сямейства кляшчоў атрада паразітаформных з прадаўгавата-круглаватым, пляскатым целам, укрытым хіцінавымі шчыткамі даўжынёй 0,3—4 мм, якое ў сусветнай фауне налічвае каля 4 тысяч відаў; многія — паразіты паўзуноў, птушак, млекакормячых і чалавека.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
НАСЯКО́МЫЯ (Insecta, або Hexapoda),
надклас (клас) беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Найбуйнейшая група жывёл (больш за 1 млн.відаў, каля 70% ад агульнай колькасці відаў). Вядомы з сярэдняга дэвону (каля 380 млн. гадоў назад). Пашыраны ўсюды, большасць наземныя, жывуць таксама ў вадаёмах, глебе, інш. арганізмах, арган. рэштках. 2 класы (падкласы): скрытнасківічныя (Entognatha) і адкрытасківічныя (Ectognatha). Клас скрытнасківічных уключае падкласы (атр.): бязвусікавыя насякомыя, двуххвосткі і нагахвосткі; адкрытасківічных — шчацінахвостак і вышэйшых, або крылатых, Н. (Pterygota, каля 30 атр.), якіх падзяляюць на 2 групы: з няпоўным і поўным ператварэннем. У групу з няпоўным ператварэннем уваходзяць атр.: аўсянікі, багамолы, вошы, вяснянкі, клапы, палачнікі, пузыраногія, пухаеды, раўнакрылыя хобатныя, сенаеды, скурыстакрылыя, стракозы, тараканавыя, тэрміты, эмбіі, гемімерыды, грылаблатыды, зараптары, прамакрылыя; у групу з поўным ператварэннем — блохі, вееракрылыя, віслакрылыя, вярблюдкі, двухкрылыя, жукі, матылі, перапончатакрылыя, сеткакрылыя, скарпіёнавы мухі, шыцікі. На Беларусі больш за 30 тыс.відаў з 26 атр. (найб.: блохі, двухкрылыя, жукі, клапы, матылі, перапончатакрылыя, пузыраногія, раўнакрылыя хобатныя, стракозы, шыцікі). У Чырв. кнізе Беларусі 79 відаў з 16 атрадаў.
Даўж. ад 0,2 мм (наезнікі-яйцаеды) да 33 см (трапічныя палачнікі). Цела членістае, укрыта кутыкулай (утварае вонкавы шкілет) і адчувальнымі ўтварэннямі — сэнсіламі; падзелена на галаву, грудзі і брушка. Галава нясе ротавыя органы (грызучага, сысучага, колюча-сысучага або ліжучага тыпу), простыя і пару складаных (фасетачных) вачэй, пару вусікаў — антэн. Грудзі з 3 членікаў (пярэдня-, сярэдня- і заднягрудзі), якія нясуць па пары членістых ног і ў большасці відаў 1—2 пары перапончатых крылаў (на сярэдне- і заднегрудзях). Брушка з некалькіх (да 11) сегментаў, у многіх Н. мае канцавыя прыдаткі (джалы, яйцаклады, цэркі). Поласць цела другасная. Будова органаў стрававання залежыць ад тыпу корму. Крывяносная сістэма незамкнёная, рух крыві (гемалімфы) забяспечваецца пульсуючым аддзелам спіннога сасуда — сэрцам. Органы дыхання — сістэма трубачак (трахей), праз якія паветра непасрэдна дасягае тканак і клетак цела, у водных лічынак — шчэлепы. Развіты эндакрынныя, пахучыя, слінныя, воска- і шоўкааддзяляльныя, ядавітыя і інш. залозы. Выдзяляльная сістэма прадстаўлена мальпігіевымі сасудамі, ц. н. с. — т.зв. галаўным мозгам, падглотачным гангліем і брушным ланцужком тулаўных гангліяў. Валодаюць зрокам, нюхам, слыхам, дотыкам, смакам і гігратэрмічным пачуццем. Паводзіны разнастайныя і складаныя. Большасць Н. раздзельнаполыя, з выяўленым палавым дымарфізмам. Развіццё з метамарфозам — няпоўным (уключае 3 стадыі: яйцо, лічынка, або німфа, і дарослае Н., або імага) ці поўным (паміж лічынкай і імага — стадыя кукалкі).
Н. ўдзельнічаюць у кругавароце рэчываў у біясферы (выкарыстоўваюць разнастайныя кармы і самі з’яўляюцца кормам для многіх арганізмаў, выконваюць сан. функцыю), у глебаўтварэнні, апыляюць расліны. Многія Н. — шкоднікі раслін (гл.Шкоднікі збожжа і збожжапрадуктаў, Шкоднікі лесу, Шкоднікі сельскагаспадарчых культур), паразіты жывёл і чалавека, пераносчыкі ўзбуджальнікаў хвароб (напр., крывасмокі). Некат Н. выкарыстоўваюць для атрымання харч., лек. рэчываў, тэхн. сыравіны (напр., пчол, шаўкапрадаў), у біял. ахове с.-г. і лясных раслін (напр., божых каровак, жужаляў, наезнікаў). Вывучае Н. энтамалогія.
Літ.:
Яхонтов В.В. Экология насекомых. 2 изд. М., 1969;
Бей-Биенко Г.Я. Общая энтомология. 3 изд. М., 1980;
Фабр П.Ж.А. Инстинкт и нравы насекомых: Пер. с фр.Т. 1—2. М., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУКЦЫ́НУМ (Buccinum),
род марскіх бруханогіх малюскаў атр. стэнаглосных. 86 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, пераважна ў халодных і ўмераных водах. Асобныя віды трапляюцца ў субтрапічных водах каля берагоў Японіі і ў Міжземным м. Вядомы з алігацэну. У Баранцавым м. пашыраны B. undatum.
