КАПЫ́ЛЬСКАЯ ГРАДА́,

краявое ледавіковае ўтварэнне на ПдЗ Беларусі. Займае тэр. Нясвіжскага, Клецкага, Капыльскага і Слуцкага р-наў Мінскай, Баранавіцкага і Ляхавіцкага р-наў Брэсцкай абласцей. Належыць да паўд. адгалінавання Беларускай грады. На Пд абмежавана Баранавіцкай і Слуцкай раўнінамі, на З пераходзіць у Навагрудскае ўзв., на У працягваецца ў выглядзе ізаляваных канцавых утварэнняў. У субшыротным напрамку цягнецца амаль на 100 км, у субмерыдыянальным — на 45—50 км. Выш. да 243 м над узр. м. Адносная выш. да 84 м. Частка гал. водападзелу бас. Чорнага і Балтыйскага мораў. Рэльеф цэнтр. часткі згладжаны, на ўскраінах значна расчлянёны. У К.г. ўваходзяць больш дробныя канцова-марэнныя грады: Юшавіцкая, Скабінская, Браткаўская, Старасельская і шэраг участкаў з узгорыста-ўвалістым рэльефам у наваколлі в. Сноў Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. Да схілаў і міжградавых дэпрэсій прымеркаваны камы і камавыя масівы. Маюць месца папярочныя скразныя даліны, якія былі лагчынамі сцёку расталых ледавіковых вод і наследаваны сучаснымі рэкамі бас. Прыпяці (Нача, Лань, Морач, Лакнея) і бас. Нёмана (Ведзьма, Уша, Выня). К.г. прымеркавана да Бабаўнянскага выступу крышт. фундамента Бел. антэклізы, пароды якога ў некаторых месцах перакрыты толькі адкладамі плейстацэну. На перыферыі выступу ў асадкавай тоўшчы сустракаюцца адклады верхняга дэвону, мелу, палеагену і неагену. У будове плейстацэнавай тоўшчы прымалі ўдзел ледавіковыя ўтварэнні (марэнныя супескі, флювіягляцыяльныя пяскі, жвір і інш.) 4 зледзяненняў, а таксама перыгляцыяльныя і міжледавіковыя пароды (торф, гітыі, сапрапеліты, лёсы і інш.). Карысныя выкапні: буд. пяскі, жвір, торф, гліна. Глебы дзярнова-падзолістыя моцна ападзоленыя на павышаных участках, дзярнова-балотныя і тарфяна-балотныя ў далінах і лагчынах. Пад лесам каля 20% тэр., пад ворывам — да 60%.

А.​Ф.​Санько.

Капыльская града каля г. Капыль.

т. 8, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́ТЭР ((Luther) Марцін) (10.11.1483, г. Эйслебен, Германія — 18.2.1546),

нямецкі тэолаг, рэліг. рэфарматар, заснавальнік лютэранства. Пасля заканчэння Эрфурцкага ун-та (1505) уступіў у ордэн аўгусцінцаў, у 1507 пасвячоны ў святары. З 1508 праф. Вітэнбергскага ун-та, з 1512 доктар тэалогіі. Пратэстуючы супраць продажу індульгенцый, з 1517 выступіў з 95 тэзісамі, у якіх выкрываў карыслівую сутнасць гандлю «нябеснымі скарбамі». Папа Леў X у 1520 асудзіў тэзісы Л. ў буле, якую Л. публічна спаліў. Адначасова ён выдаў шэраг палемічных твораў («Да хрысціянскага дваранства нямецкай нацыі», «Вавілонская няволя», «Пра свабоду хрысціяніна»), якія ляглі ў аснову пратэстантызму. Канчаткова адлучаны ад царквы (1521) і асуджаны на выгнанне паводле Вормскага эдыкта 1521, Л. схаваўся ў замку саксонскага курфюрста Фрыдрыха Мудрага ў Вартбургу, дзе працаваў над перакладам на ням. мову Новага запавету і новымі палемічнымі творамі («Супраць злоўжывання святой імшой», «Пра шлюбы святароў і манахаў»). У 1522 Л. вярнуўся ў Вітэнберг і пачаў працу над перакладам Старога запавету. Ён рэзка выступіў супраць Сялянскай вайны 1524—26 і падтрымаў яе задушэнне. У 1530 на Аўгсбургскім рэйхстагу было прадстаўлена складзенае Л. і адрэдагаванае Ф.Меланхтанам «Аўгсбургскае спавяданне», якое афіц. фармулявала асн. палажэнні лютэранства. Найважнейшай працай Л. стаў таксама ням. пераклад Бібліі (скончаны ў 1542), у якім замацаваны нормы агульнанямецкай нац. мовы.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. произв. СПб., 1994;

