тэрмін, які абазначае старажытнасць, даўніну; пераважна ўжываецца ў дачыненні да грэка-рымскай даўніны і ўсёй сукупнасці яе праяў. Ахоплівае перыяд з 9 ст. да н.э. Да 476 н.э. (падзенне Зах.Рым. імперыі). Тэрмін «антычнасць» сфарміраваўся ў эпоху Адраджэння, калі разам з абуджэннем цікавасці да грэка-рымскай культуры ўзніклі паняцці антычнае мастацтва, ант.л-ра, антычная філасофія, ант. гісторыя і інш. У ант. грамадстве нарадзіліся агульначалавечыя каштоўнасці, якія пазней вызначаны як гуманізм, дэмакратыя, патрыятызм. Тыповай формай ант. дэмакратыі сталі дзяржава-поліс у грэкаў і цывітас (гарадская абшчына) у рымлян (адсюль паходжанне слоў «цывільны», «цывілізацыя»). У антычнасці расквітнелі розныя філас. сістэмы, развіваліся этыка, эстэтыка, гісторыя, тэатр, архітэктура і скульптура, асновай заканадаўства многіх краін стала антычнае права. Гуманіст. ідэі ант. культуры паўплывалі на развіццё культуры ўсіх еўрап. народаў, асаблівае месца ў навуцы заняла лац. мова. Больш падрабязныя і канкрэтныя звесткі пра антычнасць гл. ў арт.Грэцыя Старажытная, Рым Старажытны, Рабаўладальніцкі лад, Элінізм і інш.
Літ.:
Античная цивилизация. М., 1973;
Штаерман Е.М. Роль античного наследия в европейской культуре // История Европы. М., 1988. Т. 1.
К.А.Равяка.
Да арт.Антычнасць. Сход багоў. Размалёўка старажытнагрэчаскага келіха. Каля 510 да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЯКСА́НДР (5.8.1461, Кракаў — 19.8.1506),
вял. князь ВКЛ [1492—1506], кароль польскі [1501—06]. Сын Казіміра IV, унук Ягайлы. Час княжання Аляксандра супаў з аднаўленнем шырокага наступлення Маскоўскай дзяржавы на ВКЛ, прыпыненага пры Казіміры IV. У 1492—94 ВКЛ страціла частку сваёй тэр. з гарадамі Мцэнск, Любуцк, Вязьма, Дарагабуж і інш. Жаніцьба Аляксандра з дачкою вял. маскоўскага князя Аленай Іванаўнай не прывяла да прымірэння. У вайне Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03, паводле дагавору аб 6-гадовым перамір’і, ВКЛ страціла 25 гарадоў (паводле інш. звестак 19; у т. л. Чарнігаў, Старадуб, Бранск, Гомель). Адначасова Аляксандр змушаны быў весці барацьбу з саюзнікамі Масквы — крымска-татарскім ханам Менглі-Гірэем, войскі якога былі разгромлены ў Клецкай бітве 1506, і малдаўскім гаспадаром Стафанам. Ва ўнутр. палітыцы Аляксандр ішоў на далейшыя ўступкі феадалам ВКЛ (гл.Прывілей 1492). Як польскі кароль пашырыў правы шляхты (гл.Радамская канстытуцыя). Абранне Аляксандра польскім каралём абазначала аднаўленне працэсу аб’яднання дзвюх дзяржаў пад уладай аднаго манарха, які выбіраўся феадаламі Польшчы і ВКЛ. З гэтага часу ў адносінах да абедзвюх дзяржаў пачала ўжывацца назва Рэч Паспалітая, якая пазней стала афіцыйнай. Аляксандр — адзіны польскі кароль, пахаваны ў Вільні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫГО́РЫЙ БАЛГА́РЫН (?, Балгарыя — 1472 або 1473),
