ПРАГРАМАВА́ННЕ,

працэс стварэння праграмы ў адпаведнасці з алгарытмам рашэння задачы на ЭВМ; раздзел інфарматыкі, што вывучае тэорыю і распрацоўвае метады пабудовы, наладкі праграм. Адрозніваюць: тэарэтычнае П. — вывучае матэм. абстракцыі праграм, правілы дакладнай фармулёўкі ўмоў задач і алгарытмаў; сістэмнае П. — займаецца праектаваннем, пабудовай і рэалізацыяй сістэм праграмнага забеспячэння для масавага і працяглага выкарыстання; прыкладное П. — абслугоўвае канкрэтныя выпадкі выкарыстання ЭВМ у розных галінах навукі і тэхнікі. Тэарэт. аспекты П. вывучаюцца ў матэматычным праграмаванні.

Алгарытм рашэння задачы будуюць у выглядзе канчатковага набору каманд, для запісу якіх служаць спец. мовы сувязі чалавека з ЭВМ — мовы праграмавання. У П. ўдзельнічаюць сістэмныя аналітыкі (распрацоўка алгарытму, аналіз патрабаванняў) і праграмісты (кадзіраванне, тэстыраванне праграмы і яе выкарыстанне на ЭВМ) Пры П. ўлічваюць канкрэтнае праграмнае асяроддзе: тып ЭВМ, мова П., наяўнасць сродкаў распрацоўкі праграм (база даных, транслятар, рэдактар, наяўнасць бібліятэкі стандартных праграм і модуляў і інш.). Для праверкі дакладнасці выканання праграмы робіцца яе адладка (сістэм. выпрабаванні праграмы на ЭВМ).

Літ.:

Любимский Э.З., Мартынюк В.В., Трифонов Н.П. Программирование. М., 1980;

Мейер Б., Бодуэн К. Методы программирования: Пер. с фр. Т. 1—2. М., 1982;

Грис Д. Наука программирования: Пер. с англ. М., 1984.

С.​У.​Абламейка, М.​П.​Савік.

т. 12, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСІХІЯТРЫ́Я (ад псіха... + грэч. iatreia лячэнне),

раздзел медыцыны, які вывучае прычыны ўзнікнення, развіццё, клініку і дыягностыку, метады лячэння і прафілактыкі псіхічных хвароб. Як навука П. вылучылася ў канцы 18 — пач. 19 ст. Навук.-тэарэт. аснова П. ў вучэнні І.П.Паўлава аб вышэйшай нервовай дзейнасці. Уключае таксама сац. аспекты: арганізацыю псіхіятрычнай дапамогі, рэабілітацыю хворых, адносіны псіхічна хворых з грамадствам, прававыя, эканам. і інш. Разглядае ўзнікненне і развіццё псіхічных хвароб у сувязі з парушэннем дзейнасці галаўнога мозга. Падзяляецца на агульную (вывучае асн. заканамернасці праявы і развіцця паталогіі псіхічнай дзейнасці, прыроду псіхапаталаг. працэсаў, прынцыпы класіфікацыі, праблемы аднаўлення, метады даследавання) і прыватную (даследуе асобныя псіхічныя хваробы). Цесна звязана з псіхатэрапіяй і псіхафармакалогіяй, таксама неўрапаталогіяй, паталаг. анатоміяй, псіхалогіяй, біяхіміяй. Асн. метад дыягностыкі ў П. — клінічнае даследаванне (вызначэнне псіхічнага статуса хворага), таксама дадатковая інфармацыя (лабараторныя тэсты, камп’ютэрная тамаграфія, рэнтгенаграфія і інш.). На Беларусі праблемы П. вывучаюцца і даследуюцца ў Мінскім, Віцебскім, Гродзенскім і Гомельскім мед. інстытутах.

Літ.:

Руководство по психиатрии. Т. 1—2. М., 1988;

Каплан Г.И., Сэдок Б.​Дж. Клиническая психиатрия: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1994;

Клиническая психиатрия: Пер. с англ. М., 1999.

А.​А.​Зайцаў, У.​А.​Кульчыцкі.

т. 13, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁЛАКАЦЫ́ЙНАЯ АСТРАНО́МІЯ,

раздзел астраноміі, які даследуе целы Сонечнай сістэмы пры дапамозе адбітых імі радыёхваль, пасланых перадатчыкам з Зямлі ці касм. апарата. Аб’екты даследавання — планеты, спадарожнікі планет, каметы, сонечная карона.

Радыёлакацыйныя даследаванні нябесных цел грунтуюцца на прынцыпах радыёлакацыі. Інтэнсіўнасць радыёхваль пры радыёлакацыі адваротна прапарцыянальная чацвёртай ступені адлегласці ад аб’екта. З прычыны вял. міжпланетных адлегласцей радыёлакатары для даследавання нябесных цел маюць антэны вял. памераў і магутныя перадатчыкі. З дапамогай радыёлакацыі вызначаны абс. памеры Сонечнай сістэмы, атрыманы дакладныя значэнні адлегласцей ад Зямлі да планет і Сонца. Радыёлакацыйная апаратура міжпланетных станцый «Венера» (СССР), «Піянер-Венера» і «Магелан» (ЗША) дала магчымасць вызначыць дакладны рэльеф паверхні Венеры (складзены рэльефныя карты яе паверхні; 1983—92), што асабліва важна, таму што шчыльная атмасфера гэтай планеты непразрыстая ў бачным, ультрафіялетавым і інфрачырвоным дыяпазонах. Пры радыёлакацыі Юпітэра і інш. планет-гігантаў адбіты сігнал не зарэгістраваны (мяркуецца, што радыёхвалі поўнасцю затухаюць у вельмі глыбокай атмасферы). Пры даследаванні Сонца адбіццё радыёхваль адбываецца ад сонечнай кароны, што дае магчымасць даследаваць яе дынаміку. Атрыманы рэльефныя карты паверхні некаторых астэроідаў.

