ЖЫТКО́Ў (Барыс Сцяпанавіч) (11.9.1882, г. Ноўгарад, Расія — 19.10.1938),
рускі пісьменнік. Скончыў Новарасійскі ун-т у Адэсе (1906), Петраградскі політэхн.ін-т (1916). Працаваў іхтыёлагам, капітанам н.-д. судна, штурманам парусніка, рабочым-металістам, кіраўніком тэхн. вучылішча, быў марскім афіцэрам і інш. Друкаваўся з 1924. Аўтар марскіх аповесцей (зб-кі «Злое мора», 1924; «Марскія гісторыі», 1925—37), п’ес («Пяты мост», 1927, «Сем агнёў», 1929), навук.-маст. кніг («Пра гэтую кнігу», 1927, «Параход», 1935, і інш.), «Апавяданняў пра жывёл» (1935). Стварыў дзіцячую аповесць-энцыклапедыю «Што я бачыў» (1939) і інш. На бел. мову творы Ж. пераклаў С.Міхальчук і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЁІ́СКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1919.
Падпісаны 27 ліст. ў Нёі-сюр-Сен (прыгарад Парыжа) паміж дзяржавамі Антанты, якія перамаглі ў 1-ю сусв. вайну, і Балгарыяй; частка Версальска-Вашынгтонскай сістэмы. Набыў сілу 9.8.1920. Паводле дагавора Балгарыя страціла Зах. Фракію (8,5 тыс.км², перайшла ў распараджэнне Вялікабрытаніі, Італіі, Францыі, ЗША і Японіі, у 1920 перададзена Грэцыі) і выхад да Эгейскага м. (Балгарыі гарантаваўся свабодны эканам. выхад да гэтага мора), 4 зах. акругі з гарадамі Царыброд, Басілеград, Струміца (2566 км²; адышлі да Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў, з 1929 — Югаславія), пацверджана мяжа з Румыніяй, устаноўленая Бухарэсцкім мірным дагаворам ад 10.8.1913 (Паўд.Дабруджа засталася ў складзе Румыніі). Балгарыя абавязалася выплаціць дзяржавам-пераможцам рэпарацыі на суму 2,25 млрд. залатых франкаў (на працягу 37 гадоў), яе ўзбр. сілы колькасна абмяжоўваліся да 20 тыс.чал. У 1929 і 1930 перагледжаны артыкулы дагавора аб рэпарацыях, у 1938 — аб ваен. абмежаваннях.
Паводле балг.-рум. дагавора ад 7.9.1940 Паўд. Дабруджа вернута Балгарыі. Н.м.д. страціў сілу пасля 2-й сусв. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІВЕЛІ́РАВАННЕ,
вызначэнне вышынь пунктаў зямной паверхні адносна некаторага выбранага пункта (умоўнага нуля) або ўзроўню мора. Выкарыстоўваецца для стварэння вышыннай апорнай геадэзічнай сеткі, вышыннага абгрунтавання тапаграфічных здымак і здымак рэльефу, пры інжынерна-буд. і геал. работах, пры вывучэнні фігуры Зямлі, сучасных тэктанічных і тэхнагенных рухаў зямной паверхні і інш. Адрозніваюць Н. геаметрычнае, трыганаметрычнае, фізічнае і механічнае. Геаметрычнае Н. выконваецца гарызантальным візірным праменем нівеліра. Перавышэнне вылічваецца як рознасць узятых адлікаў па нівелірных (геадэзічных) рэйках, якія вертыкальна ўстаноўлены на геадэзічных пунктах. Трыганаметрычнае Н. выконваецца нахільным візірным праменем геадэзічных прылад з вертыкальным кругам для вымярэння вугла нахілу зямной паверхні і адлегласці да пунктаў. Фізічнае Н. падзяляецца на бараметрычнае Н. (засн. на залежнасці атмасфернага ціску ад вышыні) і гідрастатычнае Н. (засн. на ўласцівасці вадкасці займаць аднолькавы ўзровень у сазлучаных сасудах). Механічнае Н. выконваецца з дапамогай аўтам. нівеліраў на трансп. сродках (аўтаматычна рэгіструюць вышыні і будуюць профіль). Гл. таксама Геадэзічныя знакі, Геадэзічныя прылады і інструменты, Геадэзія, Нівелірная сетка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТЫ́ЙСКАЕ ЦА́РСТВА, Понт,
эліністычная дзяржава ў М. Азіі ў 302 (ці 301) — 64 да н.э.Засн. былым дынастам Мітрыдатам II з перс. роду Ахеменідаў. Склалася шляхам дыпламатыі і заваёў яго напаўгрэч.-напаўіранскіх валадароў. Этнічны склад насельніцтва неаднародны. Разам з высокаразвітымі грэч. гарадамі ў П.ц. ўваходзілі тэр., дзе існавалі родаплемянныя адносіны. Мела гандл. сувязі з гарадамі Паўн. Прычарнамор’я, рэгіёнам Эгейскага мора. З пач. 2 ст. да н.э. вяло актыўную знешнюю палітыку. Дасягнула найвышэйшага росквіту пры Мітрыдаце VI Еўпатару, уключыўшы амаль усе землі вакол Понта Эўксінскага (адсюль назва). П.ц. супрацьстаяла экспансіі Рыма, уступіўшы з ім у працяглы канфлікт — т.зв. Мітрыдатавы войны, якія скончыліся паражэннем і ўключэннем П.ц. ў склад рым. дзяржавы. Часткова адноўлена Маркам Антоніем як залежная ад Рыма дзяржава на чале з дынастыяй Палеманідаў, з мэтай супрацьстаяння Парфіі. Паводле загаду Нерона (64 да н.э.) канчаткова ператворана ў правінцыю.
