ПАВЕ́РХНЕВЫЯ З’Я́ВЫ,

сукупнасць з’яў, звязаных з асаблівасцямі ўласцівасцей паверхняў, што падзяляюць датыкальныя целы (фазы). Адыгрываюць значную ролю ў прыродных працэсах (выветрыванне горных парод, атм. працэсы, глебаўтварэнне і інш.), у біялогіі (функцыянаванне клетачных мембран), у тэхніцы (трэнне, знос, змазачнае дзеянне і інш.).

Падзяляюцца на некалькі груп. Фізічныя П.з.: каалесцэнцыя, змочванне, адгезія, трэнне, капілярныя з’явы, звязаныя з лішкам свабоднай (гл. Паверхневае нацяжэнне) ці поўнай энергіі, энтрапіі або інш. тэрмадынамічных велічынь у паверхневым слоі. Вызначаюць форму кропель вадкасцей, газавых пузыроў, крышталёў у раўнаважным стане, умовы ўзнікнення зародкаў новай фазы. Хімічныя П.з. абумоўлены зменай хім. саставу паверхні ў выніку адсорбцыі. Уплываюць на мех. ўстойлівасць дысперсных сістэм (гл. Паверхнева-актыўныя рэчывы), ліяфільнасць рэчываў (гл. Ліяфільнасць і ліяфобнасць), павышаюць хім. ўстойлівасць (напр., супраць карозіі). П.з., звязаныя з фіз.-хім. і структурнымі ўласцівасцямі паверхневых слаёў. Уплываюць на кінетыку гетэрагенных працэсаў (каталіз, гарэнне, фазавыя пераходы). Электрапаверхневыя з’явы: электракінетычныя з’явы, электронная эмісія, паверхневая праводнасць і інш. абумоўлены ўтварэннем падвойнага электрычнага слоя іонаў і ўзнікненнем скачкоў патэнцыялу на паверхні падзелу фаз. На выкарыстанні П.з. заснаваны шматлікія тэхнал. працэсы: флатацыя, фільтрацыя, мех. апрацоўка і ўшчыльненне матэрыялаў, хім. сінтэз з выкарыстаннем гетэрагенных каталізатараў і інш.

Г.​С.​Раманаў.

т. 11, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́ТРАНА-РЭАКТЫ́ЎНЫ РУХАВІ́К (ПРР),

рэактыўны рухавік, у якім для гарэння паліва выкарыстоўваецца кісларод атмасфернага паветра, што ўсмоктваецца ў камеру згарання. Пры выкарыстанні хім. паліва кісларод паветра служыць акісляльнікам, што абумоўлівае высокую эканамічнасць ПРР у параўнанні з хім. ракетнымі рухавікамі.

Паводле спосабу сціскання паветра, што паступае ў камеру згарання, ПРР падзяляюцца на бескампрэсарныя і кампрэсарныя. У бескампрэсарных ПРР сцісканне адбываецца ў паветразаборніку за кошт кінетычнай энергіі набягаючага паветр. патоку. Да такіх рухавікоў адносяцца праматочныя ПРР (згаранне паліва ў іх адбываецца ў скразным — праматочным канале; выкарыстанне іх мэтазгодна ў апаратах са звышгукавымі скарасцямі палёту, а для разгону патрэбны дадатковы рухавік) і пульсуючыя (згаранне паліва адбываецца кароткімі паслядоўнымі ўспышкамі; могуць развіваць цягу на месцы; апараты з такімі рухавікамі не патрабуюць сілавых стартавых паскаральнікаў). У кампрэсарных ПРР сцісканне паветра, акрамя паветразаборніка, робіцца спец. кампрэсарамі. Такімі рухавікамі з’яўляюцца турбарэактыўныя рухавікі і турбавінтавыя рухавікі. Да ПРР адносяцца таксама некаторыя камбінаваныя рухавікі (напр., турбапраматочныя). Цяга ПРР залежыць ад вышыні і скорасці палёту.

Схемы паветрана-рэактыўных рухавікоў: а — праматочнага (1 — паветразаборнік, 2 — стабілізатар полымя, 3 — камера згарання); б — пульсуючага (1 — клапанная рашотка, 2 — фарсункі, 3 — камера згарання, 4 — рэактыўнае сапло).