Лекции по «Посланию к римлянам». Мн., 1996;

Лекции по «Посланию к Галатам». Мн., 1997.

Літ.:

Соловьев Э.Ю. Непобежденный еретик: Мартин Лютер и его время. М., 1984;

Порозовская Б. Мартин Лютер, его жизнь и реформаторская деятельность. СПб., 1994;

Эриксон Э.Г. Молодой Лютер: Психоаналит. ист. исслед.: Пер. с англ. М., 1996;

Мартин Лютер — реформатор, проповедник, педагог: [Сб.]. М., 1996.

Н.​К.​Мазоўка.

М.Лютэр.

т. 9, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАШЫ́ННАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

стадыя станаўлення матэрыяльнай асновы індустр. вытв-сці, на якой адбылася замена мануфактуры фабрыкай; характарызуецца выкарыстаннем машын. Узнікла ў 2-й пал. 18 ст. ў выніку прамысл. перавароту.

У прам-сці Беларусі першыя машыны (паравыя рухавікі) з’явіліся на суконных прадпрыемствах у мястэчках Хомск Кобрынскага і Косава Слонімскага паветаў. У 1840-я г. яны выкарыстоўваліся ўжо ў суконнай, вінакурнай, мукамольнай і цукр. вытв-сцях. З канца 1850-х г. на Беларусі пачаўся тэхн. пераварот, які ў адрозненне ад Зах. Еўропы і рас. губерняў ажыццяўляўся не ў лёгкай, а ў жалезаапрацоўчай і вінакурнай прам-сці. Напр., у металургіі крычны спосаб атрымання жалеза заменены пудлінгавым (у домнах). Пудлінгавыя печы ўзведзены на Старынкаўскім чыгуналіцейным і Барысаўшчынскім металургічным з-дах (на іх вырабляліся паравыя машыны), на Налібоцкім металургічным камбінаце. Прамысл. рэвалюцыя адбывалася і ў інш. галінах (харч., дрэваапр., хімічнай). Завяршылася яна ў канцы 1890-х г.; аб’ём фабрычнай прадукцыі да гэтага часу павялічыўся ў 37 разоў.

З моманту ўзнікнення М.в. прайшла шэраг этапаў развіцця. Напр., у 2-й пал. 19 ст. ў прам-сці пачаўся пераход ад пары да электрычнасці, што прывяло да павышэння ўзроўню механізацыі, карэнных змен М.в. ў традыц. галінах (апрацоўчая прам-сць) і яе развіцця ў галінах з бесперапыннымі тэхнал. працэсамі (металургія, хімія). Новая ступень у развіцці М.в. звязана з навукова-тэхнічнай рэвалюцыяй, якая ў сваю чаргу была падрыхтавана якаснымі зменамі ў самой М.в. (выкарыстанне новых прылад працы, машын-аўтаматаў, пераход да 4-звеннай сістэмы машын). Гал. кірункам навук.-тэхн. прагрэсу і павышэння прадукцыйнасці працы сучаснай М.в. з’яўляецца выкарыстанне аўтаматычных ліній і вытв-сцей, ЭВМ, камп’ютэраў, станкоў з лікавым праграмным кіраваннем, аўтаматызаваных сістэм кіравання. Гл. таксама Аўтаматызацыя, Аўтаматызацыя вытворчасці, Матэрыяльна-тэхнічная база.

