геалагічны (геамарфалагічны) помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). Каля в. Чараўкі Мядзельскага р-на Мінскай вобл., на паўн.-ўсх. беразе воз. Нарач. Паўвостраў уразаецца ў возера больш як на 700 м і злучаецца з карэнным берагам лагчынай-пратокай з рэшткавым возерам. У рэльефе вылучаюцца пагоркі (камы) якія ўтварыліся каля 20 тыс.г. назад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЛО́БНА,
возера на мяжы Расонскага р-на Віцебскай вобл. і Пскоўскай вобл. (Расія), у бас.р. Дрыса, за 37 км на У ад г.п. Расоны. Пл. 0,87 км², даўж. 1,97 км, найб.шыр. 610 м, даўж. берагавой лініі 4,93 км. Пл. вадазбору 13,4 км². Катлавіна складаецца з 2 плёсаў. На Пн злучана пратокай з р. Дрыса.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАФУНДА́ЛЬ (ад лац. profundus глыбокі),
глыбокая частка возера, куды не пранікаюць хвалевыя рухі і ветравое перамешванне. Ложа П. звычайна ўкрыта ілам, донная расліннасць адсутнічае; багата развіта флора бактэрый і грыбкоў, у выніку чаго ў ілах назапашваюцца газы (метан, вадарод, серавадарод) і адбываецца ўтварэнне азёрнай жал. руды. У вадаёмах Беларусі П. пачынаецца з глыб. 5—8 м, часам 10 м.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЧНА́Я СІСТЭ́МА,
сукупнасць усіх рэк у межах пэўнага рачнога басейна, што зліваюцца разам і выносяць свае воды з гэтай тэрыторыі ў выглядзе агульнага патоку (галоўнай ракі) у мора або возера; частка гідраграфічнай сеткі. У гал. раку ўпадаюць прытокі 1-га парадку, у іх — прытокі 2-га парадку і г.д. Адзін з важных паказчыкаў Р.с. — гушчыня рачной сеткі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РО́ДАМЛЯ,
возера ў Крупскім р-не Мінскай вобл., у бас.р. Лукомка, за 33 км на Пн ад г. Крупкі. Пл. 0,42 км², даўж. 1,38 км, найб.шыр. 320 м, даўж. берагавой лініі 2,95 км. Схілы катлавіны выш. да 4 м, параслі хмызняком, на У на невял. участку разараныя. Дно сапрапелістае. Выцякае ручай у р. Югна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РАЧ,
найбольшае возера на Беларусі, у Мядзельскім р-не Мінскай вобл., у бас.р. Вілія, на Нарачана-Вілейскай нізіне, на выш. 165 м. Пл. 79,6 км², даўж. 12,8 км, найб.шыр. 9,8 км, найб.глыб. 24,8 м, даўж. берагавой лініі 41 км. Аб’ём вады 710 млн.м³. Пл. вадазбору 199 км². Уваходзіць у Нарачанскую групу азёр і нац. парк Нарачанскі. Катлавіна падпруднага тыпу, акруглай формы, асіметрычная. Сфарміравалася ў час утварэння Свянцянскіх град у перыяд паазерскага зледзянення. Схілы на Пн і ПнУвыш. 45—50 м, утвораны адгор’ямі Свянцянскіх град, сугліністыя і супясчаныя. На Пд да возера прымыкае больш спадзістая Паўд.-Нарачанская града. Берагі пераважна нізкія, акумулятыўныя, з пясчанымі пляжамі, пясчана-галечнымі валамі (выш. да 1 м) і камяністымі косамі, месцамі забалочаныя, тарфяныя. На Пн і ПнУ абразіўныя берагі са стромымі абрывамі і мысамі (выш. 2—11 м). Каля паўн.