ушало́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што, без дап. і з дадан. сказам.

1. Разм. Зразумець, уцяміць; скеміць. [Тамара] ўслухоўвалася ў гаворку салдат, але, мусіць, таму, што нямецкую мову разумела з пятага на дзесятае, нічога не магла ўшалопаць. Сабаленка.

2. Абл. Узяць, убіць сабе ў галаву. — Ой, ой, які ты дзіўны! — не даючы сыну скончыць, перабіла яго Тадося. — І што ты ўшалопаў сабе? Прыдатны не аддасць за ця-а-бе-э дачкі?.. Хай яшчэ падзякуюць богу, што мы цябе згодны жаніць з ёю. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чапуры́цца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.

Разм.

1. Прыхарошвацца, адмыслова прыбірацца, прыводзіць сябе ў парадак. Пакуль чапурыліся калгасныя артысты, пакуль падыходзілі да стагоў людзі, Уладзімір Іванавіч паспеў што-нішто расказаць. Кірэйчык. Варка такі сябе глядзела: як толькі прыходзіла з поля, чысценька вымывалася, круцілася перад люстрам, запляталася, чапурылася і станавілася такою, хоць ты яе ў тэлевізар паказвай. Сабаленка. Дзедка пагаліўся, Стаў ён чапурыцца — Маладзей зрабіўся Так гадкоў на трыццаць! Валасевіч.

2. Надзімацца, натапырвацца (пра птушак). На прасторным двары Сімона чапурыўся дурны ганарлівы індык. Самуйлёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вастрыня́, ‑і, ж.

1. Уласцівасць вострага (у 1, 3, 4, 7 і 8 знач.). Вастрыня нажа. Вастрыня ўспамінаў перажытага. Вастрыня зроку. Вастрыня позірку. Вастрыня драматычнага канфлікту. □ З гадамі ў мяне не прытупіўся зрок, І вастрыні пачуццяў я не трачу. Грахоўскі. Вастрыня першага болю прайшла, аднак забыцца на тое, што давялося перажыць, [Булаўка] не мог. Пальчэўскі.

2. перан. Разм. Надзённасць, актуальнасць. Пад канец рабочага дня Юрка ўзяў з маіх рук двойчы перапісаныя мною допісы, прачытаў і сказаў: — На першы раз нішто сабе, але трэба больш палітычнай вастрыні. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

азалаці́ць, ‑лачу, ‑лоціш, ‑лоціць; зак., каго-што.

1. Асвяціўшы, надаць чаму‑н. залацісты колер, адценне. Сонца к небасхілу Паспяшала рупна на спакой начны І у раз апошні лес азалаціла... Гурло. // Зрабіць пажоўклым; пазалаціць. Азалаціла восень поле іржышчам, дрэвы лісцем, гумны снапамі; абвеяла хаты жытнім пылам; вострым пахам кастрыцы напоўніла вуліцу. Чорны.

2. Разм. Шчодра ўзнагародзіць. [Лазука:] — Дык я ж і кажу, што гэты лён азалаціў і наш калгас, і нас саміх. Сабаленка. [Парторг:] — Тут у аднаго дзядзькі ёсць у садку з паўдзесятка дрэў, дык яны яго азалацілі. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

абры́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

1. Імкліва ўпасці зверху, абрушыцца, абваліцца. Ён [мост] закалышацца, як дзіцячая калыска, не вытрымае цяжару і абрынецца ў ваду. Сабаленка. Косыя блакітныя ніткі мігатлівай шкляной заслонай захінаў далягляд, і Юрку здалося, што палатка — гэта астравок, на які абрынулася вада. Карпаў. // перан. Нечакана спасцігаць каго‑, што‑н. Няшчасце абрынулася на Марыльку. Сабалеўскі.

2. перан. Імкліва, з вялікай сілай напасці, наваліцца. Не ступіў я і кроку, як раптам у галаве памутнела, паплылі кругі, нейкая магутная сіла абрынулася на мяне, і я апамятаўся на брызенце. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ко́стачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Памянш.-ласк. да косць (у 1, 2, 4 і 5 знач.).

