МО́ВА ПРАГРАМАВА́ННЯ,
фармальная мова сувязі чалавека з ЭВМ, прызначаная для апісання інфармацыі (напр., даных) і алгарытмаў яе апрацоўкі. Задаецца наборам сімвалаў (алфавіт), правіламі пабудовы тэксту (сінтаксіс), пералікам дзеянняў і аб’ектаў, што апісваюцца сінтаксічна дапушчальнымі тэкстамі праграм (семантыка). Праграмы, напісаныя на М.п., пераводзяцца ў машынныя коды з дапамогай транслятара.
Адрозніваюць М.п. машынна-арыентаваныя, працэдурна-арыентаваныя і аб’ектна-арыентаваныя. Да машынна-арыентаваных адносяць мовы, што ўлічваюць асаблівасці канкрэтнай ЭВМ (структуру каманд, памяць, знешнія прылады і інш.) і дазваляюць ствараць праграмы, такія ж па эфектыўнасці, як праграмы. напісаныя ў кодах машыны (гл. Асемблер, Машынная мова). У працэдурна-арыентаваных М.п. (напр., Паскаль, Фартран, Алгол, Модула, ПЛ/1) вылучаюць 2 часткі: для апісання структуры аб’ектаў і для працэдуры іх апрацоўкі. На іх эфектыўна апісваюцца і рэалізуюцца алгарытмы апрацоўкі інфармацыі складанай іерархічнай структуры. Самастойнае падмноства такіх моў складаюць мовы мадэліравання. Аб’ектна-арыентаваныя М.п. (напр., Ада, Сі++) грунтуюцца на 4 гал. прынцыпах: магчымасць праграмісту апісваць уласныя аб’екты, вызначаць уласныя аперацыі над аб’ектамі, будаваць іерархіі аб’ектаў і дзеянняў над імі, перавызначаць аб’екты і аперацыі над імі. У выніку з’явіліся магчымасці развіваць і назапашваць праграмы з канкрэтнай прадметнай вобласці, павялічылася іх надзейнасць і скараціўся час іх распрацоўкі і наладкі.
У.Л.Каткоў.
т. 10, с. 504
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
дэзактыва́цыя
(ад дэз- + актывацыя)
выдаленне радыеактыўных рэчываў з аб’ектаў знешняга асяроддзя (вады, збудаванняў, адзення, прадуктаў і інш.).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ліяфіліза́цыя
(ад ліяфільнасць)
спосаб сушэння вільготных матэрыялаў (тканак або іншых біялагічных аб’ектаў) у замарожаным стане ў вакууме.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ДЭ́БЕТ (ад лац. debet ён павінен),
частка бухгалтарскага ўліку. У актыўных рахунках па Д. запісваецца павелічэнне, а ў пасіўных — змяншэнне аб’ектаў уліку. У разліковых рахунках па Д. адлюстроўваецца запазычанасць юрыд. і фіз. асоб дадзенаму прадпрыемству — т.зв. дэбіторская запазычанасць.
т. 6, с. 320
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНЖЫНЕ́РНЫЯ ЗБУДАВА́ННІ ваенныя,
фартыфікацыйныя збудаванні, ваен. дарогі, масты, аэрадромы, макеты несапраўдных (падманных) аб’ектаў і інш., якія ўзводзяцца пры інж. абсталяванні мясцовасці ў розных відах бою (аперацыі). Бываюць жалезабетонныя (маналітныя і зборныя), дрэва-земляныя, бранявыя і інш. Гл. таксама Загароды ваенныя.
т. 7, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДВО́ДНАЯ КІНАЗДЫ́МКА,
кіназдымка аб’ектаў пад вадой. Выконваецца звычайнымі кіназдымачнымі апаратамі праз ілюмінатары падводных лодак, глыбакаводных апаратаў, праз празрыстыя сценкі басейнаў і акварыумаў, а таксама кінаапаратамі, размешчанымі ў воданепранікальных боксах (камерах). Аператар кіруе кінаапаратам уручную або дыстанцыйна, напр. з палубы судна.
т. 11, с. 490
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАКАСМІ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ, дыстанцыйныя метады,
метады вывучэння наземных аб’ектаў і касм. целаў на значнай адлегласці (з ніжняй атмасферы ці космасу). Уключаюць здымку зямной паверхні і касм. аб’ектаў, фотаграмметрычную (гл. Фотаграмметрыя) апрацоўку здымкаў, агульнае і спец. дэшыфраванне аэрафотаздымкаў. Залежна ад тыпу носьбіта апаратуры адрозніваюць аэракасмічныя метады самалётныя, верталётныя, аэрастатныя, ракетныя, спадарожнікавыя, паводле тыпу прыёмніка выпрамянення — візуальныя, фатаграфічныя, радыеметрычныя і радыёлакацыйныя. У геолага-геафіз. даследаваннях выкарыстоўваюцца аэрафотаздымка, аэрафізічная разведка (здымка), касмічная здымка. Аэракасмічныя метады бываюць актыўныя (вывучаецца адбітае аб’ектамі выпрамяненне пасля іх штучнага апрамянення) і пасіўныя (выкарыстоўваецца ўласнае выпрамяненне целаў або адбітае сонечнае). Па спектральных характарыстыках розных дыяпазонаў эл.-магн. спектра распазнаюцца аб’екты, вызначаецца іх памер, шчыльнасць, хім. састаў, фіз. ўласцівасці і стан. Найб. поўныя і дакладныя звесткі дае адначасовае выкарыстанне некалькіх дыяпазонаў спектра.
