сляпы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які не бачыць, пазбаўлены зроку. Бацька стары, з чорна-сівою барадою і на адно вока сляпы. Чорны. Быў.. [Арцём] спачатку павадыром у сляпога жабрака. Бядуля. / у знач. наз. сляпы́, ‑ога, м.; сляпа́я, ‑ой, ж. З вакзала, па дарозе ў горад, Лабановіч зайшоў да былога сябра Балоціча, з якім ён дружыў у семінарыі і які быў цяпер настаўнікам у школе сляпых. Колас. // Разм. З слабым зрокам; блізарукі. // перан. Які не заўважае, не разумее таго, што адбываецца навокал. [Іван Пракопавіч:] — Але ж і сляпыя мы былі, гэта таксама праўда.. Знайшліся Адамчукі, Касарэвічы, плюнулі ў твар, здрадзілі. А мы ж іх сваімі лічылі. Ды яшчэ самымі перадавымі. Навуменка. «Ну і Свідраль! Аказаўся кар’ерыстам. Сляпы я, сляпы. Не разгледзеў. Малавата ў мяне партыйнага чуцця, відаць...», — абвінавачваў .. [Пазняк] сам сябе. Дуброўскі. Закаханыя людзі бываюць крыху сляпыя. Скрыган. // перан. Цёмны, неадукаваны. [Ян Нітка:] — Гэта ж сорам вялікі перад сабою быць такім сляпым, цёмным, быць рабом, маліцца каменю, якога прыгналі сюды леднікі недзе аж з фінскіх гор тысячы і тысячы гадоў таму назад. Пестрак. Нам дыхаць на роднай зямлі было нечым, А дзеці сляпымі раслі без навукі... Васілёк.

2. перан. Які дзейнічае, не ўсведамляючы сваіх учынкаў, не раздумваючы. Сляпы ад злосці ехаў Глушак мястэчкам. Мележ. // Які не мае разумных падстаў; безразважны. Сляпое перайманне моды. Сляпая любоў. □ У тую хвіліну мне не хацелася верыць, што ў малога магла быць такая сляпая злосць да ні ў чым не вінаватай птушкі. Паслядовіч. Колькі вёсен жыццёвых яшчэ Мы сустрэнем, — ну хто яго знае? Неўпрыкметку каханне ўцячэ. І пакіне нас рэўнасць сляпая. Хведаровіч. Адразу даверыцца.. [камандзір], вядома, не мог: вопыт падказваў, што сляпое давер’е часам вельмі дорага каштавала партызанам. Кулакоўскі. // Які дзейнічае стыхійна; выпадковы. Сляпыя сілы прыроды. □ І хоць сляпая, дзікая была [куля], Усё-такі ляцела і знайшла. Чэрня.

3. Невыразны, неразборлівы (пра тэкст, шрыфт і пад.). Сляпы шрыфт. □ У кутку абразы цудатворцаў, Даўна ад дыму сляпых. Танк. // Ледзь бачны, непрыкметны (пра сцежку і пад.). Міхал і Клін ужо мінае. Направа сцежачка сляпая Вядзе балотцам. Колас. // Вельмі слабы (пра святло). Пры.. сляпым святле [газоўкі] бацька чытаў уголас. Вітка.

4. Праз які дрэнна відаць або нічога не відаць. Сляпыя шыбы ў вокнах. □ На плітах каменных парос зялёны мох, Бярозы, хвойкі плакалі над імі, А пасярод капліца.., як астрог, Па свет глядзела вокнамі сляпымі. Купала. // З маленькімі вокнамі. Сляпыя, Нізенькія хаты Травой і мохам параслі. Глебка. // Які не мае акон. Так разглядаючы, непрыкметна зайшоў аж да кутка сляпой сцяны. Там, як звычайна, стаяў ложак. Пестрак.

5. Непраглядны, беспрасветны. Белыя маланкі то азаралі дачны лясны пасёлак, то зноў кідалі яго ў сляпую цемру. Лось. Навакол стаяла шэрая, сляпая цішыня. Лынькоў.

