ФА́КТАРНЫ АНА́ЛІЗ,

сукупнасць вылічальных метадаў, якія дазваляюць ацэньваць і на аснове апрацоўкі мноства назіральных пераменных (фактараў) атрымаць кампактнае апісанне з’яў і працэсаў, што даследуюцца. Выкарыстоўваецца ў матэматычнай статыстыцы, эканоміцы, хіміі, медыцыне, псіхалогіі і інш. Ад іншых метадаў даследавання адрозніваецца тым, што грунтуецца не на загадзя дадзеным «апрыёрным» пераліку фактараў, а дапамагае выявіць найб. важныя з гэтых фактараў, прычым скрытыя. Напр., пры выяўленні заканамернасцей, якія ўплываюць на прадукцыйнасць працы, аналізуецца мноства стат. паказчыкаў (адукацыйны ўзровень рабочых, каэфіцыент зменнасці абсталявання, энергаўзброенасць працы і інш.), але з дапамогай Ф.а. выяўляецца, што вырашальны ўплыў на рост прадукцыйнасці працы аказваюць некалькі абагульняльных фактараў — памеры прадпрыемства, узровень арганізацыі працы, характар прадукцыі.

т. 16, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЯЦЮ́ШНІК (Euphrasia),

род кветкавых раслін сям. залознікавых. Каля 200 паліморфных відаў. Пашыраны ва ўмераных паясах абодвух паўшар’яў. На Беларусі 7 відаў. Найб. вядомыя Ц.: драбнакветкавы (E. parviflora), прамастойны (E. stricta, нар. назвы кашэчы сардэчнік, зязюлька, шчыр), Рэйтэра (E. reuteri), фінскі (E. fennica). Трапляюцца на вільготных лугах, узлесках, ускрайках балот.

Адна- і шматгадовыя травы, радзей паўкусты. Расліны-паўпаразіты, маюць зялёнае лісце і здольныя да фотасінтэзу. З каранёў інш. раслін (пераважна злакі і асокі) атрымліваюць толькі ваду і мінер. рэчывы з дапамогай каранёвых прысоскаў — гаўсторыяў. Лісце супраціўнае, суцэльнае, зубчастае. Кветкі ў верхавінкавых коласа- ці гронкападобных суквеццях, часам адзіночныя. Плод — каробачка. Лек., меданосныя расліны, некат. пустазелле.

Цяцюшнік лекавы.

т. 17, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРВЯ́ЧНАЯ ПЕРАДА́ЧА,

механізм для перадачы вярчэння паміж скрыжаванымі валамі з дапамогай чарвяка (дэталь з вінтавой нарэзкай) на вядучым вале і чарвячнага кола на вядзёным. Вугал скрыжавання валоў звычайна 90°. Перадатачны лік да 300 і болей, ккдз адносна нізкі (0,5—0,85).

Бываюць цыліндрычныя і глабоідныя. Разьба чарвяка правая ці левая, колькасць заходаў чарвяка звычайна да 4, профіль разьбы — архімедаў, канвалютны і эвальвентны, а таксама ўвагнуты. Ч.п. вызначаюцца бясшумнасцю і плаўнасцю ў рабоце, кампактнасцю; недахоп — значнае адноснае слізганне спалучаных звёнаў. Выкарыстоўваюцца ў сілавых перадачах пад’ёмна-трансп. машын, станкоў, гідратэхн. збудаванняў і інш.

В.​М.​Кандрацьеў.

Цыліндрычная чарвячная перадача: 1 — чарвячнае кола; 2 — чарвяк.

т. 17, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЬСАНА КА́МЕРА,

прылада для рэгістрацыі слядоў (трэкаў) зараджаных часціц. Створана Ч.Вільсанам (1912). Дзеянне заснавана на з’яве кандэнсацыі перанасычанай пары (утварэнні дробных кропляў вадкасці) на іонах, якія ўзнікаюць уздоўж трэка хуткай зараджанай часціцы. Кроплі дасягаюць бачных памераў і могуць быць сфатаграфаваны. Уласцівасці часціцы вызначаюць па даўжыні яе прабегу і значэнні імпульсу, які вымяраецца па скрыўленні траекторыі часціцы ў магн. полі, куды змешчана камера. Вільсана камера адыграла вял. ролю ў вывучэнні будовы рэчыва і ўласцівасцей элементарных часціц; з яе дапамогай адкрыты пазітрон, мезоны, гіпероны, дзіўныя часціцы і інш.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970.

т. 4, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛАЦЯ́НІКІ (Limnaeidae),

сямейства прэснаводных лёгачных малюскаў класа бруханогіх. Каля 120 відаў, трапляюцца па ўсім свеце. На Беларусі 8 відаў.

Найб. пашыраны балацянік звычайны (Lymnaca stagnalis), балацянік балотны (Stagnicola palustris), балацянік малы (Galba truncatula). Жывуць у прэсных і саланаватых вадаёмах, забалочаных мясцінах.

Ракавіны (даўж. 5—70 мм) рознакаляровыя, закручаныя спіральна, вусце рознай формы і памераў. Цела можа поўнасцю ўцягвацца ў ракавіну. Рухаюцца з дапамогай нагі. Орган дыхання — лёгкае, у некаторых яно запаўняецца вадой і функцыянуе як шчэлепы. Гермафрадыты. Вясной адкладваюць яйцы. Жывуць каля 3 гадоў. Кормяцца водарасцямі, тканкамі раслін, жывёльнымі рэшткамі. Амаль усе — прамежкавыя гаспадары ўзбуджальнікаў гельмінтозаў.