т. 10, с. 239

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАМАРКСІ́ЗМ,

сукупнасць філас., сацыялаг. і паліт. ідэй, канцэпцый, тэорый, аўтары і прадстаўнікі якіх звярталіся да вучэння К.Маркса з мэтай абнаўлення яго поглядаў ва ўмовах грамадскай і паліт. рэчаіснасці 1930—80-х г. Прадстаўнікі Н. спалучалі асобныя элементы сац.-філас. поглядаў К.​Маркса і У.​І.​Леніна з палажэннямі неагегельянства, ніцшэанства, філасофіі жыцця, экзістэнцыялізму, неафрэйдызму, розных адценняў анархізму і інш. філас. плыняў. У Н. адрозніваюць 2 процілеглыя кірункі: дыялектычна-гуманістычны і сцыентыстычны. Першы з іх грунтуецца на трактоўцы асобы як суб’екта гіст. дзеяння і ўключае шэраг філас., філас.-этычных, філас.-эстэтычных, філас.-псіхал. плыняў: франкфурцкую школу (Т.Адорна, Ю.​Габермас, М.​Хоркхаймер), фенаменалагічны марксізм (Э.​Пачы, П.​Піконе), экзістэнцыялістычны марксізм Ж.П.Сартр, М.Мерло-Панці); фрэйдамарксізм (Г.Маркузе, Э.Фром); групу югасл. філосафаў «Праксіс» (С.​Маркавіч, Г.​Петравіч) і інш. Сцыентыстычны кірунак Н. прадстаўляюць філас. плыні, у межах якіх разглядаецца праблематыка тэорыі пазнання і навукі (Л.​Альцюсер, Г. дэла Вольпе). Да Н. далучыліся некат. тэарэтыкі антыкаланіяльнага нац.-вызв. руху (С.Амін), крытычныя сацыёлагі (Ч.Р.Мілс, Н.​Бірнбаўм), некат. ідэолагі фемінісцкіх рухаў. У неамарксісцкай інтэрпрэтацыі малады К.Маркс у якасці «філас. антраполага» проціпастаўлены сталаму — аўтару «Капітала», дзе чалавечая асоба ўжо выпадае з яго поля зроку. Марксава бачанне гуманізму ў іх канцэпцыях звузілася да індывіда; марксісцкая дыялектыка распаўсюджвалася толькі на сац. працэсы; катэгорыі прадукцыйных сіл і вытв. адносін саступалі месца паняццям працы і інтэракцыі (узаемадзеяння); вучэнню Маркса пра сусветна-гістарычную місію пралетарыяту проціпастаўлялася канцэпцыя пра інтэграцыю рабочага класа ў капіталіст. сістэму. Радыкальныя ідэі Н. ў 2-й пал. 1960-х г. былі ўспрыняты ўдзельнікамі «руху новых левых» («крытычная інтэлігенцыя», моладзь, студэнцтва, навучэнцы), у канцы 20 ст. водгукі Н. адчуваюцца ў ідэалогіі руху «зялёных» у канцэпцыі экалагічнага сацыялізму і інш.

В.​І.​Боўш.

т. 11, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТЭСТАНТЫ́ЗМ [ад лац. protestans (protestantis) які публічна даказвае],

адзін з асн. кірункаў (разам з каталіцызмам і праваслаўем) у хрысціянстве. Узнік у Еўропе ў перыяд Рэфармацыі.

