барацьба Вялікабрытаніі і ЗША супраць фаш. Германіі і Італіі за камунікацыі ў Атлантычным акіяне, Міжземным, Нарвежскім, Паўночным і інш. морах у час 2-й сусв. вайны. Германія разлічвала, што дзеянні яе падводных лодак, надводных караблёў і самалётаў перарвуць жыццёва важныя для Вялікабрытаніі камунікацыі ў Атлантыцы і прымусяць яе выйсці з вайны. Вялікабрытанія і ЗША імкнуліся абараніць свае водныя камунікацыі і дасягнуць перавагі на атлантычным тэатры ваен. дзеянняў. У вер. 1939 — чэрв. 1941 у баях удзельнічалі з абодвух бакоў нязначныя сілы. Аднак атакі нават малой колькасці ням. падлодак былі эфектыўныя, бо процілодачныя сістэмы саюзнікаў аказаліся недастаткова падрыхтаваныя. У ліп. 1941 — сак. 1943 асн. сілы ням. авіяцыі і надводных караблёў дзейнічалі супраць СССР. Цяжкія страты вермахта на сав.-герм. фронце паспрыялі саюзнікам, яны значна ўмацавалі свае сілы (у сак. 1943 мелі каля 3000 караблёў і 2700 самалётаў супраць 100—130 ням. падлодак) і нанеслі праціўніку значныя страты. Гэтыя абставіны, а таксама выхад з вайны Італіі ў вер. 1943, высадка саюзнікаў у Паўн. Францыі ў чэрв. 1944, колькасны і якасны рост сіл і сродкаў іх процілодачнай абароны рэзка зменшылі эфектыўнасць дзеянняў ням. падлодак у 1943—45. Агульныя страты саюзных і нейтральных дзяржаў у бітве за Атлантыку склалі 4245 транспартаў. Германія і Італія страцілі 705 караблёў і 81 падлодку. Яны не здолелі парушыць камунікацыі Вялікабрытаніі і ЗША у Атлантыцы і нанеслі адчувальныя страты іх ваен.-эканам. патэнцыялу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУХО́ЎНА-РЫ́ЦАРСКІЯ О́РДЭНЫ,
ваенна-рэлігійныя аб’яднанні, арганізаваныя на ўзор каталіцкіх манаскіх ордэнаў. Узніклі ў час крыжовых паходаў як брацтвы для дапамогі паломнікам у Палесціне, з 12 ст. — ваен. арг-цыі для аховы і пашырэння хрысц. уладанняў на Усходзе, барацьбы з мусульманамі і язычнікамі. З канца 11 ст. да 1300 заснавана 12 Д.-р.о.: Ордэн коннікаў шпіталя св. Яна Іерусалімскага (шпітальеры, прыбл. з 1070); Ордэн бедных рыцараў Хрыста і Саламонава храма (тампліеры, з 1116 або 1119); Авіскі ордэн (з 1162 або 1166); Ордэн св. Міхаіла (з 1167); ордэн мечаносцаў (з 1202); Ордэн прускіх рыцараў Хрыстовых з Добжыні (з пач. 13 ст.) і інш. Іх члены давалі зарокі ўстрымання, паслушэнства, беднасці, падзяляліся на братоў-воінаў, капеланаў (святароў) і братоў-служыцеляў. Ордэн узначальваў вял. магістр (выбіраўся пажыццёва), якому падпарадкоўваліся камандзіры мясц. аддзелаў (правінцый і бальяжаў) — магістры (прыёры), прэцэптары, камандоры, канэтабль і інш. і пры якім перыядычна склікаўся ген. капітул (савет), які валодаў заканад. уладай. Д.-р.о. былі незалежныя ад мясц. свецкіх і духоўных улад і падпарадкоўваліся непасрэдна рым. папу, які даваў ім значныя прывілеі. Найб. магутнымі былі т.зв. «інтэрнацыянальныя» ордэны (шпітальеры, тампліеры, Тэўтонскі ордэн), якія мелі аддзелы ва ўсіх краінах Зах. Еўропы, уласныя арміі, вял. зямельныя ўладанні і грашовыя сродкі. Пасля страты ў 13 ст. ўладанняў на Усходзе Д.-р.о. перанеслі дзейнасць на Зах. Еўропу, дзе яны сталі адной з вядучых ваен. і паліт.сіл. З умацаваннем каралеўскай улады б.ч. ордэнаў перастала існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРАСКО́П (ад гіра... + ...скоп),
сіметрычнае цвёрдае цела, якое хутка верціцца і вось вярчэння якога можа мяняць свой напрамак у прасторы. Уласцівасці гіраскопа маюць нябесныя целы, артыл. снарады, ротары турбін, вінты самалётаў, колы веласіпедаў і матацыклаў і інш. целы, якія верцяцца. Найпрасцейшы гіраскоп — дзіцячая цацка ваўчок.
