НА́РБУТ (Георгій Іванавіч) (26.2.1886, хутар Нарбутаўка Глухаўскага р-на Сумскай вобл., Украіна — 23.5.1920),

расійскі і ўкраінскі графік. Брат У.І.Нарбута. З 1906 жыў у Пецярбургу, з 1917 у Кіеве. Вучыўся ў Л.​Бакста, І.​Білібіна, К.​Сомава. Рэктар Укр. АМ, начальнік аддзела выяўл. мастацтва Нар. камісарыята асветы Украіны (1919). Творчасць сфарміравалася пад уплывам аб’яднання «Свет мастацтва» (у 1910-я г. яго чл.). Працаваў пераважна ў галіне кніжнай графікі. Творы вызначаюцца лаканізмам выяўл. сродкаў, дакладнасцю контурнага малюнка, дэкаратыўнасцю: іл. да казак «Гаршэня» і «Снягурка» (1906), «Як мышы ката хавалі» (1910), кн. «Тры байкі Крылова» (1913) і інш. З сярэдзіны 1910-х г. звяртаўся да традыцый укр. барока і нар. творчасці, арнаментыкі і геральдыкі старадаўніх укр. гравюр: іл. да кн. Г.​Лукомскага «Старадаўняя архітэктура Галіцыі» (1915), афармленне «Украінскай азбукі» (1917—18, не выдадзена), час. «Мистецтво», «Зори» і інш. Аўтар акварэляў «Эней» (1919) і інш. Рабіў сілуэтныя партрэты, карыкатуры, эмблемы і інш.

Г.Нарбут. Эней. 1919.

т. 11, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОП-АРТ (англ. pop art ад popular art папулярнае мастацтва),

кірунак у мастацтве 1950—60-х г., для якога характэрны выкарыстанне і перапрацоўка вобразаў масавай культуры. Узнік у Лондане ў творчасці «Незалежнай групы» Ін-та сучаснага мастацтва (П.​Блейк, Э.​Паалоцы, П.​Колфілд, Р.​Хэмілтан і інш.) як рэакцыя на элітарнасць абстракцыянізму і станаўленне новага урбаністычнага асяроддзя. Найб. вядомы амер. варыянт П.-а. (Р.​Раўшэнберг, Дж.​Джонс, Э.​Уорхал, Дж.​Розенквіст, Р.​Ліхтэнстайн, Т.​Весельман, К.​Олдэнберг), развіваўся таксама ў Францыі (Арман, Н. дэ Сен-Фаль), Германіі (П.​Вундэрліх) і інш. П.-а. сцвярджаў эстэт. каштоўнасць тыповых быт. рэчаў і з’яў праз выкарыстанне ў творах кампазіц. і маст. прыёмаў рэкламы, коміксаў, вобразаў-штампаў са сродкаў масавай інфармацыі і паўсядзённага жыцця (часта з дапамогай калажу, фотаўзнаўлення ці стварэння муляжа арыгінала).

Літ.:

Кузьмина М. Поп-арт... // Модернизм. 3 изд. М., 1980.

Да арт. Поп-арт. Р.​Ліхтэнстайн. Whaam. 1963.
Да арт. Поп-арт. Т.​Весельман. Вялікая амерыканская аголеная № 98. 1967.

т. 12, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКАПЦО́Ў (Уладзімір Іванавіч) (н. 8.8.1953, в. Жгунская Буда Добрушскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. мастацтвазнавец, мастак. Канд. мастацтвазнаўства (1984). Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1975). З 1980 працаваў у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1986 у СМ Беларусі, з 1998 дырэктар Нац. маст. музея Беларусі. Даследуе праблемы сучаснага выяўл. мастацтва. Аўтар прац: «Нінель Шчасная» (1984; у сааўт.), «У пошуках прыгажосці і гармоніі» (1988), «Мікалай Рыжанкоў» (1989), уступных артыкулаў да альбомаў «Уладзімір Масленікаў» (1995), «Леанід Дударэнка» (1998), раздзелаў у «Гісторыі беларускага мастацтва» (т. 4—6, 1990—94). Працуе ў станковым жывапісе ў жанрах нацюрморта, пейзажа, тэматычнай карціны. Сярод твораў: «М.​Багдановіч. Апошні санет паэта» (1985), «Present Indefinite», «Мроі Нясвіжскага парку», «Маіх чаўноў скрыпучая туга» (усе 1997), «В.​К.​Бялыніцкаму-Бірулі. Мелодыя адыходзячай ночы» (1998), «Ноч юнага мая», «Адам Міцкевіч. Боль паэта» (абодва 1999), «Успаміны аб паланэзе» (2000), «Нараджэнне дня» (2001).

Л.​Дз.​Налівайка.

т. 12, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУДО́Н ((Prud’hon) П’ер Поль) (4.4.1758, г. Клюні, Францыя — 14.2.1823),

французскі жывапісец і рысавальшчык. Вучыўся ў Ф.​Дэвожа ў Дыжоне (да 1780) і ў Каралеўскай акадэміі жывапісу і скульптуры ў Парыжы (да 1783). Наведаў Італію (1784—89). Зазнаў уплывы ант. мастацтва, Леанарда да Вінчы і Карэджа. У творчасці спалучаў строгія рысы позняга класіцызму з інтымнасцю, грацыяй і жывапіснай мяккасцю мастацтва 18 ст.; часам экзальтацыя і сентыментальнасць яго твораў папярэднічалі стылістыцы рамантызму. Аўтар карцін і пано на міфалагічныя і алегарычныя сюжэты («Мудрасць і Праўда сыходзяць на зямлю», 1799; «Псіхею выкрадаюць Земфіры», «Правасуддзе і Пакаранне праследуюць Злачынства», абедзве 1808; «Венера і Адоніс», 1812; «Зефір гайдаецца на водах», 1814), партрэтаў (пары Антоні, 1796; імператрыцы Жазефіны, 1805; мадам Жар, 1822), ілюстрацый да кн. «Новая Элаіза» Ж.​Ж.​Русо, «Дафніс і Хлоя» Лонга і інш. Графічныя творы вызначаюцца тонкасцю і смелай выразнасцю святлоценявой мадэліроўкі (партрэт К.​Маер).