6. Які адбываецца без удзелу зроку. Сляпы метад друкавання. // Які праходзіць, адбываецца ў цемры, тумане і пад. пры дапамозе прылад (пра рух і пад.).

7. Які не мае выхаду, праходу. Сляпая вулачка. Сляпая шахта.

•••

Сляпая кішка гл. кішка.

Сляпая пляма гл. пляма.

Сляпы дождж гл. дождж.

Сляпы палёт гл. палёт.

Сляпая курыца гл. курыца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

се́сці, сяду, сядзеш, сядзе; пр. сеў, села; заг. сядзь; зак.

1. Прыняць сядзячае становішча; заняць месца, прызначанае для сядзення. Сесці на лаўку. Сесці за стол. □ Віктар моўчкі сеў і пачаў слухаць. Зарэцкі. Можна сесці, скурчыцца, заснуць; сны, кажуць, сніцца будуць толькі. Мележ. Ларыса села пры акне, адсунула фіранку і пачала глядзець у сад. Мурашка. / З акалічнаснымі словамі, якія паказваюць на характар, асаблівасці такога становішча. Сесці бокам. // Заняць месца, размясціцца дзе‑н. для паездкі. Сесці ў аўтобус. □ Праўда, маршрут гэты просты: пайсці на раз’езд, як-небудзь сесці на таварны цягнік і паехаць. Колас. Дзед купіў білеты, селі на параход. Лынькоў.

2. за што, на што і з інф. Пачаць якую‑н. справу, заняткі, якія звязаны са знаходжаннем у сядзячым становішчы. Сесці за кнігу. Сесці за руль. □ Трэба будзе сесці на трактар, на камбайн — і, калі ласка, сядзем. Кулакоўскі. Кібрык сеў за піяніна, узяў акорд з моднай песенькі. Шыцік. Пятрусь сеў за ўрокі. Кавалёў. // Размясціцца на месцы выканання чаго‑н. Сесці ў засаду. // звычайна на што. Разм. Заняць якое‑н. месца, пасаду, пачаць выконваць якія‑н. абавязкі. А пасля.. [Мінін] сеў на зямельны аддзел. Дуброўскі. [Русаковіч:] Выходзіць, што я сапхнуў Сухадольскага, каб самому сесці на яго месца. Крапіва.

3. Разм. Пасяліцца на пастаянным месцы, заснаваўшы гаспадарку. Сесці на гаспадарцы. □ Тоўхарт.. абвясціў, што хто выкарчуе і ачысціць гэтую зямлю, возьме сабе навечна паўтары дзесяціны, а на трох з паловай сядзе ляснік. Чорны. [Верамейчык:] — Няўжо-такі сядзе Грамабойчык на Жагулаўшчыне? Крапіва. // Застацца дзе‑н., не выязджаючы; засесці. Яму ўважыў пан ляснічы, І сеў Міхал у страшнай дзічы. Колас.

4. Трапіць у турму, быць пазбаўленым волі. Калі людзі аднаўлялі на руінах і папялішчах разбураныя ворагам сядзібы, .. хутаранец Хамёнак сеў за спекуляцыю народным дабром у астрог. Майхровіч. [Соня] хвалілася, што пасадзіла мужыка, хоць, казалі, сеў сам за растрату. Мыслівец.

5. Абмежаваць сябе ў чым‑н. (звычайна ў ядзе). Сесці на дыету.

6. Наткнуўшыся на перашкоду, спыніцца, засесці. Баржа села на мель.

7. Спыніўшы рух, палёт, спусціцца на што‑н. (пра птушак, насякомых). Прыляцела сінічка і села на адчыненую фортку. Шахавец. Чуваць было толькі, як гудзіць вакол лямпы муха, выбірае месца, дзе сесці. Лынькоў. // Прызямліцца (пра самалёты, парашутыстаў і пад.). Тым часам самалёт, зрабіўшы яшчэ два кругі, спусціўся зусім нізка і дакладна сеў у раёне трох кастроў. Зуб. І вось перад усімі людзьмі на дарозе паказаліся немцы. Гэта і быў той самы дэсант, што перад вечарам сеў поблізу. Чорны.

