ГАКХА́ЛЕ (Гапал Крышна) (9.5.1866, г. Бамбей, Індыя — 19.2.1915),
дзеяч нац.-вызв. руху Індыі ў канцы 19 — пач. 20 ст. Адзін з вядучых лідэраў памяркоўнага крыла Індыйскага нацыянальнага кангрэса (ІНК). Да 1902 праф. гісторыі і палітэканоміі Фергюсан-каледжа ў г. Пуна. З 1899 чл.заканад. савета Бамбея (з 1902 — Цэнтр.заканад. савета пры англ. віцэ-каралі ў Індыі). З 1905 прэзідэнт ІНК. У 1905 заснаваў і да 1915 быў лідэрам «Т-ва слуг Індыі». Выступаў супраць эканам. ўплыву Вялікабрытаніі ў Індыі, але быў праціўнікам паліт. байкоту англ. улад, лічыў, што Брыт. імперыя павінна ператварыцца ў саюз свабодных народаў, а Індыя атрымаць аўтаномію шляхам паступовых рэформаў пад англ. кіраваннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЕ́РА (італьян. galera),
драўлянае вёславае ваен. судна. Створана ў 7 ст. венецыянцамі. У Еўропе пашырана ў 7—18 ст. У Расіі з’явілася ў канцы 17 — пач. 18 ст. пры Пятру I. Даўж. 40—60 м, шыр. 4—7,5 м, асадка да 2 м, адзін рад вёслаў (16—32 на борт), скорасць пад вёсламі да 7 вузлоў (12,96 км/гадз), экіпаж да 450 чал. У якасці дапаможнага рухача на 1—2 мачтах галеры ставіліся косыя, т.зв. «лацінскія», парусы. Асн. зброяй да сярэдзіны 14 ст. былі надводны таран, кідальныя машыны, арбалеты, потым — гарматы. Існавалі таксама т.зв. конныя галеры для перавозкі коней.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛІЯ (лац. Gallia),
у старажытнасці вобласць, якая займала тэрыторыю паміж р. По і Альпамі (Цызальпінская Галія) і паміж Альпамі, Міжземным м., Атлантычным ак. (Трансальпінская Галія) — тэр. сучасных Паўн. Італіі, Францыі, Люксембурга, Бельгіі, ч. Нідэрландаў і ч. Швейцарыі. З 6 ст. да н.э. заселена кельтамі (рымляне наз. іх галамі). Каля 220 да н.э. Цызальпінскую Галію рымляне ператварылі ў правінцыю Галія Нарбонская. У 58—51 да н.э. Цэзарам заваявана астатняя Галія. У 16 да н.э. Аўгуст падзяліў Галію на 4 правінцыі: Нарбонскую Галію, Лугдунскую Галію, Аквітанію і Белгіку. З пач. 5 ст.н.э.тэр. Галію заваявалі герм. плямёны, у канцы 5 ст. яна ўвайшла ў Франкскую дзяржаву.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬША́НСКАЕ КНЯ́СТВА,
феадальная вотчына князёў Гальшанскіх у канцы 13 — сярэдзіне 16 ст. Цэнтр — Гальшаны. Займала першапачаткова тэр. міжрэчча Віліі і Нёмана, у 15 ст. распасціралася з Пн на Пд ад Вількаміра (цяпер г. Укмерге, Літва) і Паставаў да Глуска і Турава, з У на З ад Мінска да Мастоў. Упершыню ўпамінаецца ў крыніцах каля 1280, калі Гольша «замак сталічны княства свайго заснаваў на рэчцы Карабель». Князі Гальшанскія доўгі час займалі высокія пасады ў ВКЛ, у 1440 і 1492 у Гальшанах адбыліся нарады для выбараў кандыдатаў на велікакняжацкі прастол. У сярэдзіне 16 ст. большасць радавых уладанняў Гальшанскіх перайшла да Сапегаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХХВО́СТКІ, вілахвосткі (Diplura),
атрад насякомых падкл. першаснабяскрылых. 3 сям.: кампадэіды (Campodeidae), япігіды (Japyeidae), праяпігіды (Projapygidae). 40 родаў, 600 відаў. Пашыраны пераважка ў трапічных і субтрапічных абласцях. Жывуць у глебе, лясным подсціле, мурашніках, гнілой драўніне, пал камянямі. На Беларусі найб. вядомыя кампадэя стафілінападобная (Campodea staphylinus) і клешчахвост звычайны (Catajapyx confusus).