Свабодны паварот восі гіраскопа ў прасторы забяспечваецца замацаваннем яго ў кольцах т.зв. карданавага падвесу, у якім восі ўнутр. і знешняга кольцаў і вось гіраскопа перасякаюцца ў адным пункце (у цэнтры падвесу). Такі гіраскоп мае 3 ступені свабоды. Калі цэнтр цяжару гіраскопа супадае з цэнтрам падвесу, гіраскоп наз. ўраўнаважаным ці свабодным, калі не — цяжкім. Вось ураўнаважанага гіраскопа ўстойліва трымае нязменны напрамак у прасторы. Пад уздзеяннем прыкладзенай да гіраскопа пары сіл яго вось прэцэсіруе (гл.Прэцэсія) і адначасова робіць нутацыйныя ваганні (гл.Нутацыя). Гіраскоп з 3 ступенямі свабоды выкарыстоўваецца пры канструяванні гіраскапічных прылад для аўтам. кіравання рухам самалётаў (гл.Аўтапілот), ракет, марскіх суднаў, тарпед і інш. Гіраскоп з 2 ступенямі свабоды выкарыстоўваецца як паказальнікі павароту, розныя віды стабілізатараў (напр., гіраскапічны заспакойвальнік — гірарама). Камбінацыя 3 гірарам з узаемна перпендыкулярнымі восямі можа служыць для прасторавай стабілізацыі рухомага аб’екта, напр., штучнага спадарожніка Зямлі. Гл. таксама Квантавы гіраскоп.
Літ.:
Булгаков Б.В. Прикладная теория гироскопов. 3 изд. М., 1976;
Новиков Л.З., Шаталов М.Ю. Механика динамически настраиваемых гироскопов. М., 1985;
Гироскопические системы. Т. 1—3. 2 изд. М., 1986—88.
А.І.Болсун.
Гіраскоп у карданавым падвесе: AA′, BB′, CC′ — восі вярчэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭФАРМА́ЦЫЯ (ад лац. deformatio скажэнне),
змена ўзаемнага размяшчэння часціц (частак) цела, якая вядзе да скажэння яго формы і памераў і ўзнікнення напружанняў механічных. Узнікае ад мех. нагрузак, цеплавога расшырэння, уздзеяння эл. і магн. палёў, інерцыйных і гравітацыйных сіл і інш. Найпрасцейшыя віды Д. — выгін, зрух, кручэнне, расцяжэнне-сцісканне.
У цвёрдых целах адрозніваюць Д. пругкую (узнікае і знікае адначасова з нагрузкай), пластычную (захоўваецца пасля зняцця напружання) і вязка-пругкую (залежыць ад працэсу нагрузкі ў часе, пасля зняцця нагрузкі самаадвольна імкнецца да нуля). Д. бываюць таксама лінейныя (са зменай лінейных памераў цела) і аб’ёмныя (са зменай аб’ёму); агульныя для ўсяго цела (напр., абс. падаўжэнне) і лакальныя (мясцовыя); аднародныя (аднолькавыя ў любым пункце цела) і неаднародныя (змяняюцца ад аднаго пункта цела да другога, уласцівыя рэальным матэрыялам). Д. заўсёды звязана з затратай энергіі, якая пры пругкай Д. пераходзіць у патэнцыяльную, пры пластычнай — у цеплыню. Калі лакальная Д. дасягае гранічнага для дадзенага матэрыялу значэння, адбываецца яго разбурэнне. Пругкія Д. падпарадкоўваюцца законам пругкасці тэорыі (для іх выконваецца Гука закон), пластычныя — пластычнасці тэорыі і паўзучасці тэорыі. Пластычная Д. ў крышталічных целах звязана з паняццем дыслакацый. Вымярэнне Д. робяць пры выпрабаванні матэрыялаў, даследаванні збудаванняў у натуры або на мадэлях. Пругкія Д. ўлічваюць пры разліках дэталей машын, інж. канструкцый і збудаванняў; пластычныя — у тэхналогіі металаў (пры пракатцы, штампоўцы, коўцы, валачэнні, прасаванні і інш.), вытв-сці пластмас і керамічных вырабаў. Гл. таксама Супраціўленне матэрыялаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭРНАЦЫЯНАЛІЗА́ЦЫЯ,
