перспекты́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да перспектывы (у 2 знач.). Перспектыўны жывапіс. Перспектыўныя дэкарацыі.

2. Які прадугледжвае будучае развіццё, распрацаваны на многа год. Перспектыўнае планаванне. □ — Наша задача — дапамагчы кожнаму калгасу скласці перспектыўны план развіцця гаспадаркі. Шамякін.

3. Які мае перспектывы (у 4 знач.), можа паспяхова развівацца ў будучым. Перспектыўная прафесія. Перспектыўны сорт раслін. □ — Раён у нас перспектыўны. Не думайце, што глухамань. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

крутаве́рць, ‑і, ж.

Разм.

1. Пра дрэннае надвор’е з мяцеліцай, завірухай. Нас «злыгаў» лёс на доўгія гады і пагнаў далёка ад родных мясцін у снежную крутаверць каржанскіх лясоў. Грахоўскі. Іду, крутаверцю белай Засыпаны да галавы. Цвірка. / у перан. ужыв. Расой чырвонай апаліў траву Хтось за мяне ў той чорнай крутаверці. Зуёнак.

2. Пра вірлівую ваду, паводку. Падмываючы жвір, глыбока ў бераг уразалася пляскотная крутаверць. Паўлаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прадыхну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Уздыхнуць на поўныя грудзі.

•••

Не прадыхнуць — а) пра духату, дрэнны пах, ад чаго цяжка дыхаць. Узімку — сцюжа дзьме, а ўлетку — ад духаты і смуроду не прадыхнуць. Гарэцкі; б) перан. Пра вялікую колькасць, мноства чаго‑н. [Галя:] — Ведаеце, ён так не ў пару захварэў. Вось дома трэба сядзець, бюлетэнь выпісалі, а ў нас жа год канчаецца, работы гэтулькі, што не прадыхнуць. Радкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыве́т, ‑у, М ‑веце, м.

1. Тое, што і прывітанне (у 2 знач.). Прывет я шлю прыродзе, людзям І громам шумных навальніц. Колас. Воля, воля дарагая, Шлю з-за крат табе прывет! Таўлай.

2. Ласкавыя, добразычлівыя адносіны да каго‑н.; дружалюбны прыём каго‑н. [Маці:] — Добры чалавек у нас у сяле ў любой калгаснай хаце прывет і прытулак знойдзе. Краўчанка. Дарагі не абед, а прывет. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́нечнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць сонечнага (у 2, 3 знач.); сонечнае асвятленне, асветленасць. На Поўначы не адчуваеш паветра так, як у нашай, лічы, паўднёвай паласе: у ім няма той насычанасці фарбаў, той густой, залацістай сонечнасці, тых чаргаванняў святла і ценю, якія ў нас розныя ў розную пару дня. М. Стральцоў. Шыбіны ў вокнах нагрэтыя, і праз іх у вагоны не сочыцца, а льецца вясняная сонечнасць. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спадру́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, які падыходзіць; зручны. З трывогай убачыў [Даніла], што хоць і сапраўдны тут лес, але дроў спадручных няма. Кулакоўскі. Ён [Сымон] са скрыпкай неразлучны, Не спускае яе з рук, А ў час вольны і спадручны Граў і цешыўся хлапчук. Колас.

2. у знач. наз. спадру́чны, ‑ага, м. Памагаты. Ні .. [гардэробшчык], ні яго спадручны ў такой жа форме,.. ніхто не звярнуў на нас увагі. Шыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трухля́ціна, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што струхлела, разбурана трухленнем. А калі ён [Гіляр] добра топнуў нагой і скарыначку тую прабіў, дык адразу праваліўся ў гнілізну, у трухляціну. Дубоўка. Піць, увесь час хочацца піць, а балота дыхае на нас нейкай трухляцінай. Бажко. / у перан. ужыв. [Вольга Віктараўна:] — Андрэй Пятровіч, скажыце, калі ласка: дабро вы робіце народу ці зло, забіваючы розум дзяцей і іх чыстыя душы ўсякаю казённаю трухляцінаю? Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

умо́віцца, умоўлюся, умовішся, умовіцца; зак.

Дагаварыцца паміж сабой адносна чаго‑н. Едучы на рыбалку, мы ўмовіліся, што кожны з нас увечары што-небудзь раскажа аб сабе. Гурскі. // Прыйсці да агульнай згоды; заключыць умову, здзелку і пад. [Пажылы мужчына:] — Памяркуйце самі: ці ж правільна робіць бацюшка? Умовіўся з ім малады, наш Юрась, за шлюб чатыры пуды жыта.. Прывезлі жыта, а ён кажа: «Хлеб падзешавеў, трэба шэсць пудоў». Пальчэўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чаро́мха, ‑і, ДМ ‑мсе, ж.

Дрэва ці высокі куст сямейства ружакветных з сабранымі ў гронкі белымі духмянымі кветкамі і чорнымі даўкімі на смак ягадамі. Перад акном у нас расцвітае чаромха. Брыль. // Галінкі гэтай расліны з кветкамі. Букет чаромхі. □ За гэты час чаромха выпіла ваду і пялёсткі асыпаліся. Гроднеў. // зб. Ягады гэтай расліны. Маці цеста тады ўчыніла з вадой, праснакоў нарабіла з чаромхай лясной. Дубоўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шале́нец, ‑нца, м.

Шалёны чалавек, вар’ят. Толік ад нечаканасці аж сумеўся: што ён надумаў, гэты шаленец? А Юзік, выйшаўшы з варот, стаў, падняў стрэльбу і навёў яе... Куды б, вы думалі? У самы лабок Патрубейкавай хаты, у самае акенца, за якім стаіўся Толік. Вітка. // Пра вельмі безразважнага чалавека. Нас абавязвае эпоха Суняць шаленцаў лютых, Каб жыць і кроіць цёплы бохан Без атамнай атруты. Панчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)