МОЛЬ,

адзінка колькасці рэчыва; адна з сямі асн. адзінак Міжнароднай сістэмы адзінак. М. — колькасць рэчыва ў сістэме, якая мае столькі ж структурных элементаў, колькі атамаў вугляроду знаходзіцца ў 0,012 кг яго ізатопу ​12C (вуглярод-12). Структурнымі элементамі могуць быць атамы, іоны, малекулы і інш. часціцы (напр., электроны) ці групы часціц. Абазначаецца моль; 1 моль любога рэчыва мае аднолькавую колькасць структурных элементаў, роўную Авагадра пастаяннай (Na = 6,022∙10​23 моль​−1).

т. 10, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНАКАРПІ́ЧНЫЯ РАСЛІ́НЫ (ад мона... + грэч. karpos плод),

расліны, якія цвітуць і пладаносяць раз у жыцці, пасля чаго звычайна адміраюць. Да М.р. адносяць усе адна- і двухгадовыя расліны, са шматгадовых — некат. віды парасонавых, агававых, бамбукаў, пальмаў і інш. Шматгадовыя М.р. на працягу многіх гадоў (напр., 3—10 у парасонавых, 50—60 у агавы) назапашваюць пажыўныя рэчывы, таму кветаносныя парасткі ў іх магутныя і даюць шмат кветак і пладоў. Гл. таксама Полікарпічныя расліны.

т. 10, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГО́ТКІ, календула (Calendula),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Больш за 20 відаў. Пашыраны пераважна ў Міжземнамор’і і Цэнтр. Еўропе. На Беларусі культывуюць Н. лекавыя (C. officinalis) і палявыя (C. arvensis).

Адна- і шматгадовыя травы і паўкусты. Сцёблы прамастойныя, рабрыстыя. Лісце простае, прадаўгавата-ланцэтнае. Кветкі жоўтыя або аранжавыя ў кошыках на доўгіх адзіночных кветаносах. З Н. лекавых атрымліваюць няшкодны харч. фарбавальнік жоўтага колеру для сыроў і тлушчу. Лек., дэкар. расліны.

Наготкі лекавыя.

т. 11, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯЯ́ЎНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,

функцыя, зададзеная суадносінамі, дзе залежная пераменная не вылучана ў яўным выглядзе. Запісваецца ўраўненнем віду F(x, y) = 0. Бывае адна- і мнагазначная. Напр., ураўненне xy − 1 = 0 задае адназначную Н.ф. пры x ≠ 0, якую можна запісаць у яўным выглядзе y = 1/x; ураўненне x2 + y2 − 1 = 0 — двухзначную Н.ф. на інтэрвале -1 < x < 1, якую можна запісаць у яўным выглядзе y = ± 1 x2 .

т. 11, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДКАМО́РСКІ СУД,

судова-арбітражны орган у феад. Польшчы, Літве, Беларусі і Украіне да пач. 19 ст. па разглядзе памежных зямельных спрэчак феадалаў. У ВКЛ утвораны ў 1565 у кожным павеце. Суд ажыццяўляла адна асоба — падкаморы, які наймаў сабе памочнікаў — аднаго або двух каморнікаў, грабароў, пісара. Аглядаў межавыя знакі, вывучаў дакументы, дапытваў сведак, пазначаў новыя межы ўладанняў умоўнымі знакамі. Апеляцыі на рашэнні П.с. падаваліся ў Трыбунал ВКЛ. На Беларусі скасаваны 23.5.1832.

т. 11, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛА́НКА ПАСТАЯ́ННАЯ, квант дзеяння,

адна з фундаментальных фізічных пастаянных, якая ўваходзіць у законы квантавай фізікі. Уведзена М.Планкам (1900) пры выяўленні квантаванасці энергіі выпрамянення і ўстанаўленні закону размеркавання энергіі ў спектры выпрамянення абс. чорнага цела (гл. Планка закон выпрамянення). Найб. дакладнае значэнне П.п. атрымана на аснове Джозефсана эфекту. h = 6,626176(36)∙10​−34 Джс. У тэарэт. разліках найчасцей выкарыстоўваецца прыведзеная П.п. h = h/2π = 1,0545887(57)∙10​−37 Дж∙с.

т. 12, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЛО́МНІК (Androsace),

род кветкавых раслін сям. першакветных. Каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ў Еўразіі. На Беларусі П. ніткападобны (A. filiformis) і паўночны (A. septentrionalis). Трапляюцца каля лясных дарог, на чыг. насыпах, сухіх адхонах.

Адна- або шматгадовыя травы, часам паўкусты, утвараюць шчыльныя дзярніны ці падушкі, часта ксерафіты. Лісце яйцападобнае або лінейнае, у разетцы. Кветкі дробныя, у парасонападобных суквеццях, рэдка адзіночныя. Плод — каробачка. Лек. і дэкар. расліны.

Праломнік: 1 — бародаўчаты; 2 — ніткападобны.

т. 12, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРО́ДЖАНАЯ РАСКО́ЛІНА ВЕ́РХНЯЙ ГУБЫ, «заечая губа»,

прыроджаная загана развіцця. Часта спалучаецца з прыроджанай расколінай паднябення. Фарміруецца на 6—7-м тыдні эмбрыягенезу. Бывае адна- і двухбаковая (аднабаковая ў 3 разы часцей), мае форму ад невял. выемкі каля краю губы да поўнай сувязі з адтулінамі носа, што абцяжарвае смактанне, парушае дыханне дзіцяці. Развіццю заганы спрыяе ўжыванне цяжарнымі жанчынамі алкаголю, псіхічныя траўмы, інфекцыі, уздзеянне радыяцыі і інш. Лячэнне хірургічнае.

І.​М.​Семяненя.

т. 13, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫЧЭ́П,

адна-, двух- ці шматвосевая павозка, якая буксіруецца аўтамабілем, цягачом ці трактарам. Прызначаны для перавозкі грузаў, пасажыраў (трансп. П.). Існуюць таксама спец. П.-майстэрні, аўтакрамы, дачныя фургоны і інш. Грузападымальнасць аднавосевых П. да 2 т, двухвосевых — 8 т; шматвосевых — 20—50 т і больш. Абсталёўваецца габарытнымі ліхтарамі і інш. На Беларусі П. вырабляюць на Мінскім аўтамабільным заводзе і прадпрыемстве «Туртранс» (Мінск).

Прычэп: 1 — «Купава» («Туртранс», Мінск); 2 — «Зубраня» (МАЗ).

т. 13, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПТО́З (ад грэч. ptōsis падзенне),

блефараптоз, апушчэнне верхняга павека ў чалавека. Адрозніваюць П. прыроджаны і набыты; паралітычны, сімпатычны, старэчы. Прыроджаны П. абумоўлены недаразвіццём мышцы, якая паднімае верхняе павека, аплазіяй ядраў вокарухальнага нерва. Бывае адна- і двухбаковы. Вылучаюць таксама поўны і частковы П. (у залежнасці ад закрыцця вочнай шчыліны). Набыты П. узнікае ў выніку траўмы цэнтраў вокарухальнага нерва, пры пухлінах, кровазліццях і інш., пераважна аднабаковы. Лячэнне хірургічнае. На П. хварэюць таксама жывёлы.

т. 13, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)