свядомае або стыхійнае распаўсюджанне той ці іншай з’явы, працэсу, крызісу, канфлікту і г.д. па-за нацыянальныя межы. Можа заключаць у сабе спецыфічны самаст. змест або выступаць сінонімам глабалізацыі. У 1-м выпадку І. падкрэслівае не нацыянальна абмежаваны, а міжнар. характар змяненняў, не закранаючы іх канкрэтных маштабаў. І. як глабалізацыя, наадварот, паказвае сусв. кантэкст тых ці інш. змен у існаванні чалавечага грамадства. Гісторыя зведала нямала прыкладаў І. наступстваў шматлікіх чалавечых дзеянняў, якія напачатку канцэнтраваліся ў адным горадзе ці на невял. тэрыторыі, а потым распаўсюджваліся на многія краіны, цэлыя рэгіёны (напр., пакарэнне стараж. Рымам інш. народаў і стварэнне Рымскай імперыі, ваен. паходы і заваяванні А.Македонскага). Больш ці менш пастаянныя формы І. набыла ў эпоху капіталізму, што абумоўлена ўздымам прадукц.сіл, гандлю, суднаходства, а таксама каланіяльнай палітыкай вял. дзяржаў. Гэтым былі зроблены першыя эфектыўныя крокі на шляху станаўлення адзінства чалавецтва, што служыць неабходнай перадумовай І. важных з’яў і працэсаў, сур’ёзных крызісных канфліктаў, незалежна ад месца іх узнікнення. Неабходныя аб’ектыўныя ўмовы станаўлення сапраўднага адзінства чалавецтва стварае сучасная навукова-тэхнічная рэвалюцыя. Усебаковая І. тэхнікі і тэхналогіі, эканам. сувязей, камунікацый, інфарм. сетак і г.д. сведчыць пра з’яўленне новага тыпу грамадскага развіцця, калі яно патрабуе не нацыянальна абмежаванай, а міжнар. прасторы. Адваротным бокам І. становіцца ўзаемазалежнасць прагрэсу народаў і краін. І. матэрыяльнай асновы жыцця грамадства пашыраецца на яго галоўныя праблемы, супярэчнасці і канфлікты, ад вырашэння якіх залежыць лёс сучаснай цывілізацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУВЕ́ЙЦКІ КРЫ́ЗІС 1990—91.
Выкліканы даўнімі ірака-кувейцкімі супярэчнасцямі. У 1961 Ірак перашкаджаў прыёму Кувейта ў Лігу араб. дзяржаў (ЛАД), сцвярджаючы, што той з’яўляецца часткай Ірака. У 1990 прэзідэнт Ірака С.Хусейн абвінаваціў Кувейт у перавышэнні квот Арг-цыі экспарцёраў нафты, у штучным паніжэнні цэн на нафту на сусв. рынку і незаконнай здабычы нафты са свідравін, што належалі Іраку. 2 жн. іракская армія ўварвалася ў Кувейт і акупіравала яго; эмір і ўрад Кувейта пакінулі краіну. 8 жн. ўрад Ірака абвясціў пра анексію Кувейта, а 28 жн. ператварыў яго ў іракскую правінцыю. Савет Бяспекі ААН асудзіў дзеянні Ірака, 6 жн. ўвёў супраць яго эканам. санкцыі. Ірак асудзіла і большасць членаў ЛАД. 7 жн. па просьбе караля Фахда ў Саудаўскай Аравіі высадзіліся войскі ЗША. 29 ліст. рэзалюцыяй ААН яны (сумесна з кантынгентамі 27 інш. краін) атрымалі статус Шматнац.сіл (ШС) на чале з амер.ген. Н.Шварцкопфам. ШС мелі 670 тыс.чал., 3,5 тыс. танкаў, 1,8 тыс. самалётаў супраць 500 тыс.чал., 4,5 тыс. танкаў, 550 самалётаў у Ірака. 17.1.1991 ШС пачалі масіраваныя бамбардзіроўкі тэр. Ірака, 24 лют. — наземную аперацыю «Бура ў пустыні». 