род зігаміцэтавых грыбоў сям. мукоравых. 11 відаў. Пашыраны паўсюдна. Трапляюцца ў глебе, на раслінах і раслінных рэштках, харч. прадуктах, экскрэментах. Выклікаюць псаванне (гніенне) кармоў, збожжа, прадуктаў, ёсць патагенныя для жывёл і чалавека.
Міцэлій паветраны, пушысты, дыферэнцыраваны звычайна на сталоны, спарангіяносцы і рызоіды. Спарангіі шарападобныя. У выніку палавога працэсу паяўляюцца зігаспоры. Некат. віды маюць высокую ферментатыўную актыўнасць. У краінах Азіі выкарыстоўваюцца як кампанент закваскі (т.зв. кітайскія дрожджы) або для вытв-сці зброджаных прадуктаў харчавання (соевы сыр).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАНТ (Hunt) Тымаці (н. 19.2.1943, г. Нестан, Вялікабрытанія),
англійскі вучоны ў галіне малекулярнай біялогіі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1991). Замежны чл.Нац.АН ЗША (1999). Д-р філасофіі (1968). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1964). З 1991 працуе ў Фондзе па даследаванні раку (Лондан). Навук. працы па праблемах анкалогіі. Адкрыў цыкліны — новы клас бялкоў, якія адыгрываюць ключавую ролю ў кіраванні дзяленнем клетак (рэгулююць актыўнасць цыклінзалежных кіназ). Нобелеўская прэмія 2001 (з П.Нёрсам і Л.Хартвелам; гл. Дадатак).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВЕ́РХНЕВА-АКТЫ́ЎНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,
рэчывы, адсорбцыя якіх на паверхні падзелу фаз значна зніжае паверхневае нацяжэнне. П.-а.р. з’яўляюцца арган. злучэнні, малекулы якіх маюць дыфільную будову, уключаюць палярныя (гідрафільныя) групы (OH, COOH, NH2 і інш.), Што забяспечвае растваральнасць П.-а.р. у вадзе, і непалярныя вуглевадародныя радыкалы CnH2n+1, дзе n = 6—20 (гл.Гідрафільнасць і гідрафобнасць).
Паводле стану ў растворы П.-а.р. падзяляюць на сапраўды растваральныя (малекулярна-дыспергаваныя) і калоідныя (мылы, алкілфасфаты, аліфатычныя аміны, алкілсульфаты), якія акрамя паверхневай актыўнасці (гл.Актыўнасць у хіміі) праяўляюць аб’ёмныя ўласцівасці, абумоўленыя ўтварэннем калоіднай (міцэлярнай) фазы. Адрозніваюць П.-а.р. іанагенныя, якія ў растворы дысацыіруюць на іоны і паводле віду іонаў, што вызначаюць паверхневую актыўнасць, падзяляюцца на аніёна- і катыёнаактыўныя; неіанагенныя, якія на іоны не дысацыіруюць; амфатэрныя, якія з’яўляюцца катыёна- ці аніёнаактыўнымі ў залежнасці ад pH раствору. Выкарыстанне П.-а.р. заснавана на іх здольнасці мяняць змочванне паверхні цвёрдых цел і ўстойлівасць дысперсных сістэм. Выкарыстоўваюць у вытв-сці мыйных сродкаў і касметыкі (каля 50% вырабленых П.-а.р.), як дыспергатары пры драбненні цвёрдых цел і бурэнні цвёрдых парод, у вытв-сці тканін і хім. валокнаў, пры флатацыйным абагачэнні руды (для рэгулявання змочвання мінералаў), атрыманні змазак, фарміраванні пен і эмульсій, перапрацоўцы палімерных матэрыялаў, для рэгулявання ўласцівасцей бетонных сумесей і інш.
Літ.:
Абрамзон А.А. Поверхностноактивные вещества: Свойства и применение. 2 изд. Л., 1981;
Русанов А.И. Мицеллообразование в растворах поверхностно-активных веществ. СПб., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯКАТА́ЛІЗ (ад бія... + каталіз), ферментатыўны каталіз,
працэс змянення скорасці або ўзбуджэння біяхім. рэакцый біякаталізатарамі (ферментамі) у жывых арганізмах ці ў эксперыменце. Характарызуецца кінетычнымі параметрамі, якія апісваюцца ўраўненнем Міхаэліса-Ментэн, найб. важны — канстанта Міхаэліса (Км), што паказвае канцэнтрацыю субстрату, пры якой скорасць рэакцыі складае палавіну максімальнай. Кантроль за біякаталізам вядзецца пры дапамозе спец. біяхім. і генет. механізмаў, што рэгулююць лакалізацыю, колькасць і каталітычную актыўнасць ферментаў. З выкарыстаннем біякаталізу ажыццяўляецца вытв-сць шэрагу лек. прэпаратаў, прадуктаў мікрабіял. сінтэзу, ён ляжыць у аснове многіх біятэхнал. працэсаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАСТРЫ́Н,
