БАГДА́НАЎ (сапр.Маліноўскі) Аляксандр Аляксандравіч
(22.8.1873, г. Саколка Беластоцкага ваяв., Польшча — 7.4.1928),
расійскі філосаф, сацыёлаг, эканаміст, паліт. дзеяч. Скончыў мед.ф-т Харкаўскага ун-та (1899). Чл.РСДРП у 1896—1909. Адзін з лідэраў адзавістаў. З 1917 выкладаў эканоміку ў Маскоўскім ун-це, з 1918 ідэолаг Пралеткульта. Дырэктар (з 1926) заснаванага ім першага ў свеце Ін-та пералівання крыві. Стварыў суб’ектыўна-ідэалаг.філас. сістэму эмпірыяманізму. Распрацоўваў навуку аб агульных прынцыпах арганізацыі — тэкталогію, у якой выказаў шэраг ідэй, што пазней развіты ў агульнай тэорыі сістэм, кібернетыцы і канцэпцыях навук. арганізацыі працы. Аўтар утапічных раманаў «Чырвоная зорка» (1908) і «Інжынер Мэні» (1912). Памёр у выніку пастаўленага на сабе доследу.
Тв.:
Эмпириомонизм. Кн. 1—3. М.; СПб., 1904—06;
Революция и философия. СПб., 1905;
Философия живого опыта. СПб., 1913;
Всеобшая организационная наука: (Тектология). Ч. 1—2. М., 1913—17;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРАЦЫ́ЙНАЕ ЗЛІЧЭ́ННЕ,
метад аналізу матэматычнага, які дае магчымасць зводзіць рашэнне складаных матэм. задач да больш простых. У аснову закладзена замена па пэўных правілах зададзеных функцый (арыгіналаў) 𝑓(t) інш. функцыямі (вобразамі) камплекснай пераменнай F(s); пры гэтым аперацыя дыферэнцавання пераходзіць у аперацыю множання на s, інтэгравання — дзялення на s, дыферэнцыяльныя і інтэгральныя ўраўненні — у алг. ўраўненні і інш.
Англ. вучоны О.Хевісайд прапанаваў у 1892 фармальныя правілы карыстання аператарам p=d/dt і некаторымі функцыямі гэтага аператара, з дапамогай чаго вырашыў шэраг задач электрадынамікі. Абгрунтаванне аперацыйнага злічэння праводзіцца на аснове інтэгральнага Лапласа пераўтварэння. Аперацыі знаходжання вобразаў па арыгіналах (і наадварот) забяспечаны спец. табліцамі. Найбольш агульныя вынікі аперацыйнага злічэння атрыманы на аснове тэорыі абагульненых функцый. Далейшае развіццё ідэі аперацыйнага злічэння атрымалі ў функцыянальным злічэнні аператараў, сімвалічным злічэнні псеўдадыферэнцыяльных аператараў. Распрацаваны абагульненні аперацыйнага злічэння на аснове пераўтварэнняў Фур’е і Меліна; для інш. дыферэнцыяльных аператараў.
Літ.:
Диткин В.А., Прудников А.П. Интегральные преобразования и операционное исчисление. 2 изд. М., 1974.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫМІЗА́ЦЫІ ЗАДА́ЧЫ І МЕ́ТАДЫ,
раздзел матэматыкі, у якім вывучаюцца ўласцівасці розных класаў задач, што грунтуюцца на выбары сярод некаторага мноства найлепшага з дазволеных рашэнняў (аптымізацыйныя задачы). Кожная задача ўключае фармальнае апісанне мноства рашэнняў і крытэрыяў аптымальнасці. У залежнасці ад інфармаванасці асобы, што прымае рашэнне, задачы бываюць дэтэрмінаваныя (адзіны інфарм. стан), нявызначаныя (мноства інфарм. станаў; звычайна разглядаюцца ў гульняў тэорыі) і стахастычныя (кожны з мноства інфарм. станаў мае пэўную імавернасць); у залежнасці ад уласцівасцяў мноства рашэнняў і крытэрыяў аптымальнасці выбару — аднакрытэрыяльныя (патрабаванні мінімізацыі або максімізацыі адной мэтавай функцыі) і многакрытэрыяльныя (некалькіх мэтавых функцый). Могуць быць зададзены і спецыфічныя суадносіны перавагі адных рашэнняў перад інш. магчымымі. Матэм. асновай распрацоўкі лікавых метадаў аптымізацыі з’яўляюцца матэм. аналіз, лінейная алгебра, тэорыя імавернасцяў і інш. Для рашэнняў аптымізацыйных задач распрацаваны шэраг пакетаў праграм.
