патурбава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; зак., каго-што.

Прычыніць клопат, неспакой, турботы каму‑н.; патрывожыць каго‑н. [Пісар:] — Прабачце, Андрэй Пятровіч, што патурбаваў вас: я павінен уручыць вам пакет, бо мне прадпісана аддаць яго пад распіску. Колас. [Тварыцкі:] — Пакуль спакойна — можна прыдбаць што, а ты баішся вялікую шышку, Назарэўскага, патурбаваць. Чорны. Касоўскі адпачываў пасля абеду. — Што табе трэба, Цвіркун? — спытаў ён, нездаволены тым, што яго патурбавалі. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пра́дзед, а, М ‑дзедзе, м.

1. Бацька дзеда або бабулі. Бацька, дзед і прадзед ўмелі іграць на скрыпцы і былі скамарохамі для ўсяе акругі. Гарэцкі.

2. звычайна мн. (пра́дзеды, ‑аў). Продкі. Ад прадзедаў спакон вякоў Мне засталася спадчына; Паміж сваіх і чужакоў Яна мне ласкай матчынай. Купала. На вялікдзень звычайна ў госці не запрашалі, хто хацеў, прыходзіў сам. Такі быў звычай, заведзены дзядамі і прадзедамі. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыве́т, ‑у, М ‑веце, м.

1. Тое, што і прывітанне (у 2 знач.). Прывет я шлю прыродзе, людзям І громам шумных навальніц. Колас. Воля, воля дарагая, Шлю з-за крат табе прывет! Таўлай.

2. Ласкавыя, добразычлівыя адносіны да каго‑н.; дружалюбны прыём каго‑н. [Маці:] — Добры чалавек у нас у сяле ў любой калгаснай хаце прывет і прытулак знойдзе. Краўчанка. Дарагі не абед, а прывет. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

псі́хіка, ‑і, ДМ ‑хіцы, ж.

Уласцівасць высокаарганізаванай матэрыі — галаўнога мозга — адбіваць, адлюстроўваць навакольны свет у пачуццях, адчуваннях, а ў людзей — у мысленні і волі. // Душэўная арганізацыя чалавека, сукупнасць яго душэўных перажыванняў, сіл, пачуццяў. Псіхіка селяніна. Дзіцячая псіхіка. □ З глыбі вякоў паўставалі даўно забытыя, сцёртыя ў памяці народа парадкі, традыцыі і адміністрацыйныя функцыі абуджанай польскай дзяржаўнасці, паўставалі, як магільныя прывіды, узрушаючы псіхіку шырокіх пластоў працоўных мас. Колас.

[Ад грэч. psychikos — душэўны.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разба́віць, ‑баўлю, ‑бавіш, ‑бавіць; зак., што.

Дабавіўшы вады або іншай вадкасці, зрабіць радзейшым, менш насычаным. Разбавіць спірт вадой. Разбавіць крупнік малаком. □ — Вось засталася ад малебну вада. Я пераліла яе ў бутэлечку, а цяпер, бачыце, мы разбавілі яе, і людзі бяруць свянцоную ваду. Колас. // Змяніць тэмпературу вады або іншай вадкасці, даліўшы больш або менш цёплай. [Гаспадыня] дастала з печы два чыгуны гарачай вады, разбавіла халоднай, прынесенай са студні. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рыжэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.

1. Станавіцца рыжым, рыжэйшым. Валасы рыжэюць. □ Лён ужо даўно адцвіў, зялёныя буйныя галоўкі пачыналі рыжэць, перашэптваліся на ветры. Гурскі. Заставалася яшчэ з паўгадзіны часу да заходу сонца, а сена было ўжо ўсё згрэбена і зложана ў копы, каб не рыжэла ад расы. Колас.

2. Вылучацца сваім рыжым колерам, віднецца (пра што‑н. рыжае). На высокіх узгорках рыжэла ржышча. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

слізня́к, а, м.

1. Беспазваночная жывёліна атрада малюскаў, якая амаль страціла ракавіну. У траве на балоце і ў чарналессі процьма жыўнасці: ляніва скачуць .. жабы, тлустыя, зеленаватыя і жоўтыя слізнякі бясконца ліжуць лісце, траву. Бяспалы.

2. Разм. зневаж. Пра бязвольнага, бесхарактарнага, нікчэмнага чалавека. Ваня павінен даказаць, што ён не слізняк, не прыстасаванец. Новікаў. [Лабановіч:] — Але справа не ў гэтым: слізнякі мы, бязвольнікі, людзі без цвёрдага грунту. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сму́та, ‑ы, ДМ смуце, ж.

1. Уст. Мяцеж, паўстанне, беспарадак. А ў нядзелю ў царкве гарачае казанне казаў бацюшка, падымаючы рукі ўгору — пра смуту, пра Русь і пра веру ў госпада бога. Скрыган.

2. Душэўнае замяшанне, трывога, хваляванне. І тут ён [Антось] нават засмяецца, Каб цень развеяць тае смуты: — І трэба часам крыж пакуты Панесці, мілыя мае вы, Зазнаць і гора, неспадзевы! Колас.

•••

Сеяць смуту гл. сеяць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спадру́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, які падыходзіць; зручны. З трывогай убачыў [Даніла], што хоць і сапраўдны тут лес, але дроў спадручных няма. Кулакоўскі. Ён [Сымон] са скрыпкай неразлучны, Не спускае яе з рук, А ў час вольны і спадручны Граў і цешыўся хлапчук. Колас.

2. у знач. наз. спадру́чны, ‑ага, м. Памагаты. Ні .. [гардэробшчык], ні яго спадручны ў такой жа форме,.. ніхто не звярнуў на нас увагі. Шыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спо́ўніць 1, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.

Здзейсніць, ажыццявіць; выканаць. Цішком .. [Міхалка] рыхтаваўся споўніць тое, што задумаў. Колас. Якое яно, сумленне? Калі працаваць, без лені, Калі даваць, поўняй, Калі абяцаць, споўніць. Лойка.

спо́ўніць 2, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.

Кніжн. Напоўніць. [Алесь] пачаў глуха: сэрца перашкаджала. Але плынь радкоў, як заўсёды, супакоіла яго, а тое, аб чым ён хацеў гаварыць, споўніла душу нязнанай пяшчотай, болем і любоўю. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)