ЛАНЬ,

рака ў Мінскай і Брэсцкай абл., левы прыток р. Прыпяць. Даўж. 147 км. Пл. вадазбору 2190 км². Пачынаецца за 1,5 км на З ад в. Гарбуны Нясвіжскага р-на, цячэ ў межах Капыльскай грады і нізіны Прыпяцкае Палессе. Асн. прытокі: Нача, Люта (справа), Цапра, Балванка (злева). Даліна ў верхнім цячэнні скрынкападобная (шыр. 1—1,5 км), на астатнім працягу невыразная. Пойма шыр. 0,6—1 км, парэзаная меліярац. каналамі. Рэчышча каналізаванае, шыр. 4—8 м, у ніжнім цячэнні 15—20 м. Берагі пераважна адкрытыя, тарфяністыя, выш. ў верхнім цячэнні 1,5—2 м, на астатнім працягу 1—1,5 м. На рацэ створана вадасх. Лактышы, якое моцна ўплывае на гідралагічны рэжым ракі. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў крас., сярэдняя выш. над межанным узроўнем да рэгулявання ракі 1,5 м, найбольшая 1,9 м (1947) каля в. Лактышы. У летні перыяд рэжым узроўняў рэгулюецца шлюзамі. Замярзае ў 1-й дэкадзе снеж., крыгалом у канцы сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 11,3 м³/с. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм. На рацэ г. Клецк.

Рака Лань каля вёскі Мокрава Лунінецкага раёна.

т. 9, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСТАПА́Д (Юрый) (Георгій) Іванавіч (крас. 1897, в. Варкавічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 5.6.1938),

бел. паліт. дзеяч. Скончыў Панявежскую настаўніцкую семінарыю (1914). Удзельнік грамадз. вайны, на 1-м з’ездзе Случчыны абраны ў Беларускую раду Случчыны, удзельнік Слуцкага паўстання 1920. Пасля ўцёк у Польшчу. У 1922 нелегальна вярнуўся ў Слуцк, працаваў настаўнікам, стыльрэдактарам Дзяржвыдавецтва БССР. 22.10.1925 арыштаваны ДПУ БССР як кіраўнік «контррэвалюцыйнай арганізацыі», якая распаўсюджвала антысав. лістоўкі і заклікала да паўстання і звяржэння сав. улады. У сак. 1926 Л. асуджаны на 5 гадоў турэмнага зняволення. У сувязі з тым, што Л. стаў сакрэтным супрацоўнікам ДПУ, у ліст. 1927 вызвалены. У 1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларус», праз некалькі месяцаў вызвалены. У ліп. 1933 перасяліўся ў г. Ржэў, дзе працаваў рахункаводам. У кастр. 1933 зноў арыштаваны па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра» і ў студз. 1934 засуджаны на 8 гадоў. Пакаранне адбываў у Бамлагу, дзе паводзіў сябе непакорна. У жн. 1935 у лагеры на яго заведзена крымінальная справа. 31.3.1938 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Па прыгаворах 1934 і 1938 рэабілітаваны Ваен. трыбуналам БВА ў 1956.

У.М.Міхнюк.

т. 9, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ВАЦЬ,

рака ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у Пскоўскай і Наўгародскай абл. Расіі, бас. р. Нява. Даўж. 536 км, пл. вадазбору 21,9 тыс. км². Выцякае з воз. Ловацец (Пскоўская вобл.), упадае ў воз. Ільмень з Пд. Паводле інш. крыніц, пачынаецца з воз. Завесна за 3,5 км на ПдУ ад в. Марчанкі Гарадоцкага р-на. Цячэ ў межах Беларусі (даўж. 47 км) па Гарадоцкім узвышшы, праз азёры Задрач, Мяжа, Сосна, Чарняста і Сясіта, па Валдайскім узвышшы і ў ніжнім цячэнні па Ільменскай нізіне. Найб. прытокі на Беларусі: Сярвайка, Пясчанка (справа), Склянка (злева). Даліна ад вытоку да воз. Мяжа невыразная (пойма забалочаная), паміж азёрамі Сосна, Чарняста і Сясіта трапецападобная (пойма роўная, лугавая). Рэчышча да воз. Мяжа звілістае, да воз. Задрач яго шырыня 3—5 м, ніжэй 5—10 м. Сярэднегадавы расход вады ў вусці каля 150 м³/с, на мяжы Беларусі і Расіі каля 2,5 м³/с. Суднаходная ў нізоўі і на працягу 70 км. На рацэ гарады Вялікія Лукі і Холм (Расія); па ёй у старажытнасці праходзіла частка гандл. шляху «з варагаў у грэкі».

