ВАЙНА́ РЭ́ЧЫ ПАСПАЛІ́ТАЙ СА ШВЕ́ЦЫЯЙ 1600—29,

вайна за панаванне на Балтыйскім моры. Кароль польскі і вял. кн. ВКЛ Жыгімонт III Ваза, які адначасова быў каралём шведскім, у 1599 лютэранскай апазіцыяй Швецыі быў пазбаўлены трона. У 1600 Жыгімонт III уключыў Эстляндыю ў склад Рэчы Паспалітай, што стала зачэпкай для вайны. У Кірхгомльскай бітве 27.9.1605 пад Рыгай вызначылася войска ВКЛ на чале з гетманам польным Я.​К.​Хадкевічам. У 1606 флот Рэчы Паспалітай атрымаў перамогу над шведамі ў бітве каля п-ва Хэль. У 1609 войскі Хадкевіча ўзялі г. Пярну, атрымалі перамогу каля Рыгі і ваен. дзеянні прыпыніліся. У 1617 ваен. дзеянні аднавіліся, шведы занялі Пярну. У 1621 шведскі кароль Густаў II Адольф заняў б.ч. Інфлянтаў з Рыгай, пазней Мітаву (Елгаву), якую ў 1622 вярнуў гетман польны К.​Радзівіл. У 1625 Густаў II Адольф распачаў наступленне на незанятай ім ч. Інфлянтаў і на Жамойцію. Войску ВКЛ удалося адстаяць г. Дынабург (Даўгаўпілс). Ваен. дзеянні былі перанесены ў Прусію і далей у Германію. Войскі Рэчы Паспалітай атрымалі перамогі на моры каля Алівы (1627) і на сушы каля Тшцяны (1629), але шведы занялі ўсю Прусію. Паводле дагавора аб перамір’і [падпісаны 26.9.1629 у г. Альтмарк (Новы-Тарг)] большасць балтыйскіх партоў і Інфлянты да Зах. Дзвіны адышлі Швецыі. У Рэчы Паспалітай засталіся парты Каралевец (Кёнігсберг), Гданьск і Пуцк. Канчатковы мір падпісаны ў 1635, калі швед. войска выйшла з тэр. Прусіі, васальнай у адносінах да Польшчы.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 3, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛАДЗІСЛА́Ў IV Ваза

(9.6.1565, в. Лобзаў каля Кракава, Польшча — 20.5.1648),

кароль польскі і вял. князь ВКЛ [1632—48], тытулярны цар маскоўскі і ўсяе Русі [1610—34], тытулярны кароль шведскі [1632—48]. Сын караля польскага і вял. князя ВКЛ Жыгімонта III Вазы. У пачатку вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18 у час распаду Тушынскага лагера і ўцёкаў Ілжэдзмітрыя II баяры і дваране тушынцы 14.2.1610 заключылі з Жыгімонтам III дагавор пра абранне яго сына царом. 2-і падобны дагавор заключыла ў жн. 1610 «сямібаяршчына». Жыгімонт III не адпусціў у Маскву сына, а ў 1612 той бы фармальна дэтранізаваны. У 1617—18 У. IV узначаліў няўдалы паход на Маскву. Удзельнічаў у войнах Рэчы Паспалітай з Турцыяй (1621) і Швецыяй (1626—29). Пасля смерці Жыгімонта III на элекцыйным сойме 8.11.1632 У. IV абраны каралём польскім і вял. князем ВКЛ. Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 паводле Палянаўскага міру 1634 У. IV адмовіўся ад тытула цара. У. IV праводзіў талерантную палітыку ў дачыненні да правасл. царквы Рэчы Паспалітай. У 1632 легалізаваў правасл. іерархію на чале з кіеўскім мітрапалітам. Казацкія паўстанні на Украіне жорстка падаўляліся. У. IV, як і бацька, імкнуўся завалодаць шведскім тронам, таму ў час Трыццацігадовай вайны 1618—48 падтрымліваў непапулярны сярод шляхты саюз з герм. імператарам: Смерць У. IV супала з пачаткам антыфеад. і нац.-вызв. вайны на Украіне.

Літ.:

Czaplińnski W. Władyslaw IV jego czasy. 2 wyd. Warszawa, 1976;

Wisner H. Władyslaw IV Waza. Wroclaw etc., 1995.

А.​П.​Грыцкевіч.

Уладзіслаў IV. Гравюра П.​Понціуса з партрэта П.​Рубенса.

т. 16, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШТРЫХАВЫ́ КОД (ад ням. Strich паласа, рыса + код), міжнародны код тавараў,

код (візуальны сімвал, умоўны відарыс) літарна-лічбавай інфармацыі, выкананы ў выглядзе чаргавання кантрастных штрыхоў і прамежкаў (прагалаў) рознай шырыні. Выкарыстоўваецца для маркіроўкі тавараў, аўтаматызацыі паштовых паслуг (адпраўленняў), уліку дакументаў і наяўных грашовых банкнот у банках, для аўтам. ідэнтыфікацыі розных аб’ектаў, спрацоўвання (уключэння, адключэння, блакіроўкі) замковых прыстасаванняў тэхнал. абсталявання і інш.

