радыёінтэрферо́метр

(ад радыё- + інтэрферометр)

прыбор для вымярэння розных фізічных велічынь, звязаных з радыёхвалямі, напр. хуткасці пашырэння іх, вуглавых размераў крыніцы, адлегласці ад яе; прынцып работы гэтага прыбора заснаваны на інтэрферэнцыі радыёхваляў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

таймо́граф

(англ. timograph, ад time = час + гр. grapho = пішу)

прыбор, які рэгіструе час узнікнення і працягласць працэсаў або з’яў; выкарыстоўваецца для кантролю часу работы машын, працягласці якой-н. аперацыі і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

КАРТАДРУКАВА́ННЕ,

комплекс тэхнал. працэсаў па стварэнні картаграфічнай прадукцыі. Уключае работы; рэдакцыйна-падрыхтоўчыя, картаскладальныя, падрыхтоўкі карты да друку, картавыдавецкія.

Рэдакцыйна-падрыхтоўчыя работы — гэта збор, сістэматызацыя і навук. абагульненне картаграфічных матэрыялаў, выбар маштабу і картаграфічных праекцый, пабудова макета кампаноўкі, вызначэнне спосабаў адлюстравання і ўмоўных адзнак, стварэнне ўзору фарбавага афармлення, пабудова картаграфічнай (пры неабходнасці каардынатнай) сеткі, нанясенне пунктаў дзярж. геадэзічнай сеткі і інш. Картаскладальныя работы — графічная пабудова арыгінала карты і перанос картаграфічнага відарыса з зыходных матэрыялаў на падрыхтаваную аснову. Перанос ажыццяўляюць спосабамі камп’ютэрнага картаграфавання ці традыцыйнымі: оптыка-механічным пры дапамозе фотарэпрадуцыравання, фотатрансфармавання; праектыўным — праз эпідыяскоп або аптычныя рысавальныя прылады; графамеханічным з выкарыстаннем пантографа, перспектографа і інш. Пры камп’ютэрным картаграфаванні выкарыстоўваюць спец. графічныя сістэмы на базе персанальных камп’ютэраў з адпаведным праграмным забеспячэннем (фотаграмметрычныя, картаграфічныя, графічныя і тэкставыя праграмы). Адначасова з графічнай пабудовай зместу карты робяць фарбавае афармленне і наносяць подпісы назваў. Падрыхтоўка да друку ўключае выраб штрыхавых выдавецкіх арыгіналаў гравіраваннем на пласцінах мех., хім., тэрмаэл. лазерным спосабамі або вычэрчваннем на пластычнай ці папяровай аснове. У выніку гравіравання атрымліваюць арыгінал з негатыўным відарысам элементаў. Фарбавы арыгінал і макеты (неабходныя пры стварэнні дыяпазітываў фонавых элементаў карты) робяць акварэльнымі фарбамі ад рукі. Картавыдавецкія працэсы ўключаюць рэпрадукцыйныя, рэтушорныя, святлокапіравальныя, друкарскія і пераплётна-брашуровачныя работы. Пры камп’ютэрнай тэхналогіі колерадзяленне і фотавывад дыяпазітываў карты ажыццяўляюць на электронным фотанаборным аўтамаце, дзе атрымліваюць фотаформы штрыхавога і растравага тонавага відарыса на фотаадчувальным матэрыяле (плёнцы, паперы) пры экспаніраванні яго лазерным промнем. Пры традыцыйнай тэхналогіі выкарыстоўваюцца чорна-белыя штрыхавыя, паўтонавыя, фонавыя і каляровыя арыгіналы на маладэфармавальнай арміраванай аснове. Вычарчаныя на ватмане арыгіналы фатаграфуюць і з негатываў робяць столькі дыяпазітываў, колькі на карце выкарыстана фарбаў; паўтонавыя арыгіналы рэпрадуцыруюць з дапамогай праекцыйных або кантактных растраў; фонавыя вырабляюцца ўручную або метадам здымнага слоя з выкарыстаннем залівак або сетак, каляровыя ўзнаўляюцца электроннымі сканіруючымі прыладамі або рэпрадуцыруюцца з дапамогай святлафільтраў і колеракарэкціруючых аптычных прыстасаванняў. Са створаных дыяпазітываў на фотапалімерных алюмініевых пласцінах пазітыўным кантактным святлокапіраваннем атрымліваюць друкарскія формы плоскага (афсетнага) друку. Тыраж друкуецца на ратацыйных ліставых друкарскіх машынах (у асн. 2- і 4-фарбавых).

