1) часць або падраздзяленне; на флоце яго частка або эскадра падводных караблёў, якія для аховы войск на маршы рухаюцца наперадзе гал. сіл. Задача — прыняць на сябе першы ўдар, не дапусціць раптоўнага нападу праціўніка на гал. сілы, стварыць ім зручныя ўмовы для ўступлення ў бой. Авангард пасылаецца таксама пры наступленні, праследаванні, у ходзе рэйду. Прымяняўся са стараж. часоў: у арміі Аляксандра Македонскага наперадзе ішлі атрады, якія выконвалі ролю авангарда. Вядомы амаль ва ўсіх сучасных арміях свету. На флоце пасля 1-й сусв. вайны не выкарыстоўваецца.
2) У пераносным сэнсе — найбольш свядомая, перадавая частка якога-небудзь грамадскага руху, паліт. партыі ці групы людзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АРО́Л»
(«Adler»),
кодавая назва карнай аперацыі, праведзенай ням. фашыстамі на акупіраванай Беларусі ў Вял.Айч. вайну 20.7.—10.8.1942 супраць партызанаў і цывільнага насельніцтва Клічаўскай партыз. зоны. Праводзілася сіламі баявой групы групенфюрэра СС Бах-Зелеўскі, часцей ахоўных дывізій, артдывізіёнаў, камандаў тайнай палявой паліцыі і СД, зондэркамандаў пад агульным камандаваннем ген.-м. Рыхерта. Ім процістаялі 11 партыз. атрадаў, больш за 2 тыс. партызанаў, падпарадкаваных 208-му партыз. атраду імя Сталіна (У.І.Нічыпаровіч), у зоне знаходзілася некалькі тысяч жанчын, старых, дзяцей. У выніку аперацыі было загублена больш за 1,5 тыс.чал., спалена 31 вёска, захоплены больш за 3 тыс. галоў жывёлы і інш. маёмасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТЭРЫІ́Т,
запаленне сценкі артэрыі. Па характары запаленчага працэсу адрозніваюць спецыфічныя і неспецыфічныя артэрыіты, па яго лакалізацыі на сценцы артэрый — энда-, меза- і перыартэрыіты; пашкоджанне ўсёй сценкі — панартэрыіт. Можа быць самастойным захворваннем (калі пашкоджанне артэрый вядучае ў паталагічным працэсе, мае сістэмны, генералізаваны характар) і другасным (развіваецца на фоне інш. хвароб; паталагічны працэс у сасудах ізаляваны, пашкоджаны асобныя групы артэрый). Другасныя артэрыіты могуць быць пры дыфузных хваробах злучальнай тканкі, сепсісе, інфекц. эндакардыце, інш.інфекц. захворваннях, некаторых злаякасных пухлінах, ужыванні лекавых сродкаў. Ускладненні пры артэрыіце: анеўрызмы (пры язвава-некратычных працэсах у сценках артэрый), трамбозы і эмбаліі, склеразаванне і аблітэрацыя сасудаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЕ́ННІ ПАЛАСА́ТЫ, штрэйфлінг, штрыфель,
старадаўні асенні сорт яблыні. Належыць да зах.-еўрап.групы сартоў. Паходжанне невядома. Упершыню апісаны ў пач. 17 ст. Вельмі пашырыўся ў сярэдняй паласе Расіі, Прыбалтыцы, на Украіне. На Беларусі раянаваны ва ўсіх садовых зонах.
Дрэва моцнарослае, утварае высокашарападобную крону. Зімаўстойлівасць высокая. Сорт сярэднеўстойлівы да паршы. Плоданашэнне пачынае на 9—13-ы год. Высокаўраджайны. Плады буйныя (100—120 г), злёгку рабрыстыя, тупаканічныя, крыху сціснутыя з трох бакоў, зеленавата-жаўтаватыя з кармінавым румянцам у выглядзе палос і штрыхоў, выспяваюць у 2-й пал. верасня і могуць захоўвацца да лістапада. Мякаць кісла-салодкая, духмяная. Плады спажываюць пераважна свежыя, гатуюць варэнне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАРЫТЭ́Т (ням. Autorität ад лац. auctoritas улада, уплыў),
ідэйнае і сац.-псіхал. ўздзеянне адной асобы або групы (арг-цыі, партыі) на інш. асобу або групу, нават народ; адна з формаў ажыццяўлення ўлады. Аўтарытэт праяўляецца ў здольнасці яго носьбітаў (асоб, груп) уплываць, не прыбягаючы да прымусу, на паводзіны і погляды інш. людзей у якой-н. галіне дзейнасці або грамадскага жыцця ў цэлым. Уздзеянне носьбітаў аўтарытэту абумоўлена іх высокай кампетэнтнасцю, ведамі, вопытам, маральнымі якасцямі. У залежнасці ад сферы і спосабу ўплыву адрозніваюць аўтарытэт палітычны, маральны, рэліг. і інш. формы, у якіх аўтарытэт рэалізуецца, і сіла яго ўздзеяння залежаць ад узроўню развіцця культуры грамадства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФГА́НСКАЯ МО́ВА, пушту,
адна з іранскіх моў (усх.-іранская група). Адна з дзвюх (разам з дары́) афіц. моў Афганістана, пашырана таксама на ПнЗ і З Пакістана. Шматлікія яе дыялекты падзяляюць на ўсх. і зах.групы.
