МІТРЫДА́Т VI ЕЎПА́ТАР (Mithridatēs Eupatōr; 132—63 да н.э.),
цар Пантыйскага царства з 121 (фактычна з 111) да 63 да н.э. Двойчы пасылаў войскі ў Крым, дапамог Херсанесу Таўрычаскаму і Баспорскай дзяржаве ў барацьбе супраць скіфаў. У час 3-га паходу было задушана Саўмака паўстанне і далучаны да Понта Баспор (107 да н.э.). Падначаліў сабе амаль усе грэч. полісы Прычарнамор’я, М. Арменію, Калхіду. Вёў войны з Рымам (т.зв. Мітрыдатавы войны 89—85, 83—81 і 74—63 да н.э.); магчыма, заключыў саюз са Спартаком. Вырашальнае паражэнне пантыйскім войскам нанесла рым. армія Пампея ў бітве на р. Еўфрат у 65 Да н.э. М. VI Е. уцёк у Пантыкапей (сучасны г. Керч). Не атрымаўшы падтрымкі народа і войска для далейшай барацьбы з Рымам, скончыў самагубствам. Паводле звестак ант. аўтараў, М. VI Е. валодаў больш як 20 мовамі, любіў грэч. мастацтва і музыку, быў калекцыянерам, апекаваў філосафаў і паэтаў.
Літ.:
Аппиан. Митридатовы войны // Вестн. древней истории. 1946. № 4;
Бенгтсон Г. Правители эпохи эллинизма: Пер. с нем. М., 1982. С. 290—321;
Молев Е.А. Митридат Евпатор: Создание Черноморской державы. Саратов, 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮРА́Т ((Murat) Іаахім) (25.3.1767, г. Лабастыд-Мюра, Францыя — 13.10.1815),
французскі ваен. і дзярж. дзеяч. Маршал Францыі (1804), герцаг Бергскі і Клеўскі (1806). Кароль Неапалітанскага каралеўства пад імем Іаахім-Напалеон [1808—15]. У франц. арміі з 1787. Вызначыўся пры задушэнні мяцяжу раялістаў у 1795, у Італьянскім (1796—97) і Егіпецкім (1798—99) паходах Напалеона I, садзейнічаў захопу ім улады ў Францыі. Удзельнік усіх Напалеонаўскіх войнаў. У час вайны 1812 супраць Расіі камандаваў кав. корпусам, удзельнічаў у баях каля Астроўна, Смаленска, с. Таруціна, Барадзінскай бітве 1812. Пасля ад’езду Напалеона I у Францыю (5.12.1812) да студз. 1813 камандаваў рэшткамі «вялікай арміі»; на баку Напалеона ўдзельнічаў у бітвах пры Дрэздэне і Лейпцыгу. У студз. 1814 заключыў тайны саюз з Аўстрыяй і Вялікабрытаніяй з мэтай захаваць неапалітанскі прастол, але яго дамаганні адхіліў Венскі кангрэс 1814—15. У перыяд «Ста дзён» выступіў на баку Напалеона I, быў разбіты ў Італіі і ўцёк на в-аў Корсіка. Каб вярнуць сабе прастол, на чале невял. атрада высадзіўся на Пд Італіі, але схоплены аўстрыйцамі і па прыгаворы ваен. суда расстраляны.
Літ.:
Тюлар Ж. Мюрат, или Пробуждение нации: Пер. с фр.М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́СТГО́ТЫ, астраготы, грэйтунгі,
германскае племя, усх. галіна готаў. У 3 ст. насялялі Паўн. Прычарнамор’е і часткова Крым. У 375 племянны саюз О. разгромлены і падпарадкаваны гунамі. Асн. маса О. перасялілася ў Панонію. У сярэдзіне 5 ст. яны вызваліліся з-пад улады гунаў і ў 493 заснавалі ўласнае каралеўства ў Італіі са сталіцай у Равене. Сутыкнуўшыся з рым. цывілізацыяй, О. ўспрынялі значную частку яе дзярж.-прававых і сац. ін-таў. У выніку пачаўся працэс збліжэння рым. і остгоцкай знаці, якому спрыяла палітыка караля О.Тэадорыха [493—526], Пасля смерці Тэадорыха трон заняла яго дачка Амаласунта [526—534], забойства якой антырым. апазіцыяй стала падставай для Візантыйскай імперыі ў 535 пачаць з О. вайну. У 540 візант. палкаводзец Велісарый заняў Равену і захапіў у палон караля Віцігіса [536—540]. Кароль Тоціла [541—552] працягваў вайну з пераменным поспехам да 552, але быў разбіты візант. палкаводцам Нарсесам. Да 555 супраціўленне спынілі апошнія гарнізоны О. Каралеўства О. было падпарадкавана Візантыйскай імперыі і спыніла існаванне.