На Беларусі К. на прамысл. узроўні вядзецца з 1939 на Мінскай картаграфічнай ф-цы (цяпер дзярж. прадпрыемства «Мінская друкарская фабрыка»), з 1947 таксама на Бел. картографа-геадэзічным прадпрыемстве (цяпер Бел. картаграфічнае аб’яднанне «Белгеадэзія»). З 1990-х г. існуюць і прыватныя картаграфічныя выд-вы і прадпрыемствы («Трывіум», «Арты-фекс», «Квадрограф», «Еўраферлаг»), якія шырока выкарыстоўваюць камп’ютэрнае абсталяванне і высокія сучасныя тэхналогіі. Гл. таксама Геаграфічныя карты, Картаграфія.

Літ.:

Билич Ю.С., Васмут А.С. Проектирование и составление карт. М., 1984;

Справочник по картографии. М., 1988;

Издание карт [Справ.]. М., 1995.

В.​М.​Пейхвасер.

т. 8, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

гідрабіёніка

(ад гр. hydor = вада + англ. bionics = біёніка)

раздзел біёнікі, які вывучае асаблівасці жывёл, што жывуць у вадзе, каб ствараць тэхнічныя прыстасаванні для работы ў водным асяроддзі.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

Камандзі́р ’начальнік вайсковай часці, падраздзялення, ваеннага судна’ (ТСБМ), къмандзе́р ’чалавек, які ў час работы любіць камандаваць іншымі’ (міёр., З нар. сл.), камандзе́р ’тс’ (Грыг., Яруш., Нас.), камандзе́рка ’жанчына ў гасціне, якая зацягвае песні, пачынае забавы, гульні, забаўнік’ (Нас.). Форма з ‑ір несумненна запазычана праз рус. мову (у якой існуе з канца XVII ст.). Форма з ‑ер, відаць, больш старая; параўн. ст.-рус. кумендеръ ’званне высокага рангу ў духоўна-рыцарскім ордэне’ (XIV ст.), ст.-польск. komender (XV ст.), хаця на яе аказала ўплыў форма камандзір, першакрыніца якой франц. commandeur ’камандзір’ (Шанскі, 2 (К), 222).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Паслу́га ’слугі’, ’дзеянне, учынак, якія прыносяць карысць, дапамогу каму-н.’, паслу́гі ’аплачваемая работа для задавальнення чыіх-небудзь патрэб’ (ТСБМ, Нік. Очерки; Нас.). Укр. послу́га ’паслуга’, ’слуга’, рус. послу́га ’паслуга, служба на каго-н.’, ’заслуга’, ’выкананне прыгонных работ, шарварак’, польск. posługa ’выкананне работы заказчыка, гаспадара’, posługi ’нясталая, часовая работа’, ’прыслуга’, чэш. posluha ’паслугі’, ’служанка’, ’пасыльны’, славац. posluha ’праца прыслугі’, серб.-харв. по̏слуга ’прыслуга, абслугоўваючы персанал’, ’абслугоўванне’, ’пракат’, макед. послуга ’абслугоўванне’, ’пракат’. Утворана ад дзеяслова poslužiti < služiti < sluga. Магчыма, самастойнае ўтварэнне ў паасобных славянскіх мовах. Сюды ж паслу́жка ’паслуга’ (Бяльк.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыпра́віць ’пакласці прыправу; дадаць што-небудзь; прыладзіць, прымацаваць’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр.), ’прыгатаваць’ (шальч., Сл. ПЗБ), прыпра́ўка ’прыробка; прыладжванне, прымацоўванне’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), ст.