т. 2, с. 173
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАСІФІКА́ЦЫЯ (ад лац. classis разрад, клас + facio раблю, раскладваю),
сістэма супадпарадкаваных паняццяў (класаў аб’ектаў) якой-н. галіны ведаў або дзейнасці чалавека, якая выкарыстоўваецца як сродак для ўстанаўлення сувязей паміж гэтымі паняццямі і арыентацыі ў іх разнастайнасці; разбіванне мноства (класа) аб’ектаў на падмноствы (падкласы) па вызначаных адзнаках. Адрозніваюць К. натуральныя (у якасці асновы выкарыстоўваюць істотныя адзнакі, з якіх вынікае максімум вытворных, напр., перыядычная сістэма хім. элементаў) і штучныя, або дапаможныя (выкарыстоўваюць неістотныя адзнакі, напр., алфавітна-прадметныя паказальнікі, імянныя каталогі ў бібліятэках), універсальныя, спецыяльныя, вузкага кола аднародных з’яў і інш. К. — важны сродак захавання і пошуку інфармацыі, садзейнічае руху навукі ад эмпірычнага назапашвання ведаў да тэарэт. абагульненняў, дазваляе рабіць прагнозы адносна яшчэ невядомых фактаў і заканамернасцей.
У.Р.Залатагораў.
т. 8, с. 321
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВІГАЦЫ́ЙНАЕ АБСТАЛЯВА́ННЕ,
сістэма збудаванняў, прыстасаванняў, прылад для забеспячэння бяспечнага ваджэння суднаў, лятальных апаратаў, наземных трансп. сродкаў і інш. рухомых аб’ектаў у любых ўмовах; адзін з тэхн. сродкаў навігацыі.
Сродкі Н.а. (СНА) устанаўліваюць на зямной і воднай паверхні, на борце рухомых аб’ектаў. Паводле тэхн. аснашчанасці падзяляюцца на візуальныя і спецыяльныя. Візуальныя СНА — светлавыя маякі, буі, бакены, плывучыя вехі і інш. навігацыйныя знакі, што свецяцца і не свецяцца; спецыяльныя — акустычныя, або гукавыя, сродкі (гукасігнальныя і электраакустычныя ўстаноўкі, напр., сірэны, наўтафоны; гідраакустычныя маякі) і радыётэхнічныя (перадавальныя радыёстанцыі, радыёкомпасы, радыёпеленгатары, радыёмаякі вугламерных, дальнамерных і рознаснадальнамерных сістэм, якія бываюць імпульснымі, фазавымі, імпульсна-фазавымі і частотнымі). Да радыётэхн. сродкаў адносяцца таксама актыўныя адказчыкі і пасіўныя адбівальнікі.
С.А.Гаршкоў, В.В.Латушкін.
т. 11, с. 104
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАЎНА́ЛЬНА-ГІСТАРЫ́ЧНЫ МЕ́ТАД,
навуковы метад, з дапамогай якога шляхам параўнання выяўляецца агульнае і асаблівае ў гіст. з’явах, дасягаецца пазнанне розных гіст. ступеней развіцця адной і той жа з’явы ці дзвюх розных суіснуючых з’яў; разнавіднасць гіст. метаду. Дае магчымасць выявіць і параўнаць узроўні ў развіцці вывучаемага аб’екта, змены ў ім, адзначыць тэндэнцыі развіцця. Уключае розныя формы: супастаўленне (выяўляе прыроду разнародных аб’ектаў), гісторыка-тыпалагічнае параўнанне (тлумачыць падабенства розных па паходжанні аб’ектаў аднолькавымі ўмовамі генезісу і развіцця), гіст.-генет. параўнанне (падабенства з’яў тлумачыцца іх роўнасцю паводле паходжання), параўнанне (розныя з’явы фіксуюцца на аснове ўзаемаўплываў). Агульнапрызнаным стаў у 19 ст. Ужываецца ў мовазнаўстве (гл. Параўнальна-гістарычнае мовазнаўства), літ.-знаўстве (гл. Параўнальна-гістарычнае літаратуразнаўства), юрыспрудэнцыі, сацыялогіі, этнаграфіі і інш.
Т.І.Шамякіна.
т. 12, с. 92
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)