кару́нкі, ‑аў; адз. няма.

Ажурныя, сятчастыя вырабы з ільняных, шаўковых і інш. нітак для аздобы бялізны, адзення і пад. Рукавы абрамлялі танюсенькія карункі. Машара. На развітанне .. Кася падаравала .. тоненькую насовачку, аздобленую карункамі. Васілевіч. // перан.; чаго або якія. Тое, што сваім выглядам нагадвае такі выраб. А мора ўжо ўгаманілася, толькі на прыбярэжнай кручы ды на мокрым жвіры пляжа віднеліся белыя карункі пены. Сабаленка. Сонца .. паклала на палаючыя вокны двухпавярховага драўлянага дома свае мядзяныя карункі. Рамановіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спаласну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Памыцца, змыць з сябе пыл, пот. — Вунь цэлы чыгун цёплай вады за заслонкай, вазьмі ды спаласніся ў ахвоту. Кулакоўскі. // Злёгку абмыцца. — Трохі спаласнёмся, — махнуў рукою Пецька. — Гэтыя дні мы папрацавалі. Мыслівец. // Абліць сябе вадою, акунуцца ў ваду. Нават пад соснамі сонца высушыла апошнюю расу на траве і так прыпякае, што хоць бягом бяжы на Мінскае мора, каб хоць адзін разок нырнуць ці спаласнуцца вадою. Мыслівец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцю́жа, ‑ы, ж.

Разм. Моцны холад, мароз. Нават зімой у лютую сцюжу .. [Сарокін] праз палонку апускаецца на дно ракі і працуе. Данілевіч. / Пра завею, мяцеліцу. Не хадзіў я з табой па сцяжынцы адной, Калі сцюжа мяла. Прыходзька. // перан. Жыццёвыя нягоды, цяжкасці. Шчасце наша прайшло праз сувеі і сцюжы, Многім з нас давялося пабялець без пары. Вітка. Твая песня стыхіяю мора Адбівалася ў сэрцы лапцюжных, Разлівалася ў цёмным прасторы, Дзе спявалі мінулага сцюжы. Трус.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хлі́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. Ціха плакаць; усхліпваць. [Маці] толькі сутаргава хліпала, выціраючы вочы вялікімі патрэсканымі пальцамі. Мележ. Белагаловая дзяўчынка сядзела трохі воддаль і хліпала, выціраючы кулачкамі заплаканыя вочы. Чыгрынаў.

2. перан. Слаба, мігатліва гарэць. Лямпа, якая вісела перад сталом прэзідыума, чамусьці пачала хліпаць усё мацней і мацней. Паслядовіч. Газоўка хліпала вечарам. Барадулін. Недзе ля Ялты раз-поразу загараўся зялёны агеньчык маяка; ён хліпаў бясконца, пасылаючы ў мора супакаенне начным вандроўнікам. Карамазаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БА́РКА (італьян. barca),

1) драўлянае пласкадоннае судна для сплаву грузаў па рэках. На Беларусі баркі выкарыстоўвалі ў бас. Дняпра і Прыпяці ў 17 — пач. 20 ст. Падзяляліся на сплаўныя і самаходныя. Сплаўныя баркі без ветразя, палубы і даху, з закругленымі носам і кармой, крыху нахіленымі бакамі будавалі толькі на адзін рэйс (уніз па цячэнні ракі). Пасля іх разбіралі і прадавалі на буд. матэрыял ці дровы. Па Дняпры да Чорнага мора сплаўлялі вялікія баркі даўж. 42—53 м, шыр. 15—17 м, грузападымальнасцю 320—800 т. Палескія (пінскія) баркі ў бас. Прыпяці былі самаходныя і служылі некалькі навігацый (да 8 гадоў). Яны мелі дах, ветразь і параўнаўча невял. памеры: даўж. 19—40 м, шыр. 2,8—5,6, грузападымальнасць ад 20 да 80 т. 2) Агульная назва ўсіх сплаўных пласкадонных рачных суднаў у 19 ст.

Н.​І.​Буракоўская.

т. 2, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛІНСГА́ЎЗЕН (Фадзей Фадзеевіч) (20.9.1778, в-аў Саарэмаа, Эстонія — 25.1.1852),

рускі мараплавец. Адмірал. У 1803—06 удзельнічаў у 1-м рускім кругасветным плаванні пад камандай І.​Ф.​Крузенштэрна. У 1819—21 узначальваў кругасветную экспедыцыю ў Антарктыку на шлюпах «Усход» (камандзір Белінсгаўзен) і «Мірны» (камандзір М.​П.​Лазараў). У 1819 адкрыта некалькі а-воў на Пд Атлантычнага ак. 28.1.1820 экспедыцыя адкрыла Антарктыду. У 1821 — адкрыты в-аў Пятра I і бераг Зямля Аляксандра I, шэраг астравоў у трапічнай ч. Ціхага ак. У 1828—29 удзельнічаў у рус.-тур. вайне. Імем Белінсгаўзена названа мора каля берагоў Антарктыды, мыс на Паўд. Сахаліне і в-аў у архіпелагу Туамоту.

Тв.:

Двукратные изыскания в Южном Ледовитом океане и плавание вокруг света в продолжение 1819, 1820, 1821 гг., совершенные на шлюпах «Восток» и «Мирный»... 3 изд. М., 1960.

Ф.Ф.Белінсгаўзен.

