ІПІЎТА́К,

археалагічная культура паляўнічых на маржоў, цюленяў і карыбу, якая існавала ў 1-й пал. 1-га тыс. н.э. на мысе Хоп (Аляска). У 1939—41 адкрыта і даследавана больш за 700 драўляных чатырохвугольных паўпадземных жытлаў з агнішчамі. Выяўлена 138 пахаванняў, некаторыя ў драўляных трунах з багатым інвентаром і загадкавымі скульптурамі, якія, магчыма, звязаны з шаманізмам. Знойдзены аббітыя каменныя прылады, вырабы з косці, іклаў і рогу (наканечнікі стрэл, коп’яў, астрогі, іголкі і інш.), скульптурныя выявы жывёл, фантастычныя фігуркі з маржовых іклаў.

т. 7, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРНО́ ((Carnot) Нікала Леанар Садзі) (1.6.1796, Парыж — 24.8.1832),

французскі фізік і інжынер, адзін са стваральнікаў тэрмадынамікі. Скончыў Політэхн. школу (1814). Выказаў ідэю стварэння цеплавой машыны, даў адну з першых фармулёвак 2-га закону тэрмадынамікі (1824). Увёў паняцце кругавога і абарачальнага працэсаў (гл. Карно цыкл), вызначыў ккдз ідэальнай цеплавой машыны Працы К. набылі шырокую вядомасць дзякуючы Б.Клапейрону, які ў 1834 надаў ім строгую матэм. форму.

Тв.:

Рус. пер. — Размышления о движущей силе огня и о машинах, способных развивать эту силу. М.;

Пг, 1923.

Н.Карно.

т. 8, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІНГС-КАНЬЁН (Kings Canyon),

нацыянальны парк у ЗША, у штаце Каліфорнія, на зах. схілах цэнтр. ч. горнай сістэмы Сьера-Невада. Засн. ў 1940. Пл. 186,2 тыс. га. Горныя хрыбты (выш. 1500—2500 м), хрыбет Сьера-Невада (выш. 4116 м), самы глыбокі ў Паўн. Амерыцы аднайм. каньён (2400 м, цясніна р. Кінгс), азёры, вадаспады, горныя лугі, хвойныя лясы (хвоя, піхта, секвоядэндран гіганцкі). Водзяцца чорны мядзведзь, горны баран і інш. Агаленні меза- і кайназойскіх адкладаў. Біясферны рэзерват. Аб’ект турызму.

Г.​Я.​Рылюк.

т. 8, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРКО́ЎСКІ (Валерый Васілевіч) (н. 14.1.1949, в. Новая Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.),

бел вучоны ў га ліне хірургіі і рэаніматалогіі. Д-р мед. н. (1996), праф. (1998). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1977), з 1985 працуе ў ім. Навук. працы па барацьбе з хірург. інфекцыямі, эндагеннымі інтаксікацыямі, праблемах выкарыстання апаратуры і метадах карэкцыі гамеастазу, транспланталогіі.

Тв.:

Biospecific antiproteinase haemosorbent «Ovosorb» in complex therapy of acute destructive pancreatitis (у сааўт.) // Biomaterials. 1994. Vol. 15, № 5;

Детоксикационная терапия при перитоните. Мн., 1997.

т. 8, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЯРО́ (Ігнат Вікенцьевіч) (11.1.1897, г. Віцебск — 13.7.1944),

генерал-маёр (1943). Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1934). У Чырв. гвардыі з 1917, у Чырв. Арміі з 1918. Удзельнік грамадз. вайны на Зах. фронце. З 1932 выкладчык у ваен. акадэміях, на курсах «Выстрал». У Вял. Айч. вайну на Зах., Калінінскім, Бранскім, Цэнтр. і 1-м Прыбалт. франтах: нач. штаба дывізіі, аператыўнага аддзела арміі, нам. камандзіра і камандзір дывізіі, нам. камандзіра 13-га гвардз. стралк. корпуса. Загінуў у баі ў г. Паставы Віцебскай вобл.