Першапачаткова звязваўся з вучэннем М.​Лютэра, пазней Ж.​Кальвіна, У.​Цвінглі і інш. рэфармацыйных плыней. Да сярэдзіны 16 ст. распаўсюдзіўся па ўсёй Еўропе, у 17 ст. пашырыўся за яе межы. У выніку ўзніклі і арганізацыйна аформіліся пратэстанцкія цэрквы: лютэранская, кальвінісцкая, англіканская, ад якіх утварыўся шэраг рэліг. груповак і аб’яднанняў. Для П. характэрна адсутнасць супрацьпастаўлення духавенства міранам, адмова ад складанай царк. іерархіі, спрошчаны культ, адсутнасць манаства і бясшлюбнасці духавенства. У П. няма культу Багародзіцы, святых, анёлаў, абразоў, таінствы зведзены да хрышчэння і прычашчэння. Пратэстанты адмаўляюць аўтарытэт папскіх дэкрэтаў і пасланняў, рашэнні сабораў, прызнаюць толькі Біблію, для разумення якой непатрэбны пасрэднікі і традыцыі, а патрэбна толькі вера ва ўсё тое, што ў ёй напісана. Адказнасць чалавека за сваё выратаванне залежыць ад яго асабістай веры, ніякая арг-цыя (царква як сац. ін-т) не здольная ўзяць Яе на сябе. Існуюць разнавіднасці арганізац. форм П.: баптысты, метадысты, адвентысты, пяцідзесятнікі, сведкі Іеговы (больш за 400 млн. у свеце).

На Беларусі пратэстанцкія погляды пачалі распаўсюджвацца з сярэдзіны 16 ст., што спрыяла эвалюцыі грамадскага ладу, фарміраванню шляхецкай дэмакратыі, развіццю рэнесансна-гуманіст. і рацыяналістычных тэндэнцый у духоўным жыцці, станаўленню новых форм культуры, пашырэнню міжнар. культ. сувязей. Рэфармацыю падтрымлівалі Радзівілы, Тышкевічы, Сапегі, Кішкі, адукаваная частка грамадства і інш. П. пашырыўся ў выглядзе кальвінізму, лютэранства, арыянства і інш., у 19—20 ст. з’явіліся баптысты, евангельскія хрысціяне, пяцідзесятнікі, сведкі Іеговы і інш.

Літ.:

Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы (Вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970.

С.​М.​Зень.

т. 13, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЖАВА́ЛЬСКІ (Мікалай Міхайлавіч) (12.4.1839, в. Кімбарава Пачынкаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 1.11.1888),

расійскі географ, падарожнік, натураліст, даследчык Цэнтр. Азіі. Са старадаўняга роду Пржавальскіх, якія атрымалі шляхецкае званне і землі ў Віцебскім ваяв. ВКЛ у канцы 16 ст. Ген.-маёр. (1886). Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1878) і Рус. геагр. т-ва (1880), многіх рас. і замежных т-ваў. Скончыў Акадэмію Генштаба ў Пецярбургу (1863). Кіраўнік экспедыцыі ва Усурыйскі край (1867—69), 4 экспедыцый ў Цэнтр. Азію: Мангольскую (1870—73), Лабнорскую і Джунгарскую (1876—77), першую (1879—80) і другую (1883—85) Тыбецкія. У час экспедыцый пройдзена больш за 30 тыс. км і праведзена здымка гэтай тэрыторыі. П. даследаваў і апісаў прыроду Цэнтр. Азіі, адкрыў некалькі хрыбтоў і катлавін у Куньлуні, Наньшані і Тыбецкім нагор’і, удакладніў паўн. межы нагор’я, даследаваў вярхоўі рэк Хуанхэ і Янцзы, азёры Лабнор і Кукунор, палажыў пачатак вывучэнню клімату, сабраў багатыя калекцыі флоры і фауны, апісаў шэраг невядомых жывёл (у т. л. каня П., дзікага вярблюда, мядзведзя-пішчухаеда і інш.), сабраў звесткі па этнаграфіі. У 1891 Рускае геагр. т-ва ўстанавіла сярэбраны медаль і прэмію імя П., у 1946 Геагр. т-ва СССР — залаты медаль імя П. У яго гонар названы горад (Каракол), сяло ў Смаленскай, вобл., горны хрыбет у сістэме Куньлуня, ледавік на Алтаі, мыс на в-ве Ітуруп (Курыльскія а-вы), некат. віды жывёл і раслін, апісаныя ім.