26 лют. Ірак абвясціў аб вывадзе войск з тэр. Кувейта, 28 лют. аб перамір’і абвясцілі і ЗША. 6.4.1991 Ірак падпісаў перамір’е і абавязаўся выплачваць Кувейту рэпарацыі, ліквідаваць усю хім. і бактэрыял. зброю, усе прамысл. аб’екты па вытв-сці ядз. зброі. Адбыўся абмен палоннымі, паміж Іракам і Кувейтам створаны «пояс бяспекі». Для назірання за ўмовамі перамір’я створана Спец. Камісія ААН (ЮНСКОМ).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРА́Т ((Marat) Жан Поль) (24.5.1743, г. Будры, Швейцарыя — 13.7.1793),
французскі паліт. дзеяч, вучоны, публіцыст. Д-р медыцыны (1775). У 1762—65 вывучаў у Парыжы медыцыну, філасофію, прыродазнаўства. З 1765 у Вялікабрытаніі, дзе набыў вядомасць працамі ў галіне медыцыны, фізікі і паліталогіі. З 1776 зноў у Парыжы, працаваў урачом. У паліт.-юрыд. трактаце «План крымінальнага заканадаўства» (1780) сцвярджаў, што крымін. законы складзены багатымі ў сваіх інтарэсах, права ўладання выцякае з права на жыццё і таму бедныя маюць права на паўстанне супраць прыгнятальнікаў. З першых дзён французскай рэвалюцыі 1789—99 яе актыўны ўдзельнік на баку радыкальна-дэмакр.сіл. З вер. 1789 выдаваў газету «L’Ami du peuple» («Сябра народа»), у якой адстойваў эканам. і паліт. інтарэсы гар. беднаты, рэзка выступаў супраць лідэраў правячага ліберальна-дэмакр. блока (Ж.Некера, А.Г.Р.Мірабо, М.Ж. дэ Лафаета). Зазнаў ганенні ўлад, выдаваў газету ў падполлі, у студз.—маі 1790 і снеж. 1791 — крас. 1792 хаваўся ў Англіі. Пасля звяржэння манархіі (10.8.1792) чл. Назіральнага к-та Камуны Парыжа, з вер. 1792 — дэп.Канвента ад Парыжа. Выступаў з ідэяй масавага тэрору супраць ворагаў рэвалюцыі і спекулянтаў, на баку якабінцаў вёў барацьбу супраць жырандыстаў. У крас. 1793 працягнуты жырандыстамі да суда Рэв. трыбунала па абвінавачанні ў закліках да роспуску Канвента, забойстваў і рабаўніцтваў, але быў апраўданы. З М.Рабесп’ерам і інш. якабінцамі падрыхтаваў нар. паўстанне ў Парыжы 31.5—2.6.1793, якое прывяло да падзення ўлады жырандыстаў і ўстанаўлення якабінскай дыктатуры. Забіты Ш.Кардэ, звязанай з жырандыстамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́РНСКІЯ БІ́ТВЫў першую сусветную вайну,
1) буйная сустрэчная бітва паміж саюзнымі англа-франц. і герм. войскамі каля р. Марна 5—12.9.1914. Англа-франц. войскі (усяго 64 дывізіі, 3000 гармат, каманд.ген. Ж.Жофр) сіламі 6-й франц. арміі атакавалі фланг 1-й герм. арміі, потым увялі ў бой астатнія сілы і прыпынілі наступленне герм. часцей (49 дывізій, 3364 гарматы, каманд.ген. Х.Мольтке Малодшы) на Парыж і прымусілі іх адступіць за р. Эна. Перамога англа-франц. войск паклала пач. пералому ў кампаніі 1914 на Зах. фронце і прывяла да правалу герм.стратэг. плана «бліцкрыгу» («маланкавай вайны») па хуткім разгроме праціўніка на Зах. фронце. Перамозе саюзнікаў садзейнічала адцягненне герм. камандаваннем 2 карпусоў і кав. дывізіі з Зах. фронту на рас.-герм. фронт для адбіцця наступлення рас. войск ва Усх. Прусіі (гл.Усходне-Пруская аперацыя 1914).
