КАРЭ́ЙСКАЯ МО́ВА,

мова карэйцаў, верагодна, адна з алтайскіх моў. Пашырана ў Карэі (КНДР, Рэспубліка Карэя), Кітаі (Яньбянь — Кар. аўт. акр.), Японіі, ЗША, таксама ва Узбекістане, Казахстане, Рас. Федэрацыі і інш. Мае 6 дыялектаў; паўн.-ўсх, паўн.-зах., цэнтр., паўд.-ўсх., паўд.-зах., дыялект в-ва Чэджудо.

К.м. аглюцінатыўная (з элементамі фузіі).

У фанетыцы перавага галосных і дыфтонгаў, наяўнасць 3 радоў шумных зычных, націск сілавы або музычны; у марфалогіі адсутнасць асабовых форм дзеяслова, адносных займеннікаў, катэгорыі грамат. роду, наяўнасць развітога разраду прэдыкатываў; у сінтаксісе шырокае ўжыванне дзеепрыметнікаў, дзеепрыслоўяў, інфінітываў, прэпазіцыя залежных слоў, адсутнасць дапасавання. Шмат запазычанняў з санскрыту, кіт., яп., манг., а таксама з рус., англ. і інш. еўрап. моў. Першыя кар. эпіграфічныя помнікі на ханмуне датуюцца пач. 5 ст. (гл. Кітайскае пісьмо). З сярэдзіны 15 ст. развіваецца літ. К.м. (гл. Карэйскае пісьмо).

Літ.:

Мазур Ю.Н. Корейский язык. М., 1960.

т. 8, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНТА́ЛЬСКАЯ КАНФЕРЭ́НЦЫЯ, 2-я Цымервальдская канферэнцыя 1916,

міжнародная канферэнцыя ўдзельнікаў сацыяліст. аб’яднання, створанага на Цымервальдскай канферэнцыі 1915. Адбывалася 24—30.4.1916 у 1-ю сусв. вайну ў Швейцарыі ў г. Берн (першае пасяджэнне) і ў пас. Кінталь (адсюль назва). Прысутнічалі 43 дэлегаты з Аўстрыі, Германіі, Італіі, Нарвегіі, Партугаліі, Польшчы, Расіі, Сербіі, Францыі і Швейцарыі.

Парадак дня: барацьба за заканчэнне вайны, стаўленне пралетарыяту да пытанняў міру, агітацыя і прапаганда, адносіны да склікання Міжнар. сацыяліст. бюро. Асн. спрэчкі вяліся паміж Цымервальдскай левай (12 чал., у т. л. рас. бальшавікі на чале з У.​І.​Леніным) і правацэнтрысцкім крылом канферэнцыі [Р.​Грым (Швейцарыя), А.​Гофман (Германія) і інш.] па пытаннях аб адносінах пралетарыяту да міру і вайны і скліканні Міжнар. сацыяліст. бюро. Канферэнцыя прыняла антываен. маніфест і інш. дакументы, якія ўключалі заклік да ўсеаг. інтэрнац. барацьбы супраць вайны і за сацыялізм.

т. 8, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЛЯ́НДСКАЕ ГЕ́РЦАГСТВА, Курляндскае і Земгальскае герцагства,

васальная Рэчы Паспалітай (да 1569 ВКЛ) дзяржава на тэр. Латвіі (гіст. вобласці Курляндыя і Земгале) у 16—18 ст. Сталіца — г. Мітава (цяпер Елгава). Утворана ў 1561—62 пасля распаду Лівонскага ордэна апошнім яго магістрам Г.​Кетлерам, які прызнаў сюзерэнітэт вял. князя ВКЛ Жыгімонта III (гл. Жыгімонт II). Да 1737 тут правілі нашчадкі Кетлера, потым — дынастыя Біронаў (гл. таксама Біронаўшчына, Ганна Іванаўна). У 1617—1795 дзярж. лад герцагства вызначалі Курляндскія статуты. Найб. магутнасці дасягнула пры герцагу Якабе [1640—82], калі герцагства мела значны ваен. і гандл. флот, валодала калоніямі ў Вест-Індыі (Табага; 1645—65) і Зах. Афрыцы (Гамбія: 1651—65). Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) далучана да Рас. імперыі, у 1796—1917 яго тэрыторыя ўваходзіла ў Курляндскую губ.

Літ.:

Стродс Х. Курляндский вопрос в XVIII в. Ч. 1—2. Рига, 1993.