Літ.:
Буданова В.П. К вопросу о формировании вестготов и остготов (по данным письменных источников) // Взаимосвязь социальных отношений и идеологии в средневековой Европе. М., 1983;
Яе ж. Готы в эпоху Великого переселения народов. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНГЕРМАНІ́ЗМ, усегерманізм,
нацыяналістычная ідэйна-паліт. плынь у нямецкамоўных краінах у 2-й пал. 19—1-й пал. 20 ст. Узнік у асяроддзі па-прусафільску настроеных аўстр. немцаў пасля паражэння Аўстрыі ў аўстра-прускай вайне 1866 і ўтварэння Аўстра-Венгрыі (1867), аформлены ў 1870—80-я г. прыхільнікамі паліт. дзеяча Г.Шонерэра. Сац. база: частка сялян, рамеснікаў, дробнай буржуазіі, інтэлігенцыі, студэнцтва Вены і інш. гарадоў. Аўстр. пангерманцы выступалі за выхад Аўстрыі з саюза з Венгрыяй і далучэнне аўстр. зямель да Герм. імперыі, за наданне «асобага становішча» Галіцыі і Букавіне ў рамках Цыслейтаніі і перадачу Далмацыі Венгрыі, супраць уступак чэхам і інш.слав. народам Аўстра-Венгрыі. У Германіі да канца 19 ст. аформіўся імперскі П. (гл.Пангерманскі саюз); яго прыхільнікі выступалі найперш за правядзенне краінай «сусв. палітыкі» (заваяванне Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропы, калоній), але былі супраць хуткага аб’яднання з Аўстрыяй. У пач. 20 ст. П. паступова страціў уплыў. Яго тэзіс аб «перавазе» герм. расы і неабходнасці аб’яднання Германіі і Аўстрыі пазней пераняла і абсалютызавала Нацыянал-сацыялісцкая партыя (гл. таксама Аншлюс).
Літ.:
Ратнер Н.Д. Очерки по истории пангерманизма в Австрии в конце XIX в. М., 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТАРНА́К (Леанід Восіпавіч) (3.4.1862, г. Адэса, Украіна — 13.6.1945),
расійскі жывапісец, графік. Акад. Пецярбургскай АМ (з 1905). Бацька Б.Л.Пастарнака. Скончыў Новарасійскі ун-т у Адэсе (1885), адначасова вучыўся ў Мюнхенскай АМ. Выкладаў у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (з 1894). Экспанент Т-ва перасоўных выставак (з 1889). Чл.-заснавальнік аб’яднання «Саюз рускіх мастакоў» (з 1903). З 1921 жыў у Германіі, Вялікабрытаніі. Працаваў у жанры партрэта, станковай і кніжнай графікі. Стварыў цыкл твораў, прысвечаных Л.Талстому, партрэты М.Горкага (1906), А.Скрабіна (1909), С.Рахманінава, Э.Верхарна (абодва 1913), А.Эйнштэйна (1924), Р.М.Рыльке (1926), Л.Карынта (1927), Г.Гаўптмана (1930), цыкл натурных партрэтаў У.І.Леніна і інш. Яго партрэтам уласцівы выразнасць, лаканізм, увага да духоўнага жыцця чалавека. Аўтар ілюстрацый да раманаў «Вайна і мір» і «Уваскрэсенне» Талстога, твораў М.Лермантава, жанравых карцін «Ліст з радзімы» (1889), «Дамоў на радзіму» (1891), «Пасяджэнне савета выкладчыкаў Маскоўскага вучылішча жывапісу, скульптуры і дойлідства» (1902), серыі пейзажаў гарадоў Паўн. Еўропы (1908), малюнкаў дзяцей і інш. Творчасці П. ўласцівы эмац. выразнасць, тонкасць каларыту, зварот да пленэрнага жывапісу, праца пры вячэрнім асвятленні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЦЯРБУ́РГСКІ «САЮ́З БАРАЦЬБЫ́ ЗА ВЫЗВАЛЕ́ННЕ РАБО́ЧАГА КЛА́СА»,