Выш. авальнай ракавіны да 16 см. Маюць кароткі сіфанальны выраст, накрыўку. Драпежнікі. Раздзельнаполыя. Адкладваюць яйцы. Лічынкі з добра развітым парусам. Важны аб’ект промыслу ў Вялікабрытаніі; мяса спажываецца ў ежу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЙТС ((Bates) Генры Уолтэр) (8.2.1825, г. Лестэр, Вялікабрытанія — 16.2.1892),
англійскі прыродазнавец і падарожнік. У 1848—58 разам з А.Р.Уолесам у Бразіліі сабраў калекцыю насякомых — больш за 14,7 тыс.відаў, у т. л. 800 раней невядомых навуцы. Адкрыў і растлумачыў з’яву мімікрыі ў матылёў даліны р. Амазонка (1862). Выпадак падабенства ядомага насякомага да неядомага наз. бейцаўскай мімікрыяй. Чл. Каралеўскага геагр.т-ва (з 1881).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАСТАІДЭ́І (Blastoidea),
марскія бутоны, клас вымерлых ігласкурых. Больш за 50 родаў, 300 відаў. Вядомы з ардовіку да пярмі ўключна ў Еўропе, Казахстане, Паўн. Амерыцы, Інданезіі. На Беларусі рэшткі знойдзены пераважна ў пародах ардовіку. Жылі ў морах.
Цела даўж. да 35 см складалася з кароны, утворанай бутонападобнай чашачкай — тэкай са шматлікімі «ручкамі» — брахіёламі, і сцябла. Пад чашачкай знаходзілася сістэма вапняковых трубачак, якія служылі, верагодна, для дыхання. Рэшткі некаторых бластаідэй — вызначальнікі ўзросту каменнавугальных і пермскіх адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫНАМІЦЭ́ТЫ, прамянёвыя грыбкі,
група грамдадатных бактэрый, якія ўтвараюць клеткі або гіфы. Каля 700 відаў: уласна актынаміцэты, мікабактэрыі, стрэптаміцэты і інш. Большасць актынаміцэтаў — сапратрофы; пашыраны ў глебе, вадаёмах і паветры, на раслінных рэштках.
Маюць нітачна-, палачка- ці кокападобную форму, бакавыя нарасці, большасць утварае міцэлій. Размнажаюцца спорамі або дзяленнем. Патагенныя для раслін, жывёл і чалавека віды выклікаюць актынамікоз, актынабацылёз, туберкулёз і інш. хваробы. Віды, якія прадуцыруюць антыбіётыкі, пігменты, вітаміны і інш., выкарыстоўваюцца ў мікрабіял. прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКВА́РЫУМНЫЯ РЫ́БЫ,
рыбы, якіх вырошчваюць і разводзяць у акварыумах з дэкар. і навук. мэтамі. З некалькіх сотняў відаў на Беларусі пашыраны каля 40. Найб. вядомыя: залатая рыбка, мечаносцы, гупі, даніо, скалярыі, неоны, барбусы, сомікі, хромісы, наностамусы, хеміграмусы, дыскусы, цыхлазомы, гурамі, грымі, малінезіі, тэрнецыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛІЦО́ВАЧНЫЯ РАБО́ТЫ,
аддзелка вонкавых і ўнутр. паверхняў збудаванняў ліставымі і плітачнымі матэрыяламі, разнавіднасць аддзелачных работ. Павышаюць даўгавечнасць і паляпшаюць архітэктурна-маст. выразнасць будынкаў. Асн. аперацыі: сартаванне і падрыхтоўка абліцовачных матэрыялаў, прыгатаванне буд. раствораў, клеяў і масцік, падрыхтоўка і разметка паверхні, уласна абліцоўка. Вонкавыя абліцовачныя работы выконваюць адначасова з муроўкай сцен ці пасля іх узвядзення, унутраныя праводзяць па заканчэнні агульных буд. работ. Адзін з відаў абліцовачных работ — мазаічнае пакрыццё (гл. ў арт.Мазаіка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХЕАЦЫЯ́ТЫ (Archaeocyatha),
тып вымерлых прымітыўных беспазваночных жывёл. Больш за 1 тыс.відаў. Жылі ва ўсіх морах ранняга кембрыю на глыб. да 100 м.
Даўж. 1—10 см (рэдка 40—150 см), дыям. 1—10 см (рэдка 40—80 см). Вапнавы порысты шкілет меў форму кубка або рога (грэч. kýathos кубак, адсюль назва). Адзіночныя, радзей каланіяльныя формы. Вялі прымацаваны спосаб жыцця, зрэдку стваралі першыя стараж. рыфы. Рэшткі археацытаў з’яўляюцца вызначальнымі выкапнямі для кембрыйскіх адкладаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСЦЫ́ДЫІ (Ascidiae),
клас марскіх хордавых жывёл, тыпу абалоннікаў. Пашыраны ва ўсіх морах. Некалькі атрадаў, каля 2 тыс.відаў.
Даўж. ад 0,1 мм да 50 см. Цела мяшэчкападобнае, пакрытае моцнай тунікай, ніжнім канцом прымацаванае да субстрату. На верхнім канцы знаходзяцца ротавы і клаакальны сіфоны. Унутраны шкілет адсутнічае. Гермафрадыты. Размнажэнне палавое і бясполае. Кормяцца дробнымі арганізмамі і дэтрытам. Есць асцыдыі простыя, або адзіночныя (монасцыдыі), і складаныя, або каланіяльныя (сінасцыдыі). Лічынкі вольнаплаваючыя, маюць хорду.