т. 11, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТАЯ́ННЫ ТОК,

электрычны ток, сіла і напрамак якога з часам не зменьваюцца. Існуе ў форме току праводнасці (упарадкаваны рух свабодных электронаў у металах) і току пераносу (перамяшчэнне зараджаных часцінак у электралітах, газах, вакууме). Атрымліваецца выпрамленнем пераменнага току з дапамогай разнастайных выпрамнікаў току. Крыніцамі П.т. з’яўляюцца таксама электрычныя акумулятары, гальванічныя элементы, тэрмаэлектрычныя генератары, генератары П.т. (гл. Пастаяннага току машына), фотаэлементы, магнітагідрадынамічныя генератары, сонечныя батарэі.

Тэарэт. аналіз і разлік ланцугоў П.т. грунтуецца на Ома законе, Кірхгофа правілах і Джоўля—Ленца законе. Першапачаткова на электразабеспячэнне выкарыстоўваўся толькі П.т. Пасля распрацоўкі М.​В.​Даліва-Дабравольскім спосабаў і сродкаў пераўтварэння, перадачы і спажывання трохфазнага току (1891) П.т. у значнай ступені выцеснены пераменным токам. Аднак добрыя эксплуатацыйныя якасці машын П.т. (высокі пускавы момант, магчымасць плаўнага рэгулявання, рэкуперацыі эл. энергіі, высокая перагрузачная здольнасць) абумовілі шырокае выкарыстанне П.т. ў прам-сці (рухавікі і генератары пракатных станаў, металарэзных станкоў, экскаватараў, пад’ёмнікаў і інш.), для эл. цягі (трамвай, тралейбус, электрыфікаваны чыг. транспарт). П.т. выкарыстоўваецца таксама ў электраметалургіі, гальванатэхніцы, эл. зварцы, электравымяральнай тэхніцы, для сілкавання радыёўстановак, сродкаў сувязі, аўтаматыкі, тэлемеханікі. Перспектыўны для перадачы электраэнергіі вял. магутнасці на далёкія (да 1000 км і больш) адлегласці (ЛЭП напружаннем да 1500 кВ).

У.​М.​Сацута.

т. 12, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

П’ЕЗАЭЛЕКТРЫ́ЧНАСЦЬ (ад грэч. piezō цісну, + электрычнасць),

сукупнасць з’яў у некаторых дыэлектрычных крышталях, абумоўленых узаемасувяззю паміж іх палярызацыяй (гл. Палярызацыя дыэлектрыкаў) і мех. дэфармацыяй. Пры дэфармацыі прамавугольнай пласцінкі з п’езаэл. крышталя на яе процілеглых гранях узнікаюць эл. зарады рознага знака (прамы п’езаэл. эфект — ПЭЭ) і наадварот — пад уздзеяннем знешняга эл. поля ў пласцінцы ўзнікаюць дэфармацыі расцяжэння, сціскання ці зруху (адваротны ПЭЭ). П. адкрыў у 1817 франц. вучоны Р.​Ж.​Гаюі, даследавалі ў 1880 на крышталях кварцу браты Ж. і П. Кюры.

П. характэрна для анізатропных дыэлектрыкаў з дакладнай крышталічнай структурай, якая не мае цэнтра сіметрыі. Дыэлектрыкі, якім уласціва П., наз. п’езаэлектрыкамі. З іх найб. пашыраны: монакрышталічныя — кварц (п’езакварц), сегнетава соль, п’езакерамічныя — палярызаваныя сегнетаэлектрыкі і інш. п’езаэлектрычныя матэрыялы. ПЭЭ выяўляюцца і ў некаторых высакаомных паўправадніках, якія наз. п’езапаўправаднікамі. Эфекты пераўтварэння эл. энергіі ў пругкую мех. энергію і наадварот выкарыстоўваюць для генерацыі, стабілізацыі частаты і фільтрацыі эл. сігналаў, выпрамянення і прыёму акустычных хваль у розных п’езаэлектронных, акустаэлектронных і інш. прыстасаваннях.

