НЕЎРО́ЗЫ [ад неўра... +...оз(ы)],

група пераважна абарачальных нервова-псіхічных расстройстваў, якія ўсведамляюцца хворым і абумоўлены ўздзеяннем псіхатраўміруючых фактараў (канфлікты паміж людзьмі ці ўнутрыасобасныя душэўныя). Да агульных (т.зв. «вялікіх») Н. адносяць істэрыю, неўрастэнію, неўроз неадчэпнага стану; вылучаюць таксама Н. страху, іпахандрычны і дэпрэсіўны. У дзіцячым узросце адрозніваюць сістэмныя Н. — псіхагенна абумоўленыя цікі, заіканне, начное нетрыманне мачы і інш. Праявы Н.: эмацыянальна-паводзінныя парушэнні, павышаная стамляльнасць, парушэнні сну; бываюць паралічы, слепата, глухата і інш. Лячэнне: псіхатэрапія ў спалучэнні з тэрапіяй, фізіятэрапіяй. Гл. таксама Нервовыя хваробы.

Г.​Г.​Шанько.

т. 11, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮСТРА́НЫЯ КА́ЧКІ,

пародная група мяса-яечнага кірунку. Выведзена на Кучынскім птушказаводзе (Маскоўская вобл., Расія) у 1950 скрыжаваннем мясцовых качак з пекінскай і хакі-кемпбел пародамі. На Беларусі гадуюць пераважна ў асабістых гаспадарках.

Маса качараў 3—4 кг, качак 2,8—3,5 кг. Апярэнне качараў светла-шэрае, грудзі карычнева-чырвоныя, качак — светла-карычневае з цёмна-сінімі люстэркамі на крылах. Тулава падоўжанае, шырокае, крыху прыўзнятае. Галава невял., дзюба цёмная. Шыя крыху выгнутая. Ногі невысокія. Яйцаноскасць да 200 (найб. 234) яец за год.

Люстраныя качкі.

т. 9, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДГРУ́ЗДКІ,

група шапкавых грыбоў сям. сыраежкавых. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 5 відаў. Найб. вядомыя П.: белы, або сухар (Russula delica), чорна-белы (R. albonigra), чорны, або свіння (R.adusta). У лясах трапляюцца з ліп. па кастрычнік.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. да 15 см, пукатая, потым лейкападобная, белая, брудна-белая, бурая ці амаль чорная. Пласцінкі зыходныя або прырослыя. Ножка даўж. да 4 см, роўная ці слаба звужаная ў нізе, шчыльная. Мякаць белая, шчыльная. Споры яйцападобныя, бясколерныя. Ядомыя.

Падгруздак белы.

т. 11, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ЖУРНАЛІ́СТАЎ (МАЖ; International Organization of Journalists). Існавала ў 1946—92. Засн. на кангрэсе ў Капенгагене (Данія). Правапераемніца Міжнар. федэрацыі журналістаў саюзных і свабодных краін (засн. ў 1941). Аб’ядноўвала журналісцкія арг-цыі 34 краін, а таксама індывід. членаў з 30 краін. Штаб-кватэра знаходзілася ў Празе. Мела друкаваны орган «Le Journaliste démocratique» («Дэмакратычны журналіст») на рус., англ., франц., ісп. мовах. Саюз журналістаў СССР уваходзіў у МАЖ з 1959. У 1946 група журналістаў зах. краін выйшла з МАЖ і стварыла Міжнародную федэрацыю журналістаў.

т. 10, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАГАЛЕ́НД,

штат на крайнім ПнУ Індыі. Пл. 16,5 тыс. км². Нас. 1,2 млн. чал. (1991), пераважна група роднасных плямён і народнасцей нага. Адм. ц.г. Кахіма. На тэр. Н. Асама-Бірманскія горы (выш. да 3824 м). Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Да выш. 1000 м пераважаюць трапічныя вечназялёныя і мусонныя лістападныя лясы, вышэй — хвойныя лясы, на вяршынях — лугі. Амаль усё насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы. Пашырана лядна-агнявое земляробства. На тэрасаваных схілах вырошчваюць пераважна рыс. Лесанарыхтоўкі. Саматужная вытв-сць тканін. Транспарт аўтамаб. і ўючны.

