МСЦІСЛА́ЎСКАЕ ШКЛО,

шкляныя вырабы 16—19 ст. з г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Выраблялі сталовы посуд, пасудзіны для вадкасцей, аконнае шкло. Посуд адметны складаным S-падобным профілем, размалёўкай каляровымі эмалямі, пластычным аздабленнем донцаў хвалістымі паддонамі, сценак — рыфленнем і накладнымі пячаткамі з нізкарэльефнымі выявамі гербаў, клеймаў гутнікаў, асобных літар і надпісаў. Шырока выкарыстоўваліся кальцавыя паддоны ў выглядзе гладкай шкляной дужкі. Асобныя формы і пластычны дэкор посуду блізкія да аздоб мсціслаўскай керамікі. У 16—18 ст. М.ш. фармавалі адвольна, у 19 ст. — прасаваннем і выдзіманнем у формы. Посуд 17 ст. сціпла дэкарыраваны шклянымі жгутамі, пячаткамі і інш., часам каляровымі эмалямі. У 18—19 ст. выраблялі збаны, куфлі, чаркі, бутлі, пляшкі, шкляніцы, кубкі, бакалы. Некат. вырабы аздаблялі шліфоўкай, гравіроўкай, шклянымі жгутамі і вял. стужкамі, тулавы размалёўвалі геам.-раслінным арнаментам, выкананым рознакаляровымі эмалямі. Аконнае шкло ў 17 ст. выдзімалі ў выглядзе круглых шыбак-дыскаў, у 18—19 ст. — прамавугольных шыбак.

Літ.:

Яніцкая М.М. Сташкевіч А.Б. Мсціслаўскае шкло XVI—XIX стст. // Помнікі культуры: Новыя адкрыцці. Мн., 1985.

А.​Б.​Сташкевіч, А.​А.​Трусаў, М.​М.​Яніцкая.

т. 10, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЛЬСА,

рака ў Бярэзінскім р-не Мінскай вобл., Клічаўскім і Кіраўскім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток р. Бярэзіна (бас. р. Дняпро). Даўж. 92 км. Пл. вадазбору 1690 км². Пачынаецца за 3,4 км на ПнУ ад в. Каменны Барок Бярэзінскага р-на, вусце за 5 км на З ад в. Любонічы Кіраўскага р-на. Цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Асн. прытокі: Нясета (справа), Дулебка, Сушанка, Суша (злева). Даліна шыр. 0,8—1 км, пераважна невыразная, месцамі трапецападобная; схілы выш. 2—7 м. спадзістыя, месцамі слабапарэзаныя. Пойма шыр. 0,6—1,5 км, двухбаковая, ніжэй г.п. Клічаў чаргуецца па берагах, нізкая, месцамі забалочаная, перасечаная меліярац. каналамі. Рэчышча ў вярхоўі на працягу 10 км каналізаванае, ніжэй шыр. 12—18 м. Берагі ў вярхоўі нізкія, забалочаныя, спадзістыя, ніжэй да вусця стромкія. Замярзае ў 1-й дэкадзе снеж., крыгалом у 3-й дэкадзе сакавіка. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў ніжнім цячэнні ў канцы сак., сярэдняя вышыня над межанню 1,2 м. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 9,3 м³/с. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў. На рацэ г.п. Клічаў.

А.​А.​Макарэвіч.

т. 11, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗНЯКО́Ў (Міхась) (Міхаіл Паўлавіч; н. 24.1.1951, в. Заброддзе Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. паэт, празаік, перакладчык, мовазнавец. Скончыў БДУ (1977). Працаваў у Мінску на заводзе, настаўнічаў. З 1978 у Ін-це мовазнаўства АН Беларусі, з 1981 дырэктар Літ. музея М.​Багдановіча, з 1984 у выд-ве «Юнацтва». З 2000 гал. рэдактар час. «Вожык». Друкуецца з 1966. Аўтар «Слоўніка эпітэтаў беларускай літаратурнай мовы» (1988), зб. вершаў «Час надзеі» (1991). Піша для дзяцей (зб-кі «Побач з татам», 1988; «Ехаў поўны воз дзівос», 1994; «Шые вожык кажушок», 1996; «Дарынка-весялінка», 1999). Адчувае дзіцячую псіхалогію, расказвае пра дабрыню, шчырасць, працавітасць. Упершыню ў бел. л-ры распрацоўвае загадкі на міжмоўныя амонімы і антонімы (зб. «Дзіўныя «блізняты», 1987). На бел. мову пераклаў раманы В.​Скота «Квенцін Дорвард», М. дэ Сервантэса «Дон Кіхот», С.​Лагерлёф «Пярсцёнак Лёвеншольдаў», паасобныя творы С.​Маршака, Я.​Пермяка, Х.​К.​Андэрсена, казкі братоў Грым і інш. Многія верш П. пакладзены на музыку.

