Віду́к1 ’мак-самасейка, мачок’ (БРС, КТС, Шн., 3., Бір. Дзярж., Сцяшк. МГ, Янк. БП), гродз. ’тс’, брэсц. ’снатворны мак’ (Кіс.); ’мак з разрытымі пры паспяванні галоўкамі’ (Некр., Карл.). Укр. видю́к, видю́х, видю́ха ’тс’, видун ’мак, Papaver rhoes L., насенне якога пры паспяванні высыпаецца з галоўкі’. Утворана ад дзеяслова viděti і суф. ‑uxъ, які на беларускай тэрыторыі пад уплывам балтыйскага прадуктыўнага суфікса ‑(i)ùkas змяніўся ў ‑ук (Цыхун, Лекс. балт., 51; Чэкман, Совещ. ОЛА (Гомель) 1975, 125–126). Гл. выдак.

Відук2 ’шляхецкі лапаць’ (асіп., Буз.). Няясна.

Відук3 ’частка плота (?)’ (КТС, К. Чорны). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Е́мя ’ежа, харчы’ (Касп., Шат., Гарэц., Бяльк.). Рус. бранск. емье, рус. емень, ст.-рус. ѣмена (параўн. сѣмя/ѣмя = сѣмена/ѣмена). Зерне можа прызначацца на семена (насенне) або емена (на з’яданне). Такім чынам, зыходны назоўнік еме (< *ědmę) сустракаецца толькі на беларускай глебе і на бранскім сумежжы. Таму выклікае сумненне сцвярджэнне Трубачова (6, 42) аб балта-славянскай і нават індаеўрапейскай старажытнасці бел. емя (параўн. літ. ėdmeė́ ’ежа’, лат. ēdmenis, ст.-інд. adma ’тс’, якія адпавядаюць і.-е. edmen/edmṇ). Хутчэй бел. еме (гл. еміна) — рэзультат балтыйскай лексічнай інфільтрацыі. Гл. яшчэ Ваян, BSL, 59, 142; Экерт, SlW 54.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кальва́рыя ’гара, на якой стаяў ці стаіць касцёл, а таксама многа капліц вакол яе’ (вілен., мін., Яшк.), ’могілкі’ (мін., Яшк.). Слова, відаць, з польскага перыферыйнага дыялекта, у беларускай мове, як паказваюць крыніцы, распаўсюджання не атрымала. Польск. kalwaria ’цыкл малюнкаў або іншых вобразатвораў, якія адлюстроўваюць розныя сцэны мукі Хрыста; месца, дзе яны размешчаны’ з лац. calvāria, (Calvariae locus) назва гары. на якой Ісус Хрыстос быў пакараны на крыжы, а лац. да арамей. gulgoltā (GolgothēГалгофа); суадносіцца з calva, calvus ’чэрап’, адносна семантыкі параўн. прыклад Дарашэўскага, 3, 484: Lysa Góra.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сво́йскі ‘не дзікі, выгадаваны ці прыручаны чалавекам (пра жывёл, птушак, расліны), ‘прыязны, знаёмы, таварыскі’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Др.-Падб., Байк. і Некр., Ян., Варл., Сл. ПЗБ, ТС), сюды ж сво́йсклівы ‘рахманы’ (Сл. ПЗБ). Укр. сві́йський ‘хатні, прыручаны’, рус. сво́йский ‘свой, дружалюбны, фамільярны’, польск. swojski ‘свой, не чужы, звычайны’, ‘хатні, прыручаны’, славац. svojsky ‘свой, родны, не чужы’, серб.-харв. svȏjski ‘свой’, балг. сво́йски ‘дружалюбны, фамільярны’. Прасл. *svojъskъ ад *svojь ‘свой’ з прыметнікавым суф. ‑ъsk‑; першаснае значэнне ‘свой, не чужы’. У беларускай, украінскай і польскай мовах семантычная інавацыя ‘хатні, прыручаны’ (аб жывёлах).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трын-трава́ ‘ўсё адно, усё роўна, хоць бы што’ (ТСБМ), ‘дробязь, тое, што не заслугоўвае аніякай увагі’ (Юрч. Фраз.). Параўн. рус. фалькл. трын былинушка трава ‘нейкая трава’ (СРНГ), аргат. трын‑трава ‘каноплі’ (Шчарбакова-Бруева, Соц.-корп. лексика, 174). Разглядаецца як русізм у беларускай мове; рус. трын‑трава перакладаецца як тынь-трава або апісальна: ему все трын‑трава — яму хоць бы што (Некр. і Байк.). Аналагічна Станкевіч (Язык, 948) адносна рус. трынь-трава, для якога прапануецца ў якасці адпаведніка народны фразеалагізм, запісаны на Чэрвеньшчыне: ані шум баравы. Гл. трынь-трава, тынь-трава.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ту́жба ‘смутак, маркота’, ‘клопат’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб., Яруш., Байк. і Некр., Янк. БП): u dware służba ni wielika tużba (Арх. Федар.). Укр. тужба́ ‘журба, маркота’, рус. тужба́ ‘клопат’, польск. tużba ‘смутак’, в.-луж. tužba ‘сум, журба, маркота’, чэш. tužba ‘моцнае жаданне’, tužby ‘спадзяванне’, славац. túžba ‘сон, мара’, ‘цяга, імкненне да чаго-небудзь’, ‘смутак, туга’, харв. tùžba, чак. tužbȁ ‘скарга, нараканне’, серб. ту̀жба ‘скарга, іск’, балг. тъ́жба ‘скарга’, ‘сум, журба, гора’, макед. тужба ‘судовы іск’. Прасл. *tǫg‑ьba > *tǫžьba. Да туга́, тужыць1, 2 (гл.). Літ. tūžbà ‘злосць’ запазычана з беларускай, гл. Фрэнкель, 2, 1147.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Інтэліге́нцыя. Крыніца: лац. intelligentia ’разуменне’. Значэнне ’грамадскі слой людзей, якія прафесіянальна займаюцца разумовай працай’ сфарміравалася раней, відаць, у польск. мове (першапачаткова inteligencja ’цямлівасць, кемнасць’), адкуль трапіла ў рус. у сярэдзіне XIX ст.; да гэтага часу рус. интеллиге́нция ўжывалася ў значэнні ’разумнасць, свядомасць, дзейнасць розуму’ (Вінаградаў, Этимология. 1964, 111–113; Шанскі, 2, I, 94). З рускай слова запазычана ў зах.-еўрап. мовы (Баравы, Путь слова, 330). У беларускай інтэлігенцыя ў пачатку XX ст. з рускай мовы (Крукоўскі, Уплыў, 77). Паводле Шанскага (2, I, 94), интеллиге́нт — зваротнае ўтварэнне ад интеллигенция.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