Літ.:
Габасов Р., Кириллова Ф.М. Методы оптимизации. 2 изд. Мн., 1981;
Васильев Ф.П. Численные методы решения экстремальных задач. 2 изд. М., 1988;
Карманов В.Г. Математическое программирование. 3 изд. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАГО́Й (Дзмітрый Дзмітрыевіч) (9.2.1893, Масква — 14.2.1984),
рускі літ.-знавец. Чл.-кар.АНСССР (1953), правадзейны чл.АПН Расіі (1947), АПНСССР (1967). Праф. Маскоўскага ун-та (з 1943). Аўтар манаграфій пра жыццё і творчасць А.С.Пушкіна [»Творчы шлях Пушкіна (1813—1826)», 1950, Дзярж. прэмія СССР 1951; «Творчы шлях Пушкіна (1826—1830)», 1967], прац па гісторыі рус. л-ры 18—20 ст. (у кн. «Тры стагоддзі. З гісторыі рускай паэзіі XVIII, XIX, і XX ст.», 1933; «Літаратура і рэчаіснасць. Пытанні тэорыі і гісторыі літаратуры», 1959, і інш.), артыкулаў па агульных праблемах літ.-знаўства, пра заканамернасці гіст.-літ. працэсу («Пра нацыянальную спецыфіку літаратуры», 1951; «Асаблівасці рускага рэалізму 19 ст.», 1957, і інш.).
Тв.:
История русской литературы XVIII в. 4 изд. М., 1960;
От Кантемира до наших дней. Т. 1—2. 2 изд. М., 1979.
Літ.:
Искусство слова: Сб. ст. к 80-летию чл.-кор. АНСССР Д.Д.Благого. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БОГАШУКА́ЛЬНІЦТВА,
рэлігійна-філас. плынь, што ўзнікла ў пач. 20 ст. сярод расійскай ліберальнай інтэлігенцыі. Адзін з філас. вытокаў богашукальніцтва — канцэпцыя «ўсеяднання» У.С.Салаўёва і яго погляды на спасціжэнне быцця шляхам містычнага вобразна-сімвалічнага асвятлення, накіраванае на выратаванне грамадства з дапамогай тэорыіхрысц. «богачалавечага працэсу». Прадстаўнікі богашукальніцтва (М.А.Бярдзяеў, С.М.Булгакаў, Дз.С.Меражкоўскі, З.М.Гіпіус, М.М.Мінскі і інш.) шукалі «трэці шлях» паміж традыц. праваслаўна-дзярж. каштоўнасцямі і рэв. рухам, таму іх ідэалогія з абодвух бакоў сустракала непаразуменне і не мела вял. пашырэння. Прыхільнікі богашукальніцтва прапаноўвалі вучэнне пра новую рэліг. свядомасць, усталяванне божага царства ў зямным жыцці; крытыкавалі марксісцкую тэорыю класавай барацьбы як аднабаковую і недасканалую; негатыўна ставіліся да філас. матэрыялізму і лічылі яго «іншародным псіхічнаму складу» рус. чалавека. Цікавасць да богашукальніцтва праяўлялі прадстаўнікі мастацтва, асабліва прыхільнікі дэкадэнцтва і сімвалісты старэйшай генерацыі.