нелегальная сацыял-дэмакратычная арг-цыя ў С.-Пецярбургу ў 1895—96, зародак рэв.с.-д. рабочай партыі ў Расіі. Засн. У.І.Леніным у ліст. 1895, падрыхтоўчая работа вялася з 1893. Аб’яднаў усе марксісцкія рабочыя гурткі Пецярбурга. Цэнтралізаваная структура «Саюза»: кіруючы цэнтр (Ленін, Л.Мартаў, А.А.Ванееў, Г.М.Кржыжаноўскі, В.В.Старкаў, П.К.Запарожац і інш.), 3 раённыя групы, рабочыя гурткі на прадпрыемствах — стала ўзорам для стварэння с.-д. арг-цый у інш. гарадах Расіі. У яго дзейнасці ўдзельнічалі беларусы — рабочыя сталічных прадпрыемстваў: І.А.Левашкевіч, В.А.Шчаглоў і інш. Адным з рабочых гурткоў кіраваў ураджэнец Беларусі П.М.Лепяшынскі. У газ. «Рабочее дело» № 1 (канфіскавана 21.12.1895 у час арышту Леніна і яго паплечнікаў) была інфармацыя аб рабочым руху ў Мінску. Па справе «Саюза» ў Мінску арыштаваны А.І.Паляк, Н.І.Занцэвіч і С.М.Гутман. З вясны 1896 шырока распаўсюджвалася нелегальная л-ра, выдадзеная «Саюзам», у т. л. на Беларусі, што спрыяла развіццю тут с.-д. руху.
Літ.:
В.И.Ленин и «Союзы борьбы». М., 1978;
Филяков В.Г. Революционные связи рабочих Белоруссии и России в конце XIX — начале XX в. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СВЕТ МАСТА́ЦТВА»,
расійскае маст. аб’яднанне, якое сфарміравалася пад эгідай час.«Мир искусства». Існавала ў 1898—1904 і ў 1910—24. Узнікла на аснове гуртка маладых мастакоў і аматараў на чале з А.Бенуа і С.Дзягілевым з мэтай аб’яднання прадстаўнікоў новага пакалення «і як аб’яднанае цэлае заняць месца ў еўрап. мастацтве». Заснавальнікі — Г.Астравумава-Лебедзева, Л.Бакст, І.Білібін, М.Дабужынскі, А.Галавін, І.Грабар, К.Каровін, Б.Кустодзіеў, М.Рэрых (старшыня), Я.Лансерэ, К.Сомаў, В.Сяроў і інш. Праграма «С.м.» мела неарамант. характар і была звязана з сімвалізмам і мадэрнам. Чл. аб’яднання не прымалі акадэмізм, творчасць перасоўнікаў, звярталіся да шырокага кола сфер сучаснага мастацтва (інтэр’ер, тэатр, эстамп, кніга і інш.); выступалі з крытыкай эстэтыкі рус.рэв. дэмакратаў і канцэпцыі У.Стасава. Агульнымі для твораў членаў «С.м.» былі вытанчаны дэкаратывізм, лінеарнасць, якая часам пераходзіла ў арнаментыку, тонкае спалучэнне матавых тонаў. Аб’яднанне наладжвала калектыўныя выстаўкі ў Пецярбургу, Маскве, Кіеве (1912), а таксама арганізавала персанальную выстаўку М.Чурлёніса (1911—12). Мастакі «С.м.» асобнымі экспазіцыямі былі прадстаўлены на міжнар. выстаўцы ў Рыме (1911), з’яўляліся арганізатарамі спектакляў «Рускіх сезонаў» Дзягілева (Парыж, Лондан). У 1904—10 большасць майстроў «С.м.» ўваходзіла ў Саюзрус. мастакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАВЕ́НЕ,
ільменскія славяне, паўночныя ўсх.-слав. плямёны, якія ў 2-й пал. 1-га тыс.н.э. жылі ў басейне воз. Ільмень, у 10—13 ст. рассяляліся на Іжорскім плато, па р. Малога дасягалі Яраслаўскага Паволжа і Волга-Окскага міжрэчча. Займаліся земляробствам, паляваннем, рыбалоўствам, будавалі наземныя зрубныя дамы з печамі-каменкамі. Асн. тыпам іх пасяленняў былі селішчы. Першыя гарадзішчы ўзніклі ў 8 ст.Найб.стараж. помнікі С. — пахавальныя сопкі з абрадам трупаспалення. У 9—10 ст. побач з сопкамі пашыраны курганы з трупаспаленнем. З пач. 11 ст. пераважаў пахавальны абрад з трупапалажэннем. Наяўнасць у сопках фінскіх элементаў пахавальнага абраду адлюстроўвае працэс славянізацыі мясц. фіна-угорскіх плямён. Лічаць, што продкі С. рухаліся ў Прыільменне праз землі балтаў, у якіх запазычылі іх звычай рабіць курганныя насыпы над нябожчыкамі. Этнавызначальныя рысы С. — ромба- і авальнашчытковыя скроневыя кольцы 11—14 ст. (на Беларусі падобныя рэчы знойдзены каля Радашковіч і ў Чапліне). У 9 ст. С. і крывічы разам з фінскім племем весь утварылі паліт.саюз. Цэнтр С. — г. Ноўгарад. Землі С. сталі ядром уладанняў Наўгародскай феад. рэспублікі.
