ДЫМАРФІ́ЗМ (ад ды... + грэч. morphē форма),

наяўнасць у асобін аднаго віду жывёл ці раслін адной мясцовасці 2 формаў, якія адрозніваюцца морфафізіялагічнымі прыкметамі; разнавіднасць полімарфізму.

У жывёл найчасцей адзначаецца палавы Д., пры якім самцы і самкі адрозніваюцца паміж сабой памерамі, формай, афарбоўкай, паводзінамі (напр., адсутнасць рагоў у самак і наяўнасць іх у самцоў). Сезонны Д. абумоўлены зменамі тэмператур, пры якіх існуе арганізм (напр., бурая летняя і белая зімовая афарбоўка футра ў зайца-беляка). Можа праяўляцца і як прыватны выпадак чаргавання пакаленняў (у паразітычных чарвей, некат. насякомых) У раслін адрозніваюць Д., што праяўляецца ва ўсім вонкавым выглядзе або ў будове асобных органаў. Сезонны Д. у раслін — наяўнасць веснавой і асенняй формаў (напр., у братаўкі).

Да арт. Дымарфізм: жук-алень (1 — самка; 2 — самец).

т. 6, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЛУЧЭ́ННЕ ў граматыцы,

від сінтаксічнай сувязі членаў сказа або цэлых прэдыкатыўных адзінак (сказаў). З. (злучальная сувязь), у процілегласць падпарадкаванню, звязвае некалькі раўнапраўных (аднатыпных і аднафункцыянальных) сінтакс. адзінак у адно цэлае: рад аднародных членаў сказа («Я сам люблю прыход вясны — малочнае цвіценне вішань, і спеў драздоў, і шум лясны». П.​Панчанка), складаназлучаны сказ («Я ніколі не ведаў спакою, і сэрца не знала сігналу адбою». М.​Танк). Вылучаюцца разнавіднасці злучальнай сувязі; спалучальная (злучнікі «і», «ды»), супастаўляльныя (злучнікі «а», «але»), пералічальна-размеркавальныя (злучнікі «ці», «то-то», «не то — не то») і паясняльныя (злучнікі «інакш», «гэта значыць»), Спалучальная і пералічальна-размеркавальная сувязь рэалізуюць адкрытыя, а супастаўляльная і паясняльная — закрытыя сінтакс. канструкцыі.

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн., 1986.

П.​П.​Шуба.

т. 7, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́ВІЧ Анатоль Мікалаевіч (н. 16.9.1946, в. Горск Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1969). Працаваў у прэсе, з 1977 уласны карэспандэнт «Литературной газеты» па Беларусі. Друкуецца з 1964 (дэбютаваў вершамі). Піша на рус. і бел. мовах. Аўтар псіхал. заглыбленых нарысаў («Дыханне», 1977; «Час ісці», 1979; «Чырвоны Востраў», 1988; цыкл «Беларусы паміж небам і зямлёй», 1994—95, і інш.), эсэ, дакум. аповесцей («Далёка наперадзе», 1981; «Цяжка любіць», 1985; «На маёй далоні лінія ракі», 1987), рамана «Каб ды калі б» (1994) пра сучасную вёску і яе людзей, праблемы с.-г. вытворчасці, экалогіі, Чарнобыля і інш., сцэнарыяў дакумент. фільмаў.

Тв.:

Дитя мое золотое. Мн., 1984;

Рассвет. Мн., 1986;

Место под солнцем. Мн., 1988;

Собственный корреспондент. Мн., 1989.

т. 7, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМПРЭ́САРНАЯ СТА́НЦЫЯ,

стацыянарны або перасоўны камплект агрэгатаў і прыстасаванняў для атрымання сціснутага паветра (газу). Сціснутае паветра або газ выкарыстоўваюцца як энерганосьбіт ці як сыравіна для атрымання рознай прадукцыі (напр., кіслароду з паветра, аміяку з азотна-вадароднай сумесі).