Літ.:
История философии. Т. 5. М., 1961;
Короткая Т.П. Религиозная философия в Белоруссии начала XX в.: Критич. анализ. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРОЙЛЬ (Broglie),
дэ Бральі, французскія фізікі, браты.
Марыс (27.4.1875, Парыж — 14.7.1960), замежны чл.-кар.АНСССР (1927). Скончыў Марсельскі ун-т (1900). Навук. даследаванні па рэнтгенаўскай спектраскапіі, атамнай і ядз. фізіцы праводзіў у сваёй прыватнай лабараторыі. У 1908 эксперыментальна вызначыў зарад электрона, сканструяваў рэнтгенаўскі спектрограф.
Луі Віктор (15.8.1892, г. Дзьеп, Францыя — 19.3.1987), адзін са стваральнікаў квантавай механікі. Чл. Парыжскай АН (1933), замежны чл.АНСССР (1958) і інш. акадэмій, праф. Парыжскага ун-та ў 1928—62. Вучань Марыса Бройля. Скончыў Парыжскі ун-т (1913). Навук. працы па класічнай і квантавай механіцы, тэорыі поля, квантавай электрадынаміцы, гісторыі і метадалогіі фізікі. Выказаў (1924) гіпотэзу пра хвалевыя ўласцівасці матэрыі (гл.Хвалі дэ Бройля). Аўтар манаграфій (рус.пер.): «Уводзіны ў хвалевую механіку» (1934), «Па сцежках навукі» (1962), «Рэвалюцыя ў фізіцы» (1965). Нобелеўская прэмія 1929.
Літ.:
Голин Г.М., Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУНЕЛЕ́СКІ, Брунелеска (Brunelleschi, Brunellesco) Філіпа (1377, г. Фларэнцыя, Італія — 15.4.1446), італьянскі архітэктар, скульптар і вучоны. Адзін з заснавальнікаў архітэктуры Адраджэння і стваральнікаў тэорыі перспектывы. Працаваў пераважна ў Фларэнцыі. Сярод работ: грандыёзны 8-гранны купал сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ (1420—36), які стаў арх. дамінантай Фларэнцыі, першым буйным помнікам рэнесансавага дойлідства і дасягненнем інж. думкі ў Італіі; арачная лоджыя Выхавацельнага дома (1421—44), перакрытыя лёгкімі рабрыстымі купаламі і расчлянёныя ордэрам цэнтрычныя інтэр’еры Старой сакрысціі царквы Сан-Ларэнца (1422—28) і капэлы Пацы (з 1429), у якіх Брунелескі ўпершыню ўвасобіў у арх. вобразах маст. ўяўленні эпохі гуманізму; цэрквы Сан-Ларэнца (1422—46) і Санта-Спірыта (з 1444). Сваімі творамі зрабіў прыклад у вольным выкарыстанні ант.арх. формаў для вырашэння функцыян., ідэйных і канструкцыйна-буд. задач свайго часу.
Літ.:
Данилова И.Е. Брунеллески и Флоренция. М., 1991.
Ф.Брунелескі. Купал сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі. 1420—36.Ф.Брунелескі. Капэла Пацы ў Фларэнцыі. Інтэр’ер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́НДЭЛЬБАНД ((Windelband) Вільгельм) (11.5.1848, г. Патсдам, Германія — 22.10.1915),
нямецкі філосаф, заснавальнік бадэнскай школы неакантыянства. Праф. у Цюрыху, Фрайбургу, Страсбуры, Гайдэльбергу. Даследаванні ў галіне гісторыі філасофіі, логікі, этыкі і тэорыі каштоўнасцей (аксіялогіі). Крытычна пераасэнсоўваў некаторыя філас. азначэнні І.Канта, асабліва «рэч у сабе». Філасофію лічыў «вучэннем пра агульназначныя каштоўнасці». На яго думку, філасофія не можа канчаткова вырашыць пытанне аб адносінах паміж законамі прыроды і каштоўнасцямі культуры, як не можа знайсці і агульны метад пазнання прыроды і гісторыі. Канчатковай мэтай гіст. прагрэсу лічыў самавызначэнне чалавецтва ў адпаведнасці этычным ідэалам, таму сац. праблемы зводзіў да этычных. Вышэй за этычныя каштоўнасці ставіў эстэтычныя як незалежныя ад чалавечай волі. Дуалізм каштоўнасці і рэчаіснасці Віндэльбанд тлумачыў як неабходную ўмову чалавечай дзейнасці.