Тв.:

Монголия и страна тангутов: Трехлетнее путешествие в Восточной нагорной Азии. М., 1946;

От Кульджи за Тянь-Шань и на Лоб-нор. М., 1947;

От Кяхты на истоки Желтой реки: Исслед. северной окраины Тибета и путь через Лоб-нор по бассейну Тарима. М., 1948.

І.​Ф.​Пржавальскі, В.​А.​Ярмоленка.

М.М.Пржавальскі.

т. 13, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСЕЎДАРУ́СКІ СТЫЛЬ, рэтраспектыўна-рускі стыль,

перайманне стараж.-рус. ці нар. рус. узораў у архітэктуры і маст. прамысловасці 19 ст.; умоўная назва некалькіх эклектычных кірункаў у рус. архітэктуры.

Зараджэнне П.с. ў рус. архітэктуры звязана з пашырэннем у 1830-я г. культавых збудаванняў у т.зв. рус.-візант. стылі, які запазычыў шэраг кампазіц. прыёмаў і дэкар. матываў візант. архітэктуры («узорныя праекты» цэркваў арх. К.​А.​Тона). Увасабляў ідэю афіц. праваслаўя пра пераемнасць паміж Расіяй і Візантыяй; карыстаўся дзяржаўнай падтрымкай. Другі кірунак, для якога характэрна выкарыстанне матываў стараж.-рус. архітэктуры, узнік пад уплывам рамантызму і славянафільства (пабудовы арх. А.​М.​Гарнастаева). У пач. 1870-х г. узнік новы, дэмакр. варыянт П.с. з нар. драўлянага дойлідства і разьбы (пабудовы В.​А.​Гартмана, І.​П.​Рапета). Напачатку быў пашыраны ў архітэктуры драўляных выставачных павільёнаў і невял. гар. дамоў, потым і ў манум. каменным дойлідстве.

На Беларусі пашыраны з канца 1870-х г. у культавых будынках (Аршанская Ільінская царква, Барысаўскі Васкрасенскі сабор, Гомельская капліца, цэрквы Барысаглебская ў Магілёве, Брацкая ў Брэсце, Уладзімірская ў в. Чыжэўшчына Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл. і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. з рысамі П.с. ўзведзены Магілёўскага настаўніцкага інстытута будынак, Магілёўскай гарадской управы будынак, будынак абл. драм. тэатра ў Магілёве, б. даходныя дамы па вуліцах Суворава ў Віцебску, Савецкай у Гомелі і Гродне, жылыя дамы па вул. Скарыны ў Полацку і інш. У вонкавым абліччы будынкаў значную ролю адыгрывалі каларыстычнае вырашэнне і арх.-дэкар. трактоўка фасадаў, якая дасягалася сродкамі майстэрскай цаглянай муроўкі.

В.​М.​Чарнатаў.

Да арт. Псеўдарускі стыль. Уладзімірская царква ў в. Чыжэўшчына Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобл.
Да арт. Псеўдарускі стыль. Будынак абласнога драматычнага тэатра ў Магілёве.

