1) кавальская аперацыя для павелічэння вонкавага і ўнутр. дыяметраў кольцападобнай загатоўкі (цыліндра з адтулінай) пры павелічэнні яе даўжыні за кошт памяншэння таўшчыні сценкі. Выконваецца прэсавай ці молатавай коўкай на апраўцы.
2) Кавальскі інструмент, які перадае ціск ад верхняга байка молата (рабочай часткі прэса) на загатоўку, каб паменшыць яе таўшчыню або стварыць паглыбленні.
3) Аперацыя ў трубапракатнай вытв-сці, што ажыццяўляецца на станах вінтавой пракаткі з мэтай павелічэння дыяметра трубы, выраўноўвання і памяншэння таўшчыні сценкі, а таксама павелічэння даўжыні таўстасценных гільзаў на станах-падаўжальніках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАКТЫ́ЎНЫ СНАРА́Д,
боепрыпас, што дастаўляецца да цэлі за кошт цягі рэактыўнага рухавіка. Складаецца з баявой часткі, рэактыўнага рухавіка і вузлоў стабілізацыі палёту (хваставое апярэнне, нахіленыя соплы). Паводле прызначэння Р.с. падзяляюць на асколачныя, асколачна-фугасныя, фугасныя, кумулятыўныя, запальныя, дымавыя і інш.; паводле спосабу стабілізацыі (устойлівасці ў палёце) — на невярчальныя (апераныя) і вярчальныя (турбарэактыўныя). У палёце звычайна некіравальны. Траекторыя Р.с. складаецца з 2 участкаў: актыўнага, на якім працуе рэактыўны рухавік, і пасіўнага, на якім Р.с. рухаецца пад дзеяннем сілы цяжару. Створаны ў СССР у 1930-я г. Выкарыстоўваецца ў рэактыўнай артылерыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭКУПЕРА́ЦЫЯ (лац. recuperatio вяртанне, атрыманне зноў),
1) у цеплатэхніцы — выкарыстанне часткі цеплаты газападобных прадуктаў згарання паліва для падагравання паветра, газу ці сілкавальнай вады катлоў. Адбываецца ў рэкуператарах.
2) У электратэхніцы — вяртанне эл. энергіі ў сілкавальную сетку пры тармажэнні эл. машыны. Часцей адбываецца пры тармажэнні электрарухавікоў, што дзейнічаюць пры гэтым у генератарным рэжыме.
3) У хіміі — улоўліванне ці вылучэнне з выкарыстаных сумесей арган. растваральнікаў для паўторнага іх выкарыстання. Для гэтага выкарыстоўваюць, напр., кандэнсацыю пары растваральніку ці паглынанне яго вадкім або цвёрдым сарбентам (гл.Сорбцыя) з наступнай дэсорбцыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМУІ́Л (?—6.10.1014),
цар [997—1014] Заходне-Балгарскага царства, якое ў 969 вылучылася са складу Першага Балгарскага царства і адстойвала сваю незалежнасць пасля захопу Візантыяй Усх. Балгарыі (971). Нанёс шэраг паражэнняў візантыйцам і вызваліў ад іх б.ч.балг. зямель, далучыў да свайго царства Сербію, значныя часткі Фесаліі і Эпіра. У 1014 пры Бяласіцы пацярпеў паражэнне ад візант. імператара Васілія II Балгарабойцы. Пераможца асляпіў 15 000 балг. палонных і накіраваў іх да С., які не вытрымаў гэтага відовішча і раптоўна памёр. У балг.гіст. традыцыі С. — узор цара-воіна і барацьбіта за незалежнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІШЧО́ВА,
курганны могільнік дрыгавічоў 11—12 ст. каля в. Свішчова Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. Захавалася 20 насыпаў выш. 0,2—1,6 м, дыям. 4—8 м, іх аснова абкладзена камянямі. Даследаваны 23 курганы. У некат. насыпах шчыльная вымастка з камянёў. Пахавальны абрад — трупапалажэнне. Пахаванні пераважна адзіночныя, ёсць парныя. Знойдзены ганчарныя гаршкі, метал.часткі драўлянага посуду, нажы, падкова, цуглі, прасліца з ружовага сланцу, тачыльныя брускі, метал. пярсцёнкі, спражкі, шкляныя залачоныя пацеркі і бронзавыя, упрыгожаныя зерню (дрыгавіцкага тыпу), скроневыя кольцы з такіх пацерак, паўтараабаротныя і з S-падобным завітком і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́МА ПРА́ВА,
пабудова нацыянальнага права, якая заключаецца ў раздзяленні адзіных па прызначэнні ў грамадстве ўнутрана ўзгодненых норм на пэўныя часткі — галіны права, якія ў сваю чаргу падзяляюцца на ін-ты права. Напр., галіна цывільнага права падзяляецца на ін-ты права ўласнасці, абавязацельнае права, аўтарскае права і сумежныя правы, спадчыннае права і інш. Дакладна распрацаваная С.п. — неабходная аснова для эфектыўнай работы па сістэматызацыі заканадаўства, павышэнні прававой культуры. С.п. розных краін могуць адрознівацца пэўнымі асаблівасцямі, абумоўленымі гіст. ўмовамі, нац. традыцыямі, узроўнем развіцця прававой культуры.