Цела даўж. 2—8 мм, зрэдку да 50 мм, прадаўгаватае, малочна-белае, жаўтаватае, густа ўкрытае валаскамі. Галава круглаватая з доўгімі шматчленікавымі антэнамі; ротавыя часткі грызучыя. 3 пары ног. На заднім канцы цела парныя, як вілы, адросткі (адсюль назва). Пераважна драпежнікі (жывяцца дробнымі членістаногімі). Развіццё без пераўтварэння, лічынкі і дарослыя шмат разоў ліняюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́ЙСНЫ ТА́НЕЦ,
танец, які ўвасабляе развіццё дзеяння балетнага спектакля; гал. выразны сродак сюжэтнага балета. У 18—19 ст.наз. па д’аксьён. Як аснову балетнага спектакля яго распрацоўвалі Ж.Ж.Навер, Ш.Дзідло, Г.Анджаліні. У канцы 19 — пач. 20 ст. паняцце Дз.т. стала больш шырокім і пачало ахопліваць усе разнавіднасці танца, які развівае дзеянне, у адрозненне ад дывертысментнага танца (гл.Дывертысмент), які выяўляе не дзеянне, а стан, і пантамімы, што раскрывае дзеянне, але не танц. сродкамі. Узоры Дз.т. стварылі балетмайстры І.Бельскі, В.Вайнонен, А.Вінаградаў, В.Гардзееў, Ю.Грыгаровіч, Р.Захараў, Л.Лаўроўскі, В.Чабукіяні і інш., на Беларусі — А.Дадышкіліяні, В.Елізар’еў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОМ-КАМУ́НА,
тып жылога дома, які ўключаў жылыя, грамадска-гасп. памяшканні і ўстановы камунальна-быт. абслугоўвання. Першы Д.-к. ў Расіі пабудаваны ў 1904 у Пецярбургу. У 1920—30-я г. будаваліся ў Маскве і інш. гарадах. На Беларусі ў канцы 1920 — пач. 30-х г. пабудаваны Віцебскі дом-камуна, Гомельскі дом-камуна, дом камунальнага тыпу ў Бабруйску. 4-, 6-павярховыя дамы са складанай канфігурацыяй плана мелі галерэйную і калідорную планіроўку. На першых паверхах размяшчаліся грамадскія памяшканні (залы, холы, бібліятэка-чытальня, сталовая, дзіцячая ўстанова), у цокальным — камунальна-бытавыя. на 2—6-м — жылыя пакоі, агульныя кухні, санвузлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛЬСА́РТ ((Delsarte) Франсуа Аляксандр Нікала Шэры) (19.12.1811, г. Салем, Францыя — 19.7.1871),
французскі спявак (тэнар), тэарэтык і педагог вакалу. Вучыўся ў Парыжскай кансерваторыі (1826—30). Напачатку выступаў у т-ры «Апера камік». Потым стаў хормайстрам парыжскага сабора абацтва Шатэль, пры якім адкрыў курсы спеваў, наладжваў т.зв.гіст. канцэрты, выконваў у іх творы франц.муз. класікаў. Распрацаваў тэорыю вак. майстэрства, важнае значэнне надаваў сродкам акцёрскай ігры, міміцы, жэсту. Аўтар метадычных твораў для голасу з фп.; вынайшаў апарат для кантролю за чысцінёй інтанавання. Яго тэорыі найб. пашырыліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. (асабліва ў ЗША) і ўплывалі на некалькі пакаленняў вак. педагогаў, выкарыстоўваліся і ў харэаграфіі (у прыватнасці, А.Дункан).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРАСІ́НСКАЯ КЕРА́МІКА,
ганчарныя вырабы майстроў з в. Дарасіно Любанскага р-на Мінскай вобл. Промысел вядомы з 18 ст., росквіту дасягнуў у канцы 19—1-й пал. 20 ст. Тут выраблялі кухонны, сталовы, тарны посуд з гліны светлага ці шэра-чорнага колеру, глазуравалі празрыстай ці зялёнай палівай. Формы вырабаў светлага ці светла-чырвонага колеру ўпрыгожвалі прамымі і хвалістымі выціснутымі або ангобнымі паяскамі. Бытаваў таксама чорназадымлены посуд. У 1930—40-я г. працавала ганчарная арцель, цяпер — ганчарны цэх (майстры М.Прышчэпа, М.Філіпеня, В.Юхневіч). Традыцыі Д.к. прадаўжаюць таксама ў ганчарнай майстэрні пры Любанскім раённым цэнтры культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЛЮ́ХА, гарчак жоўты (Picris),
род кветкавых раслін сям. астравых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Міжземнамор’і і Паўн. Афрыцы. На Беларусі зрэдку ў лясах, хмызняках, на лугах, як пустазелле на палях трапляецца гарлюха ястрабковая (P. hieracioides) і як рэдкая занесеная расліна каля дарог — гарлюха цвёрдая (P. rigita).
Адна-, двух-, радзей шматгадовыя апушаныя травяністыя расліны з прамастойным галінастым сцяблом выш. Да 1 м. Лісце цэльнае, чаргаванае, падоўжана- або эліпсоідна-ланцэтнае, зубчастае. Кветкі язычковыя, жоўтыя, у кошыках, сабраных на канцы сцябла ў парасона- ці шчыткападобныя мяцёлкі Плод — сямянка з чубком. Лек. (мачагонны, жаўцягонны, крыху слабіцельны і болепатольны сродак) і меданосныя расліны; некат. віды — пустазелле.