КАНФАРМАЦЫ́ЙНЫ АНА́ЛІЗ,
раздзел стэрэахіміі, які вывучае канфармацыі малекул, працэсы іх узаемнага пераходу, а таксама залежнасць фіз. і хім. уласцівасцей ад канфармацыйных характарыстык. Навук. аснова К.а. — хімічнай будовы тэорыя і квантавая хімія. Асн. метады даследаванняў — метад ядз. магнітнага рэзанансу, інфрачырв. спектраскапія, паляраграфія і інш. спектральныя метады. Значны ўклад у развіццё К.а. зрабілі Д.Х.Р.Бартан, А.Баер, У.Прэлаг, Г.Заксе, М.С.Зефіраў. Выкарыстоўваюць для даследавання біяхім. і біяфіз. працэсаў, што абумоўлена залежнасцю ўласцівасцей біяпалімераў ад іх канфармацыйных параметраў, а таксама біял. актыўнасці арган. злучэнняў ад магчымасці ўтвараць у арганізме чалавека і жывёл фізіялагічна актыўныя канфармацыі.
Т.Т.Лахвіч.
т. 8, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРАТЫ́ЎНА-ЭКАНАМІ́ЧНЫ АНА́ЛІЗ,
гл. Аператыўны аналіз.
т. 1, с. 424
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДША́ФТНЫ АНА́ЛІЗ,
вывучэнне структуры і ўласцівасцей прыродных тэрытарыяльных комплексаў; адзін з метадаў ландшафтазнаўства. Разглядае марфал. структуры і прасторавую дыферэнцыяцыю працэсаў, якія працякаюць у ландшафтах, гісторыю іх развіцця і сучаснай дынамікі, прыродныя і тэхнагенныя структуры, а таксама комплексныя ўласцівасці і функцыі ландшафту як адзінага цэлага, у т. л. яго сац.-эканам. функцыі. На аснове Л.а. робяць прагназіраванне кірункаў, шляхоў і вынікаў развіцця ландшафтаў з улікам ацэнкі колькаснага і якаснага бакоў уздзеяння на іх прыродных і антрапагенных фактараў. Прагназіраванне ўключае выпрацоўку рэкамендацый па аптымізацыі ландшафтаў і больш поўнай рэалізацыі іх сац.-эканам. функцый. Улічваецца пры распрацоўцы праектаў, звязаных з арх.-планіровачнымі, інж., аграпрамысл., меліярац., рэкрэацыйнымі і інш. кірункамі пераўтварэння прыродных ландшафтаў.
А.М.Петрыкаў.
т. 9, с. 121
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНА́ЛІЗ ГАСПАДА́РЧАЙ ДЗЕ́ЙНАСЦІ,
сістэма комплекснага даследавання прычынна-выніковых сувязяў у дзейнасці суб’ектаў гаспадарання з мэтай выяўлення рэзерваў павышэння эфектыўнасці гэтай дзейнасці і выпрацоўкі аптымальных кіраўніцкіх рашэнняў; адна з асн. функцый у сістэме кіравання вытв-сцю на розных узроўнях — ад цэха прадпрыемства да мін-ва, карпарацыі. Ажыццяўляецца на аснове звестак уліку (уключаючы і аператыўны ўлік), дае магчымасць выявіць адхіленні паказчыкаў вытв.-гасп. дзейнасці ад запланаваных, вызначыць іх прычыны і прыняць неабходныя меры для рэгулявання вытв. працэсу і карэкціравання праграмы (плана). Аб’ект аналізу — вытв.-гасп. дзейнасць, прадмет — прычынна-выніковыя сувязі, што фарміруюць і змяняюць вынікі гэтай дзейнасці, метад — сістэмны і комплексны падыходы да даследавання аб’екта з выкарыстаннем адпаведных методык. У залежнасці ад узроўню і маштабу кіравання аналіз гаспадарчай дзейнасці бывае: унутрыгаспадарчы (унутрыфірменны), галіновы, міжгаліновы ці рэгіянальны, народнагаспадарчы. У залежнасці ад віду кіравання вытв-сцю вылучаюць: аператыўны аналіз гасп. дзейнасці (для аператыўнага ці кароткатэрміновага кіравання), бягучы ці перыядычны аналіз (для бягучага ці сярэднетэрміновага кіравання), перспектыўны ці доўгатэрміновы аналіз (для пэўнай мэтавай сістэмы). У навук. л-ры вылучаюць і інш. віды аналізу гаспадарчай дзейнасці: у залежнасці ад абагульнення аб’екта даследавання (агульнаэканам. аналіз) ці яго дзялення (фін. аналіз), вылучэння асобных яго мэтаў (прагнозны аналіз) ці пераважных спосабаў даследавання (параўнальны аналіз).