Я.​Ф.​Шунейка.

П.Прудон. Партрэт імператрыцы Жазефіны.

т. 13, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМАНЮ́К (Міхаіл Фёдаравіч) (3.1.1944, в. Кавалі Брагінскага р-на Гомельскай вобл. — 4.9.1997),

бел. мастацтвазнавец, этнограф, мастак. Канд. мастацтвазнаўства (1975). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1971). З 1974 выкладаў у Бел. АМ, з 1989 заг. кафедры (з 1995 праф.). У 1982—84 адначасова гал. рэд. час. «Мастацтва Беларусі». Даследаваў пытанні нар. мастацтва і матэрыяльнай культуры Беларусі. Зрабіў мастацтвазнаўча-этнагр. раянаванне бел. нар. адзення 19 — пач. 20 ст. (альбом «Беларускае народнае адзенне», 1981), каля 100 маст.-графічных рэканструкцый традыц. рэгіянальных строяў (1990-я г.). Калекцыя бел. нар. адзення, сабраная Р., экспанавалася ў Мінску (1981), Парыжы і Ліёне (1981—82). Стварыў сцэн. касцюмы для Дзярж. акад. нар. хору імя Г.​Цітовіча, ансамбля танца Беларусі і некат. самадзейных калектываў.

Тв.:

Народны касцюм Чачэрска і ваколіц: Канец XIX — сярэдзіна XX стст. Мн., 1993;

Песні і строі Піншчыны. Мн., 1994 (разам з В.​Дз.​Ліцьвінкам, У.​І.​Раговічам);

Беларускія народныя крыжы. Вільнюс, 2000.

І.​У.​Саламевіч.

М.Раманюк. Камянецка-Ваўкавыскі строй. Мастацка-графічная рэканструкцыя. 1995.

т. 13, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСА́К (дзявочае Родзька) Галіна

(24.5.1930, г. Навагрудак Гродзенскай вобл. — 14.9.2000),

мастачка, мастацтвазнаўца, грамадскі дзеяч бел. дыяспары ў ЗША, удзельніца агульнаамер. руху за правы жанчын. Праф. (1993). З 1949 жыла ў ЗША. Скончыла Ратгерскі ун-т (штат Нью-Джэрсі) са ступенямі магістра бібліятэчных навук (1956) і магістра гісторыі мастацтва (1976). Працавала дырэктарам маст. б-кі гэтага ун-та. Удзельніца маст. выставак з 1969; творы экспанаваліся ў ЗША, Канадзе, Беларусі (1992, адзіная персанальная выстаўка на радзіме). Малявала ў манеры імпрэсіянізму сродкамі жывапісу і графікі пейзажы («Курган», «Папараць—кветка шчасця», «Буслы ў палёце» і інш., 1970—80-я г.), творы, якія адлюстроўваюць постаці і падзеі бел. гісторыі, паданні і легенды, катастрофу на Чарнобыльскай АЭС («Ефрасіння Полацкая», «Пагоня», «Чужанецкія крумкачы», «Голас продкаў», «Неспрыяльныя вятры», 1990-я г.). Уваходзіла ў склад кіраўніцтва Згуртавання беларускіх мастакоў і ўмельцаў. Аўтар навук. публікацый пра мастацтва жанчын, ахову гіст. спадчыны Беларусі, па гісторыі бел. архітэктуры і інш.

В.​А.​Трыгубовіч.

Г.Русак. Бусел. Акрыл.

т. 13, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кантрафа́кцыя

(лац. contrafactio = падробка)

1) перавыданне чужога твора без згоды аўтара;

2) уст. падробка твораў літаратуры, мастацтва;

3) выкарыстанне чужых знакаў на сваіх таварах з мэтай увесці ў зман пакупнікоў і атрымаць даход.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

капіра́йт

(ад англ. сору = капіраваць + right = права)

аўтарскае права, прававая норма, якая рэгулюе ўзаемаадносіны, звязаныя са стварэннем і выкарыстаннем твораў літаратуры, навукі і мастацтва; для абароны выдавецкіх правоў публікацыя суправаджаецца спецыяльным знакам ©.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

спецыя́льны

(лац. specialis = асаблівы)

1) асобы, прызначаны толькі для каго-н., чаго- н. (напр. с. рэйс);

2) звязаны з асобнай галіной навукі, тэхнікі, вытворчасці, мастацтва (напр. с-ая навучальная ўстанова, с-ая тэрміналогія).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

эвалю́цыя

(лац. evolutio = разгортванне)

працэс развіцця чаго-н., змянення ад аднаго стану да другога; бесперапынная колькасная змена чаго-н., якая падрыхтоўвае якасную змену (напр. э. жывёльнага свету, э. мастацтва, э. светапогляду); параўн. рэвалюцыя.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)