дзяржава араб. племя набатэяў у канцы 3 ст. да н.э. — пач. 2 ст.н.э. на тэр. сучаснай Іарданіі. Першы гістарычна вядомы кіраўнік дзяржавы — Харытат I [169 да н.э. — ?]. Пры Харытаце III [87—62 да н.э.] падпарадкавала Дамаск. З сярэдзіны 1 ст. да н.э. ў васальнай залежнасці ад Рым. дзяржавы. Найб. росквіту дасягнула пры Харытаце IV [9—40 н.э.]. У 106 н.э. заваявана рым. імператарам Траянам, які стварыў на тэр. Н.дз. рымскую прав. Аравія. Захаваліся рэшткі сталіцы Н.дз. — г. Петра — унікальнага комплексу храмаў, дамоў, тэатраў і інш. будынкаў, высечаных у скалах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НАК,
адзіны жаночы кляштар ордэна дамініканцаў на Беларусі. Існаваў у 17—19 ст. у Навагрудку. Засн. ў 1654 М.Дамброўскім (паводле інш. звестак — у 1678 А.Пратасевічавай, жонкай навагрудскага земскага натарыуса). У 1690 пабудаваны мураваны касцёл Дзевы Марыі. У канцы 18 — пач. 19 ст. кляштару. належала частка в. Каменка ў Навагрудскім пав. У 1864 скасаваны, 20 яго манашак накіраваны ў Гродзенскі кляштар брыгітак і Мінскі кляштар бенедыкцінак. Каля 1900 касцёл разабраны на цэглу. У жылым будынку кляштара ў 1920-я г. размяшчалася ваяводская ўправа, у час Вял.Айч. вайны разбураны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВА́ХІ, наваха,
племя паўн.-амер. індзейцаў. Разам з племем апачы складаюць паўд. групу атапаскаў. У мінулым лясныя паляўнічыя. У 14 — канцы 15 ст. мігрыравалі на Пн сучаснага штата Нью-Мексіка, займаліся земляробствам, з 18 ст. — жывёлагадоўляй. Супраціўляліся еўрап. каланізацыі. Пасля задушэння іх узбр. выступленняў у 1846—67 каля 9 тыс. Н. прымусова пераселена ў рэзервацыю Баск-Рэдан. У 1868 на мяжы штатаў Арызона і Нью-Мексіка створана рэзервацыя (сучасная тэрыторыя 60 тыс.км5). Жывуць у рэзервацыях штатаў Арызона, Нью-Мексіка, Юта (219,2 тыс.чал., 1998). Мова — наваха (гавораць на ёй 62%), выцясняецца англійскай. Большасць Н. хрысціяне розных кірункаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГАВІ́ЦЫ, штаны, порткі,
адна з асн. частак традыц. мужчынскага адзення беларусаў. Шылі з аднатоннага ці шарачковага палатна, са зрэбнай або паўсуконнай тканіны, зімовыя — з цёмнага сукна (суконнікі). Вузкія калошы злучалі ў верхняй частцы ромбападобнай устаўкай; зашпіляліся спераду. Былі каўняровыя на поясе, якія зашпільваліся на калодачку-біргельку ці гузік і бескаўняровыя на матузку. Калошы ўнізе спадалі свабодна або абкручваліся анучамі і аборамі для лапцей. Кашулю насілі паверх Н. У канцы 19 ст. белыя палатняныя Н. сталі сподняй адзежынай. У пач. 20 ст. выйшлі з ўжытку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕГІ́ДА (сучаснае гарадзішча Тэль-эль-Мутэсялім на Пн Ізраіля),
старажытны горад і крэпасць на скрыжаванні важных у старажытнасці гандл. шляхоў Пярэдняй Азіі. Узнікненне М. адносяць да сярэдзіны 4-га тыс. да н.э. Да канца 2-га тыс. да н.э. належаў ханаанеям. У пач. 2-га тыс. да н.э. ў М. знаходзіўся егіпецкі намеснік; у 1502 да н.э. фараон Тутмос III разрабаваў М. У канцы 2-га тыс. да н.э. М. заваяваны ізраільцянамі. Пасля разбурэння ў 732 да н.э. Тыглатпаласарам III тут узнікла асірыйская крэпасць. Да 6—4 ст. да н.э. адносяцца рэшткі персідскага горада.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕГРЭ́ЛЬСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1857 Выклікана рэзкім узмацненнем феад. эксплуатацыі прыгонных сялян падуладнага Расіі Мегрэльскага княства (на З Грузіі) пасля Крымскай вайны 1853—56. Пачалося ў канцы 1856 пад кіраўніцтвам каваля У.Мікавы. 24 мая сяляне (10—20 тыс.