У склад стацыянарнай К.с. ўваходзяць стацыянарныя кампрэсарныя ўстаноўкі (уключаюць кампрэсары, фільтры, цеплавыя і эл. рухавікі. паветраправоды), ёмістасць для сціснутага газу, паветразаборныя і ахаладжальныя ўстаноўкі, інж. камунікацыі і інш. Перасоўныя К.с. манціруюцца на прычэпах або аўтамаб. шасі. Складаюцца з кампрэсара, рухавіка ўнутр. згарання, паветразаборніка з фільтрам, рэзервуара (рэсівера) са шлангамі для падачы сціснутага паветра спажыўцам (напр., пнеўматычным інструментам). К.с. абслугоўваюць доменныя і сталеліцейныя цэхі, машынабуд. з-ды, прадпрыемствы гарнаруднай, нафтаперапр. і хім. прам-сці, газаправоды, буд. пляцоўкі, паркі ваен. тэхнікі, караблі, інш. ваен. і грамадз. аб’екты.

т. 7, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПАСАЎ Аляксей Паўлавіч (12.3. 1902, г. Жыздра Калужскай вобл., Расія — 9.12.1967),

рускі кампазітар. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1931). Кіраваў харамі ў Маскве, у т. л. Рус. нар. хорам Усесаюзнага радыё (1938—41). Арганізатар і ўдзельнік фалькл. экспедыцый, запісаў і апрацаваў шмат нар. песень, у т. л. бел. «Ды ты маё сонейка», «А на моры на сіненькім», «Ой, не кукуй, зязюленька», «Ой, бяда ж мая», «І сюды гара, і туды гара», «Узышоў свецел месячык», «Зорка Венера» на сл. М.​Багдановіча, якія ўваходзілі ў рэпертуар Дзярж. акад. харавой капэлы БССР; апубл. Р.​Шырмам у 2-томніку «Беларускія народныя песні (для хору)» (1971—73). Аўтар кантаты «Беларусь» (1948), «Сюіты на тэмы беларускіх народных песень» (1937, выконвалася хорам Бел. філармоніі), песень і хароў.

Т.​Г.​Слабодчыкава.

т. 8, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЗАІ́ЗМ,

слова або выраз з гутарковай мовы, афіцыйна-дзелавога, навуковага і інш. стыляў мовы, што ўведзены ў тэкст паэтычнага твора і рэзка выдзяляюцца ў ім. Напр., у А.​Пушкіна: «...я снова счастлив, молод, Я снова жизни полн — такой мой организм (Извольте мне простить ненужный прозаизм)». У бел. паэзіі выкарыстоўваецца як маст. прыём, які ўносіць у тэкст твора нечаканае, адрознае ад агульнай танальнасці, часцей камічнае (іранічнае, гумарыстычнае) адценне:

Чужой любві я не зайздрошчу:
Тут са сваёю нелады:
Я ў сэрцы ёй даю жылплошчу,
ды ў ім утульна не заўжды.
(А.​Куляшоў. «Чужой любві я не зайздрошчу...»)
Эх, правадніца, правадніца,
Люблю я твой вандроўны дом.
Хачу з табою парадніцца,
Зрабіцца паўправадніком.
(П.​Панчанка. «Паўвека... Гэта шмат — паўвека...»)

М.​А.​Лазарук, А.​Я.​Ленсу.

т. 12, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РШЫ ПАКАЗА́ЛЬНЫ ТЭА́ТР, Першы чырвонаармейскі паказальны тэатр пры Палітаддзеле 16-й арміі Зах. фронту. Існаваў з восені 1919 да 1920 (аб’яднаны з Другім паказальным тэатрам і Трэцім паказальным тэатрам). Сфарміраваны ў Магілёве з прафес. акцёраў і ўдзельнікаў маст. самадзейнасці. Рэжысёры; Г.​Бранікоўскі, М.​Дняпроў, І.​Яфімаў. Ставіліся п’есы, імправізацыі, мініяцюры, інсцэніроўкі рознай тэматыкі. Сярод пастановак: «Чырвоная праўда» А.​Вермішава, «Легенда пра камунара» П.​Казлова, «Да перамогі», «Генерал Барклаеў», «Пачуццё абавязку», «Так было» Бранікоўскага (апошні з Яфімавым), «Рэвалюцыйнае вяселле» С.​Мікаэліса, «Кароль Арлекін» Р.​Латара, «Жаніцьба» М.​Гогаля, «На бойкім месцы» А.​Астроўскага, «Свеціць ды не грэе», «Жаніцьба Бялугіна» Астроўскага і М.​Салаўёва, «Вяселле Крачынскага» А.​Сухаво-Кабыліна, «На дне» М.​Горкага, «Карчмарка» К.​Гальдоні, «Патоп» Ю.​Бергера і інш.

