ДАНІЛО́ВІЧ (Міхаіл Восіпавіч) (1853, г.п. Асвея Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — ?),
удзельнік рэв. руху ў Расіі і Польшчы. У сярэдзіне 1870-х г. вучыўся ў Пецярб. медыка-хірург. акадэміі, уваходзіў у народніцкія гурткі. У 1878 перавёўся на мед.ф-т Варшаўскага ун-та. Уступіў у Варшаўскую сацыяльна-рэв. арг-цыю, вёў прапаганду сярод студэнтаў і рабочых. Падтрымліваў кантакты з рэвалюцыянерамі Віцебска, Вільні, Полацка, Пецярбурга. Перапісваўся з дзеячамі польскага сацыяліст. руху В.Урублеўскім, В.Свянціцкім, І.Гласко. У 1878 арыштаваны, зняволены ў Варшаўскую цытадэль. У 1880 сасланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір, пасля заканчэння тэрміну ссылкі застаўся ў Сібіры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫБАЧА́НСКІЯ ВАЛУНЫ́,
помнік прыроды рэсп. значэння у Беларусі (з 1988), за 5 км на ПдЗ ад в. Глыбачка Ушацкага р-на Віцебскай вобл. 3 валуны шаравата-ружовага парфірападобнага граніту. Найбуйнейшы камень даўж. 4 м, шыр. 2,6 м, выш. над паверхняй зямлі 1,8 м, у абводзе 12 м. Другі валун ляжыць за 30 м на Пн (даўж. 2,3 м, шыр. 2,3 м, выш. над паверхняй зямлі 0,7 м). Трэці камень знаходзіцца за 1 км на ПдЗ ад вёскі, формаю нагадвае вял. прас (даўж. 3,3 м, шыр. 1,4 м, выш. 1,6 м). Глыбачанскія валуны прынесены ледавіком каля 18 — 20 тыс.гадоў назад з раёна г. Выбарг.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНЕ́ДЗІЧ (Мікалай Іванавіч) (13.2.1784, г. Палтава, Украіна — 15.2.1833),
расійскі паэт, перакладчык. Скончыў Харкаўскі калегіум (1800), вучыўся ў Маскоўскім універсітэцкім пансіёне (1800 — 02). Чл.-кар. Пецябр. АН з 1826. Уваходзіў у т-ва«Бяседа аматараў рускага слова», зблізіўся з Вольным таварыствам аматараў расійскай славеснасці; падтрымліваў сувязі з дзекабрыстамі. Вольналюбівыя матывы ў вершах «Інтэрнат» (1804), «Перуанец да іспанца» (1805). Аўтар аповесці «Морыц, альбо Ахвяра помсты» (1802), паэмы «Нараджэнне Гамера» (1817), ідыліі «Рыбакі» (1822) і інш. У 1829 апублікаваў поўны пераклад «Іліяды» Гамера, над якім працаваў больш за 20 гадоў. Перакладаў таксама творы Ф.Шылера, Вальтэра, У.Шэкспіра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛЬНЫ САКРАТА́Р ААН,
галоўная адм. асоба ў сістэме Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, узначальвае Сакратарыят ААН. Назначаецца Ген. Асамблеяй ААН па рэкамендацыі Савета Бяспекі на 5 гадоў (можа быць назначаны паўторна). Удзельнічае ў пасяджэннях гал. органаў ААН (апрача Міжнар. суда), прадстаўляе Ген. Асамблеі штогоднія справаздачы аб рабоце ААН, даводзіць да ведама Савета Бяспекі любыя пытанні, звязаныя з пагрозай міжнар. міру і бяспецы, выступае пасрэднікам у вырашэнні міжнар. спрэчак і інш.
Генеральны сакратар ААН: Т.Х.Лі (Нарвегія, 1946—53), Д.Я.Хамаршэльд (Швецыя, 1953—61), У Тан (М’янма, 1961—71), Х.Вальдгайм (Аўстрыя, 1972—81), Х.Перэс дэ Куэльяр (Перу, 1982—91), Б.Бутрас-Галі (Егіпет, з 1992—96), К.Анан (Гана, з 1997).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРАПЕ́ЙСКІ ПАРЛА́МЕНТ, Еўрапарламент,
кансультатыўны і рэкамендацыйны орган Еўрапейскага саюза (ЕС). Створаны паводле Рым. дагавора (1957) пры заснаванні Еўрапейскай эканамічнай супольнасці (ЕЭС). Дэпутаты (626 чл.) з 1979 выбіраюцца на аснове прамога ўсеагульнага галасавання грамадзян краін — удзельніц ЕС (ЕЭС) тэрмінам на 5 гадоў. Месцазнаходжанне — г. Страсбур (Францыя). Е.п. удзельнічае ў абмеркаванні бюджэту ЕС, заканад. працэсе, кантралюе работу Камісіі і Савета ЕС. Кіруючы орган — прэзідыум (старшыня і 14 намеснікаў, 5 квестараў з дарадчымі галасамі), пастаянныя к-ты, падкамітэты, часовыя і следчыя к-ты рыхтуюць матэрыялы для пленарных пасяджэнняў Е.п. (праходзяць адкрыта кожны месяц). Пратаколы і тэксты рашэнняў распаўсюджваюцца на 9 еўрап. мовах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́БА-БЫК, жаба-вол (Rana catesbeiana),
бясхвостае земнаводнае сям. жаб сапраўдных. Пашырана ва ўсх.ч.Паўн. Амерыкі ў кустовых зарасніках па берагах рэк і ручаёў з чыстай вадой. Завезена ў некат. краіны Паўд. Амерыкі і Японію.
