КРСЦІЧ (Джорджэ) (19.4.1851, Стара-Каніжа, Сербія — 18.10.1907),

сербскі жывапісец. Вучыўся ў Мюнхене ў Школе прыкладнога мастацтва і АМ (1873—83). Працаваў у рэаліст. манеры, якой былі ўласцівы рысы рамантызму, часам драматычнасць, напружанасць змрочнай колеравай гамы («Анатам», 1880). Пісаў сцэны нар. жыцця, пейзажы (у т. л. пленэрныя эцюды), абразы, гіст. кампазіцыі, партрэты. Сярод твораў: «Каля крыніцы» (1883), «Дзверы рыбацкай хаціны», «Гарадок Чачак» (абодва 1884), партрэт І.​Паніча (каля 1885), «Мястэчка Баба-Кай» (1907) і інш.

т. 8, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАВА́К ((Caravaque) Луі) (1684—20 ці 26.6.1754),

французскі жывапісец. З 1716 у Расіі. З 1718 у ведамстве «Канцылярыі ад пабудоў», дзе меў вучняў (І.​Вішнякоў і інш.). Працаваў у стылі позняга барока, пазней — ракако. Аўтар дэкар. размалёвак, батальных карцін, кардонаў для шпалер, партрэтаў. Сярод твораў: «Палтаўская баталія» (1717), партрэты Пятра I (1716 і 1723), імператрыцы Ганны Іванаўны (1730) і інш. Творчасць К., адметная вытанчанай жывапіснай манерай, паўплывала на рус. партрэт сярэдзіны 18 ст.

т. 8, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТАНЫ́НА ((Castagnino) Хуан Карлас) (18.11.1908, г. Мар-дэль-Плата, Аргенціна — 21.4.1972),

аргенцінскі мастак; прадстаўнік аргенцінскага «новага рэалізму». Вучыўся ў Вышэйшай нац. маст. школе ў Буэнас-Айрэсе (1929—34). У 1938—40 працаваў у Італіі, Францыі, Іспаніі. Майстар манум. жывапісу, станковай карціны і графікі. Сярод твораў: «Жанчына з Пармы» (1944), «Чалавек з ракі» (1948), «Селянін» (1951); размалёўкі «Чалавек — Космас — Надзея» (1959) у «Парыжскай галерэі», «Вуліца прачынаецца» (1961) у галерэі «Абеліск» у Буэнас-Айрэсе і інш.

т. 8, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЕ́НІЧ (Ганна Трафімаўна) (4.8.1902, г. Магілёў — 12.4.1990),

бел. спявачка (мецца-сапрана). Скончыла Бел. муз. тэхнікум (1930), Бел. кансерваторыю (1937, клас П.​Ціханава). У 1933—61 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала голасам прыгожага тэмбру, акцёрскімі здольнасцямі. Сярод партый: Вольга і Ларына, Паліна і Гувернантка, Салоха («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Чаравічкі» П.​Чайкоўскага), Флора («Травіята» Дж.​Вердзі), Берта («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Кэт («Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні).

Б.​С.​Смольскі.

т. 8, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПЫСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў 1941—44 у г.п. Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Складалася з 3 груп (кіраўнікі Я.​А.​Точын, Ц.​Р.​Марозаў, А.М. і З.​М.​Шэвень), аб’ядноўвала больш за 40 чал. Падпольшчыкі запісвалі па радыё і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, здабывалі звесткі аб праціўніку для партызан, выводзілі са строю сельгастэхніку, учынялі дыверсіі (спалілі маслазавод, паліцэйскі ўчастак і інш.). Фашысты высачылі падпольшчыкаў, арыштавалі і закатавалі.

т. 8, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РАБАЎ (Іван Кузьміч) (1700 або 1701—1747),

рускі архітэктар. У 1718—27 як пенсіянер Пятра I вучыўся ў Бельгіі і Галандыі. У Пецярбургу перабудаваў у духу ранняга рус. барока будынак Адміралцейства, будаваў Партыкулярную верф на Фантанцы (пачата ў 1735, разабрана), магчыма, царкву Панцеляймона (1735—39). Удзельнічаў у складанні першага рус. арх. трактата-кодэкса. З 1741 працаваў у Маскве. Сярод яго вучняў С.​І.​Чавакінскі, А.​П.​Какорынаў, Дз.​В.​Ухтамскі і інш.

т. 8, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РСАК (Юрый Фёдаравіч) (н. 18.5.1941, в. Вілейка Мінскай вобл.),

бел. піяніст, педагог. Засл. арт. Беларусі (1990). Скончыў Бел. кансерваторыю (1963), з 1964 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (з 1993 праф.). Яго выкананне вызначаецца змястоўнасцю і артыстызмам, багаццем гукавой палітры, тонкім густам. У рэпертуары творы сусв. класічнай і сучаснай музыкі, бел. кампазітараў. Выступаў як саліст і ансамбліст, у т. л. ў трыо з Г.Клачко і Б.Скабло. Сярод яго вучняў В.Раінчык, І.Шуміліна, С.​Мікулік.

т. 8, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́ЛЕВІЧ ((Kraljević) Міраслаў) (14.12. 1885, Госпіч, Харватыя — 16.4.1913),

харвацкі жывапісец і графік; адзін з заснавальнікаў харвацкай школы жывапісу 20 ст. Вучыўся ў АМ у Мюнхене (1907—11), акадэміі Гранд-Шам’ер у Парыжы (1911). Зазнаў уплывы Г.Курбэ і Э.Манэ. У абагульненай свабоднай манеры рабіў партрэты, пейзажы, нацюрморты, анімалістычныя сцэны, якія вызначаюцца стрыманасцю колеравай гамы, рысамі схаванага эмацыянальнага напружання і драматызму. Сярод твораў: «Аўтапартрэт з сабакам» (1910), «Аўтапартрэт з люлькай», «Бонвіван», «Люксембургскі сад» (усе 1912) і інш.

т. 8, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́ЛОС БЕДНЯКА́»,

газета, орган Віцебскага губвыканкома. Выходзіла штотыднёва з 29.7 да 9.12.1918 у Віцебску на рус. мове. Выданне газеты было абумоўлена пераходам улад да палітыкі «ваеннага камунізму» і ўзмацненнем антысав. настрояў сярод сялян. Была разлічана ў асноўным на бяднейшае сялянства, мела на мэце распаўсюджванне ў яго асяроддзі камуніст. ідэалогіі. Публікавала матэрыялы ідэйна-асветніцкага і інструкцыйна-арганізац. характару. Давала практычныя парады па правядзенні харчразвёрсткі, арганізацыі на месцах камбедаў і інш. Выйшла 15 нумароў.

т. 5, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕГІ́ПЕЦКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1858 у Каіры франц. егіптолагам А.​Марыетам. Да 1891 наз. Булакскі музей, у 1891—1900 Гізехскі, з 1900 сучасная назва. Адзін з гал. цэнтраў вывучэння стараж.-егіп. мастацтва. Найбуйнейшы збор помнікаў мастацтва і культуры Егіпта Старажытнага; сярод іх знаходкі з руін г. Ахетатон і грабніцы фараона Тутанхамона, статуі фараонаў Хефрэна, Аменемхета III, царэвіча Каапера і інш. Арганізуе археал. раскопкі. З канца 19 ст. выдае серыю каталогаў розных раздзелаў калекцыі.

т. 6, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)