царкоўны дзеяч ВКЛ, адзін з першых прыхільнікаў уніі з каталіцкай царквой. Вучань і паплечнік мітрапаліта Ісідара. Пасля заключэння Фларэнційскай уніі 1439 разам з ім уцёк з Масквы ў Рым, з 1452 у Канстанцінопалі. У 1458 пасвячоны канстанцінопальскім патрыярхам-уніятам Грыгорыем Мамам у мітрапаліта 9 зах. епархій Рус.правасл. царквы з тытулам архіепіскапа кіеўскага, літоўскага і Ніжняй (Малой) Русі з рэзідэнцыяй у Навагрудку. Такі тытул сведчыў аб прэтэнзіях мітрапаліта на кананічную ўладу над усёй тэр.б. Кіеўскай Русі. Не згаджаючыся з гэтым, мітраполія ў Маскве ў 1459 стала афіцыйна наз. не кіеўскай, а маскоўскай. Падзел паміж дзвюма цэрквамі стаў канчатковым. Прызнаючы Грыгорыя Балгарына мітрапалітам, духавенства і вернікі ВКЛ саму унію не прынялі. У 1469 Грыгорый Балгарын звярнуўся да Канстанцінопальскай патрыярхіі з адмовай ад уніі і з просьбай зацвердзіць яго ў сане правасл. архірэя. У 1472 патрыярх Дыянісій зацвердзіў Грыгорыя Балгарына як мітрапаліта кіеўскага, галіцкага і ўсяе Русі. Правасл. царква ВКЛ і Галіцыі (у складзе Польскага каралеўства) атрымала поўнае кананічнае прызнанне. Грыгорый Балгарын лічыцца аўтарам шэрагу літ.-царк. твораў. Памёр і пахаваны ў Навагрудку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫГА́ДА [франц. brigade ад італьян. brigata згуртаванне, атрад (ваен.)],
1) тактычнае вайск. злучэнне ва ўзбр. сілах; прамежкавая баявая адзінка паміж палком і дывізіяй. У сухап. войсках складаецца з батальёнаў, дывізіёнаў (радзей палкоў), падраздзяленняў баявога забеспячэння і тылу; у ВПС — з эскадрылляў; у ППА — з дывізіёнаў (батальёнаў); у ВМФ — з караблёў або дывізіёнаў караблёў; у спец. войсках — з батальёнаў. Уваходзіць у склад дывізіі або з’яўляецца самаст. адзінкай у аператыўным аб’яднанні, можа весці бой і ў складзе аб’яднання і самастойна. Як баявая адзінка брыгада з’явілася ў ісп. арміі ў 2-й пал. 16 ст. У 2-й пал. 17 ст.сталаасн. тактычным фарміраваннем пяхоты і кавалерыі амаль ва ўсіх арміях Еўропы, у т. л. ў войску ВКЛ. З развіццём баявой тэхнікі і ўзбраення, са з’яўленнем новых родаў войск і спец. войск пачалі стварацца брыгады артыл., мінамётныя, сапёрныя, танкавыя, авіяц., чыгуначныя і інш. У 1-ю і 2-ю сусв. войны брыгады рознага прызначэння былі ў складзе армій усіх краін. Брыгада — адна з гал. баявых адзінак Узбр. Сіл Беларусі.
2) Самаст. фарміраванне некалькіх партыз. атрадаў, пашыранае ў Вял.Айч. вайну на акупіраванай ням. фашыстамі тэр. Беларусі (гл.Партызанская брыгада).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬФРАМ ФОН Э́ШЭНБАХ (Wolfram von Eschenbach; каля 1170, г. Эшэнбах, цяпер г. Вольфрамэшэнбах, зямля Баварыя, Германія — 1220),
нямецкі паэт. Паходзіў з баварскага рыцарскага роду. Служыў пры двары ландграфа Германа Цюрынгскага. Заваяваў прызнанне як мінезінгер. Ён верыў у высокае маральнае прызначэнне рыцарства, яго ўзнёслы дух, таму на першы план у творчасці ставіў маральныя праблемы, пошукі шляхоў да духоўнай сталасці і дасканаласці. Гал. твор — манументальны рыцарскі раман у вершах «Парцыфаль» (каля 1198—1210, выд. 1783; да 25 тыс. вершаваных радкоў; опера Р.Вагнера «Парцыфаль», 1882), які з’яўляецца самаст. перапрацоўкай няскончанага рамана франц. трубадура Крэцьена дэ Труа «Персеваль, ці Аповесць пра Грааль» (каля 1181—91) і ўваходзіць у цыкл раманаў пра пошукі св. Грааля з паданняў пра караля Артура, ці раманаў Круглага стала. Св. Грааль у асэнсаванні Вольфрама фон Эшэнбаха — сімвал чалавечнасці і духоўнасці, шлях да яго — шлях чалавека да Бога. У рамане «Вілегальм» (паміж 1212—18; не завершаны), які грунтуецца на гіст. падзеях 7 ст., апяваецца мужнасць у імя веры і айчыны, высокае каханне і дружба.
Тв.:
Рус.пер. — Парцифаль // Средневековый роман и повесть. М., 1974.