Літ.:

Рез И.С., Поплавко Ю.М. Диэлектрики: Основные свойства и применения в электронике. М., 1989;

Современная кристаллография. Т. 4. М., 1981.

П.​А.​Пупкевіч.

т. 12, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАДА́ЧА ў машынах,

механізм, які служыць для перадачы энергіі (мех. вярчальнага руху) ад вядучага звяна (элемента) да вядзёнага, як правіла, з пераўтварэннем скорасці і адпаведнай зменай вярчальнага моманту. Пры дапамозе П. ў розных прыводах часам пераўтвараюць вярчальны рух у паступальны, мяняюць напрамак руху, прыводзяць у рух некалькі механізмаў ад аднаго рухавіка. Адрозніваюць гідраўлічныя перадачы, мех., пнеўматычныя, эл. і камбінаваныя (напр., гідрамеханічныя перадачы).

Да механічных П. адносяцца зубчастыя перадачы (у т. л. галоўныя перадачы, планетарныя перадачы), раменныя перадачы, фрыкцыйныя перадачы, ланцуговыя перадачы, чарвячныя перадачы (у т. л. глабоідныя перадачы), вінтавыя перадачы і інш. Такія П. бываюць са ступеньчатым і бесступеньчатым (гл. Бесступеньчатая перадача) рэгуляваннем перадатачных адносін. Мех. П. ўваходзяць як састаўныя часткі ў варыятары, каробкі перадач, мультыплікатары, рэдуктары, электрычныя прыводы і інш. Пнеўматычныя П. выкарыстоўваюцца пры вял. частотах вярчэння выхо́днага звяна (да 30 тыс. аб/мін); электрычныя П. дазваляюць перадаваць вял. магутнасці, маюць простую і зручную сістэму аўтам. рэгулявання, выкарыстоўваюцца ў розных галінах тэхнікі, асабліва ў прыводах цяжкіх трансп. машын. Асн. характарыстыкі П.: перадаваемы вярчальны момант, частата вярчэння на ўваходзе (або на выхадзе), перадатачны лік (адносіны вуглавых скарасцей вядучага і вядзёнага элементаў), ккдз. Гл. таксама Сілавая перадача.

т. 12, с. 273

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЧ у тэхніцы,

збудаванне (устаноўка, агрэгат, прылада), у якім у выніку гарэння паліва (часам інш. хім. рэакцый) або пераўтварэння эл. энергіі вылучаецца цяпло. Паводле крыніц цяпла адрозніваюць полымныя печы і электрычныя печы, а таксама П. са спец. відамі нагрэву: плазменна-дугавыя печы, электронна-прамянёвыя печы, аптычныя, у т. л. геліяпечы, і інш.; паводле галіны выкарыстання — прамысловыя і бытавыя.

Прамысловыя П. прызначаны для: награвання матэрыялаў або вырабаў (награвальныя печы), надання матэрыялам новых мех. уласцівасцей (тэрмічныя печы), апрацоўкі мінер. сыравіны (абпальвальныя печы), пераводу матэрыялаў, што апрацоўваюцца, у вадкі стан (плавільныя печы, у т. л. ватэржакетныя печы), выплаўкі сталі і цвёрдых металаў (мартэнаўскія печы, двухваннавыя П.), расплаўлення чорных і каляровых металаў у ліцейнай вытв-сці (вагранкі, адбівальныя печы), раскладання і ўзгонкі матэрыялаў (коксавыя печы), сушкі матэрыялаў (сушыльныя печы), варкі шкла і інш. Паводле метадаў перасоўвання матэрыялаў, што апрацоўваюцца, канструкцыйных і інш. адзнак П. падзяляюцца на: вярчальныя печы, камерныя печы, канвеерныя печы; вакуумныя печы, высокачастотныя печы, дугавыя печы, індукцыйныя печы; вежавыя, карусельныя, каўпаковыя, кальцавыя, метадычныя, нізкатэмпературныя, прахадныя, працяжныя, тыгельныя, шахтавыя, штурхальныя, з шагаючым подам і інш. Бытавыя П. падзяляюцца на ацяпляльныя (гл. Печ, Пячное ацяпленне), хлебапякарныя, кандытарскія, вяндлярныя (гл. Вяндлярня, Вэнджанне) і інш. Набылі пашырэнне мікрахвалевыя печы.