Паводле грамат. ладу афганская мова флектыўная з элементамі аналітызму. Фанет. сістэма характарызуецца багаццем зычных (30 фанем); націск свабодны, рухомы. Два склоны: прамы і ўскосны ці спалучэнне ўскоснага склону з прыназоўнікам і паслялогам. Катэгорыя роду ўласцівая іменным і дзеяслоўным формам. Марфалогія дзеяслова складаная. Адносна пэўны парадак слоў у сказе: дзейнік — на пачатку, выказнік — у канцы. Пісьмовая традыцыя існуе з 16 ст. Пісьменства на аснове араб. графікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНІ́Т (італьян. granito літар. зярністы),
магматычная поўнакрышт. горная парода, багатая крэменязёмам. Адна з найб. пашыраных у зямной кары кантынентаў. Складаецца ў асноўным з кварцу, каліевага палявога шпату (артаклаз, мікраклін), кіслага плагіяклазу і слюды (біятыт, мускавіт). Структура раўнамерназярністая ці парфірападобная. Тэкстура масіўная. Колер ружовы, шэры, жоўты, белаваты, зеленаваты. Шчыльн. 2530—2720 кг/м³. Трываласць на сцісканне да 300 МПа. Існуюць 2 генет.групы граніту: магматычныя, якія ўзніклі ў працэсе крышталізацыі (расплавы) і ўтвораныя ў працэсе гранітызацыі. Адрозніваюць уласна граніт (10—60% плагіяклазу), гранадыярыт (65—90%) і плагіяграніт (больш за 90%). На Беларусі граніт пашыраны сярод парод крышт. фундамента. Выкарыстоўваецца як буд. і абліцовачны матэрыял.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ВАДКАВЫЯ ПУПЫ́ШКІ,
спецыялізаваныя органы вегетац. размнажэння ў некаторых папарацепадобных і кветкавых раслін, якія ападаюць і даюць пачатак новым раслінам. Найчасцей маюць выгляд вельмі маленькіх, але сфарміраваных раслінных арганізмаў ці відазмененых цыбулін. Утвараюцца ў пазухах лістоў (напр., чысцяк, зубніца, некат. віды лілей), на лістах па іх краі (брыяфілум), на жылках (напр., папараць аспленіум жывародны), адцягнутых верхавінках лістоў (т.зв. вандроўная папараць з сям. аспленіевых). У псілоту голага (Psilotum nudum) назву вывадкавых пупышак маюць групы клетак, якія размешчаны на канцах рызоідаў, адпадаюць і таксама даюць пачатак новым раслінам. У слаяўцовых раслін (некаторых водарасцей і пячоначнікаў) — адна- ці шматклетачныя ўтварэнні рознай формы і выгляду, прыстасаваныя для вегетац. размнажэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫМІРА́ННЕ, у экалогіі стан папуляцыі, які характарызуецца ўстойлівым перавышэннем смяротнасці над нараджальнасцю; у тэорыі эвалюцыі знікненне любой таксанамічнай групы арганізмаў без пакідання даччыных формаў. Акрамя шматлікіх фактаў вымірання асобных папуляцый і відаў вядомы прыклады поўнага вымірання цэлых атрадаў (аманіты, шчытковыя рыбы, стэгацэфалы, іхтыязаўры, дыназаўры), класаў (псілафіты, трылабіты і інш.), тыпаў (археацыяты). Прычыны вымірання асобных папуляцый і відаў звычайна звязаны з павелічэннем смяротнасці ў выніку адмоўнага ўздзеяння знешніх фактараў (змена клімату, канкурэнцыя, дзейнасць чалавека і інш.), радзей — з уплывам унутраных фактараў (інбрыдзінг — скрыжаванне блізкароднасных арганізмаў, неспрыяльная палавая ці ўзроставая структура папуляцыі). Віды, якія выміраюць, уключаюцца ў Чырв. кнігу і ахоўваюцца дзяржавай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАРБАКСІЛІ́РАВАННЕ,
адшчапленне дыаксіду вугляроду CO2 ад карбаксільнай групы карбонавых к-т. Адрозніваюць ферментатыўнае і неферментатыўнае Д. Ферментатыўнае адбываецца пры ўздзеянні ферментаў дэкарбаксілаз, удзельнічае ў абмене рэчываў жывых арганізмаў. Асаблівае значэнне маюць рэакцыі акісляльнага Д. пірувату з утварэннем ацэтылкаферменту A і α-кетаглутаравай к-ты з утварэннем сукцынілкаферменту A, Д. пірувату ў анаэробных умовах (браджэнне), Д. фосфаглюконавай к-ты ў пентозафасфатным цыкле, маланілкаферменту A пры сінтэзе тлустых к-т і інш. Д. некат. амінакіслот у тканках жывёл і чалавека садзейнічае ўтварэнню біягенных амінаў і медыятараў (гістамін, сератанін, норадрэналін і інш.). Неферментатыўнае Д. можа быць пры награванні ці пад уплывам хім. рэактываў.