Літ.:
Пуришев Б.И. Вольфрам фон Эшенбах // История немецкой литературы. М., 1962. Т. 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ МАСКО́ЎСКАЙ ДЗЯРЖА́ВЫ З ВЯЛІ́КІМ КНЯ́СТВАМ ЛІТО́ЎСКІМ 1507—08,
вайна за аб’яднанне ўсх.-слав. зямель у складзе Маскоўскай дзяржавы. У лют. 1507 віленскі сейм прыняў рашэнне аб вяртанні зямель, страчаных у папярэдніх войнах. У крас. 1507 конныя маскоўскія палкі ўчынілі набегі на Полацк і Смаленск; у ліст. 1507 яны асадзілі Крычаў і Мсціслаў. Калі на дапамогу асаджаным стала падыходзіць паспалітае рушэнне ВКЛ, рус. войскі вярнуліся ў свае землі. Другі этап вайны звязаны з Глінскіх мяцяжом 1508. Сабраўшы каля 2 тыс.чал., М.Л.Глінскі заняў Тураў і Мазыр, спрабаваў захапіць Слуцк і інш. гарады. Вял. князь маскоўскі Васіль III накіраваў пад Слуцк на дапамогу Глінскаму войска на чале з В.І.Шамячычам, а палкі Д.Шчэні і Я.Захар’іна — на Смаленск, трэцюю групу войска — на Полацк. Шамячыч і Глінскі аблажылі Мінск, рабілі рэйды аж да Слоніма. Паспалітае рушэнне ВКЛ, аб’яднаўшыся з польск. войскам (усяго 15—16 тыс.чал.), пад камандаваннем К.І.Астрожскага прымусіла Шамячыча і Глінскага адступіць, а маскоўскае войска — зняць аблогу Оршы. Асобныя атрады ВКЛ напалі на Северскую зямлю, занялі Дарагабуж і Таропец. Маскоўскія ваяводы неўзабаве зноў вярнулі гэтыя гарады. Вайна скончылася безвынікова. Пагадненне аб чарговым «вечным міры» замацавала паміж дзяржавамі ранейшыя межы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЕ́НСІЯ (Valencia),
Краіна Валенсія, аўтаномная вобласць на У Іспаніі, каля ўзбярэжжа Міжземнага м.Пл. 23,3 тыс.км². Нас. каля 4 млн.чал. (1990). Уключае правінцыі Алікантэ, Валенсія, Кастэльён-дэ-ла-Плана. Адм. ц. — г.Валенсія. Уздоўж берага мора — вузкая паласа алювіяльнай нізіны, акаймаваная на З адгор’ямі Андалускіх і Іберыйскіх гор выш. да 1300—1800 м.
Клімат міжземнаморскі, ападкаў да 500 мм за год, пераважна зімой. Рэкі Хукар, Турыя, Сегура. Расліннасць тыпу маквіс і гарыга. Найб. развіты тэкст. і харч. (вытв-сць віна, пладовых кансерваў) прам-сць. Чорная металургія, машынабудаванне, у т. л. суднабудаванне, маторабудаванне, авіяц.прам-сць, прадпрыемствы алюм. і нафтаперапр. прам-сці. ГЭС. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — таварнае экспартнае пладаводства (апельсіны, мандарыны, лімоны), агародніцтва. Вырошчваюць рыс, міндаль, вінаград. Шаўкаводства. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. На ўзбярэжжы — зона міжнар. адпачынку і турызму.
З 2 ст. да н.э. пад уладай Стараж. Рыма, з 5 ст. — каралеўства вестготаў, у 8—11 ст. — Кардоўскага халіфата. З-пад улады арабаў на кароткі тэрмін вызвалена ў 1094 войскамі Сіда Кампеадора, канчаткова — у 1238, стала каралеўствам. У 1319 далучана да каралеўства Арагон. Пасля аб’яднання ў 1479 Арагона і Кастыліі ў адзіную дзяржаву Іспанію — правінцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГА́Я КАНФЕРЭ́НЦЫЯ КПЗБ.