т. 12, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САБЕКО́ШТ,

грашовае выражэнне бягучых затрат на вытв-сць і рэалізацыю прадукцыі; частка вартасці. Уключае кошт выдаткаваных у вытв-сці прадметаў працы (сыравіны, матэрыялаў, паліва, энергіі); кошт сродкаў працы (збудаванняў, машын, абсталявання), перанесеных у працэсе вытв-сці на наваствораны прадукт; аплату працы работнікаў; расходы па збыце і рэалізацыі прадукцыі і інш. выдаткі прадпрыемства па арганізацыі вытв-сці і кіраванні. Адрозніваюць С. базісны, індывід., перавозак, прадукцыі, тэхнал., вытв. і фактычны (справаздачны). С. базісны — С. мінулага перыяду, які бярэцца за аснову разліку С. бягучага або планавага перыяду; С. індывідуальны — затраты на выраб канкрэтнага віду прадукцыі; С. перавозак — затраты на транспартаванне грузаў (прадукцыі) на розных відах транспарту; С. прадукцыі — затраты прадпрыемства (аб’яднання, арганізацыі) на выраб і рэалізацыю прадукцыі (паслуг); С. тэхналагічны — затраты на арганізаванне тэхнал. працэсу вытв-сці прадукцыі і аказання паслуг; С. вытворчы — затраты прадпрыемства на вытв-сць прадукцыі, у якія ўключаюцца кошт паўфабрыкатаў, купленых вырабаў і паслуг інш. прадпрыемстваў, а таксама затраты на абслугоўванне і кіраванне прадпрыемствам; С. фактычны (справаздачны) вызначаецца на аснове фактычных затрат па ўсіх пунктах С. за дадзены перыяд. Выкарыстоўваецца ў гасп. разліку для ацэнкі эфектыўнасці работы прадпрыемства і яго структурных падраздзяленняў, таксама для ўстанаўлення і змянення цэн на прадукцыю (паслугі).

У.​Р.​Залатагораў.

т. 14, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САГДЗЕ́ЕЎ Раальд Зіннуравіч (н. 26.12.1932, Масква),

расійскі фізік. Акад. Рас. АН (1968; чл.-кар. 1964). Замежны чл. Нац. АН ЗША (1987), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1990) і інш. Герой Сац. Працы (1986). Брат Рэнада Сагдзеева. Скончыў Маскоўскі ун-т (1955). З 1956 у Ін-це атамнай энергіі імя І.​В.​Курчатава, з 1961 у Ін-це ядз. фізікі Сібірскага аддз. АН СССР, з 1971 у Ін-це высокіх тэмператур АН СССР (у 1973—88 дырэктар). З 1989 у Ін-це касм. даследаванняў АН СССР. З 1989 праф. Мэрылендскага ун-та (ЗША). Навук. працы па фізіцы плазмы, праблеме кіравальнага тэрмаядз. сінтэзу, магн. гідрадынаміцы, касм. фізіцы, праблемах глабальнай бяспекі. Тэарэтычна прадказаў і растлумачыў найб. характэрныя з’явы фізікі касм. плазмы — утварэнне бессутыкняльных ударных хваль і радыяцыйных паясоў. Развіў тэорыю працэсаў цеплаправоднасці і дыфузіі ў такамаках (1967—68; разам з А.​А.​Галеевым). Ленінская прэмія 1984.

Тв.:

Коллективные процессы и ударные волны в разреженной плазме. Новосибирск, 1963;

Физика плазмы для физиков. М., 1979 (разам з Л.​А.​Арцымовічам);

Введение в нелинейную физику: От маятника до турбулентности и хаоса. М., 1988 (разам з Г.​М.​Заслаўскім).

М.​М.​Касцюковіч.

Раальд З.Сагдзееў.