Ш.к. (лінейны) распрацаваны ў 1932, выкарыстанне пачалося з пашырэннем выліч. тэхнікі. Прамысл. стандарты штрыхавога кадзіравання прыняты ў 1973 у ЗША і Канадзе (стандарт UPC), у 1976 у Еўропе (стандарт EAN). У краінах Еўропы і Амерыкі з’явіліся нац. асацыяцыі (арганізацыі) кадзіравання тавараў. Найб. пашыраныя стандарты штрыхавой сімволікі: EAN, UPC выкарыстоўваюцца для ідэнтыфікацыі спажывецкіх тавараў, у рознічным і аптовым гандлі; Code 39, Interleved 2 of 5 — пераважна ў прам-сці; Codabar — у асн. у мед. прам-сці, банках пералівання крыві; ISSN, ISBN — у выдавецка-кнігагандлёвай і бібліятэчнай справе. З уступленнем у Еўрап. асацыяцыю EAN нееўрапейскіх дзяржаў сістэма атрымала міжнар. статус. У ёй 13 лічбаў. першыя 2 ці 3 паказваюць краіну-вытворцу (код Беларусі 481, Расіі 460—469, Польшчы 590, Германіі 400—440, ЗША і Канады 00—09, Турцыі 869, Кітая 690—691), наступныя 5 — прадпрыемствы, наступныя 5 — тавары і апошняя лічба — кантрольная. Карыстанне Ш.к. забяспечваюць прыстасаванні: друкавальнае (прынтэр, наносіць код на этыкеткі), счытвальнае (сканер, счытвае і дэкадзіруе штрых-кодавую інфармацыю), тэрмінальнае (збірае і апрацоўвае інфармацыю). Сусветны лідэр у распрацоўцы і вытв-сці абсталявання для штрыхавога кадзіравання — шведскі канцэрн UBI.

Б.​В.​Корзун.

Штрыхавы код EAN-13 ідэнтыфікацыі тавараў.

т. 17, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСНЯ́НСКІ МЕМАРЫЯ́ЛЬНЫ КО́МПЛЕКС.

Створаны ў в. Лясная Слаўгарадскага р-на Магілёўскай вобл. ў гонар 200-годдзя перамогі рас. войск над шведскім корпусам ген. А.​Левенгаўпта ў бітве пад Лясной 1708 у час Паўночнай вайны 1700—21. Уключае манумент у гонар перамогі рус. войск (1906, скульпт. А.​Обер), мемар. капліцу (1912, арх. А.​Гаген) і мармуровы абеліск на брацкіх могілках рас. воінаў. Кампазіцыйны цэнтр — цагляная капліца цэнтрычнай шмат’яруснай кампазіцыі з рысамі рамант. кірунку рус. мадэрна. Завершана 8-гранным шатром з невял. барабанам і цыбулепадобнай галоўкай (агульная выш. 40,9 м). Квадратнае ў плане (15 × 15 м) збудаванне. 1-ы ярус пастаўлены на п’едэстал (выш. 2,1 м) з вял. гранітных блокаў, мае 3-арачныя парталы з белага каменю і завершаны поясам несапраўдных машыкуляў, 2-і ярус — кубічны аб’ём, прарэзаны з 4 бакоў высокімі арачнымі аконнымі праёмамі і завершаны зубцамі ў выглядзе ластаўчынага хваста. Сцены абліцаваны залацістай керамічнай пліткай, уваходы, перамычкі, паяскі і карнізы аздоблены пераважна белым пясчанікам. Капліцу ўпрыгожваюць мазаічныя пано-абразы на гал. фасадзе (на выш. больш за 10 м) і ў нішы паміж вокнамі 1-га яруса ўсх. фасада (на выш. 3 м). Будынак з’яўляецца прыкладам арган. сінтэзу архітэктуры і мастацтва. У капліцы размешчаны музей гісторыі бітвы пад Лясной. Манумент — дынамічная скульпт. кампазіцыя на пастаменце ў выглядзе скалы (граніт), на яе вяршыні павернутая на У выява арла (бронза), які рве кіпцюрамі шведскі сцяг з разламаным дрэўкам. На пастаменце дошка з рэльефным надпісам: «У памяць бітвы пры Лясной. Маці Палтаўскай перамогі — 1708. 28 верасня 1908 г.». На процілеглым баку бронзавая дошка са спісам палкоў — удзельнікаў гіст. бітвы. У ансамбль уваходзіла таксама Пятроўская царква, пабудаваная ў 1708 (не захавалася).

В.​М.​Чарнатаў.

Ляснянскі мемарыяльны комплекс.