Даўж. да 20 см, маса да 600 г. Цела аліўкава-бурае або аліўкава-зялёнае з вял. цёмна-бурымі або чорнымі плямамі. Добра плавае. Заднія канечнасці магутныя (даўж. да 2,5 25 см), з плавальнымі перапонкамі. Самцы выдаюць моцныя гукі, якія нагадваюць рык быка (адсюль назва). Апалонікі развіваюцца да 2 гадоў. Корміцца беспазваночнымі, рыбамі, жабамі. птушанятамі, дробнымі млекакормячымі. Аб’ект промыслу і развядзення; выкарыстоўваюць у ежу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭ́РАХ (Aspius aspius),
рыба сям. карпавых. Пашыраны ў бас. Паўночнага, Балтыйскага, Чорнага, Каспійскага і Аральскага мораў. Жыве на раўнінных ч. рэк, радзей у праточных азёрах. Трымаецца адзін, у невял. чародкі збіраецца ў час нерасту і ўвосень. На Беларусі трапляецца ва ўсх.вял. і сярэдніх рэках, некат. праточных азёрах. Нар. назвы: шэрах, бялізна, бялюга, беляспер, дзяляпер, шэраспер, жэраспер, жэрасель, жэрасць, белясць.
Даўж. цела да 80 см, маса да 12 кг. Цела светлае, серабрыстае, прадаўгаватае, пляскатае. Спінны і хваставы плаўнікі шэрыя з цёмнымі канцамі, астатнія чырванаватыя. Палаваспелы ў 4—5 гадоў. Маляўкі кормяцца ракападобнымі, доннымі беспазваночнымі; дарослы — драпежнік: корміцца рыбай і інш. дробнымі жывёламі. Аб’ект рыбалоўства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́ЛКІНД (Леанід Самойлавіч) (1861, г. Чавусы Магілёўскай вобл. — 17.9.1929),
удзельнік рэв.-народніцкага руху. Вучыўся ў Магілёўскай гімназіі. У 1880 далучыўся да «Народнай волі». З 1881 студэнт Кіеўскага ун-та, адзін з арганізатараў «Камуны магілёўцаў». У 1882 у нарадавольскай групе А.Бычкова (гл. ў арт.Бычковы), удзельнічаў у аднаўленні разгромленай нарадавольскай арг-цыі Кіева. У 1882 і 1883 арыштаваны, у 1884 высланы на 5 гадоў ва Усх. Сібір, дзе збіраў матэрыялы пра жыццё і дзейнасць дзекабрыстаў у ссылцы. З 1889 у Краменчугу, пасля 1917 у Маскве, заг. б-кі Політэхн. музея. Аўтар успамінаў пра народніцкі рух і яго дзеячаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДЗЕ́ЙЦЫ,
карэннае насельніцтва Амерыкі (акрамя эскімосаў і алеутаў). Каля 35 млн.чал. (1992). Буйнейшыя народы — кечуа, аймара, ацтэкі, мая, гуарані і інш.Навук. даследаваннямі ўстаноўлена, што продкі І. пачалі перасяляцца ў Амерыку 30—20 тыс.гадоў назад з Паўн.-Усх. Азіі. У выніку еўрап. каланізацыі многія плямёны цалкам ці часткова знішчаны або выцеснены ў інш. раёны. У ЗША і Канадзе жывуць пераважна ў рэзервацыях. У Балівіі і Гватэмале складаюць б.ч. насельніцтва. Моцна метысаваны. Гавораць на індзейскіх мовах, значная ч. таксама на ісп. (Лац. Амерыка) і англ. (Паўн. Амерыка) мовах. Паводле веравызнання католікі, пратэстанты, ёсць прыхільнікі сінкрэтычных культаў і традыц. вераванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАН ((Kahn) Герман) (15.2.1922, г. Беён, ЗША — 7.7.1983),
амерыканскі сацыёлаг, адзін з заснавальнікаў футуралогіі. У 1948—61 супрацоўнічаў з карпарацыяй РЭНД па распрацоўцы пытанняў вайск. стратэгіі ЗША (працы «Аб тэрмаядзернай вайне», 1960; «Аб эскалацыі: метафары і сцэнарыі», 1965, і інш.). Арганізатар і кіраўнік (з 1961) Гудзонаўскага ін-та, які стаў міжнар. цэнтрам па распрацоўцы сац., паліт., эканам., тэхн. і інш. прагнозаў. У футуралагічных працах «Год 2000-ы» (1967), «Наступныя 200 гадоў» (1976) і інш. (напісаны ў сааўтарстве з супрацоўнікамі Гудзонаўскага ін-та) выступаў прыхільнікам канцэпцыі постіндустрыяльнага грамадства. Станоўчы погляд К. на будучыню сучаснага чалавецтва заснаваны на тэхнал. аптымізме.