ко́ратка і каро́тка,

1. Прысл. да кароткі (у 1, 2 і 3 знач.). Заве сябе хлапчук Не Якаў, а Якоб. Каротка падстрыгае лоб. Корбан. Коратка бліснула полымя, і дрэва пераламалася. Мележ. Ленін гаварыў не толькі каротка, але і проста. Гурскі.

2. безас. у знач. вык. Не хапае, малавата. Дзе каротка там і рвецца. Прыказка.

•••

Коратка кажучы (пабочн.) — у агульных рысах, без дэталізацыі (гаварыць, расказваць).

Ці доўга ці коратка гл. доўга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лабавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Накіраваны прама перад сабой, у лоб; франтальны. Лабавая атака. □ Страціўшы ўсялякую надзею на прарыў абароны, вораг вырашыў зрабіць глыбокі абход, не паслабляючы лабавога ўдару. Гурскі. // перан. Разм. Прамалінейны, непасрэдны, ужыты без дадатковых сродкаў падрыхтоўкі. Ні змест, ні формы .. [работы] не маглі быць раскрыты лабавым падыходам. У. Калеснік.

2. Размешчаны ў пярэдняй частцы чаго‑н., пярэдні. Лабавое шкло аўтамабіля. Лабавая сцяна. □ Працавалі няспынна абодва кулямёты — вежавы і лабавы. Мележ.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прарыпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак.

1. Утварыць гук рыпення. Неўзабаве .. [Яўхім] праехаў паўз вокны, прарыпеў, адчыняючы і зачыняючы, варотамі. Мележ. / у безас. ужыв. [Прадстаўнік] патупаў нагамі, ад чаго прарыпела, быццам у яго пад валёнкамі быў не снег, а сухі крухмал. Карпюк. // што і без дап. Сказаць што‑н. скрыпучым голасам. Містэр Вурдль энергічна падняўся з месца і прарыпеў тонкім, скрыпучым голасам: — Вы і ёсць міс Джонсан? Шашкоў.

2. Рыпець некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

про́йма 1, ‑ы, ж.

1. Адтуліна, праход, паглыбленне ў чым‑н., паміж чым‑н. У хаце шарганула засаўка, дзверы крыху адчыніліся, і ў вузкую пройму высунулася галава. Мележ. У проймах паміж хмарамі .. паказаліся сурова і халодна белыя горы Грэнландыі. Брыль.

2. Выраз у адзежы для рукі, рукава. Рукаў з падоўжанай проймай.

про́йма 2, ‑ы, ж.

Абл. Скразняк, скразны вецер. Раптоўна грукнулі дзверы, страшэнная пройма пацягнула да печы. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прывіта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Выказаць прывітанне пры сустрэчы (словамі, жэстам і пад.) — Добры вечар вам, — прывітаў хату Пракоп і засмяяўся. Колас. Убачыўшы лейтэнанта, абодва [салдаты] .. выструніліся і прывіталі яго. Мележ. Цімка .. прывітаў Раю паднятай рукой. Карпаў.

2. Звярнуцца да каго‑н. з прамовай, словамі прывітання (звычайна з прычыны якой‑н. радаснай падзеі). Прывітаць дэлегатаў з’езда. □ Ён [камбайнер] сышоў з свайго камбайна, рады. Прывітаў з дажынкамі дзяўчат... Смагаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разла́дзіцца, ‑ладзіцца; зак.

1. Прыйсці ў няспраўнасць. Тады нешта разладзіўся ляжак і нельга было выпаліць у печы, каб не напусціць поўную хату дыму. Сачанка.

2. Расстроіцца, парушыцца, перастаць ладзіцца. Дружба разладзілася. □ Але вяселле ўжо разладзілася, госці паўставалі з-за стала і пачалі разыходзіцца. Сабаленка. [Галіна:] — [Пісаў], што ніколі не забудзе тых дзён... Пісаў, што ўспамінае, — таксама... Але хутка перапіска разладзілася. Мележ.

3. Страціць свой строй, лад. Станок разладзіўся.

4. Расстроіцца, сапсавацца (пра здароўе).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

размясці́цца, ‑мяшчуся, ‑месцішся, ‑месціцца; зак.

Знайсці для сябе месца; стаць або рассесціся на месцах. Падпалкоўнік загадаў батальёнам размясціцца ў прыбярэжным лесе. Мележ. Нарэшце стол быў накрыты, усе размясціліся, і гаворка сціхла. Ваданосаў. // Уладкавацца на жыхарства, спыніцца па прыбыцці ў якім‑н. месцы, памяшканні. Землякі размясціліся ў адным пакоі з Кастусём. С. Александровіч. // Заняць сабой якое‑н. месца, прастору. Між засценкамі Малінаўкай і Жывіцамі на невялікім пагорку размясціўся стары могільнік. Чарнышэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́зніцца, ‑нюся, ‑нішся, ‑ніцца; незак., ад каго-чаго чым.

Разм. Мець асаблівасці, рысы, якія адрозніваюць каго‑, што‑н. ад іншага (іншых), робяць непадобным на іншых; адрознівацца. [Сцяпан Уласавіч] амаль нічым не розніцца ад іншых дзядзькоў — ні гаспадаркай, ні адзеннем. Мележ. Публіцыстычнасць П. Глебкі розніцца ад мяккага лірызму Я. Купалы, ад эпічнай непаспешлівасці Я. Коласа. «Полымя». Сучасны варыянт песні «Ой, рэчанька, рэчанька» таксама розніцца ад змешчанага ў пятым томе «Люду беларускага». Саламевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сало́ма, ‑ы, ж.

Сухія сцёблы злакавых раслін, якія застаюцца пасля абмалоту. Жытняя салома. Аўсяная салома. □ Пахла прэллю са страхі, токам, свежай, нядаўна памалочанай іржаной саломай. Мележ. // Сцёблы злакавых раслін на корані. [Васіль:] — Баюся, што наша жыта пагоніць у салому, а колас можа быць дрэнны. Шамякін. Камбайн рушыў. Пад нажамі яго зазвінела салома, у бункер пасыпаўся густы струмень важкага зерня. Дуброўскі. Сіла і салому ломіць. Прымаўка.

•••

Снег саломаю тушыць гл. тушыць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сасма́глы, ‑ая, ‑ае.

1. Зняможаны, змучаны ад смагі, гарачыні. [Хлопцы] прышкандыбалі дадому змучаныя і сасмаглыя. Ваданосаў. Пап’е сасмаглы падарожнік, Асушыць конь сваё карыта, А восень агалосіць пожні Птушыным развітальным крыкам. Вітка.

2. Перасохлы (пра губы, горла, рот). [Яўхім] выцер пачарнелыя, сасмаглыя губы, зморана супакоіў: — Духата. Мележ. // Вялы ад недахопу вільгаці (пра траву і пад.). Сасмаглыя пасевы з неба Адразу ўбачыла яна [навальніца] І прагрымела: — Дождж ім трэба, Жаўцее лён і збажына! Смагаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)