Літ.:
Седов В.В. Восточные славяне в VI—XIII вв М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АФІ́НЫ (Athēnai) Старажытныя, горад-дзяржава (поліс) у Паўд.ч.Атыкі, адзін з важнейшых эканам., паліт. і культ. цэнтраў Стараж.Грэцыі. Поліс утварыўся ў выніку аб’яднання радавых абшчын Атыкі вакол Афінскага акропаля. Унутры абшчын існаваў падзел на аўпатрыдаў, геамораў і дэміургаў. Савет знаці, арэапаг, меў вышэйшую суд., адм. і рэліг. ўладу. У 621 да нашай эры правіцель Драконт запісаў законы, якія прызнавалі прыватную ўласнасць на рухомую маёмасць. Да канца 6 ст. да нашай эры зямля лічылася абшчыннай уласнасцю, але паступова апынулася ў руках радавой знаці, а частка абшчыннікаў — у даўгавым рабстве. У 594 да нашай эры правіцель Салон Правёў рэформы, якія адмянялі даўгавое рабства, уводзілі савет 400; грамадзян падзялялі на 4 разрады ў адпаведнасці з маёмасным цэнзам; вышэйшыя пасады ў дзярж. органах маглі займаць толькі самыя багатыя людзі. Народны сход і Гелія (суд прысяжных) складаўся з усіх грамадзян. Узнікла дэмакратыя. Каля 560 да нашай эры адбыўся паліт. пераварот, у выніку якога ўстанавілася тыранія Пісістрата. Пры Пісістратыдах (560—510 да нашай эры) разгарнулася храмавае і свецкае буд-ва, праведзены водаправод; Афіны кантралявалі марскі шлях у Прычарнамор’е, пашырылі свой уплыў на шэраг а-воў Эгейскага м. Пасля падзення тыраніі і грамадз. вайны 508 да нашай эры праведзены новыя рэформы, у выніку якіх знішчаны перажыткі радавога ладу; закон аб астракізме ахоўваў дэмакратыю. Афіны сталі самай вял. дзяржавай Стараж. Грэцыі. У перыяд грэка-персідскіх войнаў 500—449 да нашай эры Афіны дасягнулі найб. росквіту: некалькі разоў перамагалі персаў, узначальвалі антыперс. Дэлоскі саюз, які пазней ператварыў Афіны ў марскую дзяржаву (гл.Архе Афінская). Гады праўлення Перыкла атрымалі назву «залатога веку Перыкла». З увядзеннем аплаты дзярж. пасад дэмасу забяспечаны ўдзел у кіраванні дзяржавай. Праца свабодных земляробаў і рамеснікаў спалучалася з працай рабоў, Афіны ператварыліся ў буйны гандлёва-рамесніцкі поліс. Расквітнелі філасофія, рэлігія, тэатр, л-ра, архітэктура і скульптура. Аднак шматлікія супярэчнасці ўнутры Афінскай дзяржавы з яе полісамі-саюзнікамі прывялі да Пелапанескай вайны 431—404 да нашай эры і паражэння Афін. У ходзе Карынфскай вайны 395—387 да нашай эры Афіны часткова аднавілі сваё становішча, але былой магутнасці ўжо не дасягнулі. У 338 да нашай эры Македонія ўключыла Афіны ў Элінскі саюз пад сваёй гегемоніяй. У 86 да нашай эры Афіны заваяваны Рымам. У 3 ст. нашай эры Афіны перажылі нашэсце варвараў і прыйшлі ў заняпад.