Літ.:
Ломоури Н.Ю. К истории Понтийского царства. Ч. 1. Тбилиси, 1979;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРДО́ЎЦАЎ, Мардовец,
Данііл Лукіч (19.12.1830, г.п. Данілаўка Валгаградскай вобл., Расія — 23.6.1905), рускі і ўкраінскі пісьменнік, гісторык. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1854). У 1850—70-я г. супрацоўнічаў у часопісах «Русское слово», «Отечественные записки», «Дело». Першы маст. твор — рамант. паэма «Казакі і мора» (1854, выд. 1859). Аўтар гіст. раманаў «Новыя рускія людзі» (1868), «Адзнака часу» (1869), «Дванаццаты год» (1879), «Салавецкае сядзенне», «Цар і гетман» (абодва 1880), «Пан Вялікі Ноўгарад», «Сагайдачны» (абодва 1882), «Цар Пётр і правіцельніца Соф’я» (1885), «За чые грахі?» (1890), «Замураваная царыца» (1891), «Пагібель Іерусаліма» (1897); публіцыстычных і навук. прац па гісторыі «Самазванцы і панізовая вольніца» (1867), «Гайдамачына» (т. 1—2, 1870), «Напярэдадні волі» (1872, выд. 1889), «Рускія жанчыны новага часу» (ч. 1—3, 1874) і інш. Пісаў нарысы, фельетоны, успаміны («З мінуўшчыны і перажытага», 1902).
Тв.:
Соч.Т. 1—2. М., 1991.
Літ.:
Момот В.С. Д.Л.Мордовцев: Очерк жизни и творчества. Ростов н/Д, 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАШЭ́ВІЦКА-ЖЫ́ТКАВІЦКІ ВЫ́СТУП,
тэктанічная Структура на Пд Беларусі. Адыходзіць ад Палескай седлавіны на У і ў выглядзе горставай структуры ўкліньваецца ў зах.ч.Прыпяцкага прагіну, якую падзяляе на Тураўскую і Старобінскую дэпрэсіі. Выцягнуты ў субшыротным напрамку на 80 км, шыр. да 10 км. На Пд абмежаваны буйным субшыротным разломам з амплітудай 1—3 км, на Пн — малаамплітудным (дзесяткі метраў). Папярочнымі дыяганальнымі разломамі выступ падзелены на Мікашэвіцкі і Жыткавіцкі горсты, паміж імі Слуцкі грабен. Фарміраванне выступу пачалося ў пратэразоі і адбывалася ў асн. у познім дэвоне, адначасова з гал. фазай рыфтагенезу Прыпяцкага грабена. М.-Ж.в. характарызуецца дадатнымі адзнакамі паверхні фундамента (+110 м над узр. мора) і адсутнасцю ў скляпеннай ч. даантрапагенавых адкладаў. Выступ складзены з крышт. парод ніжняга пратэразою (дыярыт, гранадыярыт, граніт, кварцыт і інш.). У паглыбленнях скляпеннай ч. трапляюцца верхнепратэразойскія кварцыта-пясчанікі і палеагенавыя адклады; на схілах сярэдне-верхнепратэразойскія, сярэдне-верхнедэвонскія, верхнемелавыя, палеагенавыя і неагенавыя пароды. На Мікашэвіцкім падняцці здабыча парод крышт. фундамента для буд-ва (друз; Мікашэвіцкае прадпрыемства «Граніт»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛАВА́НАЎ (Аўгусцін Лазаравіч) (н. 16.6.1937, г. Валгаград, Расія),
бел. акцёр. Нар.арт. Беларусі (1989). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1961). Працаваў у Бел. т-ры імя Я.Коласа. З 1962 у Нац.акад. т-ры імя Я.Купалы, адначасова з 1970 выкладае ў Бел.АМ. Выканаўца драм. і вострахарактарных роляў. Творчай манеры М. ўласцівы псіхал. дакладнасць характараў, выразны малюнак ролі, тонкае адчуванне стылю і жанравай прыроды твора. Найб. значныя ролі: Тата і Гаспадар («Зацюканы апостал» і «Святая прастата» А.Макаёнка), Арэшкін («Крыніцы» паводле І.Шамякіна), Марцін Лютэр («Напісанае застаецца» А.Петрашкевіча), Восіп («Рэвізор» М.Гогаля), Кудраш («Навальніца» А.Астроўскага), Гэлі Гэй («Што той салдат, што гэты» Б.Брэхта), Арнхальм («Жанчына з мора» Г.Ібсена), Ромул («Ромул Вялікі» Ф.Дзюрэнмата), Зурыко («Я, бабуля, Іліко і Іларыён» Н.Думбадзе і Р.Лордкіпанідзе), Герастрат, Тэўе-малочнік («...Забыць Герастрата!», «Памінальная малітва» Р.Горына), Шындзін («Мы, што ніжэй падпісаліся» А.Гельмана).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІНІ́ГІН (Мікалай Мікалаевіч) (н. 6.9.1957, г. Ізюм Харкаўскай вобл., Украіна),