т. 9, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАН (польск. łan ад ням. Lehn лён),

зямельная мера ў сярэдневяковай Еўропе, якая адпавядала поўнаму сял. надзелу, абкладзенаму павіннасцямі. У асобных краінах выкарыстоўваліся нац. назвы Л. (манс у Францыі, гайда ў Англіі, гуфа ў Германіі, бол у Даніі, гак у Інфлянтах і інш.). Напачатку Л. складаў тэр. сял. гаспадаркі не менш за 3 маргі. Пазней (у Польшчы з 13 ст.) адзінкай вымярэння была плошча зямлі, якая апрацоўвалася. Найб. былі пашыраны Л. фламандскі (16,7—17,5 га) і Л. франконскі (або тэўтонскі; 22,6—25,8 га). У 16 ст. ў ВКЛ пашырылася валока, якая паходзіла ад рыжскага Л., вядомага з 13 ст. (складаўся з 30 маргоў). Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай 1772, 1793, 1795 Л. выкарыстоўваўся разам з новымі зямельнымі мерамі, у т. л. дзесяцінай, у Рас. імперыі.

Літ.:

Dunin-Wąsowicz A. Pomiary gruntu w Koronie w XVI—XVIII wieku. Warszawa, 1994.

т. 9, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ПІН (Васіль Піліпавіч) (12.2.1902, с. Новы Валавай Пачалмскага р-на Пензенскай вобл., Расія — 11.1.1991),

бел. і расійскі спявак (лірыка-драм. тэнар). Засл. арт. Беларусі (1940). Скончыў вак. аддзяленне Вучэбна-тэатр. камбіната (1933; цяпер Рас. акадэмія тэатр. мастацтва). З 1933 саліст Вял. т-ра ў Маскве. У 1938—49 (з перапынкам) у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі. У 1949—63 у канцэртных арг-цыях Масквы. Валодаў сакавітым голасам прыгожага тэмбру, дасканалай вак. тэхнікай і артыстызмам, што дазваляла яму ствараць выразныя, эмацыянальна насычаныя вобразы. Сярод партый на бел. сцэне: Міхась («Міхась Падгорны» Я.​Цікоцкага), Андрэй («У пушчах Палесся» А.​Багатырова), Конрад («Кветка шчасця» А.​Луранкова), Мечыслаў («Кастусь Каліноўскі» Дз.​Лукаса), Герман («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Уладзімір Дуброўскі («Дуброўскі» Э.​Напраўніка), Альфрэд («Травіята» Дж.​Вердзі), Пінкертон («Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні).

Дз.​М.​Жураўлёў.

т. 9, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЎРЫШАВА, Лаўрышаў,

вёска ў Шчорсаўскім с/с Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. На левым беразе р. Нёман. За 27 км на У ад Навагрудка, 189 км ад Гродна, 55 км ад чыг. ст. Наваельня. 232 ж., 109 двароў (1998).

Узнікла ў 13 ст. як паселішча вакол Лаўрышаўскага манастыра. З 1795 у Рас. імперыі. У 1885 сяло Нягневіцкай вол. Навагрудскага пав., 460 ж., 52 двары, школа, царква, капліца. У 1908—513 ж., 77 двароў. З 1921 у Польшчы, вёска Нягневіцкай гміны Навагрудскага пав., 214 ж., 38 двароў. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Любчанскага, з 1956 — Навагрудскага р-наў. З 1959 у Шчорсаўскім с/с.

Базавая школа, дзіцячы сад, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Успенская царква (1798), помнік святому Елісею Лаўрышаўскаму (1996).

У.​У.​Бянько.

т. 9, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТО́ЎСКАЯ ГУБЕ́РНЯ,

адм.-тэр адзінка ў Рас. імперыі ў 1797—1801. Цэнтр — г. Вільня. Утворана паводле імяннога ўказа ад 23.12.1796 шляхам аб’яднання Віленскай і Слонімскай губ. у складзе 19 паветаў: Ашмянскага, Браслаўскага, Брэсцкага, Ваўкавыскага, Віленскага, Вількамірскага, Гродзенскага, Завілейскага, Кобрынскага, Ковенскага, Лідскага, Навагрудскага, Пружанскага, Расіенскага, Слонімскага, Трокскага, Упіцкага, Цяльшэўскага, Шавельскага. Нас. ў 1797 — каля 1568,2 тыс. чал., у т. л. 1 млн. сялян, 120 тыс. шляхты. У Л.г. было 19 гарадоў, 268 мястэчак, 23 632 вёскі, засценкі, ваколіцы, 166 манастыроў, 634 царквы і касцёлы. Найб. дзярж. ўладанне — Слонімская эканомія (1724 двары, 3321 рэвізская душа), з 1798 у пажыццёвым трыманні графа М.​Е.​Мнішкі. Цэнтр. адміністрацыя — вярх. літ. праўленне на чале з ген.-губернатарам (намеснікам). Указам Аляксандра I ад 21.9.1801 Л.г. зноў падзелена на Віленскую і Слонімскую губ. (з 9.9.1802 Гродзенская губерня).