Літ.:
Колобова К.М. Древний город Афины и его памятники. Л., 1961;
Корзун М.С. Социально-политическая борьба в Афинах в 444—425 гг. до нашей эры. Мн., 1975;
Фролов Э.Д. Социально-политическая борьба в Афинах в конце V в. до нашей эры: (Материалы и документы). Л., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ТАЎТ (1350—27.19.1430),
князь гродзенскі, трокскі, вял.кн.ВКЛ [1392—1430]. Сын Кейстута. Адзін з самых выдатных дзярж. дзеячаў ВКЛ. Актыўную паліт. дзейнасць пачаў у 1382 пасля забойства Ягайлам яго бацькі. Каб адпомсціць Ягайлу, Вітаўт уцёк да крыжакоў, заключыў з імі саюз, прыняў каталіцтва (пасля хрышчэння імя Віганд), абавязаўся стаць васалам Тэўтонскага ордэна і аддаў ордэну Жамойцію (1384). У ходзе барацьбы з Ягайлам пераканаўся ў яе бесперспектыўнасці і згадзіўся на мір. Атрымаў ад Ягайлы Берасце (Брэст) і Гародню (Гродна), большасць насельніцтва якіх складалі праваслаўныя, і перайшоў у праваслаўе (атрымаў імя Аляксандр). Аднак у час заключэння Крэўскай уніі 1385 разам з Ягайлам і інш. князямі зноў прыняў каталіцтва. У 1388, упэўніўшыся ў небяспецы гэтай уніі для ВКЛ, незадаволены тым, што Ягайла прызначыў сваім намеснікам у ВКЛСкіргайлу, а не яго, Вітаўт узначаліў барацьбу феадалаў ВКЛ супраць Ягайлы. Заключыў саюзы з вял.кн. маскоўскім Васілём I, аддаўшы за яго сваю дачку Соф’ю, і з Тэўтонскім ордэнам; зноў аддаў крыжакам Жамойцію (у 1389). У выніку 2-гадовай упартай і жорсткай барацьбы было заключана Востраўскае пагадненне 1392 і Вітаўт стаў вял. князем ВКЛ. Ён умацаваў трываласць дзяржавы, задушыўшы змову князёў Карыбута, Фёдара Карыятавіча і Свідрыгайлы, у 1395, выкарыстаўшы міжусобіцу смаленскіх князёў, падпарадкаваў ВКЛ Смаленск. У 1399 выступіў саюзнікам беглага татарскага хана Тахтамыша ў міжусобнай барацьбе і пацярпеў паражэнне ў бітве на Ворскле 1399. Скарыстаўшы цяжкае становішча ВКЛ, кіруючыя колы Польшчы вымусілі Вітаўта заключыць Віленска-Радамскую унію 1401. У 1404 Вітаўт з дапамогай палякаў задушыў паўстанне ў Смаленску. Імкнучыся падпарадкаваць ВКЛ Ноўгарад, Вітаўт некалькі разоў хадзіў на Наўгародскую зямлю (апошні раз у 1428), што прывяло да вайны з Масквой, якая таксама прэтэндавала на горад. Тры разы хадзіў на Маскву (апошні раз у 1408). Войскі ВКЛ і Маскоўскага вял. княства сышліся на р. Угра, але Вітаўт і Васіль I, не пачынаючы бітвы, заключылі мір і вызначылі мяжу паміж дзвюма дзяржавамі па р. Угра. Маючы на мэце разграміць Тэўтонскі ордэн, які рабіў напады на ВКЛ, і вярнуць пад сваю уладу Жамойцію, Вітаўт у цеснай садружнасці з Ягайлам рыхтаваў супраць крыжакоў паход аб’яднанага войска ВКЛ і Польшчы. У выніку перамогі ў Грунвальдскай бітве 1410 і заключэння Тарунскага міру 1411 Жамойція была вернута ў ВКЛ. Саюз Польшчы з ВКЛ быў умацаваны Гарадзельскай уніяй 1413, якая дала паліт. прывілеі каталіцкай шляхце ВКЛ. Разумеючы значную ролю правасл. насельніцтва ў дзяржаве, Вітаўт стварыў самастойную правасл. мітраполію на чале з Цамблакам з цэнтрам у Навагрудку. У 1429 і 1430 Вітаўт спрабаваў атрымаць ад папы рымскага тытул караля і каралеўскую карону. У выніку польскіх інтрыг мэты не дасягнуў. Пры Вітаўце ВКЛ стала самай магутнай дзяржавай у Цэнтр. і Усх. Еўропе.