Тв.:

Тры чарадзеі: Вершы, скорагаворкі, загадкі. Мн., 1991;

Дзівосны свет. Мн., 1996;

Загадкі з поля і градкі. Мн., 2000.

І.​У.​Саламевіч.

т. 11, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́ШЧА,

месца (крыніца, возера, камень, узгорак і г.д.), надзеленае, паводле ўяўленняў вернікаў, надзвычайнымі надпрыроднымі сіламі і ўласцівасцямі. П. назвалі таксама маленне пра дараванне грахоў у якім-н. «святым» ці «цудадзейным» месцы. У навук. ўжытак тэрмін «П.» ўвёў у пач. 20 ст. М.​Янчук. Вера ў П. генетычна звязана з культам прыроды. Некат. П. ўзніклі з язычніцкіх свяцілішчаў. Аднак этнографамі зафіксаваны выпадкі ўзнікнення пакланення П. і ў 19—20 ст. П. наведвалі, каб пазбавіцца ад хвароб, сюды прыносілі ахвяраванні (палатно, ручнікі, кветкі, ежу і інш.). Значная частка П. была прызнана хрысціянскім духавенствам і знаходзілася пад яго апекай. Каля такіх П. нярэдка будавалі капліцы, цэрквы, касцёлы, у дні рэліг. свят праводзілі хрэсныя хады і богаслужэнні. Найб. вядомымі былі П. Сіняя Крыніца каля г. Слаўгарад Магілёўскай вобл., Святая Горка каля г.п. Смілавічы Мінскай вобл., нагрувашчванне вялізных камянёў на ўзгорку каля в. Горка Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл., камяні-следавікі на Траецкай гары ў Мінску і інш. П. на Беларусі даследавалі М.​Доўнар-Запольскі, Янчук, Ф.​Пакроўскі, Е.​Раманаў, А.​Багдановіч, М.​Мялешка.

Э.​М.​Зайкоўскі.

т. 13, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫХО́ДЗЬКА (Пятро) (Пётр Фёдаравіч; н. 25.2.1920, в. Альшоў Хоцімскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. паэт і перакладчык. Скончыў Магілёўскую газетную парт. школу (1938), Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1956). З 1954 працаваў у час. «Беларусь», газ. «Звязда», «Літаратура і мастацтва», на Мінскай студыі навук.-папулярных і хранікальна-дакумент. фільмаў; з 1967 у выд-ве «Беларусь», у 1972—80 — «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1936. Аўтар зб-каў вершаў і паэм «Голас сэрца» (1947), «Салдаты міру» (1951), «Ранак над Эльбай» (1952), «Цёплы каравай» (1960), «Вішнёвы агонь» (1963), «Сонца раней узышло» (1967), «Калінавыя зоры» (1969), «Не здадзеныя вышыні» (1972), «На пераправе» (1974), «Плацдарм» (1978), «Вячэрняя паверка» (1982), «Парог памяці» (1984), «Апаленыя вёрсты» (1986), «Водгулле грому» (1989), у якіх тэмы вайны і асабіста перажытага на ёй, праблемы сучаснасці. Паэзіі П. ўласцівы публіцыст. страснасць, шчырасць пачуццяў, даверлівасць выказвання. Піша для дзяцей: зб-кі «Сустрэча з маленствам» (1967), «Сын камунара» (1973), «Каляка-маляка» (1981).

Тв.:

Прызнанне. Мн., 1970;

Лісты з паходаў. Мн., 1980;

Споведзь любові. Мн., 1990;

Па слядах маланкі. Мн., 1991.

