БАРЫ́ШНІКАЎ Міхаіл Мікалаевіч (н. 27.1.1948, Рыга),
артыст балета. Засл. арт. Расіі (1973). Скончыў Ленінградскае маст. вучылішча (1967). З 1967 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета імя С.М.Кірава. З 1974 у ЗША. Супрацоўнічае з «Амерыканскім тэатрам балета» (у 1980—89 маст. дырэктар і саліст), «Нью-Йоркскім гарадскім балетам», танцаваў у трупах А.Эйлі, П.Тэйлара, Каралеўскім балеце Вялікабрытаніі, «Балеце XX стагоддзя», Марсельскім балеце і інш. З 1992 узначальвае трупу «Танцавальны праект «Белы дуб» (Фларыда, ЗША). Сярод партый: Адам («Стварэнне свету» А.Пятрова), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Альберт («Жызэль» А.Адана), Шчаўкунок («Шчаўкунок» П.Чайкоўскага) і інш. Здымаецца ў тэле- і кінафільмах. Лаўрэат Міжнар. конкурсаў балета (Варна, 1966; Масква, 1969) і прэміі імя В.Ніжынскага (Парыж, 1969).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЮПО́Н ДЭ НЕМУ́Р (Duponts de Nemours) П’ер Самюэль (14.12.1739, Парыж — 7.8.1817),
французскі эканаміст і паліт. дзеяч. Прадстаўнік школы фізіякратаў (увёў гэты тэрмін). Вучань і супрацоўнік Ф.Кенэ, дарадчык А.Р.Ж.Цюрго і яго паслядоўнікаў. У 1767 апублікаваў працу «Аб узнікненні і развіцці новай навукі», у якой даў найб. поўны сістэм. выклад вучэння фізіякратаў. У 1780 ініцыіраваў правядзенне ў Францыі фін. рэформ. У 1789 абраны ў Нац. сход. Прыхільнік усеагульнай асветы, распрацаваў шэраг адукац. праектаў, заснаваных на вучэнні фізіякратаў, у т. л. для Цюрго ў Францыі (1775) і Т.Джэферсана ў ЗША (1800), а таксама для Адукацыйнай камісіі ў Рэчы Паспалітай (у 1774 кароткі час быў яе сакратаром). У сваіх працах адзначаў узорны характар асв. рэформы ў Рэчы Паспалітай. У 1814 эмігрыраваў у ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́РВІНГ (Irving) Джон Уінслаў (н. 2.3.1942, г. Эксетэр, ЗША),
амерыканскі пісьменнік-сатырык. Вучыўся ва ун-тах ЗША, Венскім ун-це. Дэбютаваў раманам «Выпускаем мядзведзяў на волю» (1969). Аўтар раманаў «Чалавек, якому прызначылі водалячэнне» (1972), «Шлюб вагой у 158 фунтаў» (1974), «Свет вачыма Гарпа» (1978, аднайм. фільм 1986, выканаўца гал. ролі), «Атэль «Нью-Гэмпшыр» (1981), «Правілы вінаробаў» (1985), «Малітва пра Оўэна Міні» (1989), дзе ставяцца праблемы вял. гарадоў, крызісу маральных каштоўнасцей, дэгуманізацыі чалавека і грамадства і інш. Проза адметная ўзаемапранікненнем рэалізму і мадэрнізму, уплывам экзістэнцыялізму, спалучэннем камічнага з трагічным, звыклага з абсурдным, «чорнага гумару» з псіхалагізмам, вастрыні сюжэтаў з філасафічнасцю. Апублікаваў эсэ «У абарону сентыментальнасці» (1979).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ГЛІ (ням. Kegel),
гульня спарт. тыпу, мэта якой — збіць меншай колькасцю шароў, што пускаюць рукамі, найб. колькасць фігур—кегляў, размешчаных на пляцоўцы ў пэўным парадку і на адлегласці 15—20 м.