гармон, які выпрацоўваюць клеткі слізістай абалонкі піларычнай часткі і дна страўніка. Знойдзены ў кішэчніку, а таксама гіпофізе шэрагу жывёл. Па хім. прыродзе — поліпептыд з 17 амінакіслотных астаткаў. Малекулярная маса каля 2200. Існуе ў дэсульфаванай (Г.I) і сульфаванай (Г.II) формах. Удзельнічае ў рэгуляцыі функцый стрававальных органаў, стымулюе сакрэцыю салянай к-ты ў страўніку, павялічвае сакрэцыю страўнікавага і панкрэатычнага сокаў, жоўцевыдзяленне, змяняе тонус і рухальную актыўнасць страўніка і кішэчніка. Пры павелічэнні ўзроўню салянай к-ты ў страўніку (да pH 3) выдзяленне гастрыну тармозіцца. Атрыманы хім. сінтэзам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕКСАКІНА́ЗА,
фермент адэназінтрыфасфатнай к-ты — гексоза 6-фасфатрансфераза. Каталізуе перанос фасфатнай групы з адэназінтрыфосфарнай к-ты на гексозу (глюкозу і інш.). Удзельнічае ў першых этапах пераўтварэння глюкозы пры браджэнні, гліколізе, біясінтэзе глікагену і пры акісленні па пентазафасфатным шляху. Гексакіназа ёсць амаль ва ўсіх клетках жывёл, раслін і бактэрый. У розных арганізмаў і ў розных тканках гексакіназа прадстаўлена разнастайнымі ізаформамі (аднак усе каталізуюць адну і тую ж рэакцыю). Кафактарам гексакіназы з’яўляецца магній (Mg2+). Актыўнасць гексакіназы рэгулюецца гармонамі (інсулінам, стэроіднымі гармонамі), рэзка тармозіцца прадуктам рэакцыі гексозафасфатам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНУЛАЦЫ́ТЫ [ад лац. granulum зярнятка + ...цыт(ы)], зярністыя лейкацыты,
лейкацыты жывёл і чалавека, у цытаплазме якіх ёсць зерні (гранулы). Складаюць асн. масу лейкацытаў. Па здольнасці гранул афарбоўвацца кіслымі ці асн. фарбавальнікамі гранулацыты падзяляюць на эазінафільныя (афарбоўваюцца кіслымі фарбавальнікамі), базафільныя (афарбоўваюцца асн. фарбавальнікамі) і нейтрафільныя (афарбоўваюцца фарбавальнікамі 2 тыпаў). Гранулацыты маюць сегментаваныя ядры. Функцыі гранулацытаў — мікрафагацытоз і ферментатыўная актыўнасць, удзел у імуналагічных рэакцыях. Колькасныя суадносіны розных відаў гранулацытаў залежаць ад узросту, фізіял. стану арганізма, стану здароўя. У беспазваночных жывёл гранулацыты наз. зярністымі амёбацытамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФЛАТАКСІ́НЫ,
група атрутных для жывёл і чалавека рэчываў, якія выпрацоўваюцца плесневымі грыбамі, пераважна з роду Aspergillus. Парушаюць работу печані і сінтэз бялкоў, прыгнечваюць актыўнасць ферментаў у млекакормячых, птушак, рыб; патэнцыяльныя канцэрагены, у т. л. для чалавека. Харч. прадукты і кармы могуць быць забруджаны афлатаксінамі на розных стадыях іх прыгатавання і захоўвання. Пры звычайных спосабах апрацоўкі ежы і корму афлатаксіны разбураюцца часткова. Больш дзейснымі з’яўляюцца стэрылізацыя ў аўтаклаве ў прысутнасці амонію або апрацоўка гіпахларытам. Гранічна дапушчальная доза афлатаксінаў у ежы чалавека 30 мкг на 1 кг прадукту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯРЫМЕ́ТРЫЯ,
сукупнасць метадаў фіз.-хім. даследаванняў, заснаваных на вывучэнні ступені палярызацыі святла і на вярчэнні плоскасці яго палярызацыі аптычна актыўнымі рэчывамі (гл.Аптычная актыўнасць). Вымярэнні праводзяцца з дапамогай палярыметраў.
Метад вызначэння канцэнтрацыі рэчыва ў растворы, заснаваны на залежнасці ад яе вугла павароту плоскасці палярызацыі ў рэчыве, наз.цукраметрыяй. Ён з’яўляецца асн. метадам колькасных вымярэнняў у вытв-сці цукру, камфары, какаіну, нікаціну і інш. Пры вывучэнні хім. будовы і прасторавай канфігурацыі злучэнняў, механізму хім. рэакцый выкарыстоўваюць спектрапалярыметрыю, дзе выяўляецца залежнасць вугла павароту плоскасці палярызацыі ад даўжыні хвалі зыходнага святла.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАКТЫ́ЎНАСЦЬ (ад рэ... + актыўнасць),
уласцівасць жывой сістэмы рэагаваць на ўздзеянне навакольнага асяроддзя. Біял. форма адлюстравання ўключае вял. колькасць рэакцый — ад простых відаў раздражняльнасці да складаных рэфлексаў вышэйшай нерв. дзейнасці (напр., сезонныя міграцыі жывёл, алергічныя рэакцыі чалавека). Разам са спадчыннасцю, размнажэннем, ростам, антагенезам (развіццём), харчаваннем, абменам рэчываў з’яўляецца асн. уласцівасцю жыцця. Адрозніваюць Р. відавую, індывід., узроставую, імуналагічную, фізіял. (нармальную і паталагічную). Асн. прынцып Р.: характар рэакцыі жывога ў адказ на ўздзеянне раздражняльнікаў залежыць ад якасна-колькаснай характарыстыкі фактару асяроддзя і функцыян. стану субстрату, які рэагуе. Мае адаптыўнае значанне.