ЛАКТО́НЫ,

арганічныя рэчывы; унутраныя цыклічныя складаныя эфіры аксікіслот, маюць у цыкле атамную групоўку —C(O)—O—.

Л. — вадкасці ці легкаплаўкія цвёрдыя рэчывы. Добра раствараюцца ў вадзе і палярных арган. растваральніках. Ніжэйшыя Л. — лакрыматары. Л., якія маюць у цыкле больш за 8 атамаў, адносяцца да макралідаў. Макраліды — макрацыклічныя Л., якія могуць мець розныя замяшчальнікі; многія з іх прадуцыруюцца штамамі бактэрый і з’яўляюцца антыбіётыкамі. Л. ёсць у малацэ і малочных прадуктах, раслінных мускусах (гл. Мускус). Сінт. Л. атрымліваюць цыклізацыяй адпаведных аксі- і галагенакіслот. Выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе, як пахучыя рэчывы, лек. сродкі. Гл. таксама Кумарын.

т. 9, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІМЕТЫ́НАВЫЯ ФАРБАВА́ЛЬНІКІ, метынавыя фарбавальнікі,

арганічныя злучэнні, малекулы якіх маюць метынавыя групы —CH=, што ўтвараюць ланцуг спалучаных падвойных сувязей з няцотным лікам атамаў вугляроду паміж электронадонарнай і электронаакцэптарнай групамі па канцах. Колькасць метынавых груп у адкрытым ланцугу малекулы фарбавальніка можа быць і невялікай 1, 2, 3 і г.д., адпаведна адрозніваюць мона-, ды-, тры- і інш. метынавыя фарбавальнікі.

П.ф. маюць колеры ад жоўтых да зялёных, для іх характэрна высокая інтэнсіўнасць і святлоўстойлівасць афарбоўкі. Выкарыстоўваюць для афарбоўкі поліакрыланітрыльных і ацэтатных валокнаў, пластмас, фарбавання натуральнай скуры, вырабу чарніла, штэмпельных фарбаў і капіравальнай паперы, як аптычныя сенсібілізатары ў фатаграфіі.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 12, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗАЛЯЦЫ́ЙНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ электратэхнічныя,

матэрыялы з высокім эл. супраціўленнем, прызначаныя для электраізаляцыі токаправодных частак эл. машын, апаратаў і ўстановак. Належаць да дыэлектрыкаў. Характарызуюцца дыэлектрычнай пранікальнасцю, электраправоднасцю, дыэлектрычнымі тратамі, эл. трываласцю, нагрэва- і марозаўстойлівасцю, мех. трываласцю і інш. Бываюць: газападобныя, вадкія і цвёрдыя; арганічныя, неарганічныя і крэмнійарганічныя і інш.

Газападобныя І.м. (паветра, вадарод, аргон, азот, гелій, элегаз, фрэон і інш.) выкарыстоўваюцца ў трансфарматарах, эл. машынах, газанапоўненых кабелях, электравакуумных прыладах. Вадкія І.м. ўжываюцца для ахаладжэння, узмацнення цвёрдай ізаляцыі эл. апаратаў і кабеляў, для гашэння дугі ў выключальніках. Падзяляюцца на мінеральныя (ізаляцыйныя маслы), раслінныя (рыцына, ільняныя, тунгавыя алеі; ідуць на ўтварэнне электраізаляцыйных плёнак) і сінтэтычныя (савол, саўтол, крэмній- і фторарганічныя злучэнні). Саволам і саўтолам замяняюць трансфарматарнае масла ў пажаранебяспечных устаноўках, крэмній- і фторарганічныя злучэнні ідуць на лакі. З цвёрдых І.м. найб. пашыраны арганічныя: лакі і смолы (прыродныя — шэлак, каніфоль, бітумы; штучныя — гліфталевыя, эпаксідныя, полівінілавыя, полістырол, поліэтылен і інш); матэрыялы на аснове цэлюлозы (папера, кардон, фібра), каўчуку (натуральны і сінт. каўчук, гума, эбаніт, эскапон) і пластмасы (карбаліт, бакеліт, тэксталіт, гетынакс і інш.). Цвёрдыя неарганічныя І.м. (прыродныя — кварц, слюда, азбест; штучныя — кераміка, фарфор, шкло, шкловалакно, шклотканіна і матэрыялы на аснове слюды — міканіт, мікалекс, мікафолій) вызначаюцца высокай цеплаўстойлівасцю і эл. трываласцю, ідуць на выраб ізалятараў электрычных і інш. Крэмнійарганічныя І.м. — смолы, лакі, гумы, кампаўнды, шклотканіна, пластмасы на крэмнійарганічнай аснове. Сінтэзам палімераў атрымліваюць новыя І.м. з высокімі дыэлектрычнымі і мех. ўласцівасцямі (сіталы, шклофарфор і інш.).