т. 13, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́ЛАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС, Кёнігсбергскі летапіс,

помнік старажытнарускага летапісання, летапісны звод пач. 13 ст.; зместам блізкі да Лаўрэнцьеўскага летапісу. Складаецца з «Аповесці мінулых гадоў» і летапісу за 1112—1206, прысвечанага пераважна гісторыі Паўн.-Усх. Русі. Вядомы адзіны ілюстраваны спіс канца 15 ст., зроблены, напэўна, у Смаленску, у канцы яго змешчана «Хаджэнне Данііла ігумена...». У 16—1-й пал. 17 ст. рукапіс зберагаўся на Беларусі. Апошні ўладальнік Р.л. Багуслаў Радзівіл завяшчаў Кёнігсбергскай б-цы, куды рукапіс трапіў у 1671. З 1758 знаходзіцца ў Расіі. У летапісе шмат каштоўных звестак з гісторыі ўсх. славян эпохі ранняга сярэднявечча, якія за 9—11 ст. пададзены паводле летапісу Нестара, за 12 ст. — уладзімірскага летапіснага зводу пач. 13 ст. Пад 1128 змешчана аповесць пра Рагнеду Рагвалодаўну поўнай рэдакцыі, якая складзена, найб. верагодна, у Кіеве ў 2-й пал. 11 ст. паводле вуснага апавядання Яна Вышаты, прапраўнука Дабрыні (дзядзькі кн. Уладзіміра Святаславіча). Вялікую культ.-гіст. каштоўнасць маюць 617 каляровых мініяцюр, якія адлюстроўваюць розныя бакі жыцця (ваен. паходы і бітвы, паўстанні, нар. святы і абрады, паліт. дзейнасць князёў, розныя сцэны з выявамі помнікаў архітэктуры), матэрыяльную культуру (прадметы побыту, мэблю, адзенне, зброю і інш.) усх. славян, з’яўляюцца своеасаблівым маст. летапісам сярэднявечча. Шэраг мініяцюр звязаны з гісторыяй бел. зямель: «Рагнеда і Рагвалод», «Бітва на Нямізе», пра паланенне і вызваленне Усяслава Полацкага і інш. У некат. мініяцюрах адчуваецца ўплыў зах.-еўрап. традыцый. Рукапіс зберагаецца ў б-цы Расійскай АН у Санкт-Пецярбургу.

Літ.:

Полное собрание русских летописей. Т. 38. Радзивилловская летопись. Л., 1989;

Радзивилловская летопись: Факс. воспр. рукописи: Текст. Исслед. Описание миниатюр. СПб.;

М., 1994.

В.​А.​Чамярыцкі.

Вольга і Святаслаў. Малітва Вольгі. Мініяцюры з Радзівілаўскага летапісу.

т. 13, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІСТЭМА́ТЫКА (ад грэч. systēmatikos упарадкаваны, які адносіцца да сістэмы) у біялогіі, раздзел біялогіі, які займаецца апісаннем, пазначэннем і класіфікацыяй усіх існуючых і вымерлых арганізмаў, устанаўленнем роднасных сувязей паміж іх асобнымі групамі (таксонамі) — відамі, родамі, сямействамі і інш. Грунтуецца на даных усіх раздзелаў біялогіі, асабліва на эвалюцыйным вучэнні. Дазваляе арыентавацца ў мностве існуючых відаў жывёл (каля 1,5 млн.), раслін (каля 350—500 тыс. відаў) і мікраарганізмаў, а таксама вымерлых відаў. Складае базу для генетыкі, біяхіміі, біягеаграфіі, экалогіі, палеанталогіі і інш. біял. навук. С. асн. груп арган. свету (пракарыёт і эўкарыёт) маюць адны асновы, задачы і шмат агульнага ў метадах даследавання, аднак розным раздзелам С. ўласцівы шэраг асаблівасцей, звязаных са спецыфікай розных груп арганізмаў. Як асн. раздзелы вылучаюць С. жывёл і С. раслін (вывучаюць разнастайнасці жывёльных і расл. арганізмаў). Асн. задачы С. — вызначэнне шляхам параўнання індывід. і спецыфічных асаблівасцей кожнага віду і надвідавых таксонаў, іх месца ў эвалюцыі арган. свету, выяўленне агульных уласцівасцей у розных таксонах.