т. 9, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫГІМО́НТ III Ваза

(20.6.1566, Грыпсхальм, Швецыя —30.4.1632),

вялікі князь ВКЛ і кароль польскі [1587—1632], у ВКЛ Жыгімонт IV; кароль Швецыі [1592—99]. Сын караля Швецыі Юхана (Яна) III Вазы і Кацярыны Ягелонкі, дачкі Жыгімонта I Старога. Абраны на трон Польшчы і ВКЛ пасля смерці Стафана Баторыя. Каб замацаваць свае пазіцыі сярод бел.-літ. магнатаў і шляхты, Ж. III выдаў 28.1.1588 у Кракаве прывілей, які зацвярджаў Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Пасля смерці бацькі ў 1592 заняў шведскі трон. Палітыка Ж. III па аднаўленні пазіцый каталіцкай царквы ў Швецыі правалілася, у 1599 пратэстанты скінулі яго з трона. Да канца жыцця рабіў намаганні вярнуць швед. карону, пачаў вайну Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29. Падтрымаў Брэсцкую унію 1596, але быў вымушаны паспрыяць прыняццю пастаноў сеймаў Рэчы Паспалітай 1609, 1618 і 1631, якія гарантавалі правы праваслаўным. Прапаноўваў планы далучэння Маскоўскай дзяржавы да Рэчы Паспалітай як члена федэрацыі разам з Польшчай і ВКЛ. Падтрымаў Ілжэдзмітрыя I, Ілжэдзмітрыя II. Пасля запрашэння царом Васілём Шуйскім швед. корпуса для барацьбы з войскамі Лжэдзмітрыя II Ж. III пачаў вайну Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18. У выніку разгрому рас. арміі каля Клушына (1610) Васіль Шуйскі быў скінуты з трона, маскоўскія баяры і гараджане абвясцілі царом сына Ж. III — каралевіча Уладзіслава Жыгімонтавіча (гл. Уладзіслаў IV Ваза). Да Дэулінскага перамір’я 1618 Ж. III дапамагаў сыну як «маскоўскаму цару». Намаганні Ж. III увесці ў Рэчы Паспалітай абсалютную манархію, спадчыннасць трона (а не выбары караля), зменшыць ролю палаты дэпутатаў (пасольскай ізбы), выклікалі ў 1606 рокаш (легальны мяцеж шляхты), які ўзначаліў гетман надворны каронны М.​Зебжыдоўскі. У ліп. 1607 каля Гузава ракашане пацярпелі паражэнне. Рокаш скончыўся кампрамісам. Сейм абвясціў амністыю, зацвердзіў шляхецкія вольнасці, непарушнасць права выбару караля, пастаянную прысутнасць сенатараў для кантролю за яго дзеяннямі. Ж. III праводзіў актыўную палітыку ў паўд. напрамку. З-за свайго ультракаталіцызму падтрымліваў імператара «Свяшчэннай Рымскай імперыі» ў яго барацьбе супраць Чэхіі і Трансільваніі, што выклікала пастаянныя напады на Украіну і паўд. Польшчу крымскіх татар і туркаў, саюзнікаў Трансільваніі. У 1620 польск. войска было разбіта туркамі каля Цацоры. Рэванш, атрыманы ім у 1621 пад Хацінам, не быў выкарыстаны з-за нерашучасці Ж. III. Шмат у чым палітыка Ж. III прывяла да далейшага заняпаду дзяржавы і змяншэння яе ролі ў еўрап. паліт. жыцці 17 ст.

Літ.:

Podhorodecki L. Wazowie w Polsce. Warszawa, 1985;

Wisner H. Zygmunt III Waza. Wrocław etc., 1991.

А.​П.​Грыцкевіч.

Жыгімонт III Ваза.