бел. рэжысёр. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1979). З 1979 працаваў у Дзярж.рус.драм. т-ры, з 1984 рэжысёр Нац.акад.т-ра імя Я.Купалы. З 1998 у С.-Пецярбургу рэжысёр Вял.акад.драм.т-ра імя Г.А.Таўстаногава. Прыхільнік дынамічнай, шматфарбнай рэжысуры, майстар яркага тэатр.-сінт. відовішча. Сярод пастановак на Беларусі: «Жанчына з мора» Г.Ібсена (1984), «Гаральд і Мод» К.Хігінса і Ж.К.Кар’ера (1986), «Дракон» Я.Шварца і «Эмігранты» С.Мрожака (1989), «Тутэйшыя» Я.Купалы (1990, Дзярж. прэмія Беларусі 1993), «Дзіця з Віфлеема» (1992 у Т-ры-студыі кінаакцёра), оперы «Візіт дамы» С.Картэса (1995), «Барыс Гадуноў» М.Мусаргскага (2001; абедзве у Нац.акад. т-ры оперы), «Art» Я.Рэза (1998, у Малым т-ры ў Мінску). Паставіў таксама «Капрызы Марыяны» А.Мюсэ (1997), «Хлусня на доўгіх нагах» Э. дэ Філіпа (2000) у т-ры імя Таўстаногава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́СЕМСКІ (Аляксей Феафілактавіч) (23.3.1821 с. Раменне Чухламскага р-на Кастрамской вобл., Расія — 2.2.1881),
рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1844). Друкаваўся з 1848. Першы раман — «Баяршчына» (1844—46, забаронены, апубл. 1858) напісаны ў рэчышчы натуральнай школы. У рамане «Тысяча душ» (1858) — карціна жыцця перадрэформеннага часу. Аповесці «Цюфяк» (1850), «М-г Батманаў» (1852), «Ці вінаватая яна?» (1855) з жыцця дваранска-чыноўніцкай правінцыі. Асэнсаванне духоўнага жыцця сучаснікаў у рамане «Людзі саракавых гадоў» (1869). Аўтар раманаў «Ускаламучанае мора» (1863), «У віры» (ч. 1—3, 1871), «Мяшчане» (1877), «Масоны» (ч. 1—5, 1880), камедый «Падзел» (1853, забаронена, паст. 1874), «Драпежнікі» («Падкопы», 1873, забаронена, паст. 1905), драмы «Горкі лёс» (1859, забаронена, паст. 1863), гіст. драмы «Паручнік Гладкоў» (1867, забаронена, паст. 1905), цыкла апавяд. «Рускія лгуны» (1865), апавяданняў з сялянскага жыцця, «Падарожных нарысаў» (1857), фельетонаў, літ.-крытычных артыкулаў і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—5. М., 1982—84;
Повесть. Рассказы. М., 1988.
Літ.:
Плеханов С.Н. Писемский. М., 1987;
Могилянский АП. Писемский: Жизнь и творчество. Л., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАХАДНЫ́Я РЫ́БЫ,
група рыб, якія робяць нераставыя міграцыі з мораў у рэкі (анадромныя міграцыі, характэрныя для асятровых, ласосевых ласасёвых, селядцовых, некат. карпавых і інш.) або з рэк у мора (катадромныя міграцыі, характэрныя для некат. бычкоў, рачных вугроў, трапічных відаў самоў). Сярод анадромных мігрантаў адрозніваюць азімыя расы (уваходзяць у рэкі з восені, падымаюцца ў вярхоўі, нерастуюць пасля зімоўкі) і яравыя (уваходзяць у рэкі вясной ці летам, падымаюцца значна ніжэй азімых рас, нерастуюць у тым жа годзе). На Беларусі ў сувязі з пабудовай на рэках плацін П.р. прыродным шляхам у вадаёмы не трапляюць.
Звычайна П.р. здольныя прыстасоўвацца ў шырокіх межах да ваганняў салёнасці вады. У час міграцыі большасць П.р. не корміцца. Перад міграцыяй яны назапашваюць рэзервовыя рэчывы (звычайна тлушч) у сувязі з вял. затратамі энергіі пры пераадольванні перашкод ( быстрыя цячэнні, парогі, вадаспады і інш.). Пасля нерасту пераважная колькасць гіне (ад знясілення і інш.). Многія віды П.р. — аб’екты промыслу і развядзення.