т. 13, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДАМЛЯ,

вёска ў Жаліўскім с/с Чавускага р-на Магілёўскай вобл., на р. Радуча. Цэнтр калгаса. За 20 км на Пн ад горада і 24 км ад чыг. ст. Чавусы, 61 км ад Магілёва. 334 ж., 102 двары (2001). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

На думку некат. даследчыкаў, Р. — стараж. горад радзімічаў. У 1527 тут знаходзіўся Радамльскі замак, які быў аддадзены кн. Жаслаўскаму, у 1580 — дзярж. ўласнасць (паводле інш. звестак Р. ў 16 ст. — мястэчка ў Мсціслаўскім пав. ВКЛ, належала кн. Мсціслаўскім). У 1539—1770 цэнтр староства, у 1764 у Мсціслаўскім ваяв., дзярж. ўласнасць. З 1772 у Рас. імперыі. У 1797 у Р. была рэзідэнцыя Мсціслаўскага кармеліцкага кляштара. У 1849 сяло, 73 ж., 10 двароў, карчма, млын. У 1880 цэнтр воласці Чавускага пав., 162 ж., 25 двароў, 2 царквы, касцёл, заезны дом, з 1883 школа. У 1897 — 157 ж., у 1909 — 230 ж. У 1924—54 цэнтр сельсавета. У Вял. Айч. вайну ў 1944 ням. фашысты спалілі вёску і загубілі 21 жыхара.

т. 13, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСА́СНА,

вёска ў Маласавінскім с/с Дубровенскага р-на Віцебскай вобл., на р. Расасенка. Цэнтр калгаса. За 17 км на ПнУ ад г. Дуброўна, 109 км ад Віцебска, 25 км ад чыг. ст. Асінаўка. 287 ж., 106 двароў (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

Вядома з 16 ст. як уладанне Глябовічаў у Аршанскім пав. ВКЛ. З 1772 у Рас. імперыі, мястэчка Аршанскага, потым Горацкага пав. Магілёўскай губ. У 1897 у мястэчку 1023 ж., 167 двароў, царк.-прыходская школа, 2 драўляныя царквы, яўр. малітоўны дом, багадзельня, хлебазапасны магазін, млын, 3 кузні, 7 крам, карчма; 2 разы на год праводзіліся кірмашы. З 1919 у Гомельскай, з 1922 у Смаленскай губ. РСФСР. З 1924 у БССР, мястэчка, цэнтр сельсавета Дубровенскага р-на Аршанскай акр., 1071 ж., 184 двары. У 1940 вёска, 1800 ж., 345 двароў. У Вял. Айч. вайну ням. фашысты ў кастр. 1943 спалілі вёску, загубілі 343 яе жыхары. З 1960 у Маласавінскім с/с. У 1962—65 у Аршанскім р-не. У 1963—290 ж., 102 двары.

В.​М.​Князева.

т. 13, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́МАВІЦКІ РАЁН.

На У Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 17.4.1962). Пл. 1,6 тыс. км². Нас. 33,7 тыс. чал. (1998), гарадскога 50,7%. Сярэдняя шчыльн. 21 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Клімавічы. 161 сельскі нас. пункт. 10 сельсаветаў: Высакоўскі, Галіцкі, Гусаркаўскі, Дамамерыцкі, Кісялёва-Будскі, Лабжанскі, Лазовіцкі, Мілаславіцкі, Раднянскі, Ціманаўскі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, з 1986 у зоне радыяцыйнага кантролю, адселены 15 нас. пунктаў.

Тэр. раёна знаходзіцца ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны. Паверхня раўнінна-ўзгорыстая, пераважна на выш. 160—200 м, найвыш. пункт 214 м (на Пд ад в. Галічы). Карысныя выкапні: торф, мел, мергель, сілікатныя пяскі, гліны. Сярэдняя т-ра студз. -7,8 °C, ліп. 18,5 °C. Ападкаў 610 мм за год. Вегетац. перыяд 185 сут. У раёне р. Сож з прытокамі Іпуць, Лабжанка, Асцёр (з Сасноўкай), на Пдр. Жадунька (з Крупняй) і р. Сураў (правыя прытокі Беседзі). На р. Іпуць Мілаславіцкае вадасх. Пашыраны дзярнова-падзолістыя (46,7%) і дзярнова-падзолістыя забалочаныя (33,5%) глебы. Лясы пераважна хваёвыя, яловыя, бярозавыя і асінавыя, займаюць 34% тэрыторыі, з іх 30,5% — штучныя насаджэнні. Пад балотамі 4% тэрыторыі, асушана 345 га, найб. масівы Булгакаўскае, Фаміно, Саўскае, Вял. Мох. Зона адпачынку Лабжанка. Помнікі прыроды мясц. значэння: лес яловы Гірэевічы ў Клімавіцкім лясніцтве, лес бярозавы Пянькоўка ў Гусаркаўскім лясніцтве.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 82,8 тыс. га, з іх асушаных 13,9 тыс. га. На 1.1.1998 у раёне 9 калгасаў, 5 саўгасаў, 25 фермерскіх гаспадарак, племзавод «Ціманава», навуч. гаспадарка с.-г. тэхнікума, эксперым. база «Раднянская» па насенняводстве бульбы, птушкафабрыка. Асн. галіны сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, бульбаводства. Пасевы збожжавых і кармавых культур. Прадпрыемствы харч. (спірт, мясныя і малочныя вырабы), металаапр., буд. матэрыялаў і паліўнай (торфабрыкет) прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Орша—Унеча і Магілёў—Рослаўль, аўтадарогі, якія звязваюць цэнтр раёна з гарадамі Касцюковічы, Крычаў, г.п. Хоцімск, адгалінаванне ад нафтаправода «Дружба» Унеча—Полацк. У раёне 16 сярэдніх, 7 базавых (у т. л. школа-інтэрнат), 6 пач., 2 муз., дзіцяча-юнацкая спарт. школы, тэхнікум, СПТВ, 22 дашкольныя ўстановы, раённы цэнтр культуры, 8 дамоў культуры, 26 клубаў, 35 б-к, 4 бальніцы, паліклініка, 3 амбулаторыі, 22 фельч.-ак. пункты. Помнікі архітэктуры: цэрквы ў вёсках Дубравіца (пач. 20 ст.), Куляшоўка (1893), Лазовіца (пач. 20 ст.), Мілаславічы (2-я пал. 19 ст.). Выдаецца газ. «Родная ніва».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 8, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУГЛЯ́НСКІ РАЁН,