Вядомы са стараж. часоў. Радзіма сучасных К. — Германія (17—18 ст.). Як від спорту К. былі пашыраны ў 19—20 ст. у многіх краінах. Сучасныя спарт. К. культывуюцца з 1920. Міжнар. федэрацыя кегельнага спорту засн. у 1952 (Хельсінкі). Нац. чэмпіянаты па спарт. К. праводзяць Вялікабрытанія, Германія, ЗША, Францыя, Японія і інш., чэмпіянаты свету — з 1926, Еўропы — з 1964. У краінах, дзе культывуюць К., ёсць спец. збудаванні — кегельбаны (з 18 ст.), абсталяваныя аўтаматызаванымі дарожкамі для пуску шароў, сігнальна-выліч. прыладамі. Спарт. К. ў ЗША і інш. краінах наз. боўлінг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НРАД (Conrad) Чарлз (н. 2.4.1930, г. Філадэльфія, ЗША),
касманаўт ЗША. Скончыў Прынстанскі ун-т (1953), Ваен.-марскую школу лётчыкаў-выпрабавальнікаў (1961). З 1962 у групе касманаўтаў НАСА. 21—29.8.1965. з Г.Куперам здзейсніў палёт па касм. караблі «Джэміні-5» (як 2-і пілот); 12—15.9.1966 з Р.Горданам — палёт на касм. караблі «Джэміні-11» (як камандзір); 14—24.11.1969 з Горданам і А.Бінам — палёт на касм. караблі «Апалон-12» (як камандзір) на Месяц, у час якога двойчы выходзіў (разам з Бінам) на яго паверхню; 25.5—22.6.1973 з П.Вейцам і Дж. Кервінам — палёт на арбітальнай станцыі «Скайлэб» (як камандзір 1-га экіпажа), у час якога двойчы выходзіў у адкрыты космас. Агульная працягласць палётаў 49,15 сут. Залаты медаль імя Ю.А.Гагарына.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЙЛЕР (Mailer) Норман (н. 31.1.1923, г. Лонг-Бранч, штат Нью-Джэрсі, ЗША),
амерыканскі пісьменнік і публіцыст. Скончыў Гарвардскі ун-т. Першы антываен. раман «Голыя і мёртвыя» (1948) напісаны ў традыцыях сац.рэаліст. рамана. У раманах «Бераг варвараў» (1951), «Парк аленяў» (1955), «Чаму мы ў В’етнаме?» (1967), сац.-крытычныя матывы, у рамане «Амерыканская мара» (1965) уплыў філасофіі экзістэнцыялізму. Канфлікт паміж асобай і грамадствам у цэнтры «дакументальнага рамана» «Песня ка́та» (1979). Лепшыя кнігі М.-публіцыста — «Арміі ночы» і «Маямі і аблога Чыкага» (абедзве 1968) пра апазіц. рух у ЗША ў канцы 1960-х г. Аўтар раманаў «Старадаўнія вечары» (1983), «Сапраўдныя хлопцы не танцуюць» (1984), «Змена варты» (1989), кніг «Мэрылін» (1973) і «Пра жаноцкую вытанчанасць» (1980; пра М.Манро).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́НДЭЛЬЗОН (Mendelsohn) Эрых (21.33.1887, г. Ольштын, Польшча — 15.9.1953),
нямецкі архітэктар. Вучыўся ў Вышэйшай тэхн. школе ў Мюнхене (1907—11). З 1933 працаваў у Вялікабрытаніі, Палесціне, ЗША (выкладаў у Каліфарнійскім ун-це). Яго творы ў духу стыляў мадэрн і экспрэсіянізм спалучаюць пошукі выразных скульпт.-пластычных арх. форм са строгай функцыянальнасцю планіроўкі і агульнай кампазіцыі (астрафіз. лабараторыя, т.зв. вежа Эйнштэйна ў г. Патсдам, Германія, 1920—21). Больш познія работы набліжаны да архітэктуры функцыяналізму: універмагі ў Нюрнбергу і Штутгарце (1926—28), Калумбусхаўс у Берліне (1929—32); банк у Іерусаліме (1938). Багатай пластычнай фантазіяй вылучаецца шпіталь Майманіда ў Сан-Францыска (ЗША, 1946). Аўтар праекта трыкат. ф-кі «Чырвоны сцяг» у Маскве (1925).
