ПАЛА́ТА, 1) назва прадстаўнічых органаў ці іх асобных састаўных частак (напр., Нац. сход Рэспублікі Беларусь складаецца з 2 П. — П. прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі).

2) Назва некат. дзярж. ці грамадскіх арг-цый і ўстаноў (напр., Кніжная П., Гандлёва-прамысловая П.).

3) У дарэв. Расіі судовыя П. — органы па разглядзе грамадз. і крымінальных спраў (уведзены суд. рэформай 1864).

т. 11, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЛАМЕНТАРЫ́ЗМ,

сістэма дзярж. улады, пры якой выразна размяжоўваюцца функцыі яе заканадаўчых і выканаўчых органаў пры прызнанні прыярытэтнай ролі парламента як вышэйшага прадстаўнічага і заканад. органа. У рамках П. парламент фарміруе адказны перад ім урад, які ён кантралюе і можа адправіць у адстаўку. Менавіта парламенту належаць функцыі заканатворчасці. Пры П. паўнамоцтвы манарха або прэзідэнта звычайна носяць пратакольна-прадстаўнічы характар.

т. 12, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАПАГА́НДА ВАЙНЫ́,

распаўсюджанне ў любой форме поглядаў, ідэй, адкрытых заклікаў з мэтай выклікаць агрэсію адной краіны супраць другой. П.в. з’яўляецца міжнародным злачынствам. Яна забаронена спец. рэзалюцыяй Ген. Асамблеі ААН у 1947 пад пагрозай крымінальнага пакарання. У Крымінальным кодэксе Рэспублікі Беларусь ёсць спец. артыкул, у якім прадугледжана таксама адказнасць асоб, што займаюць вышэйшыя дзярж. пасады, за П.в.

т. 13, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ТНІК,

1) ратны (ваенны) чалавек, які ўваходзіў у склад раці; воін апалчэння ў стараж. усх.-слав. дзяржавах і княствах Русі (9—14 ст.). У адрозненне ад воінаў княжацкай дружыны Р. набіралі на перыяд вайны (паходу) з рамеснікаў і сялян.

2) У Рас. імперыі — салдат дзярж. апалчэння. Р. лічыліся ваеннаабавязанымі запасу 2-й і 3-й чаргі, існавалі да 1917.

т. 13, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЧО́Ў (Анатоль Аляксандравіч) (18.8.1916, чыг. ст. Фалёнкі Кіраўскай вобл., Расія — 22.11.1999),

бел. флейтыст. Засл. арт. Беларусі (1967). Скончыў Бел. кансерваторыю (1950). У 1937—43 артыст аркестра Свярдлоўскага т-ра оперы і балета, у 1944—72 — Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова выкладаў у Мінскім муз. вучылішчы імя Глінкі, з 1970 у муз. школах Мінска; вёў канцэртную дзейнасць.

т. 13, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́НЦЛАВА ((Venclova) Антанас) (7.11.1906, в. Трэмпіняй Марыямпальскага р-на, Літва — 28.6.1971),

літоўскі пісьменнік. Засл. дз. мастацтваў Літвы (1954). Нар. пісьменнік Літвы (1965). Скончыў Каўнаскі ун-т (1932). Дэбютаваў экспрэсіяністычнымі вершамі (зб. «У змрочных завулках», 1926). Пазней усталяваўся прамоўніцкі тып верша, дзе лёс індывіда неаддзельны ад лёсу краіны (зб-кі «Там, дзе яблыня высокая», 1945; «Маладосць краіны», 1948; «Выбранае», 1950, Дзярж. прэмія СССР 1952). Найб. лірызмам, эмацыянальнасцю вызначаецца зб. «Вячэрняя зорка» (1971). Аўтар раманаў «Дружба» (1936), «Дзень нараджэння» (1959, Дзярж. прэмія Літвы 1960), зб. апавяданняў «Ноч» (1939), мемуарнай трылогіі «Рака вясны», «Адкрыццё маладосці», «Бура ў поўдзень» (1964—69). Пераклаў на літ. мову вершы Я.​Купалы, П.​Броўкі, М.​Танка. На бел. мову вершы Венцлавы перакладалі С.​Дзяргай, А.​Разанаў, М.​Танк і інш. («Галасы сяброў», 1958; «Літоўская савецкая паэзія», 1977, т. 1), празаічныя творы — А.​Пальчэўскі («Літоўскія апавяданні», 1957).

Тв.:

Raštai T. 1—13. Vilnius, 1965—77;

Бел. пер. — Дзень нараджэння. Мн., 1961.

А.​П.​Лапінскене.

А.Венцлава.

т. 4, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛЫ́ГІН (Іван Андрэевіч) (9.2.1907, в. Радушкава Пачынкаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 12.4.1984),

бел. фізіёлаг. Акад. АН Беларусі (1959, чл.-кар. 1956). Д-р біял. н. (1952), праф. (1954). Засл. дз. нав. Беларусі (1967). Скончыў Ленінградскі вет. ін-т (1931). З 1938 у н.-д. ін-тах Расіі, з 1953 дырэктар Ін-та фізіялогіі, адначасова ў 1969—79 акад.-сакратар Аддз. біял. навук АН Беларусі. Навук. працы па механізмах і заканамернасцях інтэрацэптыўных рэакцый арганізма, прынцыпах структурна-функцыян. арганізацыі, узаемасувязях дывергенцыі і канвергенцыі ў дзейнасці перыферычнай і цэнтр. нервовай сістэмы і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1972. Дзярж. прэмія СССР 1978.