А.​М.​Дарафейчык.

т. 7, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

метафлаэ́ма

(ад мета- + флаэма)

валакністая тканка маладых органаў раслін, па якой перамяшчаюцца арганічныя рэчывы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

азотафікса́тар

(ад азот + фіксатар)

бактэрыя, здольная ператвараць малекулярны азот паветра ў арганічныя азоцістыя злучэнні.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

алке́ны

(ад алкіл)

арганічныя вуглевадародныя злучэнні з адной падвойнай сувяззю паміж атамамі ў малекуле.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

флаво́ны

(ад лац. flavus = жоўты)

арганічныя гетэрацыклічныя злучэнні, жоўтыя цвёрдыя рэчывы; выкарыстоўваюцца як фарбавальнікі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АКІСЛЕ́ННЕ ў хіміі,

працэс злучэння якога-н. рэчыва з кіслародам; хімічная рэакцыя, пры якой адбываецца адыманне электронаў ад атамаў, пераразмеркаванне электроннай шчыльнасці паміж атамамі (гл. Акісленне-аднаўленне). Ступень акіслення не заўсёды адпавядае валентнасці атама і можа быць адмоўнай або дадатнай велічынёй. Сярод працэсаў акіслення вылучаюцца: акісленне арган. злучэнняў, у т. л. нафтапрадуктаў, акісленне металаў і акісленне біялагічнае. Сучаснае разуменне механізма акіслення арган. злучэнняў засн. на пераксіднай тэорыі, паводле якой з кіслародам рэагуюць злучэнні, што папярэдне перайшлі ў актыўны стан (гл. Пераксіды арганічныя). Пачатковая стадыя акіслення — ланцуговая хімічная рэакцыя. Актыўныя акісляльнікі — кісларод O2, азон O3, пераксід вадароду H2O2, хлор Cl2, фтор F2, перманганат калію KMnO4 і інш.

т. 1, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІТРОЗАЗЛУЧЭ́ННІ,

арганічныя злучэнні, якія маюць у малекуле 1 або 2 нітрозагрупы (-N=O), звязаныя з атамам вугляроду арган. радыкала, R-N=O. Звычайна Н. — раўнаважная сумесь манамераў і дымераў. Для дымераў характэрна геаметрычная ізамерыя; у дымерных Н. традс-ізамеры больш стабільныя.

У індывід. стане большасць Н. знаходзіцца ў дымернай форме. Наяўнасць электронаакцэптарных груп у радыкале Н. прыводзіць да існавання толькі манамераў (напр., нітрозатрыхлорметан CCl3NO). Манамерныя Н. — газы або вадкасці блакітнага ці зялёнага колеру, дымерныя — бясколерныя крышталі [напр., нітрозаметан, дымер (CH3NO)2]. Выкарыстоўваюць у сінтэзе фарбавальнікаў, амінакіслот, гетэрацыклічных злучэнняў, лек. прэпаратаў, эластамераў (фторкаўчуку). Некаторыя Н. з’яўляюцца канцэрагеннымі і мутагеннымі рэчывамі.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 11, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІКАЛІ́НЫ, монаметылпірыдзіны,

арганічныя гетэрацыклічныя злучэнні; гамолагі пірыдзіну, CH3C5H4N. Вядомыя 2-метыл- (α-П.), 3-метыл (β-П.) і 4-метылпірыдзін (γ-П.).

Бясколерныя вадкасці, tпл 128,8, 144 і 145,4 °C для α-, β-, γ-П. адпаведна. Добра раствараюцца ў вадзе, этаноле, дыэтылавым эфіры. Хім. ўласцівасцямі падобныя да пірыдзіну. Пры акісленні α-, β- і γ-П. утвараюцца к-ты: пікалінавая, нікацінавая і ізанікацінавая адпаведна. У прам-сці П. вылучаюць з каменнавугальнай смалы. Выкарыстоўваюць для атрымання лек. прэпаратаў (нікацінавай кіслаты, процітуберкулёзных сродкаў на аснове ізанікацінавай к-ты, напр., ізаніязіду, фтывазіду), пестыцыдаў, як растваральнікі, для дэнатуравання этанолу. Таксічныя: ГДК у паветры 5 мг/м³.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 12, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)