т. 6, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНАЯ ВАЙНА́ 1700—21,

вайна кааліцыі еўрап. дзяржаў у складзе Расіі, Даніі, Саксоніі (т.зв. «Паўночны саюз») з удзелам Рэчы Паспалітай (з 1704), Прусіі і курфюрства Гановер (з 1715) супраць Швецыі за панаванне на Балт. м. На працягу 17 ст. Швецыя фактычна ўстанавіла свой кантроль над Балт. рэгіёнам і землямі, што прылягалі да Фінскага заліва (Інгрыя і ч. Карэліі). У выніку войнаў з Рэччу Паспалітай (гл. Вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, Паўночная вайна 1655—60), Расіяй, Даніяй і германскімі краінамі яна авалодала Эстляндыяй, Ліфляндыяй (гл. Лівонія) і значнымі тэрыторыямі ў Паўн. Германіі (Брэмен, Вердэн, Памеранія, в-аў Руген). У 1699 рас. цар Пётр I заключыў саюз з Даніяй і курфюрстам Саксоніі Аўгустам II (з 1697 адначасова кароль польскі і вял. князь літоўскі) супраць Швецыі. У лют. 1700 саксонскія войскі ўвайшлі ў Ліфляндыю і аблажылі Рыгу. У сак. 1700 дацкія войскі ўведзены ў герцагства Гольштэйн (саюзнік Швецыі). У чэрв. 1700 шведскі кароль Карл XII (гл. ў арт. Карл, імя каралёў Швецыі) высадзіў дэсант каля Капенгагена і прымусіў Данію 18.8.1700 заключыць мір. 30.8.1700 Расія абвясціла вайну Швецыі. Рас. войскі (каля 35 тыс. чал.) пачалі аблогу Нарвы, але ў бітве 30.11.1700 пацярпелі паражэнне. Тады Карл XII выступіў супраць Аўгуста II і 20.7.1701 разбіў яго войскі каля Рыгі. У пач. 1702 шведы ўварваліся на тэр. Рэчы Паспалітай, у крас. занялі Вільню і Гродна, у маі — Варшаву. Спробы Аўгуста II спыніць прасоўванне шведаў у глыб Рэчы Паспалітай скончыліся паражэннем яго войск у бітвах каля Клішава (1702) і Пултуска (1703). Пётр I, скарыстаўшы перадышку, выкліканую знаходжаннем асн. сіл Карла XII у Рэчы Паспалітай, рэарганізаваў армію, і ў 1701—04 яго войскі атрымалі некалькі перамог над шведамі ў Прыбалтыцы і выйшлі да Балт. м. з мэтай замацавацца на яго ўзбярэжжы. З пачаткам вайны ў ВКЛ абвастрылася барацьба паміж групоўкай Сапегаў, якія хацелі стварыць незалежную ад Польшчы дзяржаву, і большасцю бел.-літ. шляхты, што групавалася вакол Р.​А.​Агінскага і Вішнявецкіх. У маі 1704 прыхільнікі Аўгуста II аб’ядналіся ў Сандамірскую канфедэрацыю, якая пад Нарвай заключыла саюз з Расіяй і абвясціла вайну Швецыі. У адказ Варшаўская канфедэрацыя (ліп. 1704), арганізаваная Карлам XII, выбрала каралём Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. У выніку на тэр. Беларусі ўвайшлі саюзныя Аўгусту II рас. войскі і з восені 1704 пачалі канцэнтравацца каля Полацка. У ліп. 1705 яны рушылі на Вільню (частка войск пад камандаваннем Б.​П.​Шарамецева накіравана ў Курляндыю). У вер. 1705 гал. рас. сілы (каля 35 тыс. чал.) занялі Гродна, дзе да іх далучылася некалькі палкоў саксонскай конніцы. Аб’яднаную групоўку ўзначаліў Аўгуст II. У студз. 1706 Карл XII пераправіўся цераз Нёман і блакіраваў гарнізон у Гродне, конніца А.Д.Меншыкава паспела адысці да Мінска. Аўгуст II накіраваўся ў Саксонію за дапамогай, але ў лют. 1706 у бітве пры Фраўштаце асн. сілы саксонскай арміі былі разбіты. Рас. войскам удалося выйсці з Гродна і праз Брэст і Ковель дайсці да Кіева. У лют.—маі 1706 шведы, ідучы праз Беларусь, спалілі Карэлічы, Мір, разрабавалі Навагрудак, Слонім, Клецк, Слуцк, Пінск, Кобрын, пасля аблог занялі Ляхавічы і Нясвіж (гл. Нясвіжа абарона 1706). Каля Клецка 30.4.1706 шведскія войскі разбілі 5-тысячны рас. атрад С.​П.