С. імкнецца стварыць усеагульную і натуральную (філагенет.) класіфікацыйную сістэму арган. свету, падпарадкавання таксонаў рознага рангу — ад віду да сістэм. царства і надцарства, вызначыць месца кожнага віду арганізма ў гэтай сістэме. С. часта падзяляюць на таксаномію, разумеючы тэорыю класіфікацыі арганізмаў, і ўласна С. ў шырокім сэнсе. Зрэдку тэрмін «таксаномія» выкарыстоўваюць як сінонім С.

Асновы С. як навукі закладзены працамі англ. прыродазнаўца Дж.​Рэя і асабліва К.​Лінея. Вучэнне Ч.​Дарвіна надало С. эвалюц. змест.

Літ.:

Майр Э. Принципы зоологической систематики: Пер. с англ. М., 1971;

Тахтаджян АЛ, О состоянии и перспективах развития систематики в СССР // Успехи совр. биологии. 1972. Т. 73, вып. 2;

Меликян А.П. Цели и задачи современной систематики растений. М. 1984.

Л.​В.​Кірыленка.

т. 14, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ТВА ЗА А́НГЛІЮ 1940—41,

барацьба англійскіх узбр. сіл супраць ням.-фаш. ВПС над Брытанскімі а-вамі ў час 2-й сусв. вайны. Асн. мэта масіраваных удараў авіяцыі Германіі — прымусіць Вялікабрытанію да выхаду з вайны. Гал. ўдарную сілу Германіі складалі 2-і і 3-і паветр. флаты, якія базіраваліся на аэрадромах Францыі, Бельгіі і Галандыі; эпізадычныя налёты рабіла авіяцыя 5-га паветр. флоту з аэрадромаў Галандыі і Нарвегіі. Усяго ў бітве ўдзельнічала 2600 баявых самалётаў, у т. л. 1480 бамбардзіроўшчыкаў, 980 знішчальнікаў і 140 разведчыкаў. Сістэма ППА Вялікабрытаніі налічвала больш за 700 знішчальнікаў, каля 200 зенітных гармат і каля 1500 аэрастатаў загароджання; уздоўж яе ўсх. ўзбярэжжа размяшчаліся радыёлакацыйныя станцыі, што давала магчымасць англічанам своечасова выявіць авіяцыю праціўніка. У бітве вылучаюць 3 этапы. На 1-м (12.8—6.9.1940) гітлераўцы імкнуліся да панавання ў паветр. прасторы, гал. аб’ектамі ўдараў іх авіяцыі былі аэрадромы англ. ВПС, камандныя і радыёлакацыйныя пункты; 2-і этап (7.9—13.11.1940) — бамбардзіроўка Лондана і інш. буйных гарадоў, каб падарваць маральны дух насельніцтва; 3-і (15.11.1940—10.5.1941) — бамбардзіроўкі Бірмінгема, Ліверпула, Ковентры і інш., каб нанесці страты ваен.-прамысл. патэнцыялу Вялікабрытаніі. На 2-м і 3-м этапах праводзіліся пераважна начныя бамбардзіроўкі. У маі 1941 у сувязі з падрыхтоўкай да вайны супраць СССР інтэнсіўнасць налётаў знізілася. Усяго ням.-фаш. авіяцыя здзейсніла больш як 46 тыс. самалёта-вылетаў і скінула на Вялікабрытанію каля 60 тыс. бомбаў, страціўшы пры гэтым 1733 самалёты. ВПС Вялікабрытаніі страцілі 915 самалётаў і больш як 500 лётчыкаў. Страты сярод насельніцтва Вялікабрытаніі ад бамбардзіровак склалі больш як 86 тыс. чал. (у т. л. каля 40 тыс. забітымі), пашкоджана больш за 1 млн. будынкаў, шэраг гарадоў моцна разбураны. Масіраваныя ўдары ням. авіяцыі не дасягнулі пастаўленай мэты.

т. 3, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)