Тв.:
Рус.пер. — История древней философии. СПб., 1893;
История новой философии... Т. 1—2. СПб., 1902—05;
Прелюдии. СПб., 1904;
О свободе воли. М., 1905;
Платон. 4 изд. СПб., 1909;
Философия в немецкой духовной жизни XIX столетия. М., 1910.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІЯДУ́К (франц. viaduk ад лац. via дарога + duco вяду),
маставое збудаванне на высокіх апорах пры перасячэнні дарогі з ярамі, цяснінамі, забалочанымі далінамі рэк. Будуецца часам замест высокіх насыпаў, калі іх стварэнне эканамічна або тэхнічна не мэтазгодна. Паступовае нарастанне вышыні апор (часам і памеру пралётаў) адрознівае віядук ад эстакады. Бываюць віядукі каменныя, металічныя, бетонныя, жалезабетонныя, пераважна шматпралётнай арачнай, радзей бэлечнай канструкцыі. Віядукі вядомыя з часоў Стараж. Рыма, дзе іх будавалі па сістэме арак, выкладзеных з буйных каменных блокаў, што надавала ім суровы манум. выгляд (віядукі каля г. Алькантара ў Іспаніі). З канца 19 ст. будуюць пераважна металічныя і жалезабетонныя віядукі. Канструкцыйныя магчымасці новых матэрыялаў і распрацоўка навук.тэорыі мостабудавання далі магчымасць значна зменшыць аб’ём і масу асн. частак збудавання і паўплывалі на ўзнікненне сучасных віядукаў з адкрытымі канструкцыямі (жалезабетонныя віядукі ў г. Нажан на р. Марна, Францыя, віядук Пальчэвера ў Генуі і інш.).
Старажытнарымскі віядук каля г. Алькантара (Іспанія) цераз р. Таха. 109. Рэканструкцыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГУ́ЛЬНАЯ ТЭО́РЫЯ СІСТЭ́М,
навуковая канцэпцыя даследавання аб’ектаў, якія ўяўляюць сабой сістэмы. Цесна звязана з сістэмным падыходам, з’яўляецца канкрэтызацыяй і логіка-метадалагічным выражэннем яго прынцыпаў і метадаў. Агульную тэорыю сістэм, адну з першых версій якой распрацаваў Л.Берталанфі, абагульняе прынцыпы цэласнасці, арг-цыі, эквіфінальнасці (дасягнення сістэмай аднолькавага канчатковага стану пры розных зыходных умовах) і ўзаемаадназначнай адпаведнасці — ізамарфізму (гл.Ізамарфізм і гомамарфізм). У межах гэтай канцэпцыі было арганізавана даследаванне адкрытых сістэм, якія пастаянна абменьваюцца рэчывам і энергіяй са знешнім асяроддзем. У 1950—70-я г. існавалі і інш. падыходы да пабудовы агульнай тэорыі сістэм (М.Месаровіч, Л.Задэ, Р.Акоф, Дж.Клір, У.Н.Садоўскі, А.І.Уёмаў, Ю.А.Урманцаў, Р.Калман, Э.Ласла і інш); асн. ўвага звярталася на распрацоўку логіка-канцэптуальнага і матэм. апарата сістэмных даследаванняў.
Літ.:
Садовский В.Н. Основания общей теории систем: Логико-методол. анализ. М., 1974;
Уёмов А.И. Системный подход и общая теория систем. М., 1978;
Bertalanffy Z. v. General system theory: Foundations, development, applications. New York, 1969.