Адбылася нелегальна 30.11.1924 у Вільні. У рабоце канферэнцыі ўдзельнічала 17 дэлегатаў, з іх 14 з рашаючым голасам ад Баранавіцка-Слонімскай, Беластоцкай, Брэсцкай, Віленскай, Гродзенскай і Пінскай акруг, ЦККПЗБ, ЦК КСМЗБ. Парадак дня: справаздача ЦККПЗБ; даклад аб V кангрэсе Камінтэрна; пытанні тактыкі; арганізац. і бягучыя пытанні; выбары ЦККПЗБ, дэлегатаў на III з’езд Кампартыі Польшчы. Канферэнцыя адзначала, што за перыяд ад Першай канферэнцыі КПЗБ (1923) партыя вырасла колькасна, умацавалася арганізацыйна, стала сур’ёзнай паліт. сілай у Зах. Беларусі і Польшчы. Паставіла перад партыяй нерэальную задачу «пачаць арганізацыйную і палітычную падрыхтоўку ўзброенага паўстання». Адхіліла лозунг аўтаноміі для Зах. Беларусі ў межах Польшчы, выстаўлены ППС і інш. партыямі, і проціпаставіла яму лозунг уз’яднання Зах. Беларусі з БССР. Асудзіла сэцэсію як антыпарт. групоўку. У склад ЦККПЗБ абраны Л.Н.Аранштам, А.П.Данялюк, А.Р.Капуцкі, І.К.Лагіновіч (П.Корчык), С.А.Мертэнс, С.Т.Мілер, Л.І.Родзевіч, В.З.Харужая і інш., дэлегатамі на III з’езд КПРП — Аранштам, Данялюк, Лагіновіч, Мертэнс, Харужая.
Літ.:
Революционный путь Компартии Западной Белоруссии (1921—1939 гг.). Мн., 1966.
ірландскі паэт і драматург. Вучыўся ў Дублінскім і Оксфардскім ун-тах. Заснавальнік і адзін з дырэктараў «Тэатра абацтва» (1904—38). Распрацаваў канцэпцыю нац. л-ры, пачынальнік руху «Ірландскае адраджэнне». Творчасць адметная сувяззю з гісторыяй і міфалогіяй Ірландыі, якая ўвайшла ў яго паэзію з першай кн. «Вандраванні Ойсіна» (1889). Безадказнае каханне — тэма зб-каў «Ружа» (1893), «Вецер у чаратах» (1899), «Зялёны шлем» (1910). Пазней вершы набылі ідэаматычнасць нар. мовы, у іх асабістае зліваецца з грамадскім (зб-кі «Адказнасць», 1914, «Дзікія лебедзі ў Куле», 1919, і інш.) Своеасаблівая сістэма містычнай і міфапаэт. філасофіі ў зб. «Здані» (1925), матывамі расчаравання прасякнуты апошнія зб-кі «Вежа» (1928) і «Вінтавая лесвіца» (1933). Першая п’еса «Кэтлін, дачка Хуліэна» (1902) стала сімвалам нац. руху на незалежнасць. П’есы «Ля Ястрабінай крыніцы» (1916), «Месячная поўня ў сакавіку» (1935), «Яйка чаплі» (1938) і інш.нап. ў стылістыцы яп.т-ра но (п’есы-маскі). Нобелеўская прэмія 1923.
Тв.:
Рус.пер. — Избр. стихотворения лирические и повествовательные. М., 1995.
Літ.:
Тишунина В.Н. Театр У.Б.Йейтса и проблема развития западноевропейского символизма СПб., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕХ, ЧЭХ, РУС,
паводле польскіх і чэшскіх летапісных легенд, стараж.слав. князі, браты. Паходзілі з Харватыі або з Паноніі (цяпер тэр. Венгрыі), сыны яе правіцеля Пана. Паводле польскіх і чэш. хронік (найб. раннія — 14 ст.), Лех — стваральнік польскай дзяржавы. Ён заснаваў яе першую сталіцу — г. Гнезна (значыць «гняздо») у Вял. Польшчы на месцы, дзе знайшоў гняздо белага арла (выява гэтай птушкі стала гербам Польшчы). Ад Леха вяла радаслоўную першая (легендарная) польская дынастыя. У імені Лех увасобілася стараж. назва палякаў — ляхі. Чэх упершыню згадваецца ў хроніцы Космача (пач. 12 ст.), пазней у хроніках 14 ст. Даліміла і Пулкавы. Паводле польскіх крыніц (Велікапольскай хронікі, Хронікі Длугаша), ён — самы малодшы брат Леха. Чэшская паэма «Суд Любушы» паведамляе, што Чэх з дружынай пасяліўся на берагах трох рэк на 3, Пд і У ад сучаснай Прагі. Лічыцца заснавальнікам Чэшскай дзяржавы. Рус упершыню згадваецца ў Велікапольскай хроніцы як сярэдні брат Леха і Чэха, паводле Длугаша, ён унук Леха. Лічыцца заснавальнікам Старажытнарускай дзяржавы. У міфе пра Л., Ч., Р. адлюстравалася адзінства паходжання слав. народаў.
Літ.:
«Великая хроника» о Польше, Руси и их соседях XI—XIII вв.: Пер. с лат.М., 1987.