Балацянік звычайны.

т. 2, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛТА́ЙСКІЯ МО́ВЫ,

макрасям’я моў, што аб’ядноўвае цюркскія, мангольскія, тунгуса-маньчжурскія, а таксама ізаляваныя карэйскую і японскую мовы (гл. адпаведныя арт.). Збліжаюцца агульнасцю рысаў: фанетычных (заканамернасць палатальнага і лабіяльнага сінгарманізму зычных і галосных, асіміляцыі зычных; корань 1-складовы, 3-гукавы, найчасцей утварае закрыты склад), марфалагічных (словаўтварэнне і словазмяненне з дапамогай аглюцінатыўных афіксаў, адсутнасць роду, наяўнасць катэгорыі прыналежнасці) і сінтаксічных (паясняльныя словы ў сказе абавязкова стаяць перад паяснёнымі, слабае развіццё складаназалежных сказаў). Найб. сувязь алтайскай мовы у лексіцы, што тлумачыцца іх генетычнай блізкасцю.

Літ.:

Баскаков Н.А. Алтайская семья языков и её изучение. М., 1981.

т. 1, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛЬФ Георгій (Юрый) Віктаравіч (22.6.1863, г. Нежын, Украіна — 25.12.1925),

рускі крышталёграф. Чл.-кар. АН СССР (1921). Скончыў Варшаўскі ун-т (1885). Праф. Казанскага (1897), Варшаўскага (1898) і Маскоўскага (1918) ун-таў. Вынайшаў графічны метад апрацоўкі вынікаў вымярэння крышталёў з дапамогай стэрэаграфічнай сеткі (названа яго імем). Даў новы спосаб вываду ўсіх груп сіметрыі крышталёў. Навук. працы ў галіне росту крышталёў, вывучэння вадкіх крышталёў і крышталяоптыкі. Упершыню ў Расіі паставіў дослед па рэнтгенаструктурных даследаваннях крышталёў. У 1913 адкрыў закон інтэрферэнцыі рэнтгенаўскіх прамянёў, адлюстраваных атамнымі плоскасцямі крышталёў, і незалежна ад У.​Г.​Брэга вывеў асн. формулу рэнтгенаструктурнага аналізу (гл. Брэга—Вульфа ўмовы).

т. 4, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯГРА́МА (ад дыя... + ...грама),

графічнае адлюстраванне суадносін паміж рознымі велічынямі; у статыстыцы — чарцёж, на якім у маштабе адлюстраваны даныя ў выглядзе ліній ці геам. фігур. Бываюць лінейныя, стужачныя, слупковыя, сектарныя, аб’ёмныя і інш. Напр., Д. накіраванасці антэны паказвае залежнасць напружанасці поля выпрамянення ад напрамку; фазавая Д. — залежнасць устойлівага фазавага стану рэчыва ад тэрмадынамічных параметраў, якія яго вызначаюць (гл. Дыяграма стану); у вытв-сці з дапамогай Д. рашаюцца задачы мадэлявання працэсаў кіравання, выяўляюцца і рацыяналізуюцца ўзаемасувязі паміж рознымі фактарамі, выяўляюцца разліковыя паказчыкі і нарматывы, выконваюцца кантроль, улік і інш. Гл. таксама Гістаграма, Графік, Намаграма.

т. 6, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМЕРСІ́ЙНАЯ СІСТЭ́МА,

аптычная сістэма, у якой прастора паміж прадметам і першай лінзай аб’ектыва запоўнена імерсійнай вадкасцю. Выкарыстоўваецца ў мікраскопах.

У якасці імерсійных вадкасцей бяруцца мінер. масла (паказчык пераламлення 1,515), раствор гліцэрыны (1,44), вада (1,333) і інш. Выкарыстанне імерсіі павышае апертуру аб’ектыва і адпаведна раздзяляльную здольнасць мікраскопа, памяншае адбіццё на паверхні лінзы. Дазваляе вывучаць аб’екты, што знаходзяцца на рознай глыбіні ў імерсійнай вадкасці (напр., з дапамогай аб’ектыва, разлічанага на водную імерсію, можна назіраць мікраарганізмы ў вадзе).

В.​В.​Валяўка.

Імерсійная сістэма: 1 — аб’ектыў; 2 — імерсійная вадкасць; 3 — покрыўнае шкло; 4 — прэпарат; 5 — прадметнае шкло.

т. 7, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЎЭ МЕ́ТАД,

метад даследавання монакрышталёў з дапамогай дыфракцыі рэнтгенаўскіх прамянёў. Выкарыстоўваецца для вызначэння прасторавай арыентацыі і рэальнай структуры монакрышталёў, іх пунктавай групы сіметрыі, змен крышталічнай структуры пад уздзеяннем т-ры, ціску, апрамянення і інш.

У Л.м. тонкі пучок рэнтгенаўскіх прамянёў неперарыўнага спектра падае на нерухомы монакрышталь. Рассеянае выпрамяненне ў напрамках, вызначаных паводле Брэга—Вульфа ўмоў, рэгіструецца на фотаплёнцы, размешчанай за крышталём, перпендыкулярна праменю; атрыманы відарыс наз. лаўэграмай (у выпадку вял. крышталёў плёнка размяшчаецца перад імі і лаўэграма наз. эпіграмай). Гл. таксама Рэнтгенаўскі структурны аналіз.

М.​М.​Аляхновіч.

Да арт. Лаўэ метад: лаўэграма крышталю меднага купарвасу.

т. 9, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)