Э.Мендэльзон. Вежа Эйнштэйна ў г. Патсдам, Германія. 1920—21.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНО́ФСКІ (Panofsky) Вольфганг Курт Герман (н. 24.4.1919, Берлін),
амерыканскі фізік. Чл.Нац.АНЗША (1954), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1962). Замежны член Рас.АН (1988). З 1934 у ЗША. Скончыў Прынстанскі ун-т (1938). З 1951 праф. Стэнфардскага ун-та (з 1953 дырэктар Лабараторыі фізікі высокіх энергій, у 1961—84 дырэктар лінейнага паскаральнага цэнтра). Навук. працы па ядз. фізіцы, паскаральнай тэхніцы, фізіцы элементарных часціц. Вызначыў спін і цотнасць пі-мезона (1950—52, разам з Дж.Штэйнбергерам), назіраў нараджэнне мю-мезонных пар фатонамі (1956). Развіў метад сустрэчных пучкоў. Пад кіраўніцтвам П. ў 1966 запушчаны буйнейшы (на 22 ГэВ) Стэнфардскі лінейны паскаральнік электронаў. Прэмія імя Э.Фермі 1978.
Тв.:
Рус.пер. — Классическая электродинамика. М., 1963 (разам з М.Філіпсам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАХО́Д, паравое судна,
марское або рачное самаходнае судна, якое прыводзіцца ў рух паравой машынай ці паравой турбінай.
П. з паравой машынай Дж.Уата пабудаваны ў 1802 у Вялікабрытаніі. У 1807 у ЗША Р.Фултан пабудаваў колавы рачны П. У Расіі першае судна з паравой машынай (землечарпалка) створана ў 1810; марскі П. («Елізавета», для зносін паміж Пецярбургам і Кранштатам) — у 1815. Напачатку П. былі колавыя, з 1840-х г. — з грабным вінтом. З сярэдзіны 20 ст. П. выцясняюцца больш эканамічнымі цеплаходамі (з рухавіком унутр. згарання). У СССР з 1958 буд-ва П. спынена. Сучасныя П. з паравой (або газавай) турбінай наз. турбаходамі, турбаэлектраходамі (гл.Электраход).
Параходы: 1 — буксір з грабным колам (1801; Шатландыя); 2 — рачны пасажырскі (19 ст., ЗША).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОСТПАЗІТЫВІ́ЗМ (ад пост... + пазітывізм),
філасофскія канцэпцыі, што ўзніклі ў 1950—70-я г. ў працэсе крытыкі неапазітывізму. Не мае акрэсленага зместу, нярэдка атаясамліваецца з сучаснай аналітычнай філасофіяй, у інш. выпадках мае вельмі вузкую трактоўку. Тэарэт. абгрунтаваны ў працах К.Попера «Логіка навуковага адкрыцця» (1959) і Т.Куна «Структура навуковых рэвалюцый» (1963). Да асн. плыней П. адносяць крытычны рацыяналізм, прагматычны аналіз (У.Куайн, М.Уайт, ЗША), канцэпцыі І.Лакатаса, М.Полані (Вялікабрытанія), П.Феерабенда і Р.Рорці (ЗША), розныя варыянты сучаснага філас.рэалізму і інш. Агульным для ўсіх канцэпцый П. з’яўляецца адыход ад арыентацыі на сімвалічную логіку і звяртанне да гісторыі навукі, прызнанне вызначальнай ролі ў пазнанні тэарэт. ўзроўню ведаў, перанос акцэнту на сацыякульт. і каштоўнасныя аспекты навук. пазнання.