т. 11, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВЫЯ АРКНЕ́ЙСКІЯ АСТРАВЫ́ (South Orkney Islands),

група астравоў на ПдЗ Атлантычнага ак., у Антарктыцы. Складаецца з 4 буйных (Каранейшэн, Лоры, Поўэл, Сігні) і каля 40 дробных а-воў. Пл. 621 км². Выш. да 1266 м. Складзены ў асн. з моцна метамарфізаваных асадкавых парод. Б.ч. ўкрыта снегам і лёдам. Расліннасць — пераважна імхі і лішайнікі. Лежбішчы цюленяў, калоніі марскіх птушак. Адкрыты ў 1821 англ. і амер. прамыслоўцамі Дж.​Поўэлам і Н.​Палмерам і названы арх. Поўэла. На астравах англ. і аргенцінская навук. станцыі.

т. 12, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВЫЯ СА́НДВІЧАВЫ АСТРАВЫ́ (South Sandwich Islands),

група вулканічных астравоў на Пд Атлантычнага ак., у Антарктыцы. Складаецца з 8 буйных і вял. колькасці дробных астравоў і скал. Пл. каля 300 км². Выш. да 1372 м (г. Белінда на в-ве Монтаг’ю). Складзены ў асн. з маладых вулканічных парод: базальтаў, туфаў, попелу. Укрыты снегам і лёдам. Дзеючыя вулканы. Лежбішча цюленяў. Адкрыты ў 1775 экспедыцыяй. Дж. Кука, памылкова былі прыняты за выступ вялізнай сушы і названы Зямлёй Сандвіча, у гонар першага лорда Адміралцейства.

т. 12, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Сасло́ўе ’грамадская група са спадчыннымі правамі і абавязкамі, якая склалася на аснове класавых адносін у дакапіталістычным грамадстве’ (ТСБМ). Запазычанне з рус. сосло́вие ’тс’ (Крукоўскі, Уплыў, 56). У рускай мове гэта старажытны кніжны славянізм эпохі другога паўднёваславянскага ўплыву, параўн. ц.-слав. съсловие ’саслоўе, згода’ (гл. Вінаградаў, Этимология–1966, 133 і наст.; там жа падрабязна аб развіцці семантыкі рус. сосло́вие). Царкоўнаславянскае слова разглядаюць як кальку грэч. συγκλητος ’той, які сазваны’ (Праабражэнскі, 2, 360) або σύλλογος ’сход, зборышча’ (Фасмер, 3, 726).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

васьмёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Разм. Лічба 8. // Назва некаторых прадметаў (трамвая, аўтобуса і пад.) пад нумарам 8. // Група з васьмі адзінак. Васьмёрка самалётаў.

2. Ігральная карта з васьмю ачкамі. Званковая васьмёрка.

3. Фігура, падобная на лічбу 8, якая апісваецца прадметам пры яго руху. Самалёт зрабіў васьмёрку.

4. Разм. Пагнутасць у веласіпедным коле. Выгнаць васьмёрку.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дазо́р, ‑у, м.

1. Абход для агляду, разведкі. Камсамольская ячэйка дзве начы засаб хадзіла ў сакрэтныя дазоры, але нікога злавіць не ўдалося. Пальчэўскі.

2. Невялікая група людзей, караблёў, самалётаў, якая высылаецца для аховы і разведкі; патруль. Раптам наперадзе, дзе ішоў пярэдні дазор, прагучэла аўтаматная чарга і некалькі стрэлаў. Мележ. Трэба было дзейнічаць асцярожна, каб не натрапіць на варожы дазор або вартавых. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)