т. 9, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСНА́Я,

рака ў Камянецкім і Брэсцкім р-нах Брэсцкай вобл., правы прыток р. Зах. Буг. Даўж. 85 км. Пл. вадазбору 2650 км². Утвараецца ад зліцця рэк Правая Лясная і Левая Лясная, за 1 км на У ад в. Вугляны Камянецкага р-на. Цячэ па Прыбугскай раўніне і Брэсцкім Палессі. Асн. прытокі: Крывуля, Тачыя, рака без назвы каля в. Трасцяніца Камянецкага р-на, Лютая (справа), Градаўка (злева). Даліна шыр. 2—4 км, схілы да 20 м (месцамі да 30 м), перасечаныя лагчынамі, ярамі, асушальнымі каналамі. Пойма двухбаковая, шыр. да 1 км, лугавая, радзей — парослая хмызняком. Рэчышча звілістае, месцамі моцназвілістае. Шыр. ракі ў межань 20—30 м. Берагі выш. да 4 м, адкрытыя, пад хмызняком. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў канцы 2-й дэкады сак., сярэдняя выш. над межанным узроўнем 1,5 м. Замярзае ў 3-й дэкадзе снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 13 м³/с. На рацэ г. Камянец, каля в. Цюхінічы Брэсцкага р-на плаціна. Рака прымае сцёк з сеткі меліярац. каналаў.

т. 9, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАШКО́Ў (Уладзімір Георгіевіч) (н. 5.7.1938, Масква),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1960). З 1960 працаваў у газ. «Зорька», на Бел. радыё, з 1971 у выд-вах «Беларусь», «Мастацкая літаратура», «Юнацтва», з 1987 у час. «Нёман». Друкуецца з 1957. Піша на бел. і рус. мовах. Асн. тэмы твораў — праблемы выхавання, развіцця творчай індывідуальнасці дзяцей, фарміравання іх характару. У аповесцях «Паміж «A» і «Б» (1966), «Вясёлы тузін» (1968), «Я сам» (1972), «Засумаваў па дожджыку», «Як я быў вундэркіндам» (абедзве 1976, экранізавана 1983), «Апошні дзень матрыярхату» (1985), «Дагары нагамі» (1998) і інш. адметнае бачанне свету, аналіз пачуццяў і перажыванняў юных герояў. Аўтар апавяданняў, п’есы «Як я быў вундэркіндам» (разам з А.Вольскім, паст. Бел. т-рам юнага гледача, 1986), сцэнарыяў дакумент. фільмаў «Хлопчык і чапля» (1969, з М.Беравым), «Чалавек з майго жыцця» (1971), «Добрая справа» (1973), «Юныя айбаліты» (1980), «Станаўленне» (1982) і інш. На рус. мову пераклаў асобныя творы З.Бядулі, К.Чорнага, У.Караткевіча, Я.Брыля, І.Пташнікава, С.Александровіча, А.Васілевіч, М.Кусянкова, Я.Сіпакова, А.Федарэнкі, У.Ягоўдзіка і інш.

Тв.:

Детское время. Мн., 1987;

Наследный принц Андрюша. Мн., 1997.