В.І.Стражаў.
т. 1, с. 333
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМБІНАТО́РНЫ АНА́ЛІЗ,
камбінаторыка, раздзел матэматыкі, які вывучае ўласцівасці сукупнасцей элементаў некаторага канечнага мноства ў адпаведнасці з зададзенымі правіламі. Кожнае правіла вызначае спосаб пабудовы некаторай канструкцыі (камбінаторнай канфігурацыі — перастаноўкі, размяшчэння, спалучэння ці інш.) з элементаў зыходнага мноства. Метады К.а. выкарыстоўваюцца ў тэорыі імавернасцей, тэорыі лікаў і інш. Мэта К.а. — вывучэнне камбінаторных канфігурацый, пытанняў іх існавання, алгарытмаў пабудавання, рашэнне задач на пералічэнне.
Задачы К.а. вядомы з глыбокай старажытнасці (у прыватнасці, вывучаліся магічныя квадраты). Матэматыкам Стараж. Усходу была вядома формула, якая выражае лік спалучэнняў праз бінаміяльныя каэфіцыенты, і формула Ньютана бінома з натуральным паказчыкам ступені. Станаўленне К.а. як навукі звязана з працамі Я.Бернулі, Г.Лейбніца, Б.Паскаля, П.Ферма, Л.Эйлера. У 1950-я г. на развіццё К.а. значны ўплыў зрабілі кібернетыка, дыскрэтная матэматыка, тэорыі планавання і інфармацыі.
Літ.:
Рыбников К.А. Введение в комбинаторный анализ. 2 изд. М., 1985.
С.У.Доўнар.
т. 7, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЮМІНЕСЦЭ́НТНЫ АНА́ЛІЗ,
сукупнасць якасных і колькасных метадаў аналізу, заснаваных на назіранні люмінесцэнцыі. Пры гэтым рэгіструюць уласнае свячэнне атамаў або малекул, якія ўваходзяць у аб’ект, што даследуецца, або свячэнне спецыяльна ўведзенага люмінафору. Рэчыва ўзбуджаюць найчасцей ультрафіялетавым святлом і наглядаюць люмінесцэнцыю візуальна ці з дапамогай фатометраў.
Хімічны Л.а. заснаваны на характарыстычнасці свячэння кожнага рэчыва. Ім карыстаюцца для ідэнтыфікацыі рэчываў, вызначэння структуры малекул, кантролю чыстаты хім. прадукцыі, вызначэння канцэнтрацыі рэчываў і інш. Сартавы Л.а. дае магчымасць сартаваць шкло. насенне, раздзяляць разнародныя часцінкі, вызначаць шляхі перамяшчэння вадкасці (падземнае цячэнне, кровазварот), нябачныя надпісы, сляды бясколерных рэчываў (пры экспертызе). Люмінесцэнтныя мікраскапія і дэфектаскапія заснаваны на люмінесцэнцыі мікрачасцінак (пераважна біялагічных) у спец. мікраскопах і свячэнні люмінафораў у мікрарасколінах дэталей ці люмінафораў, якія прасачыліся праз парушэнні герметычнасці.
Літ.:
Люминесцентный анализ. М., 1961;
Божевольнов Е.А. Люминесцентный анализ неорганических веществ. М., 1966.
Г.П.Гурыновіч, Б.М.Джагараў.
т. 9, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Генетычны аналіз у папуляцыях 5/35
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)