Літ.:

Котельников В.А. и др. Развитие радиолокационных исследований планет в Советском Союзе // Проблемы современной радиотехники и электроники. М., 1980;

Атлас поверхности Венеры. М., 1989.

А.​А.​Шымбалёў.

т. 13, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁСПЕКТРАСКАПІ́Я,

раздзел спектраскапіі, які вывучае спектры паглынання рэчывам радыёхваль высокачастотнага дыяпазону. Паглынанне абумоўлена квантавымі пераходамі магн. момантаў электронаў (гл. Электронны парамагнітны рэзананс) і ядзер (гл. Ядзерны магнітны рэзананс) атамаў рэчыва, эл. квадрупольных момантаў ядзер (гл. Ядзерны квадрупольны рэзананс) ці вярчальных момантаў малекул у газах (гл. Вярчальныя спектры).

Пачаткам развіцця Р. з’явілася стварэнне ў 1940-я г. тэхн. сродкаў генерацыі і метадаў выкарыстання радыёхваль дэцы-, санты- і міліметровага дыяпазонаў, а таксама адкрыццё заканамернасцей іх паглынання рэчывам. Выкарыстоўваюць у фізіцы, хіміі, біялогіі, тэхніцы для даследавання ўнутр. структуры і атамна-малекулярнай дынамікі цвёрдых цел, вадкасцей і газаў, кінетыкі і механізму хім. і біяхім. рэакцый, вызначэння структуры і канфігурацыі малекул, структуры прымесей і дэфектаў, вымярэння магн. палёў, т-ры, ціску, для неразбуральнага кантролю матэрыялаў і вырабаў, а таксама ў медыцыне для атрымання дыягнастычных здымкаў унутр. органаў (гл. Тамаграфія).

На Беларусі метады Р. развіваюцца і выкарыстоўваюцца пры навук. даследаваннях у Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН, БДУ і інш.

Літ.:

Таунс Ч., Шавлов А. Радиоспектроскопия: Пер. с англ. М., 1959;

Абрагам А. Ядерный магнетизм: Пер. с англ. М., 1963;

Физические основы квантовой радиофизики. Л., 1985.

П.​А.​Апанасевіч.

т. 13, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЯЦЫ́ЙНАЯ ФІ́ЗІКА кандэнсаваных сістэм,

раздзел фізікі, які вывучае фіз. працэсы ў кандэнсаваных сістэмах (металы, паўправаднікі, дыэлектрыкі, арган. матэрыялы і інш.), абумоўленыя ўздзеяннем іанізавальнага выпрамянення (радыяцыі).

Дзеянне радыяцыі на крышталі выклікае зрушэнне атамаў са становішчаў раўнавагі ў крышталічнай рашотцы і прыводзіць да ўтварэння радыяцыйных дэфектаў. Радыяцыя змяняе ўласцівасці матэрыялаў (графіт, сталь, бетон) і прылад, якія выкарыстоўваюцца ў атамнай энергетыцы, пры асваенні касм. прасторы (напр., сонечныя батарэі) і інш. Напр., у выніку дзеяння радыяцыі на ваду ўтвараецца малекулярны вадарод і пераксід вадароду; шкло змяняе празрыстасць (афарбоўваецца), металы павялічваюць аб’ём і інш. Здольнасць кандэнсаваных сістэм захоўваць свае ўласцівасці пры ўздзеянні радыяцыі (гл. Радыяцыйная стойкасць) залежыць ад тыпу хім. сувязі іх элементаў структуры, інтэнсіўнасці і віду радыяцыі, т-ры і інш.

На Беларусі даследаванні ў галіне Р.ф. праводзяцца ў Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, Інжынерна-тэхн. цэнтры «Сосны» Нац. АН, БДУ.

Літ.:

Вавилов В.С., Кекелидзе Н.П., Смирнов Л.С. Действие излучений на полупроводники. М., 1988;

Кирсанов В.В., Суворов АЛ., Трушин Ю.В. Процессы радиационного дефектообразования в металлах. М., 1985;

Бургуэн Ж., Ланно М. Точечные дефекты в полупроводниках: Эксперимент. аспекты: Пер. с англ. М., 1985;

Бреховских С.М., Тюльнин В.А. Радиационные центры в неорганических стеклах. М., 1988.

М.​А.​Паклонскі.

т. 13, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кінетаста́тыка

(ад гр. kinetos = рухомы + статыка)

раздзел механікі, у якім разглядаюць спосабы рашэння дынамічных задач пры дапамозе аналітычных або графічных метадаў статыкі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

імунапатало́гія

(ад імуна- + паталогія)

раздзел імуналогіі, які вывучае працэсы, што ўзнікаюць у выніку шкоднага ўздзеяння на клеткі і тканкі арганізма імуналагічных рэакцый.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

аэрафатагра́фія

(ад аэра- + фатаграфія)

раздзел фатаграфіі, які ахоплівае тэорыю і практыку фатаграфавання мясцовасці з лятальных апаратаў, а таксама фотаздымак, атрыманы такім спосабам.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

антало́гія​2

(ад гр. on, ontos = быццё + -логія)

раздзел філасофіі, які вывучае тэорыю быцця, характар і структуру рэчаіснасці або агульную тэорыю прадметаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

акустаэлектро́ніка

[ад акуст(ыка) + электроніка]

раздзел электронікі, які вывучае ўзбуджэнне, распаўсюджванне і прыём акустычных хваляў у кандэнсаваных асяроддзях, узаемадзеянне іх з электрамагнітнымі палямі і электронамі праводнасці.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)