​Няплюева. Летам 1706 Карл XII нанёс удар па Саксоніі і прымусіў Аўгуста II у вер. 1706 заключыць Альтранштацкі мір. Аўгуст II адмовіўся ад кароны Рэчы Паспалітай на карысць Станіслава Ляшчынскага. У 1707 рас. войскі зноў сканцэнтраваліся на Беларусі, у крас. пасля аблогі занялі Быхаў (гл. Быхава абарона 1707). У пач. 1708 Карл XII заняў Гродна і рушыў на Ліду, Смаргонь. Гал. сілы рас. арміі (каля 57 тыс. чал.) пад камандаваннем Шарамецева адышлі да Чашнікаў і Бешанковіч. З сак. да пачатку чэрв. 1708 шведская армія стаяла ў раёне Радашковіч, 25 чэрв. пераправілася цераз Бярэзіну. Каля мяст. Галоўчын (на Магілёўшчыне) 14.7.1708 адбылася бітва, у якой рас. армія пацярпела паражэнне і адышла за Дняпро. Шведы занялі Магілёў, а праз месяц рушылі далей на У. Аднак у бітвах каля вёсак Добрае 10.9.1708 і Раеўка 20.9.1708 на Мсціслаўшчыне авангард Карла XII панёс значныя страты; узніклі цяжкасці з забеспячэннем арміі харчам і фуражом. Таму Карл XII вырашыў скарыстаць дапамогу, якую яму абяцаў укр. гетман І.Мазепа, і ў сярэдзіне вер. 1708 павярнуў на Украіну. На злучэнне з гал. сіламі Карла XII з Рыгі выйшаў 16-тысячны корпус А.​Левенгаўпта. 9.10.1708 каля в. Лясная (на Магілёўшчыне) Левенгаўпт быў разбіты рас. войскамі, страціў абоз і прывёў да Карла XII толькі каля 7 тыс. чал. У канцы кастр. 1708 Мазепа з 2-тысячным атрадам перайшоў на бок шведаў, але Меншыкаву ўдалося захапіць запасы зброі, боепрыпасаў і харчу ў г. Батурын, якія гетман падрыхтаваў для саюзніка. 8 ліп. ў Палтаўскай бітве 1709 шведская армія была разгромлена (Карл XII і Мазепа ўцяклі ў Турцыю). Гэта перамога стала пераломнай у П.в. Быў адноўлены саюз Расіі з Даніяй і Саксоніяй. Станіслаў Ляшчынскі з’ехаў у Памеранію; у Варшаву вярнуўся Аўгуст II. Ваенныя дзеянні былі перанесены ў Прыбалтыку і Паўн. Германію. У 1710 рас. войскі занялі Ліфляндыю і Эстляндыю, авалодалі Рыгай, Пернавам (Пярну) і Рэвелем. Рас. флот атрымаў свабодны выхад з Фінскага заліва ў Балт. м. Дацка-саксонскія войскі ўвайшлі ў Памеранію і пачалі аблогу Штральзунда. Па прычыне шматлікіх супярэчнасцей з Расіяй, асабліва па пытанні кантролю над Ліфляндыяй, Рэч Паспалітая выйшла з вайны. У канцы 1710 Карлу XII удалося ўцягнуць у вайну з Расіяй Турцыю (гл. Пруцкі паход 1711). Руска-турэцкая вайна 1710—13 часова прыпыніла актыўныя дзеянні супраць Швецыі. У 1713 рас. войскі занялі Фінляндыю, разам з саюзнікамі авалодалі амаль усёй Памераніяй. У выніку перамогі над шведскім флотам каля мыса Гангут (1714) рас. флот пачаў кантраляваць Балт. м. У 1715 у вайну супраць Швецыі ўступілі Прусія і Гановер. У маі 1718 Швецыя пачала перагаворы аб міры з Расіяй (т.зв. Аландскі кангрэс), якія працягваліся да гібелі Карла XII у ліст. 1718. Яго сястра Ульрыка Элеанора, заняўшы трон, пад уплывам Англіі спыніла перагаворы і аднавіла ваен. дзеянні з Расіяй. У той жа час Швецыя заключыла мір з Гановерам (1719), Прусіяй і Даніяй (1720), прызнаўшы іх правы на частку сваіх уладанняў у Паўн. Германіі. У выніку пагаднення з Саксоніяй Швецыя ў 1719 адмовілася ад падтрымкі Станіслава Ляшчынскага і прызнала Аўгуста II каралём польскім і вял. князем літоўскім. У 1719—20 рас. дэсанты тройчы высаджваліся ў Швецыі, спусташалі прыбярэжныя гарады і вёскі, падыходзілі да Стакгольма; 7.8.1720 у Грэнгамскай бітве разбіты шведскі флот. 10.9.1721 падпісаны Ніштацкі мірны дагавор 1721, пазней адпаведныя дагаворы Швецыя падпісала з Саксоніяй (1729) і Рэччу Паспалітай (1733). У выніку П.в. Швецыя страціла статус вял. дзяржавы, аднак і для інш. краін Еўропы, асабліва для ВКЛ, наступствы вайны былі трагічныя: насельніцтва Беларусі скарацілася з 2,2 млн. да 1,5 млн. чал. (загінуў кожны трэці яе жыхар); найбольш пацярпелі Мсціслаўскае, Віцебскае і Полацкае ваяв.