на ПнЗ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924, двойчы скасаваны (1931, 1951) і адноўлены (1935, 1966). Пл. 0,9 тыс. км². Нас. 19,4 тыс. чал. (1998), гарадскога 42%. Сярэдняя шчыльн. 22 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.п. Круглае, 152 сельскія нас. пункты. Падзяляецца на 7 сельсаветаў: Комсеніцкі, Круглянскі, Кручанскі, Ляснянскі, Рубежскі, Цяцерынскі, Шапялевіцкі.

Раён размешчаны ў межах Аршанска-Магілёўскай раўніны і Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня хваліста-раўнінная, пераважаюць выш. 180—200 м, найвыш. пункт 223 м (каля в. Баканава). Карысныя выкапні: торф. пясчана-жвіровы матэрыял, гліны і суглінкі для грубай керамікі. Сярэдняя т-ра студз. -7,6 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 626 мм за год. Вегетац. перыяд 186 сут. З Пн на Пд цэнтр. ч. перасякае р. Друць з прытокамі Бярозаўка, Асліўка з Рутай, Каменка, Гнілка, Вабіч; на З р. Можа з Бярозкай. Азёры: Яложынскае, Безыменнае, або Палыкаўскае (на мяжы са Шклоўскім р-нам). На р. Друць Цяцерынскае вадасх. Глебы дзярнова-падзолістыя (60,1%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (28.6%) і інш. Пад лесам 26% тэр. раёна, з іх 19,8% штучныя, пераважна хваёвыя насаджэнні. Асн. лясныя масівы на З, пераважаюць хваёвыя, яловыя і бярозавыя лясы. Пл. балот 3,8%, найб. балота Шчыток. Заказнікі мясцовага значэння гідралагічныя: Шчыток, Баравуха, Забароўскае, у пойме р. Друць. Помнікі прыроды мясцовага значэння: возера Хатомля каля в. Шапялевічы, крыніцы каля в. Прыгані, Цяцерын.

На 1.1.1998 агульная пл. с.-г. угоддзяў 55,5 тыс. га, з іх асушана 11,3 тыс. га. У раёне 11 калгасаў, 6 саўгасаў, 29 фермерскіх гаспадарак, закрытае акц. т-ва «Рыбгас Азёрны», Цяцерынская лесапаляўнічая гаспадарка. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля (буйн.-раг. жывёла, свінагадоўля); ільнаводства. Вырошчваюць збожжа, кукурузу, лён, бульбу, буракі, рапс. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў; пач. апрацоўкі лёну, харч. прам-сці, Цяцерынская ГЭС. Раённы цэнтр звязаны аўтадарогамі з Магілёвам, Талачыном, Шкловам, Бялынічамі. У раёне 6 сярэдніх, 2 базавыя, 4 пач. школы, тэрытарыяльна-школьны комплекс у в. Філатава (сярэдняя школа, дзіцячы сад, філіял дзіцячай школы мастацтваў, аддзяленне раённай юнацка-дзіцячай спарт. школы). 3 комплексы з сярэдняй школай і дзіцячым садам, 4 комплексы з пач. школай і дзіцячым садам, цэнтр пазаўрочнай дзейнасці вучняў, школа-інтэрнат для дзяцей з затрымкай псіхічнага развіцця, 11 дзіцячых садоў, 8 дамоў культуры, 22 клубы, 23 б-кі, 4 бальніцы, паліклініка, 2 амбулаторыі, 9 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры — цэрквы: Пакроўская (2-я пал. 19 ст.) у в. Дудаковічы, Мікалаеўская (1833) у в. Тубушкі. Выдаецца газ. «Сельскае жыццё».

