўка.

т. 3, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУБКО́ (Антоній) (1797, с. Белае Полацкага пав. Беларускай губ. — 1884),

рэлігійны дзеяч. Магістр багаслоўя (1882). Скончыў Полацкую езуіцкую акадэмію са ступенню кандыдата філасофіі, семінарыю пры Віленскім ун-це (1822). Выкладаў у Полацкай семінарыі. З 1824 святар Полацкага уніяцкага кафедральнага сабора. З 1828 першы рэктар заснаванай ім Жыровіцкай семінарыі. У 1833 епіскап брэсцкі, вікарый Літоўскай уніяцкай епархіі. Пазнаёміўся з І.Сямашкам і стаў яго прыхільнікам. На Полацкім царкоўным саборы 1839 падпісаў акт пра аб’яднанне уніяцкай царквы з праваслаўнай. З 1840 правасл. мінскі епіскап, з 1845 — архіепіскап. Аўтар працы «Аб грэка-уніяцкай царкве ў Заходнім краі» (1864).

т. 7, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)