Літ.:

Тарле Е.В. Северная война и шведское нашествие на Россию. М., 1958;

Шутой В.Е. Северная война (1700—1721 гг.). М., 1970;

Корх А.С. Петр I: Северная война 1700—1721: [Альбом]. [М.], 1990.

У.​І.​Пашкевіч.

Да арт. Паўночная вайна 1700—21. Баталія паблізу мыса Гангут. Гравюра А.​Зубава. 1715.
Да арт. Паўночная вайна 1700—21. Бітва пры Лясной 28 верасня 1708. Гравюра Лармесена з арыгінала П.-Д.​Мартэна Малодшага. 1-я чвэрць 18 ст.

т. 12, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКА-ШВЕ́ДСКІЯ ВО́ЙНЫ 16—19 ст. войны паміж Расіяй і Швецыяй за Прыбалтыку, Фінляндыю і панаванне на Балтыйскім м. Узбр. сутычкі паміж гэтымі краінамі вядомы з 13 ст., але маштабныя ваен. дзеянні разгарнуліся з 16 ст. Вайна 1554—57 выклікана нежаданнем шведскага караля Густава I весці знешнія зносіны з Расіяй праз Ноўгарад. Баявыя дзеянні прычынілі абодвум бакам урон у гандлі, і Густаў прапанаваў мір; гэта адпавядала інтарэсам Івана IV (ён рыхтаваўся да вайны з Лівонскім ордэнам). Наўгародскі мір 1557 захаваў даваен. сістэму ўзаемаадносін і размежавання зямель. Вайна 1558—83, гл. Лівонская вайна 1558—83. Паводле Плюскага перамір’я 1583 шведы завалодалі паўн. ч. Эстоніі. Нявырашанасць пытання аб межах выклікала вайну 1590—93. Аблога рас. войскамі крэпасці Нарва зацягнулася. Толькі нечаканы рэйд. рас. атрадаў да Гельсінгфорса і Аба прымусіў шведаў заключыць Цяўзінскі дагавор 1595. Швецыя захавала Нарву, Рэвель, Везенберг і інш. эст. гарады, але вяртала Расіі Кексгольм (Карэлу), Івангорад, Ям, Капор’е, Нотэбург (Арэшак), Ладагу. За ваен. дапамогу ў гады «Смуты» Васіль Іванавіч Шуйскі перадаў Швецыі паводле Выбаргскага дагавора 1609 Карэльскі павет. Скарыстаўшы слабасць Расіі, шведы ў 1610—11 занялі ўсю Наўгародскую зямлю. Паводле Сталбоўскага міру 1617 Расіі вернуты Ноўгарад, Кексгольм, Івангорад, Ям, Капор’е, Нотэбург. Вайна 1656—58 выклікана імкненнем Расіі вярнуць і інш. страчаныя землі. Выкарыстаўшы аслабленасць Рэчы Паспалітай (гл. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67), Расія заключыла з ёю Віленскае перамір’е 1656. Рус. войскі разгарнулі наступленне на швед. землі і дайшлі да Рыгі. Але контрнаступленне шведаў і аднаўленне вайны з Рэччу Паспалітай прывялі да заключэння са Швецыяй напачатку Валіесарскага дагавора 1658 аб перамір’і на 3 гады, а потым — Кардыскага мірнага дагавора 1661, які фактычна замацаваў даваен. размежаванне зямель. Вайна 1700—21, гл. Паўночная вайна 1700—21. Вайна 1741—43 была спробай Швецыі вярнуць тэр., страчаныя пасля Паўн. вайны (гл. Ніштацкі мірны дагавор 1721). Рас. войскі атрымалі шэраг перамог і вясной 1743 падышлі да тэр. Швецыі, узнікла пагроза высадкі рас. дэсантаў. У гэтых умовах швед. ўрад падпісаў Абаскі мірны трактат 1743, які ўмацаваў становішча Расіі на Балт. м. і ў Прыбалтыцы; да Расіі далучана ч. Фінляндыі да р. Кюмене. Вайна 1788—90 пачата Швецыяй, калі асн. сілы Расіі вялі вайну з Турцыяй (гл. Руска-турэцкія войны 17—19 ст.). Швецыя запатрабавала вярнуць тэр., што перайшла да Расіі паводле мірных дагавораў 1721 і 1743. Шведскі флот падыходзіў да Пецярбурга. Аднак Рас. флот перамог у Гагландскай (1788) і Выбаргскай (1790) бітвах; не мела поспеху і швед. наступленне ў Фінляндыі. Вярэльскі мірны дагавор 1790 заключаны ва ўмовах захавання ранейшых граніц (гл. таксама Аньяльскі саюз). Вайна 1808—09 вялася Расіяй у саюзе з Даніяй супраць Швецыі і Вялікабрытаніі (гл. Руска-англійская вайна на моры 1807—12) за ўстанаўленне поўнага кантролю над Батнічным і Фінскім залівамі з мэтай умацавання бяспекі Пецярбурга. Рас. войскі захапілі ўсю Фінляндыю, Аландскія а-вы і высадзілі дэсант на ўзбярэжжы Швецыі. Скончылася Фрыдрыхсгамскім мірным дагаворам 1809 (да Расіі адышлі Фінляндыя і Аландскія астравы).

Літ.:

История внешней политики России, конец XV—XVII вв. М., 1999;

История внешней политики России XVIII в. М., 1998;

Коваленко Г.М. Кандидат на престол: Из истории полит. и культурных связей России и Швеции XI—XX вв. СПб., 1999;

Похлебкин В.В. Внешняя политика Руси, России и СССР за 1000 лет в именах, датах, фактах: Справ. Вып. 2. Войны и мирные договоры. М., 1998.

С.​Л.​Лугаўцова.