8. Разм. З’явіцца на скуры, выскачыць (аб фурункуле і пад.). Прызнаў.. [Яська] валоў у двор, а там яму кажуць, што захварэў аканом, села яму скула на баку. С. Александровіч.

9. Апусціцца, асесці, паглыбіцца ў зямлю. Дом сеў. Грунт сеў.

10. Апусціцца за гарызонт, зайсці (пра свяцілы). У канцы лагоў сівеў туман, якраз там, дзе села сонца. Пташнікаў.

11. Паменшыцца ад вільгаці; збегчыся (пра тканіны, скуры і пад.). Сукно села. Касцюм сеў.

12. Спец. Замацавацца ў патрэбным становішчы. Платон.., сагнуўшыся, уважліва аглядаў, ці добра ў пазу села жардзіна. Ракітны.

13. Разм. Страціць сілу, напружанне, стаць слабейшым (пра электрычны ток, пару і пад.). У кутку.. стаяў радыёпрыёмнік, адзіны ў лагеры. Ён не працаваў ужо два тыдні — селі акумулятары. Шамякін. // Затупіцца (пра рэзальныя інструменты). Разец сеў. // Стаць больш нізкім, хрыплым (пра голас). — Ведаеце што, — голас [Гелены] сеў. — Не ідзіце нікуды. Караткевіч.

•••

Верхам сесці на каго; сесці на галаву каму — падпарадкаваць каго‑н. сабе, прымусіць выконваць свае капрызы; камандаваць кім‑н.

На тым самым месцы сесці; на тым жа суку сесці — нічога не дамагчыся, не змяніць чагосьці па-свойму, пагадзіцца з пэўным становішчам і станам рэчаў.

Ні села ні пала — без падставы, без выяўнай прычыны, нечакана.

Ні стаць ні сесці гл. стаць.

Сесці макам — а) спыніць або перапыніць надоўга свой рост, развіццё. [Мужчына:] — Пасеялі мы летась кукурузу. У адным месцы яна ўзышла і расла нішто сабе, а ў другім як выткнулася, так і села макам — жоўтая, чэзлая. Палтаран; б) пацярпець крах, няўдачу. [Атрошчанка:] — Як раён скасавалі, то і сеў [Рогаль] макам. Навуменка; в) загінуць, прапасці. [Сырамалот:] — На яблынях завязь ужо макам села. Як не дасць бог дажджу, дык і ўсё макам сядзе. Сабаленка.

Сесці (уссесці) на карак (шыю) каму — а) стаць утрыманцам каго‑н., абцяжарваючы яго гэтым. [Лабановіч:] — Вы толькі падумайце: маленькая жменька дваран і багатыроў села вам [сялянам] на карак, захапіла лепшыя землі, жыве з вашае працы і вас жа катуе, чыніць несправядлівасці. Колас; б) падпарадкаваць сабе, паставіць у поўную залежнасць ад сябе. [Вера:] — Дай яму, другому, волю, дык ён табе на шыю сядзе... Пальчэўскі.

Сесці (напасці, трапіць) на лаву падсудных — пайсці пад суд.

Сесці на мель — а) страціць здольнасць рухацца (пра судны); б) папасці ў вельмі цяжкае становішча.

Сесці на пяты каму — дагнаць, насцігнуць каго‑н., праследуючы або проста рухаючыся за кім‑н.

Сесці на свайго канька — пачаць гаварыць, разважаць доўга, падрабязна, шматслоўна.

Сесці на хлеб чый — перайсці на ўтрыманне каго‑н.

Сесці не ў свае сані — узяцца не за сваю справу.

Сесці ў лужыну (у галош) — пацярпець няўдачу, апынуцца ў няёмкім, смешным становішчы.

Чорт сеў на каго гл. чорт.

Як старой бабе сесці — вельмі мала (звычайна да рэвалюцыі гаварылася пра наяўнасць зямлі ў селяніна). Зямля нават была і не кепская, але калі яе гэтулькі, як старой бабе сесці. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)