-бел. прыправити ’падрыхтаваць, зрабіць’. Рус. приправля́ть, припра́вить ’дадаваць (у ежу)’; ’выконваць разнастайныя работы па гаспадарцы’; ’майстраваць, прыладжваць’, укр. припра́вити ’прымацаваць, прыладзіць’; ’прыправіць’, польск. przyprawić ’прыладзіць, прымацаваць; прыправіць ежу’, чэш. připraviti ’падрыхтаваць; уладкаваць’, славац. pripraviť ’тс’, серб.-харв. припра́вити, славен. pripraviti ’тс’, балг. припра́вям ’дадаваць (у ежу)’. Прыставачны дэрыват ад *praviti, гл. пра́віць1, г. зн. ’падрыхтоўваць як належыць’. Усходнеславянскія і польскія значэнні агульнаславянскага дзеяслова семантычна проціпастаўлены паўднёваславянскім і славацкаму.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скна́ра ‘скупы’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Гарэц., Шат., Касп., Бяльк., Байк. і Некр., Янк., Варл., ТС, Ян., Растарг.), скнэ́ра ‘тс’ (Сл. ПЗБ), скны́ра ‘тс’ (ТС), скна́рына ‘тс’ (Юрч.), скна́рыць ‘выпрошваць; жміндзіць’ (Касп., Байк. і Некр.), скно́рыць ‘тс’ (Ласт.), скнары: да работы скнары ‘ахвочы, прагны’ (Б. Сачанка), скны́ры ‘скупы’ (ТС). Запазычанне з польск. sknara, sknera ‘тс’ (Карскі, Белорусы, 149; Кюнэ, Poln., 97). Слова лічыцца выключна польскім (Брукнер, 494). Не адзначана ў ст.-бел., таму, відаць, запазычанне даволі позняе. Польскае слова — дэвербатыў ад sknerać ‘скардзіцца, хныкаць’, гукапераймальнага паходжання; гл. Борысь, 551.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВАСПУРАКА́НСКАЕ ЦА́РСТВА,

армянская феад. дзяржава дынастыі Арцрунідаў у 908—1021 у вобласці Васпуракан. Знаходзілася ў васальнай залежнасці ад царства арм. Багратыдаў. Праз Васпураканскае царства праходзіла паўд. адгалінаванне важнага гандл. караваннага шляху. Высокага ўзроўню дасягнулі рамёствы, гандаль, культура. У час праўлення цара Гагіка Арцруні [908—943] вяліся вялікія буд. работы ў гарадах Вастан, Ахтамар, Ван. Васпураканскае царства ахапіў антыфеад. і антырэліг. рух тандракійцаў. На пач. 11 ст. падверглася нападу цюрк. плямён, што ішлі з У. У 1021 далучана да Візантыі.

т. 4, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАПТА́ЦЫЯ ў тэхніцы, здольнасць тэхнічных устройстваў і сістэм прыстасоўвацца да зменлівых умоў навакольнага асяроддзя ці да змен уласнай структуры, што прыводзіць да павышэння эфектыўнасці іх работы. Уласцівая сістэмам аўтам. кіравання, дзе адаптацыя дасягаецца за кошт змены параметраў, структуры, алгарытму функцыянавання ў залежнасці ад змены характарыстык знешняга асяроддзя і ўласцівасцяў аб’екта праз назапашванне і выкарыстанне інфармацыі. Найб. эфектыўна рэалізуецца ў мікрапрацэсарных сістэмах кіравання за кошт прымянення алгарытмаў кіравання, пабудаваных на прынцыпах саманастройкі, самаарганізацыі і саманавучання (гл. Самапрыстасавальныя сістэмы).

т. 1, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)