т. 10, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ХАЎ (сапр. Няхамкін) Уладзімір Львовіч

(н. 25.3.1928, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1950). З 1946 працаваў у газ. «Літаратура і мастацтва», «Чырвоная змена», у 1960—62 і 1975—88 на Бел. радыё. Друкуецца з 1946. Піша пра гіст. мінулае Беларусі, рэв. рух, эпізоды з гісторыі бел. культуры, на маральна-этычныя тэмы, пра Вял. Айч. вайну (кнігі апавяданняў, аповесцей, нарысаў «Сцяг над рэўкомам», 1958; «Апошняя яўка», 1959; «Помнік герою», 1961; «Станцыя паблізу Тамбова», 1964; «Добры вечар, камбат», 1970; «Слухаецца справа аб замаху...», 1972; «Старадаўняя гравюра», 1974; «Сустрэчы ў радыёстудыі», 1985; «...Пра якіх я вельмі клапачуся», 1988; «Далучэнне», 1992). Аўтар радыёп’ес «Гавайская легенда» (паст. 1966), «Паром на бурнай рацэ» (паст. 1982) і інш. п’ес і інсцэніровак для радыё, п’ес для тэатра «Чырвоны губернатар» (паст. 1967) і «Палёт» (паст. 1969). Працуе ў дакумент. кіно. За сцэнарыі фільмаў (з Ю.Цвятковым) «Гісторыя адной тэлеграмы», «Чарвякову... спешна... Ленін» (абодва 1982), «Мост» (1984), «Рэвалюцыя дае нам права» (1985) Дзярж. прэмія Беларусі 1986. Перакладае з інш. моў.

І.У.Саламевіч.

У.Мехаў.

т. 10, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́БАЛЬ,

рака па Пн Беларусі, у Гарадоцкім, Шумілінскім і Полацкім р-нах Віцебскай вобл., правы прыток р. Зах. Дзвіна. Даўж. 148 км. Пл. вадазбору 2690 км². Выцякае з воз. Езярышча каля г.п. Езярышча Гарадоцкага р-на, вусце за 1 км на ПдЗ ад в. Новыя Гараны Полацкага р-на. Цячэ на паўн.-зах. ч. Гарадоцкага ўзв. і паўн.-ўсх. ч. Полацкай нізіны. Асн. прытокі: Свіна, Ценіца, Глыбачка (справа), Чарнуйка, Чарнаўка, Чарняўка, Выдрыца, Усыса, Будавесць (злева). Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 0,3—0,6 км (найб. 2,5 км; у вярхоўі невыразная. Пойма двухбаковая, чаргуецца па берагах, месцамі адсутнічае. Рэчышча звілістае, шыр. 8—20 м у верхнім цячэнні, 20—40 м у сярэднім, 25—30 м у ніжнім. Берагі стромкія, у вярхоўі нізкія, забалочаныя. Замярзае ў канцы 1-й дэкады снеж., крыгалом у пач. красавіка. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 19,4 м³/с. На рацэ Ключагорскае вадасх. ў Гарадоцкім р-не, г.п. Обаль у Шумілінскім р-не.

А.А.Макарэвіч.

Рака Обаль каля г.п. Обаль Шумілінскага раёна.

т. 11, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЛДРЫДЖ ((Aldridge) Джэймс) (н. 10.7.1918, г. Уайт-Хілс, Аўстралія),

англійскі пісьменнік. Вучыўся ў Лонданскім ун-це. У 2-ю сусв. вайну ваен. журналіст. У 1944—45 наведаў СССР. Літ. дзейнасць пачаў з нарысаў і замалёвак. Аўтар раманаў антыфаш. «Справа гонару» (1942), «Марскі арол» (1944), філас.-прыгодніцкага «Паляўнічы» (1950), антыкалан. «Героі пустынных гарызонтаў» (1954), «Не хачу, каб ён паміраў» (1957), «Апошні выгнаннік» (1961), сац.-псіхал. «Мой брат Том. Гісторыя аднаго кахання» (1966), дылогій «Дыпламат» (1949, Залаты медаль міру 1953) і «Горы і зброя» (1974), «Вязень чужой краіны» (1962) і «Небяспечная гульня» (1966), п’есы «Сорак дзевяты штат» (1946, створана ў традыцыі Б.Шоу), аповесці «Апошні позірк» (1977, пра Э.Хемінгуэя і Ф.С.Фіцджэральда), рамана-памфлета «Бывай, Антыамерыка!» (1979) і інш. Яго творы адметныя актуальнасцю праблематыкі, сюжэтнай адкрытасцю, спалучэннем дакумент. пачатку з лірызмам і філасафічнасцю. На бел. мову раман О. «Паляўнічы» пераклаў М.Валошка. Міжнар. Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» 1973.