чал.) захапілі цэнтр княства г. Зугдыды, адмовіліся выконваць феад. павіннасці, патрабавалі скасавання ўлады мясц. князёў і перадзелу памешчыцкіх зямель, спадзеючыся пры гэтым на заступніцтва рас. цара. Паўстанне задушана ў вер. 1857 рас. войскамі і атрадамі памешчыкаў, 38 кіраўнікоў сасланы ў глыб Расіі. Рас. ўлады ўвялі ў Мегрэльскім княстве сваё кіраванне і пачалі падрыхтоўку да адмены прыгоннага права ў Грузіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗУРКЕ́ВІЧ (Язэп) (Іосіф Ігнатавіч; 1887, в. Цялякава Уздзенскага р-на Мінскай вобл. — 1937),
бел. пісьменнік, краязнавец. Скончыў Вышэйшыя курсы беларусазнаўства ў Мінску (1924). Настаўнічаў, выкладаў на Віцебскім вячэрнім рабфаку. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. працаваў у Віцебскім краязнаўчым музеі, у школе. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Віцебскай філіі «Маладняка» і Віцебскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. Друкаваўся з 1922. Выступаў з апавяданнямі («Здзекі», 1924; «Бранявік», 1925), п’есамі («За калгас», 1930), нарысамі («Сустрэча», 1932), крытычнымі артыкуламі («400 гадоў беларускага друку», 1925; «Літаратурны рух на Віцебшчыне», 1929). Рэпрэсіраваны ў 1937. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАКАЛО́ГІЯ (ад грэч. malakion малюск + ...логія),
раздзел заалогіі, які вывучае малюскаў. Асновы М. закладзены ў канцы 18 — пач. 19 ст.Ж.Кюўе вылучыў у асобную групу галаваногіх малюскаў (1797), англ. заолаг Р.Оўэн распрацаваў класіфікацыю малюскаў (1836) і выдаў манаграфію па групе наўтылусаў. Далейшае вывучэнне малюскаў канцэнтравалася пераважна ў Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі і інш. На Беларусі працы па М. вядомы з канца 19 — пач. 20 ст., апісана малакафауна рэгіёнаў — Белавежскай пушчы, Кобрынскага, Мазырскага, Пінскага паветаў і Гродзенскай губ., воз. Свіцязь. Сучасныя пытанні М. вывучаюцца ў БДУ, БелНДІ эксперым. ветэрынарыі, Ін-це заалогіі Нац.АН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖЛЕДАВІКО́ЎЕ, інтэргляцыял,
адрэзак часу паміж 2 ледавікоўямі ў антрапагенавым перыядзе. Працягласць М. каля 10—30 тыс. гадоў. Пачаткам з’яўляецца канец рэгрэсіўнай фазы папярэдняга ледавікоўя, заканчэннем — пачатак трансгрэсіі наступнага ледавіка. Характарызуецца пацяпленнем клімату, вызваленнем тэрыторый умераных шырот ад ледавіковага покрыва і ў сувязі з гэтым падняццем тэрыторыі (працэсы гляцыяізастазіі, гл.Ізастазія); ажыўленнем эразійных працэсаў, намнажэннем алювіяльных, азёрных і балотных адкладаў, развіццём расліннасці ад хвойных, мяшаных да шыракалістых лясоў (у перыяд кліматычнага оптымуму), а ў канцы М. — зноў хвойных. На тэр. Беларусі вылучаюць 4 М.: белавежскае (самае старажытнае), александроўскае, шклоўскае і муравінскае (гл. адпаведныя артыкулы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЕТЫ́ЗМ (ад лац. pietas набожнасць),
містычная плынь, якая ставіла рэліг. пачуцці вышэй за рэліг. догматы; супрацьлеглая артадаксальнаму пратэстантызму. Узнік у канцы 17—18 ст. ў Германіі. Яго заснавальнік ням. тэолаг Ф.Шпенер абвяргаў царк. абраднасць, падкрэсліваў неабходнасць для вернікаў асабістага перажывання Бога, якое дазваляе зацвердзіць высокамаральныя прынцыпы жыцця і атрымаць «боскую ласку». Прыхільнікі П. абвяшчалі грахоўнымі тэатр, танцы, песні, забавы, насаджалі веру ў цуды, фанатызм, містыку, выступалі супраць навукі, розуму, прагрэсу, праследавалі вучоных і філосафаў. У 18 ст. іх ідэі былі выкарыстаны ў барацьбе супраць ідэй Асветніцтва. У шырокім сэнсе П. — рэліг.-містычны настрой, паводзіны.