Літ.:

Памяць: Круглянскі р-н. Мн., 1996.

Г.​С.​Смалякоў.

т. 8, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРАЎЁЎ (Міхаіл Мікалаевіч [12) (ці 5).10.1796, С.-Пецярбург —10.9.1866], расійскі дзярж. і ваен. дзеяч. Ген. ад інфантэрыі (1856),

граф (1865, вядомы як М.-Віленскі). Брат М.М.Мураўёва (Карскага). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1809—11). Удзельнік войнаў з Напалеонам 1812—13, у т. л. Барадзінскай бітвы. Удзельнік першых дзекабрысцкіх арг-цый, у т. л. «Саюза выратавання» (1816) і «Саюза працвітання» (1818; чл. Карэннай управы, адзін з аўтараў яго статута). У 1826 арыштаваны па справе дзекабрыстаў, але апраўданы. З 1827 віцебскі віцэ-губернатар, з 1828 магілёўскі цывільны губернатар. Ініцыіраваў увядзенне ў Віцебскай і Магілёўскай губ. агульнарас. заканадаўства (з 1831) і закрыццё Віленскага універсітэта. У час паўстання 1830—31 быў пры галоўнакамандуючым Рэзервовай арміяй ген. П.А.Талстым. Ліквідаваў асяродкі супраціўлення ў Дзісенскім і Лепельскім пав. Віцебскай губ. Са жн. 1831 гродзенскі цывільны губернатар. Пры ліквідацыі рэшткаў паўстання прымяняў жорсткія меры аж да смяротнага пакарання (з таго часу атрымаў мянушку «вешальнік»). Быў прыхільнікам пераводу уніятаў у праваслаўе, падтрымліваў дзейнасць епіскапа І.Сямашкі. З 1835 курскі ваен. губернатар, з 1839 дырэктар Дэпартамента падаткаў і збораў; з 1842 сенатар і кіраўнік Межавага корпуса. З 1850 чл. Дзярж. Савета, у 1856—62 адначасова старшыня Дэпартамента ўдзелаў. У 1857—62 міністр дзярж. маёмасцей, прыхільнік захавання прыгоннага права. У час паўстання 1863—64 прызначаны 13.5.1863 віленскім, гродзенскім і мінскім ген.-губернатарам, камандуючым войскамі Віленскай ваен. акругі (з паўнамоцтвамі камандзіра асобнага корпуса ў ваен. час) і гал. начальнікам Віцебскай і Магілёўскай губ. Пры задушэнні паўстання выкарыстоўваў як рэпрэсіўныя меры (пакаранне смерцю актыўных удзельнікаў, масавыя высылкі ў Сібір, спальванне вёсак), так і папярэджвальныя меры (секвестр маёнткаў, абкладванне штрафамі кляштараў і каталіцкага духавенства, закрыццё міравых устаноў, замена чыноўніцкага апарату, арганізацыя ў паветах жандарскіх каманд і сялянскай узбр. варты, наданне сельскім т-вам права нагляду за памешчыкамі і інш.). З мэтай пазбаўлення паўстання сац. апоры ініцыіраваў у зах. губернях перагляд «Палажэння» аб адмене прыгоннага права 1861 на карысць сялян. Да вер. 1863 задушыў асн. асяродкі паўстання ў Літве і Беларусі. З 29.4.1865 у адстаўцы. У крас. 1866 прызначаны старшынёй асобай Следчай камісіі па справе няўдалага замаху Дз.У.Каракозава на Аляксандра II. Памёр за 2 дні да вынясення Каракозаву смяротнага прыгавору. Аўтар «Запісак» (1882—85).

Літ.:

Мосолов А.Н. Виленские очерки 1863—1865 гг.: (Муравьевское время). СПб., 1898;

Паўловіч І., Лукашэвіч А. Талент, аддадзены праклёну // Культура. 1994. 26 студз., 2 лют.;

Таляронак С.В. Генерал М.​М.​Мураўёў-Віленскі. Мн.. 1998.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 11, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)