2. Разм. Тое, што і шчыкалатка. Потым, калі села на сноп, пачула [Ганна], як шчыміць уколатая аб пожню нага каля кветачкі. Мележ.

3. Гібкая пласцінка, металічная або з кітовага вуса, якая ўшываецца ў грацыю, сукенку і пад.

4. Ядро, семя ў некаторых пладах, пакрытае цвёрдай абалонкай. Костачка вішні. Костачка слівы.

5. Шарык у лічыльніках. [Бухгалтар] гартаў кнігі, ляскаў костачкамі лічыльнікаў. Сабаленка.

•••

Разабраць па костачках гл. разабраць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кош, каша, м.

1. Плеценая з лазы, карэння і інш. круглая пасудзіна для складання і пераноскі чаго‑н. Плесці кош. Кош бульбы. Збіраць у кош баравікі. □ Вось цёткі ў вялікіх, абшытых зверху кашах прывезлі кіяўлянам дары палескіх лясоў — чарніцы і суніцы. Няхай.

2. Сплеценая з лазы скрыня, якая ўстанаўліваецца на возе для перавозкі бульбы, мякіны ці іншых сыпкіх рэчываў.

3. Скрынка ў млыне над жорнамі, у якую засыпаюць збожжа для памолу. Касмылю трэба было самому і засыпаць збажыну ў кош і выграбаць муку ў мяхі. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

калупну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Разм.

1. Аднакр. да калупаць. — Дзверы філёнчатыя, з чорнага дубу зробленыя. Я нават пазногцем калупнуў, ці цвёрдыя. Дык як з жалеза. Сабаленка.

2. перан. Глыбей разабрацца ў кім‑, чым‑н., заглянуць у сутнасць каго‑, чаго‑н. — Калупні паляўнічага, — манюка. Паскрабі рыбалова, — лускі, як на тым шчупаку. Гурскі. — А што, залаценькія, каб гэтага самага Загароўскага Малаха калупнуць... Зарэцкі.

3. перан. Паддзець, падсмяяць у размове, падкалупнуць. — Кожнага, хто любіць прыгожыя рэчы, ты жыць не можаш, каб не калупнуць. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

будзённы, ‑ая, ‑ае.

1. Не святочны, будны. Быў звычайны будзённы дзень, калі Паходны прынеслі з Лашыч паведамленне ад Ваўчка. Хадкевіч. // Прызначаны на штодзень. На сцяне вісела будзённая вопратка. Гартны. // Штодзённы, звычайны. Колькі радасці можна знайсці ў звычайным будзённым жыцці. Мурашка. А чым мяне сустрэне бераг новы — Будзённым тлумам, навізною спраў? Панчанка.

2. перан. Сумны, аднастайны. [Рыма:] — Ты таксама вершы пішаш? Люблю паэтаў, яны непасрэдныя, шчырыя, не такія, як усе, будзённыя. Сабаленка. Пытанняў.. нарадчыца чуе за дзяжурства дзесяткі, яны — самыя будзённыя, як і адказы на іх. Васілёнак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бу́нкер, ‑а, м.

1. Металічная ці бетонная скрыня (на суднах — адсек) для часовага захоўвання збожжа, вугалю ці якіх‑н. іншых сыпкіх рэчываў і матэрыялаў. Камбайн рушыў. Пад нажамі яго зазвінела салома, у бункер пасыпаўся густы струмень важкага зерня. Дуброўскі. Непадалёку свінаркі грузілі ў бункеры падвеснай дарогі корм і развозілі яго па ўсіх трох вялізных карпусах свінафермы. Паслядовіч.

2. Падземнае жалезабетоннае бамбасховішча.

3. Наземнае драўляна-земляное ці бетоннае сховішча з амбразурамі для вядзення агню; дзот, дот. Паліцаі.. пакапалі вакол школы акопы, нарабілі бункеры, паставілі ў іх кулямёты. Сабаленка.

[Англ. bunker.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)