2) Бітва паміж франц. і герм. войскамі ў сектары р. Марна 15.7—4.8.1918. Пасля спынення 15—17 ліп.франц. войскамі (36 дывізій, 3080 гармат, каманд.ген. Ф.Фош) герм.сіл (48 дывізій, 6353 гарматы, камандуючыя фельдмаршал П. фон Гіндэнбург і ген. Э.Людэндорф), якія наступалі на Парыж, 18 ліп.франц. войскі пры падтрымцы танкаў перайшлі ў контрнаступленне і адкінулі герм. арміі да Эны. Страты герм. войск склалі 120 тыс., саюзнікаў — 60 тыс.чал. У выніку бітвы сарваны герм. план схіліць Антанту да выгаднага для Германіі міру, знікла пагроза акупацыі Парыжа, стратэг. ініцыятыва канчаткова перайшла да саюзнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕКСІКА́НСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1910—17,
антыкансерватыўная рэвалюцыя, у выніку якой у Мексіцы створаны ўмовы для дэмакр.сац.-эканам. пераўтварэнняў. Выклікана нявырашанасцю агр. пытання, незадаволенасцю многіх мексіканцаў дыктатурай П.Дыяса, засіллем замежнага капіталу ў эканоміцы і інш. Пачалася ў ліст. 1910 з узбр. выступленняў супраць дыктатуры Дыяса ў многіх населеных пунктах. У маі 1911 скінуты ўрад Дыяса, сфарміраваны ўрад, які ўзначаліў лідэр ліберальнай апазіцыі Ф.Мадэра. У выніку дзярж. перавароту ў лют. 1913 уладу захапіў ген. В.Уэрта. У ліп. 1914 пад націскам узбр.сял. атрадаў Ф.Вільі, Э.Сапаты і інш.рэв.сіл скінута дыктатура Уэрты, утвораны ліберальны ўрад В.Карансы (1914—20). Аднак нявырашанасць аграрнага і інш.сац. пытанняў выклікала грамадз. вайну (1914—16), на пач. якой атрады Вільі і Сапаты авалодалі сталіцай і ўстанавілі свой кантроль над б.ч. краіны. У гэтых умовах урад Карансы, што знаходзіўся ў г. Веракрус, у студз. 1915 выдаў агр. закон. Пазней з дапамогай сфарміраваных з рабочых т. зв. чырвоных батальёнаў урад разграміў асн. сілы Вільі і Сапаты. У выніку дзейнасці ў г. Керэтара Устаноўчага сходу (снеж. 1916 — студз. 1917) прынята канстытуцыя Мексікі, што стала завяршэннем рэвалюцыі. Паводле канстытуцыі (апубл. 5.2.1917) устаноўлены суверэнітэт мекс. нацыі над прыроднымі рэсурсамі краіны, адменены прывілеі замежнага капіталу і інш. У 1914 і 1916 мела месца інтэрвенцыя ў Мексіку войск ЗША (гл. таксама Першынга экспедыцыя), якія намагаліся спыніць рэвалюцыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РСКІ БОЙ 1812.
Адбыўся 9—10 ліп. каля мяст. Мір (цяпер г.п. Мір Гродзенскай вобл.) паміж рас. казацкім корпусам ген. М.І.Платава і дывізіяй польскіх уланаў ген. А.Ражнецкага са складу напалеонаўскіх войск у час вайны 1812. Адступаючы з Ваўкавыска на Нясвіж, камандуючы 2-й Зах. арміі ген. П.І.Баграціён загадаў Платаву затрымаць ворага на 2 дні каля Міра. У склад рас. корпуса ўваходзілі 3 казацкія брыгады (5 тыс.чал.). Дывізія ген. Ражнецкага налічвала 6 палкоў. За 3 вярсты ад Міра па дарозе на Карэлічы была падрыхтавана засада, з Міра іх павінен быў падтрымаць полк Сысоева. 9 ліп. 3 палкі польскай дывізіі пад камандаваннем ген. К.Турно пачалі атаку на Мір, але былі контратакаваны казакамі з засады, якіх падтрымалі інш. палкі корпуса Платава. У ноч на 10 ліп. да Платава падышоў атрад І.В.Васільчыкава (16 эскадронаў). Платаў пакінуў у Міры 3 казацкія палкі, а з астатнімі пачаў адступленне на Нясвіж. Раніцай 10 ліп. дывізія Ражнецкага размясцілася каля Міра і пачала дзеянні супраць часцей Васільчыкава. Спачатку праціўнік пацясніў рускіх, але з падыходам брыгады Д.Е.Куцейнікава палякі адступілі да Міра, дзе іх чакала дапамога ў складзе коннай брыгады ген. Т.Тышкевіча і артыл. брыгады. Пасля бою корпус ген. Платава адышоў да Нясвіжа і 12 ліп. далучыўся да гал.сіл 2-й Зах. арміі. М.б. даў магчымасць 2-й Зах. арміі адарвацца ад праследавання і праз Слуцк і Бабруйск рушыць на злучэнне з 1-й Зах. арміяй.