І́цвіна ’адзін з двух драцяных цяжоў, якія злучаюць галоўкі саней з пярэднімі капыламі’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Шат., Юрч.). Рус. дыял. и́тви́на ’прут, тонкая палачка’, пск., смал. ’папярочны брус, які злучае ўгары палазы саней’ (улічваючы геаграфічнае пашырэнне, магчыма, з беларускай), ви́тви́на ’сцябло, ліст каранеплодных раслін’, ’прут, тонкая палачка’, ’вялікая галінка’, витли́на ’бацвінне бульбы, гароху’. Польск. witwina ’парода вярбы’. Звязана з *viti, *větvь (з вакалізмам *vit‑; параўн. польск. witka, славен. vȋtva). Праабражэнскі, 1, 86; Фасмер, 1, 321. Адносна агульнай і.-е. карціны гл. ветка1. Параўн. яшчэ семантычна і фармальна блізкія віціна1, вица.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БЕЛАВЕ́ЖСКАЯ ГРАДА́,

у паўночнай частцы Прыбугскай раўніны, у Камянецкім і Пружанскім р-нах Брэсцкай вобласці. Цягнецца ад мяжы з Польшчай праз Белавежскую пушчу ў бок г.п. Шарашова і г. Пружаны ў выглядзе слабапукатай да Пд дугі выш. 180—200 м (да 203 м). З’яўляецца часткай канцова-марэнных утварэнняў адной са стадый адступання дняпроўскага ледавіка. Белавежская града больш старажытная, чым узвышшы Беларускай грады. Прымеркавана да Падляска-Брэсцкай упадзіны.

Адклады антрапагену магутнасцю 80—140 м сфарміраваны ледавікамі ранняга, часткова сярэдняга плейстацэну, у іх развіты гляцыятэктанічныя парушэнні. Паверхня грады складзена з пясчанага і жвірова-галечнага матэрыялу, значна размытая. Вылучаюцца спадзістахвалістыя падняцці адноснай выш. 20—30 м (горы Казіная, Крамянёвая і інш.). Скразныя даліны злучаюць вярхоўі асн. рэк: Нарава і Ясельды, Нараўкі і Левай Лясной. Па градзе праходзіць частка водападзелу паміж Балтыйскім (рэкі Нараў з Нараўкай і Левая Лясная) і Чорным (Ясельда з прытокамі) морамі. У ПнЗ частцы Белавежскай грады стрататыповы разрэз Белавежскага міжледавікоўя.

т. 2, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЯ ПА́РТЫЯ САЦЫЯЛІ́СТАЎ-ФЕДЭРАЛІ́СТАЎ (БПС-Ф),

палітычная партыя ў 1918—21. Аформілася ў ліп. 1918 у выніку распаду Беларускай сацыялістычнай грамады. Аб’ядноўвала каля 2 тыс. чал. У склад ЦК БПС-Ф уваходзілі А.​Аўсянік, Я.​Варонка, К.​Езавітаў, В.​Захарка, П.​Крачэўскі, І.​Серада, А.​Цвікевіч і інш. Друкаваны орган — газ. «Бацькаўшчына». Займала цэнтрысцкія пазіцыі. Выступала за скасаванне буйнога землеўладання і паступовую нацыяналізацыю прам-сці, рабіла стаўку на сярэднія слаі вёскі і горада. Падтрымала абвяшчэнне 25.3.1918 незалежнасці БНР, у той жа час схілялася да ідэі сусв. федэрацыі. Большасць чл. партыі ў 1918 выступала супраць ням. арыентацыі Рады БНР, у той жа час знаходзілася ў апазіцыі да бальшавікоў. Польскі акупац. рэжым 1919—20 зрушыў БПС-Ф улева, яна ўступіла ў блок з партыяй бел. эсэраў, адмовілася ад «федэралісцкай канцэпцыі» і стала на пазіцыі поўнай незалежнасці і непадзельнасці Беларусі. У Зах. Беларусі асобныя яе групы дзейнічалі да сярэдзіны 1920-х г.

М.​С.​Сташкевіч.

т. 2, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)