Я.​К.​Анішчанка.

т. 9, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНАСТЫ́РСКІЯ ЎЛАДА́ННІ,

зямельная і інш. ўласнасць праваслаўных (з 12 ст.), каталіцкіх (з 15 ст.) і уніяцкіх (з 16 ст.) манастыроў. Яны фарміраваліся з падараванняў вял. князёў і каралёў, магнатаў, шляхты, а таксама ў выніку ўласнай гасп. і інш. дзейнасці (купля, атрыманне ў спадчыну або за доўг і інш.). Ва ўласнасці манастыроў звычайна знаходзіўся комплекс культавых збудаванняў, жылых будынкаў і гасп. пабудоў, у некат. выпадках — млыны, корчмы і інш. Аснову М.у. складалі зямельныя ўладанні з паселенымі на іх манастырскімі сялянамі, а таксама вял. сумы грошай. Манастыры мелі льготы ў землеўладанні, не плацілі звычайных дзярж. падаткаў. Колькасць манастыроў на тэр. Беларусі рэзка зменшылася пасля далучэння яе да Рас. імперыі (у 1842 уладанні правасл. і каталіцкай цэркваў былі перададзены ў загадванне Мін-ва дзярж. маёмасцей). Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 манастыры практычна зніклі, а іх уласнасць нацыяналізавана.

т. 10, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЎЗЕР (ням. Mauser),

узоры стралковай зброі, створаныя ням. вынаходнікамі і прадпрымальнікамі братамі Вільгельмам і Паўлем Маўзерамі. Пад назвай М. вядомы вінтоўкі, рэвальвер, пісталеты і інш. Найбольш пашыраны (быў на ўзбраенні армій шэрагу дзяржаў) аўтам. пісталет калібру 7,63 (узору 1896, мадыфікаваны ў 1908 і 1920). Прынцып дзеяння М. заснаваны на выкарыстанні аддачы ствала і затвора пры кароткім ходзе ствала. Пісталет меў магазін на 6 і 10, а з дадатковым прыстаўным магазінам на 20 патронаў, надзейна страляў на адлегласць 100 м; змяшчаўся ў драўлянай кабуры, якая пры неабходнасці служыла прыкладам. У рас. і Чырв. Арміі выкарыстоўваўся пісталет М. узору 1908, у інш. арміях — розныя мадыфікацыі М., у т. л. ўзору 1937 (мадэль HSc) з магазінам.

Зброя сістэмы маўзер: 1 — карабін са штыком; 2 — рэвальвер узору 1871—83; 3 — пісталет узору 1937 (мадэль HSc) з абоймай.

т. 10, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ЕР Андрэй Казіміравіч, (1742—1807), эканаміст, батанік. Паходзіў з Саксоніі. Чл. Вольнага эканам. т-ва і Вольнага рас. сходу пры Маскоўскім ун-це. Аўтар «Батанічнага слоўніка» (кн. 1—2, 1781—83), гіст.-гасп. апісання Смелянскага графства (1787, засталося ў рукапісе) і інш. У якасці агранома паходнай канцылярыі Р.​А.​Пацёмкіна ў 1785—86 склаў апісанне Крычаўскага староства Магілёўскай губ., дзе даў характарыстыку прадукцыйных сіл уладання ў цэлым і становішча сялян з мэтай пабудовы тут суднаверфі і высялення мясц. старавераў на Пд імперыі. У апісанні змясціў некалькі бел. фалькл. твораў, малюнак Крычава, выкананы пейзажыстам-баталістам М.​Іванавым, і карту ўладання, складзеную каптэнармусам Рыжскага батальёна Ц.​Неразуевым. Твор М. — каштоўная крыніца па гісторыі і культуры Беларусі. Упершыню надрукаваны са скарачэннямі Е.​Раманавым у 1901.

Тв.:

Описание Кричевского графства 1786 г. // Могилевская старина. Могилев, 1901. Вып. 2.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 10, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)