ДЖА́ТЫ,
вялікая група плямён, якія ў пач. н. э. насялялі зах. раёны Пенджаба, пазней склалі этн. аснову пенджабцаў і ўвайшлі ў абшчыну сікхаў. У Індыі значная частка Дж. ператварылася ў земляробчую касту. У 17—18 ст. адбыліся паўстанні Дж. (1669, 1672, 1686—91) супраць Вялікіх Маголаў. У сярэдзіне 18 ст. склалася самаст. джацкае княства, якое ў 1763 распалася. Сучасныя Дж. жывуць на Пн Індыі і ў Пакістане.
т. 6, с. 88
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЦЕРАГА́ЛЬНЫ ЭКРА́ННЫ ФІЛЬТР,
сродак радыяцыйнай засцярогі людзей (ці інш. біял. аб’ектаў) ад шкодных выпрамяненняў дысплеяў, тэлевізараў і інш. У напрамку да карыстальніка змяншае інтэнсіўнасць эл.магн. выпрамянення (у т. л. рэнтгенаўскага, ультрафіялетавага, інфрачырвонага, радыёчастотнага), узровень эл. статычнага поля, інтэнсіўнасць люстраных блікаў, павялічвае кантраст (выразнасць) відарысаў. Уяўляе сабой пласціну са шкла ці пластмасы са спец. дамешкамі, пакрытую спец. саставам. Гл. таксама Засцярога супраць іанізавальнага выпрамянення.
т. 7, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́МБІНСКІ БОЙ 1943,
бой 1-й Антыфашысцкай партыз. брыгады (камандзір У.У.Гіль-Радзіёнаў) супраць ням.-фаш. паліцэйскага гарнізона ў в. Зембін Барысаўскага р-на Мінскай вобл. 21.3.1943 у Вял. Айч. вайну. За 8 гадзін бою партызаны пры падтрымцы брыгад «Дзядзькі Колі» і «Смерць фашызму» знішчылі З дзоты, спалілі склады з боепрыпасамі і прадуктамі. На дапамогу гарнізону прабілася механіз. калона гітлераўцаў, таму партызаны вымушаны былі адысці.
т. 7, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕКТЫ́ЎНЫЯ СРО́ДКІ ЗАСЦЯРО́ГІ,
збудаванні і сродкі для групавой аховы войск і насельніцтва ад сродкаў паражэння. Уключаюць: фартыфікацыйныя збудаванні (акопы, бліндажы, сховішчы, траншэі, укрыцці, шчыліны, збудаванні агнявыя і пунктаў кіравання і інш.); ахоўныя збудаванні грамадзянскай абароны; герметызаваныя мед. палаткі, спец. аўтамашыны з фільтравентыляцыйным абсталяваннем. Бываюць герметызаваныя (забяспечваюць ахову ад радыеактыўных, хім. і біял. сродкаў паражэння) і негерметызаваныя. Гл. таксама Засцярога ад зброі масавага знішчэння, Засцярога супраць іанізавальнага выпрамянення.
т. 7, с. 461
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1113,
выступленне жыхароў Кіева супраць злоўжыванняў княжацкай адміністрацыі на чале з баярынам Пуцятам Вышацічам (спекуляцыя хлебам і соллю, закабаленне вольных людзей ліхвярамі і знаццю і інш.). Пачалося пасля смерці вял. кіеўскага князя Святаполка Ізяславіча. Паўстанцы разграмілі двор Пуцяты і ўладанні ліхвяроў. Запрошаны кіеўскімі баярамі на велікакняжацкі прастол кн. Уладзімір Манамах спыніў паўстанне шляхам выдання Статута Уладзіміра Манамаха 1113, які змяшчаў уступкі паўстанцам.
т. 8, с. 251
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БДЭН ((Cobden) Рычард) (3.6.1804, Данфард, каля г. Мідхерст, Вялікабрытанія — 2.4.1865),
палітычны дзеяч Вялікабрытаніі. Прыхільнік эканам. лібералізму, ідэолаг прамысл. буржуазіі. Фабрыкант. У 1838 разам з Дж.Брайтам заснаваў Лігу супраць хлебных законаў і пачаў барацьбу з агр. пратэкцыянізмам, які выражаў інтарэсы зямельнай арыстакратыі. У 1841—57 і 1859—65 чл. палаты абшчын. З пазіцый пацыфізму выступаў за скарачэнне ўзбраенняў, міжнар. арбітраж, крытыкаваў знешнюю палітыку Г.Дж.Пальмерстана.
т. 8, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛІ́ЕЎ (Клыч) (1.1.1913, аул 1-ы Геакча Марыйскага р-на, Туркменістан — 12.9.1990),
туркменскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Туркменістана (1984). Чл.-кар. АН Туркменістана (1954). Скончыў Туркменскі пед. ін-т (Ашхабад, 1948). Друкаваўся з 1951. Аўтар гіст. раманаў «Няскораны алжырац» (1968), «Чорны караван» (1971), «Пасол эміра» (1978) пра барацьбу алжырскага народа супраць каланізатараў, пра станаўленне сав. улады ў Туркестане. Раман «Суровыя дні» (1964) пра заснавальніка туркм. л-ры Махтумкулі.
т. 9, с. 5
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕАНІ́Д (Leōnidas; 508 ці 507, Спарта — 480 да н.э.),
цар Спарты ў 488—480 да н.э. У час грэка-персідскіх войнаў узначаліў у 481 да н.э. аб’яднанае войска грэч. гарадоў супраць перс. цара Ксеркса I, які ўварваўся ў Грэцыю. Загінуў у бітве каля Фермапілаў, калі з невял. атрадам прыкрываў адыход асн. часткі грэч. войска. У ант. л-ры імя Л. — сімвал патрыятызму і воінскай доблесці.
т. 9, с. 170
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́НЛІЙ КАПІТАЛІ́ЙСКІ (Марк) (Marcus Manlius Capitolinus; ? — 384 да н.э.),
старажытнарымскі палкаводзец, консул (392 да н.э.), патрыцый. Камандаваў рым. войскамі ў вайне з эквамі (392 да н.э.), выратаваў Капітолій ад галаў (387 да н.э., адсюль ганаровае імя Капіталійскі). У 385 да н.э. выступіў у абарону плебеяў, у т. л. супраць даўгавога рабства. У 384 да н.э. абвінавачаны патрыцыямі ў імкненні да тыраніі і скінуты з Тарпейскай скалы.
т. 10, с. 84
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБАНІ́Д,
апошні цар Вавілонскага царства, правіў у 556—539 да н.э. Паходзіў з арамеяў. Захапіў прастол пасля смерці цара Лабашы-Мардука. Імкнуўся аб’яднаць усе арамейскія плямёны Пярэдняй Азіі ў адзіную дзяржаву для барацьбы супраць Персіі. Заваяваў г. Тайма ў цэнтр. Аравіі і перанёс туды сваю рэзідэнцыю, намеснікам Вавілоніі пакінуў свайго сына Валтасара. Праводзіў рэліг. рэформы. У 539 Вавілонію захапілі персы, Н. трапіў у палон і загінуў.
т. 11, с. 86
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)