Тв.:

Нервные регуляторы вегетативных процессов. Мн., 1978;

Новые принципы структурно-функциональной организации симпатических ганглиев. Мн., 1979;

Взаимосвязь явлений дивергенции и конвергенции как общий принцип деятельности нервной системы. Мн., 1981;

Катехоламины в симпатических ганглиях. Мн., 1983 (разам з В.​М.​Рэпрынцавай).

Літ.:

Библиография научных трудов академика АН БССР И.​А.​Булыгина. Мн., 1977.

І.А.Булыгін.

т. 3, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУТЭ́ВІЧ (Анатоль Іванавіч) (літ. псеўд. Валошка Максім; н. 15.6.1948, в. Баяры Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),

бел. дзярж. дзеяч, дзіцячы пісьменнік, перакладчык, публіцыст, крытык. Скончыў БДУ (1971). Працаваў нам. рэдактара газ. «Чырвоная змена» (1975—80), інструктарам сектара маст. л-ры аддзела культуры, заг. сектара маст. л-ры, нам. заг. ідэалаг. аддзела ЦК КПБ (1980—86, 1987—90), дырэктарам выд-ва «Мастацкая літаратура» (1986—87). У 1990—92 старшыня Дзярж. к-та Беларусі па друку, міністр інфармацыі (1992—94), у 1994—96 міністр культуры і друку. З 1996 генеральны консул Рэспублікі Беларусь у Гданьску. Друкуецца з 1969. У апавяданнях і казках для дзяцей — веданне дзіцячай псіхалогіі, уменне займальна і даступна гаварыць з чытачом, адчуванне нар. слова. Перакладае з польск. (С.​Лем «Прыгоды Піркса», 1992; «Салярыс», 1994), рус. і ўкр. моў, з бел. на рус. мову (В.​Гігевіч «Марсіянскае падарожжа», 1992). У перакладзе Бутэвіча ішлі п’есы на сцэне Бел. т-ра юнага гледача, Віцебскага лялечнага тэатра.

І.​У.​Саламевіч.

т. 3, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАВІ́ЛАЎ (Сяргей Іванавіч) (24.3.1891, Масква — 25.1.1951),

савецкі фізік, стваральнік навук. школы оптыкаў. Акад. (1932, чл.-кар. 1931). Брат М.І.Вавілава. Скончыў Маскоўскі ун-т (1914). З 1932 дырэктар Фізічнага ін-та АН СССР, у 1932—45 навук. кіраўнік Дзярж. аптычнага ін-та (Ленінград). З 1945 прэзідэнт АН СССР. Навук. працы па фіз. оптыцы. Распрацаваў асновы тэорыі люмінесцэнцыі, вывеў адзін з яе законаў (1924; гл. Вавілава закон). З П.​А.​Чаранковым адкрыў Чаранкова—Вавілава выпрамяненне. Вырашыў шэраг прынцыповых пытанняў квантавай тэорыі інтэрферэнцыі, фізіял. оптыкі, паклаў пачатак развіццю нелінейнай оптыкі. Аўтар прац па філас. пытаннях прыродазнаўства і гісторыі навукі. З 1949 гал. рэдактар Вял. Сав. Энцыклапедыі. Дзярж. прэміі СССР 1943, 1949, 1951, 1952. У 1951 АН СССР устаноўлены залаты медаль яго імя ў галіне фізікі.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1952—56;

Микроструктура света. М., 1950;

Исаак Ньютон, 1643—1727. 4 изд. М., 1989.

Літ.:

Физики о себе. Л., 1990.

С.І.Вавілаў.

т. 3, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЕ́ННА-РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ (ВРК),

часовыя надзвычайныя органы ўлады, якія стваралі бальшавікі пры Саветах і ў арміі пры вайсковых к-тах у перыяд падрыхтоўкі Кастр. рэвалюцыі і на пачатку барацьбы за дыктатуру пралетарыяту. Дзейнічалі ў кастр. 1917 — сак. 1918. Першы ВРК створаны ў Петраградзе, працаваў пад кіраўніцтвам ЦК РСДРП(б) і асабіста У.​І.​Леніна і стаў штабам узбр. паўстання, цэнтр. органам дзярж. улады, якую перадаў 2-му Усерас. з’езду Саветаў. На Беларусі ВРК створаны ў 1917: у Мінску (гл. Ваенна-рэвалюцыйны камітэт Заходняга фронту) і Віцебску 27 кастр. (9 ліст.), у Нясвіжы 29 кастр. (11 ліст.), Барысаве 5(18) ліст., Вілейцы і Гарадку 8(21) ліст., Магілёве 18 ліст. (1 снеж.) і інш., а таксама ў часцях і злучэннях Зах. фронту. Па меры бальшавізацыі Саветаў і вайсковых к-таў, арганізацыі сав. дзярж. апарату неабходнасць у ВРК адпала, уся ўлада перайшла да Саветаў. У час грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі ствараліся часовыя надзвычайныя органы ўлады — рэвалюцыйныя камітэты (рэўкомы).

т. 3, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)