К.​Б.​Кузняцова.

т. 12, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКІ ФАНЕ́РНЫ ЗАВО́Д.

Засн. ў г. Пінск Брэсцкай вобл. ў 1880. У Вял. Айч. вайну разбураны. Адноўлены ў 1944 як фанерна-запалкавы камбінат. У гэтым жа годзе да яго далучана запалкавая ф-ка. У 1963 далучаны Гарадзішчанскі фанерны цэх, у 1964 пабудаваны новы будынак фанернага цэха, у 1965 уведзены ў дзеянне цэх драўнінна-стружкавых пліт. З 1971 — галаўное прадпрыемства Пінскага вытв. дрэваапр. аб’яднання «Пінскдрэў». З 1992 запалкавая вытв-сць набыла самастойнасць, стала наз. Пінская запалкавая фабрыка і ўвайшла ў «Пінскдрэў» як філіял. У 1998 вытв-сці галаўнога прадпрыемства падзяліліся на самастойныя з-ды, фанерны завод стаў самастойным і пад сучаснай назвай увайшоў у «Пінскдрэў» як філіял. Асн. прадукцыя (2001): фанера клееная, гнутаклееныя дэталі для мэблі.

М.​А.​Галавешкін.

т. 12, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЕ́НСЕРАВА СТРАФА́,

дзевяцірадковая страфа з рыфмоўкай АбАббВбВВ. Памер першых 8 радкоў — 5-стопны ямб, 9-ы радок напісаны 6-стопным ямбам. Калі твор складаецца з некалькіх С.с., то цотныя пачынаюцца радкамі з жаночай клаўзулай, няцотныя — з мужчынскай (або наадварот). Упершыню гэты від страфы ўжыты англ. паэтам 16 ст. Э.​Спенсерам (адсюль назва) у паэме «Каралева фей». С.с. напісана паэма Дж.​Байрана «Паломніцтва Чайльд Гарольда»:

Ты і ў элінаў старажытнай Спарты
Служанкай не лічылася зямной,
А на зямлі, о Муза, нашы барды
Аганьбілі паклёпам і маной
Цябе, дачку нябёс! Ды твой спакой
Не патурбую, хоць і я, бывала,
У Дэльфах быў і храм разглядваў твой
І піў з крыніцы. Без тваёй ухвалы
Аповесць простую пачну пісаць памалу.
(Пер. Р.​Барадуліна)

В.​П.​Рагойша.

т. 15, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭ́ЦКІ Казімір Пятровіч (20.9.1905, хутар Пад’ельнік, Барысаўскі пав. Мінскай губ. — 16.8.1984),

бел. рэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1965). Скончыў Кіеўскі ўкр. ін-т тэатр. мастацтва (1936). Працаваў у т-рах Беларусі: Польскім вандроўным (1929—30), Лепельскім калгасна-саўгасным (1939—41), Бабруйскім і Баранавіцкім абл. драм.(1944—45), Мазырскім ансамблі песні і танца (з 1946), Рэсп. Доме нар. творчасці (з 1947). У 1958—77 рэжысёр на Рэсп. студыі тэлебачання. Творчыя рысы С. найб. раскрыліся ў жанрах грамадска-паліт. тэлевяшчання: кароткаметражных фільмах, рэпартажах з месца падзей, тэленарысах. Сярод тэатр. пастановак: «Хто смяецца апошнім» К.​Крапівы, «Ірынка» К.​Чорнага, «Не было ні гроша, ды раптам шастак» А.​Астроўскага, «Сыночак» М.​Мэё і М.​Энекена (1939—41), «Урок жыцця» В.​Галаўчынера (1945).

Л.​І.​Балыніна.

т. 15, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)