-ўсх. берага востраў (пл. 6,2 га) — помнік прыроды (рэдкія звяры і птушкі, гнездаванне вял. крахаля — ахоўны від). Дно возера адносна роўнае (сярэдні нахіл 1°), на У больш складанай будовы (нахіл 5—6°), з чаргаваннем узгорыстых, градава-ўзгорыстых і плоскіх участкаў, месцамі мяліны. Паверхня дна глыб. да 2 м займае 17% пл.возера, да 5 м — 36%, больш за 20 м — 1,8%. Прыбярэжная водмель пясчаная, часткова заіленая, каля стромкіх берагоў галька і валуны. Глыбакаводная ч. выслана крэменязёмістымі і карбанатнымі сапрапелямі, глініста-пясчанымі адкладамі. Паўвостраў Наносы (канчаецца касой) падзяляе Н. на паўн.-зах. Малы плёс (глыб. да 18 м) і паўд.-ўсх. Вялікі плёс (глыб. 24,8 м). Ваганні ўзроўню за год да 35 см, у асобныя гады да 70 см. Сярэдні ледастаў 127 сутак (снеж.—красавік). Таўшчыня лёду 50—60 см, макс. да 90 см. Макс.т-ра прыпаверхневага слоя вады 22 °C у канцы ліп. — пач. жніўня. Зімовыя т-ры ў тоўшчы вады 2,5 °C. Вада насычана кіслародам, мінералізацыя да 250 мг/л, празрыстасць 7—9 м, колернасць 5—7°. Мезатрофнае. Упадаюць 17 ручаёў (Пронькі, Купа, Антонізберг, Сіманы і інш.) і пратока Скема з воз. Мястра, выцякае р.Нарач. Поўная змена вады адбываецца за 10 гадоў. Жыўленне: 62% ападкі, каля 29% паверхневае, каля 9% падземнае. Асн.ч. расходу вады (56%) — сцёк па р. Нарач. Іхтыяфауна рапушкава-сігавая, уключае 19 абарыгенных відаў. Прамысл. зарыбленне (еўрапейскі вугор, амурскі сазан, судак, сіг, пелядзь, сярэбраны карась і інш.). Гняздоўі птушак (лебедзь-шыпун, малая крачка, скапа, малая паганка) занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. З 1946 вядуцца гідраметэаралагічныя назіранні і маніторынгавыя даследаванні (Гідрабіялагічная станцыя БДУ). На берагах курорт Нарач, біял. заказнікі Некасецкі і Пасынкі, на паўд.-ўсх. беразе гідралагічны заказнік Чарэмшыца, помнік прыроды — геал. агаленне Студзянец. У сувязі з інтэнсіўным антрапагенным уздзеяннем пагаршаецца экалагічны стан Н.: памяншаецца празрыстасць вады, павялічылася колькасць фітапланктону, інтэнсіўна развіваюцца сіне-зялёныя водарасці, павялічваецца колькасць фасфатных злучэнняў у вадзе, развіваецца ачаг шыстаматознага цэркарыёзу.
Галяле́ць ’блішчаць (пра ваду на лугах і палях)’ (Янк. III). Няяснае слова. Магчыма, ёсць нейкая сувязь са слав.*galo ’прагаліна і да т. п.’, але такая этымалогія застаецца вельмі гіпатэтычнай (няма дадатковых даных), хоць з семантычнага боку яе можна прыняць (*galo ’прагаліна’ — ’прагаліна, голае месца’ > ’голае месца з вадой, што блішчыць’, нарэшце, самастойны дзеяслоў галяле́ць). Трэба звярнуць увагу на тое, што *galo ў некаторых мовах (дыялектах) значыць проста ’возера’ (напр., укр.га́ло; гл. яшчэ Талстой, Геогр., 104–109).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
пляж Месца каля ракі, возера, дзе адпачываюць і загараюць людзі (БРС).
Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)
рука́ў Адгалінаванне ад рэчышча ракі, возера (БРС). Тое ж рука́віна (Слаўг.).
Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)