т. 8, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКНО́,

возера ў Гродзенскім р-не, у бас. р. Бярвенка, за 27 км на У ад Гродна. Пл. 0,45 км², даўж. 1,8 км, найб. шыр. 340 м, даўж. берагавой лініі 4,2 км. Схілы катлавіны выш. 5—8 м (на Пд да 2 м), параслі лесам, на З месцамі разараныя. Берагі на Пд нізкія, забалочаныя. Востраў пл. 0,3 га. Дно амаль поўнасцю выслана сапрапелем, каля берагоў пясчанае. Злучана ручаём з воз. Можнева (на ПнУ), на Пд выцякае ручай Лакніца ў р. Бярвенка.

т. 9, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЦІ́НЫ (Latini),

плямёны старажытнай Італіі (адгалінаванне італікаў), якія ў 1-м тыс. да н.э. насялялі сучасную вобл. Лацыо. Займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй, жылі родавымі паселішчамі. Зазналі ўплыў этрускаў. Разам з сабінамі засн. Рым (754—753 да н.э.). У пач. 1-га тыс. да н.э. аб’ядналіся ў Лацінскі саюз на чале з г. Альба-Лонга. Пасля ліквідацыі ў 338 да н.э. Лацінскага саюза і падпарадкавання Рымам большасці абшчын Лацыі Л. атрымалі абмежаваныя грамадз. правы, з 90 да н.э. паўнапраўныя грамадзяне Рыма.

т. 9, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕСАПА́РК,

лес у непасрэднай блізкасці ад горада добраўпарадкаваны для адпачынку на ўлонні прыроды; адзін з відаў загараднага парку. Бываюць агульнага тыпу (прагулачныя), шматпрофільныя (для спорту, адпачынку, забаў) і спецыялізаваныя (курортна-аздараўленчыя, спарт., гісторыка-мемарыяльныя). Каля буйных гарадоў Л. звычайна займаюць 300—500 га. Адкрытыя прасторы (паляны, лугі, вадаёмы) у іх складаюць да 30%. Абсталяванне найчасцей робяць з прыродных матэрыялаў (дрэва, камень, чарот і інш.). Загарадныя паркі, у якіх пераважаюць лугі, паляны і вадаёмы наз. лугапаркамі і гідрапаркамі.

А.​В.​Сычова.

т. 9, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКАШЭ́ВІЧ (Аляксей Сцяпанавіч) (3.6. 1924, в. Чарнавосава Крупскага р-на Мінскай вобл. —13.11.1943),

Герой Сав. Саюза (1944). У Вял. Айч. вайну з крас. 1942 разведчык-падрыўнік партыз. атрадаў імя Сяргея і 28-га, якія дзейнічалі на тэр. Круглянскага, Талачынскага і Крупскага р-наў. Пусціў пад адхон 9 эшалонаў праціўніка, двойчы псаваў лінію сувязі са стаўкай ням. галоўнакамандавання. Трапіўшы ў засаду, цяжка паранены Л. апошняй процітанкавай гранатай падарваў сябе і ворагаў, што наблізіліся да яго. Помнік Л. ў в. Ухвала Крупскага р-на.

А.С.Лукашэвіч.

т. 9, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЎРЭТА́НІЯ (лац. Mauretania),

старажытная вобласць на ПнЗ Афрыкі на тэр. сучасных Алжыра і Марока. Асн. яе насельніцтвам былі плямёны бербераў. У канцы 2-га тыс. да н.э. прыбярэжныя раёны М. каланізаваны фінікійцамі. З 3 ст. да н.э. падпарадкоўвалася Карфагенскай дзяржаве. Пасля падзення Карфагена ў 146 да н.э. — пад уплывам Рыма. У 45 н.э. ўключана ў склад Рымскай імперыі, падзелена на 2 правінцыі: М. Тынгітанскую і М. Цэзарэйскую. У 429 заваявана вандаламі, у 534 вернута Візантыі. У 7—8 ст. падпарадкавана арабамі.

т. 10, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)