Тв.:

Бел. пер. — Паляўнічы. Мн., 1996;

Рус. пер.Избр. произв. Т. 1—2. М., 1986;

Подлинная история плеваки Мак-Фи. М., 1992.

Літ.:

Балашов П.С. Джеймс Олдридж. 2 изд. М., 1977.

Е.А.Лявонава.

Дж.Олдрыдж.

т. 11, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЛЬСА,

рака ў Бярэзінскім р-не Мінскай вобл., Клічаўскім і Кіраўскім р-нах Магілёўскай вобл., левы прыток р. Бярэзіна (бас. р. Дняпро). Даўж. 92 км. Пл. вадазбору 1690 км!. Пачынаецца за 3,4 км на ПнУ ад в. Каменны Барок Бярэзінскага р-на, вусце за 5 км на З ад в. Любонічы Кіраўскага р-на. Цячэ па Цэнтральнабярэзінскай раўніне. Асн. прытокі: Нясета (справа), Дулебка, Сушанка, Суша (злева). Даліна шыр. 0,8—1 км, пераважна невыразная, месцамі трапецападобная; схілы выш. 2—7 м. спадзістыя, месцамі слабапарэзаныя. Пойма шыр. 0,6—1,5 км, двухбаковая, ніжэй г.п. Клічаў чаргуецца па берагах, нізкая, месцамі забалочаная, перасечаная меліярац. каналамі. Рэчышча ў вярхоўі на працягу 10 км каналізаванае, ніжэй шыр. 12—18 м. Берагі ў вярхоўі нізкія, забалочаныя, спадзістыя, ніжэй да вусця стромкія. Замярзае ў 1-й дэкадзе снеж., крыгалом у 3-й дэкадзе сакавіка. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў ніжнім цячэнні ў канцы сак., сярэдняя вышыня над межанню 1,2 м. Жыўленне мяшанае, пераважна снегавое. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 9,3 м³/с. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў. На рацэ г.п. Клічаў.

А.А.Макарэвіч.

т. 11, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗБАЎЛЕ́ННЕ БАЦЬКО́ЎСКІХ ПРАВО́Ў,

мера, накіраваная на абарону дзяцей. Паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб шлюбе і сям’і» ад 9.6.1999, бацькі (або адзін з іх) пазбаўляюцца правоў у адносінах да непаўналетніх дзяцей, калі ўстаноўлена, што яны ўхіляюцца ад выканання сваіх абавязкаў па выхаванні дзяцей або злоўжываюць бацькоўскімі правамі, жорстка абыходзяцца з дзецьмі, вядуць амаральны лад жыцця (хранічныя алкаголікі, наркаманы і інш.) або падалі пісьмовую заяву пра адмаўленне ад дзіцяці. П.б.п. праводзіцца ў суд. парадку, справа разглядаецца з удзелам пракурора і прадстаўніка органа апекі і папячыцельства. Пазбаўленыя бацькоўскіх правоў трацяць правы на дзіця (дзяцей), у т. л. правы на атрыманне забеспячэння ад іх, на іх спадчыну і на пенсіённае забеспячэнне пасля смерці дзяцей. П.б.п. не вызваляе бацькоў ад абавязкаў па ўтрыманні непаўналетніх дзяцей. Аднаўленне ў бацькоўскіх правах дапускаецца, калі гэтага патрабуюць інтарэсы дзяцей і калі дзеці не ўсыноўлены. Іск аб П.б.п. мае права прад’явіць адзін з бацькоў, апякун, папячыцель дзіцяці, пракурор, орган апекі і папячыцельства, камісія (інспекцыя) па справах непаўналетніх, інш. дзярж. органы, на якія ўскладзены абавязак па абароне правоў і інтарэсаў непаўналетніх дзяцей.

Г.А.Маслыка.

т. 11, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)