Да арт. Руска-шведскія войны 16—19 ст. Пераход расійскіх войск цераз Батнічны заліў у сакавіку 1809. Гравюра пач. 19 ст.

т. 13, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІМЯО́Н ПО́ЛАЦКІ (сапр. Пятроўскі-Сітніяновіч Самуіл Емяльянавіч, паводле некат. звестак — Гаўрылавіч; 1629, г. Полацк Віцебскай вобл. —25.8.1680),

бел. і рус. паэт, драматург, перакладчык, педагог, рэліг. і грамадскі дзеяч. Скончыў Кіева-Магілянскі калегіум (каля 1650), вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі (да 1653). У 1654—64 настаўнік брацкай школы Полацкага Богаяўленскага манастыра. У 1656 прыняў манаства пад імем Сімяон. Прапагандаваў ідэю ўз’яднання хрысціян пад духоўнай эгідай рымскага папы і пад дзярж. патранатам маскоўскага цара. У полацкі перыяд творчасці пісаў на бел., польскай, лац. мовах, раннія вершы («Акафіст», «Канон», 1648) маюць рэліг., павучальны характар, вытрыманы ў духу тагачаснай панегірычнай паэзіі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 вітаў цара Аляксея Міхайлавіча ў Полацку дэкламацыяй «Метры», прысвяціў яму шэраг віншаванняў з выпадку ўзяцця пэўных гарадоў і інш.: «Вершы на шчаслівы зварот літасцівага цара з-пад Рыгі», «Віншаванне з выпадку ўзяцця Дэрпта», «Віншаванне з выпадку абрання на польскае каралеўства» і інш. Тады ж напісаў шэраг паліт.-сатырычных твораў, у якіх выкрываў захопніцкія войны швед. караля Карла X Густава: «Кароль шведскі шукае сваіх афіцэраў...», «Адчай шведскага караля...», а таксама іранічнае «Віншаванне... Амфінагену Крыжаноўскаму, вандруючаму псеўдаепіскапу». З 1664 жыў у Маскве. Арганізаваў «лацінскую» школу пры Заіконаспаскім манастыры, заснаваў незалежную ад патрыяршай цэнзуры Верхнюю друкарню, быў першым прыдворным паэтам рас. цароў, выхавацелем дзяцей Аляксея Міхайлавіча. Прыхільнік асветнага абсалютызму, быў у цэнтры дзярж. і рэліг. праблем Маскоўскай дзяржавы. Прапаведніцкая дзейнасць С.П. адлюстравана ў 2 зборніках яго пропаведзей: «Абед душэўны» (1675, выд. 1681) і «Вячэра душэўная» (1676, выд. 1683). Аснову яго літ. спадчыны складаюць 2 манументальныя зб-кі, падрыхтаваныя ў 1670-я г., але выдадзеныя пасмяротна: «Вертаград мнагацветны» і «Рыфмалагіён» (1678, выд. 1681). Яшчэ пры жыцці першы яго зборнік быў ацэнены як энцыклапедыя, з якой чэрпалі веды па хрысц. сімволіцы, гісторыі, ант. міфалогіі, тэалогіі. У другім зборніку змешчаны драм. творы «Камедыя прытчы пра блуднага сына...» і «Пра Навухаданосара цара...», якія ставіліся ў прыдворных тэатрах Крамля. Як перакладчык пазнаёміў чытачоў з многімі шырокавядомымі тагачаснымі творамі: «Казанне пра Магамета», «Тастамент, або Запавет Васіля, цара грэчаскага», «Гісторыя пра Варлаама і Іасафа» і інш. Значнае месца ў паэзіі С.П. займалі і сатыр. матывы, выкрыццё каставых заган, кар’ерызму, прыстасавальніцтва («Клятва», «Жонка», «Помста» і інш.). У многіх выказваннях С.П. прыкметны ўплыў натурфілас. поглядаў ант. аўтараў Арыстоцеля і Плінія, а таксама здабыткаў сярэдневяковай навукі. Панегірычны дух яго паэзіі выявіўся ў некат. структурных асаблівасцях сілабічных вершаў: ён звяртаўся да зрокава-графічных эфектаў і прыёмаў (каляровае пісьмо, новыя страфічныя формы і інш.), распрацоўваў чыста барочныя формы ўскладненых метафар, мудрагелістых алегорый, сімвалаў, гіпербал і інш. Паводле рашэння ЮНЕСКА імя С.П. было ўнесена ў каляндар памятных дат 1980.

Тв.:

Избр. соч. М.; Л., 1953;

У кн.: Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии: Избр. произв. XVI — начала XIX в. Мн., 1962;

У кн.: Русская силлабическая поэзия XVII—XVIII вв. Л., 1970;

Вирши. Мн., 1990.