т. 14, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАНДАРТЫЗА́ЦЫІ І СЕРТЫФІКА́ЦЫІ БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ ІНСТЫТУ́Т (БЕЛДЗІСС). Засн. ў 1992 у Мінску. З’яўляецца Нац. ін-там у галіне стандартызацыі і сертыфікацыі. Асн. падраздзяленні (2002): выпрабавальны цэнтр (праводзіць выпрабаванні кліматычныя і сертыфікацыйныя па электрабяспецы, радыёперашкодах, шчыльнасці патоку энергіі, устойлівасці да знешніх эл.-магн. перашкод, цепла-, вогнеўстойлівасці і пажарнай бяспецы быт. электрапрылад і радыёэлектроннай апаратуры і інш.); Нац. інфарм. цэнтр па тэхн. бар’ерах у гандлі, санітарных і фітасанітарных мерах (для рэалізацыі пагадненняў Сусв. гандл. арг-цыі); Дзярж. цэнтр каталагізацыі прадукцыі (збор інфармацыі аб наменклатуры прадукцыі, што вырабляецца ў краіне).

Асн. кірункі дзейнасці: у галіне стандартызацыі — распрацоўка праграм па стандартызацыі розных груп прадукцыі; распрацоўка дзярж. і міждзярж. стандартаў; экспертыза праектаў стандартаў і тэхн. умоў; вядзенне Адзінай сістэмы класіфікацыі і кадзіравання; распрацоўка метадалогіі стварэння тэхн. рэгламентаў; аказанне прадпрыемствам і арг-цыям метадычнай дапамогі. У галіне сертыфікацыі — распрацоўка метадалогіі менеджменту якасці, сертыфікацыі прадукцыі, сістэм менеджменту якасці, паслуг; выкананне работ па сертыфікацыі быт. і прамысл. прадукцыі. У галіне нарматыўна-тэхнічнага інфармацыйнага забеспячэння — фарміраванне, вядзенне і актуалізацыя Нац. фонду стандартаў — больш за 160 тыс. нарматыўных дакументаў (2001); афіц. выданне і распаўсюджванне стандартаў, каталогаў, інфарм. паказальнікаў, даведачна-метадычных матэрыялаў. Выдае час. «Новости. Стандартизация и сертификация».

М.​А.​Кусакін.

т. 15, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЫКО́ЎКА ў касманаўтыцы,

збліжэнне і механічнае злучэнне на арбіце або траекторыі палёту 2 ці больш касмічных апаратаў (КА) ці іх асобных частак.

Мэта С. — злучэнне касм. карабля (КК) з арбітальнай станцыяй для дастаўкі экіпажа, грузу і паліва, КК паміж сабой ці з ракетнай ступенню для выканання сумеснага палёту, зборка буйнагабарытных арбітальных станцый ці міжпланетных караблёў з асобных модуляў і інш. Выконваецца аўтаматычна ці з выкарыстаннем касманаўтамі сродкаў кіравання. Мех. злучэнне пры С. праводзіцца пры дапамозе стыковачных агрэгатаў, устаноўленых на КА, якія забяспечваюць першапачатковую счэпку, паглынанне энергіі сутыкнення, выраўноўванне КА, іх сцягванне да стварэння жорсткага злучэння. Пры зборцы буйнагабарытных канструкцый злучэнне КА ці модуляў можа выконвацца таксама з выкарыстаннем маніпулятараў. Першая ручная С. праведзена 16.3.1966 (С. касм. карабля «Джэміні-8» з ракетай «Аджэна», ЗША), аўтаматычная —30.10.1967 (С. ШСЗ «Космас-186» і «Космас-188», СССР). Метадам С. разнастайных блокаў праводзіцца зборка Міжнар. касм. станцыі.

У.​С.​Ларыёнаў.

Да арт. Стыкоўка. Стыковачнае ўстройства: 1 — пасіўны і 2 — актыўны стыковачныя агрэгаты; 3 — шаравы шарнір; 4 — галоўка.
Стыкоўка касмічных караблёў «Саюз» і «Апалон». а) «Саюз»; 1 — арбітальны адсек; 2 — стыковачная мішэнь; б) «Апалон»; 3 — накіравальны выступ стыковачнага агрэгата; 4—5 — люк стыковачнага агрэгата; 6 — стыковачны агрэгат.

т. 15, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)