т. 3, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМА́ДУ ((Amado) Жоржы) (н. 10.8.1912, г. Ільеус, штат Баія, Бразілія),

бразільскі пісьменнік. Чл. Бразільскай акадэміі (1961). Вучыўся ў езуіцкім каледжы (1922—24), ун-це ў Рыо-дэ-Жанейра. Першы раман «Краіна карнавалу» (1932). Аўтар сац.-рэв. твораў «Какава» (1933), «Мёртвае мора» (1936), «Бяскрайнія землі» (1943), «Сан-Жоржы дос Ільеус» (1944), «Падполле свабоды» (1952). Вядомасць прынеслі раманы «Незвычайная смерць Кінкаса Згінь Вада» (1961), «Дона Флор і яе два мужы» (1966), «Крама цудаў» (1969), «Тэрэза Батыста, якая стамілася ваяваць» (1972), «Вяртанне блуднай дачкі» (1976), «Знікненне святой» (1988). Творчасць Амаду звязана з развіццём магічнага рэалізму — спецыфічнай лац.-амер. літ. з’явы; яго творам уласцівыя зварот да фальклору, гратэскавае адлюстраванне рэчаіснасці, карнавалізацыя, змяшэнне камічнага і трагічнага. Многія з іх экранізаваны. Чл. Сусв. Савета Міру.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1986—87.

П.​П.​Акулаў.

Ж.Амаду.

т. 1, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́ЛЬТМАН (Аляксандр Фаміч) (20.7.1800, С.-Пецярбург — 23.1.1870),

рускі пісьменнік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1854). Скончыў Маскоўскае вучылішча калонаважатых (1817). У 1818—31 на ваен. службе ў Бесарабіі. У 1852—70 дырэктар Аружэйнай палаты. Аўтар рамант. паэм «Уцякач» і «Мурамскія лясы» (абедзве 1831), рамана-падарожжа «Вандроўнік» (ч. 1—3, 1831—32), гіст. раманаў «Кашчэй Бессмяротны» (1833), «Лунацік» (1834), «Святаславіч, варожы гадаванец» (1835) і інш., кн. «Аповесці» (1843), даследаванняў «Нарыс старажытнай гісторыі Бесарабіі» (1828), «Варагі» (1834), «Першабытнае вераванне і будызм» (1864) і інш. У рамане «Саламея» (1846) з эпапеі «Прыгоды, пачэрпнутыя з мора жыццёвага» (кн. 1—4, 1846—63) адлюстраваў працэс нараджэння фантасмагорый у скажоным сац. адносінамі свеце. У творах Вельтмана спалучаюцца фантастыка і рэальнасць, авантурныя і бытавыя элементы; выкарыстоўваецца гратэск, стылізаваная мова.

Тв.:

Повести и рассказы. М., 1979;

Романы. М., 1985;

Сердце и думка. М., 1986.

т. 4, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯ́ЗЕМСКІ (Пётр Андрэевіч) (23.7.1792, Масква — 22.11.1878),

рускі паэт і літ. крытык. Князь. Правадз. чл. Рас. акадэміі (1839), акад. Пецярб. АН (1841). Атрымаў хатнюю адукацыю, у 1805—07 вучыўся ў езуіцкім пансіёне ў Пецярбургу. Быў блізкі да дзекабрыстаў, сябраваў з А.Пушкіным. Чл. літ. гуртка «Арзамас». У 1810—20-я г. стварыў узоры вольналюбівай грамадзянскай лірыкі (вершы «Пецярбург», «Абурэнне», «Мора», «Я Пецярбурга не люблю» і інш.) і т.зв. «лёгкай паэзіі» (вершы «Смутак», «Першы снег» і інш.). З 1840-х г. паэзія Вяземскага напоўнена ўспамінамі, трагічнымі матывамі (вершы «Я перажыў і многае і многіх», «Сцяжынка», «Сябрам» і інш.). Адстойваў эстэт. прынцыпы рамантызму; адзін з першых спрабаваў асэнсаваць развіццё рус. грамадзянскай паэзіі 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Прытрымліваўся кансерватыўных грамадскіх поглядаў.

Тв.:

Полн. собр. соч. Т. 1—12. СПб., 1878—96;

Соч. Т. 1—2. М., 1982;

Записные книжки. М., 1992.

т. 4, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́ЎНАЯ АСТРАНАМІ́ЧНАЯ АБСЕРВАТО́РЫЯ АН Расіі, Пулкаўская абсерваторыя,

навукова-даследчая ўстанова на Пулкаўскіх вышынях (75 м над узр. мора), за 19 км на Пд ад Санкт-Пецярбурга. Арганізавана В.Я.Струвэ, які быў яе першым дырэктарам (да канца 1861). Пабудавана паводле праекта арх. А.П.Брулова. Адкрыта ў 1839.

Асн. кірункі работ: стварэнне абс. каталогаў месцазнаходжання зорак, назіранне падвойных зорак, вызначэнне зорных паралаксаў. Каталогі мелі вял. дакладнасць; упершыню вымераны паралакс зоркі (λ Ліры; 0,125″ ± 0,055″; Струвэ, 1837). Асн. абсталяванне: 65-см рэфрактар, гарыз. мерыдыянны інструмент, фатаграфічная палярная труба, зеніт-тэлескоп, зорны інтэрферометр, 2 сонечныя тэлескопы, каранограф, меніскавы тэлескоп Максутава, вял. радыётэлескоп і інш. Галоўная астранамічная абсерваторыя выдае «Працы» (з 1893), «Весці» (з 1907), «Сонечныя даныя» (з 1954), «Бюлетэнь службы часу» (з 1955) і інш. Перадае сігналы дакладнага часу з 1920. Вядуцца даследаванні па астраметрыі, астрафізіцы, радыёастраноміі, пазаатмасфернай астраноміі і інш.

Я.​У.​Чайкоўскі.

т. 4, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)