Літ.:

Татарский И. Симеон Полоцкий: (Его жизнь и деятельность). М., 1886;

Майков Л.Н. Симеон Полоцкий // Майков Л.Н. Очерки из истории русской литературы XVII и XVIII столетий. СПб., 1889;

Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры. Т. 1. Мн., 1968;

История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977;

Гісторыя беларускай літаратуры. Старажытны перыяд. Мн., 1985;

Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973;

Панченко А.М. Русская стихотворная культура XVII в. Л., 1973;

Конон В.М. От Ренессанса к классицизму. Мн., 1978;

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980;

Симеон Полоцкий и его книгоиздательская деятельность. М., 1982.

У.​Г.​Кароткі.

Сімяон Полацкі.

т. 14, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХЕ́ЛЬСІНКІ (Helsinki), Гельсінгфорс (швед. Helsingfors),

горад, сталіца Фінляндыі. На Пд краіны, на беразе Фінскага зал. Балтыйскага мора. Адм. ц. ляні Усіма. 551 тыс. ж. (2000). Важны трансп. вузел. Порт. Міжнар. аэрапорт Малмі. Гал. эканам. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: машынабудаванне (суднабудаванне, эл.-тэхн., вытв-сць пад’ёмнага і цэлюлозна-папяровага абсталявання), тэкст., хім., харч., фарфоравая. Метрапалітэн. Ун-т. Музей-крэпасць Суаменліна (Свеаборг: 1748), уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Алімпійскі стадыён. Музеі: гісторыка-этнагр. на в-ве Сеўрасары (скансэн), нац., гарадскі і мастацкі («Атэнеум»), пошты. Тэатры Фін. нац. опера, фін. нац., нац. шведскі.

Засн. 12.6.1550 паводле ўказа швед. караля Густава I Вазы. У 1569 атрымаў гар. прывілей. У 1641 перанесены на сучаснае месца. У канцы 17 — пач. 18 ст. горад неаднаразова спустошаны. Адбудаваны ў 1721. Будаўніцтва ў 1748 крэпасці Свеаборг паспрыяла прытоку насельніцтва і ўмацаванню міжнар. сувязей. Пасля далучэння Фінляндыі да Рас. імперыі (1809) і стварэння Вял. княства Фінляндскага яго сталіца ў 1812 была перанесена з г. Турку ў Х. У 1862 горад злучаны чыгункай з унутр. раёнамі краіны, у 1870 — з С.-Пецярбургам. У канцы 19 ст. Х. сталі важным гандлёва-прамысл. і культ. цэнтрам. Пасля абвяшчэння незалежнасці Фінляндыі (снеж. 1917) — сталіца Фінляндскай рэспублікі. У 2-ю сусв. вайну горад значна пацярпеў. У 1952 у Х. адбыліся XV летнія Алімп. гульні; 1.8.1975 тут падпісаны Заключны акт Нарады па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе.

У 2-й пал. 18 ст. горад пашырыўся за кошт швед. крэпасці Свеаборг. З 19 ст. яго забудова вялася паводле рэгулярнага плана (1808—17, кіраўнік І.​А.​Эрэнстрэм). У сістэму ансамбляў гіст. цэнтра ўваходзяць адкрытая да мора Гандлёвая і замкнёная Сенацкая плошчы. У старым Х. дамінуюць класіцыстычныя пабудовы: Палац прэзідэнта рэспублікі (1814, арх. П.​Гранстэт), будынкі муніцыпалітэта (1817—18), б. сената (1818—22), ун-та (1828—32) з абсерваторыяй (1831—33) і б-кай (1831—45), сабор св. Мікалая (1830—52), «Старая клініка» мед. ф-та (1830—38, усе арх. К.Л.Энгель). Сярод значных будынкаў 2-й пал. 19 ст.: «Рыцарскі дом» (1856—62, арх. Г.​Хівітц), б. Дом саслоўяў (1888, арх. Г.​Нюстрэм), маст. музей Агэнеум (1885—87, арх. К.​Хёер), дзярж. архіў (1886, арх. Нюстрэм) і інш. Інтэнсіўным буд-вам пазначаны перыяд рамантызму (1900—14): Фін. нац. т-р (1901, арх. О.​Тар’яне), з прыбудовай (1954, арх. К. і Х. Сірэн), Цэнтр. вакзал (1904—14, арх. Э.​Саарынен і інш.), будынак тэлефоннай кампаніі (1905—09, арх. Л.​Сонк), Нац. музей (1906—09, арх. Саарынен, Г.​Гезеліус, А.​Ліндгрэн), царква ў раёне Каліо (1909—12, арх. Сонк). У 1920—30-я г. пабудаваны універмаг Стокмана (арх. С.​Фростэрус), паштамт (арх. Э.​Ліндрас, І.​Ярві), парламент (арх. І.​Сірэн). Дасягненне фін. горадабудаўніцтва 20 ст. — план Вял. Х. (1915—18, арх. Саарынен). Вылучаюцца комплексы Алімп. стадыёна (1934—40, дабудаваны ў 1952, арх. І.​Ліндэгрэн, Т.​Янты) і Алімп. вёскі (1938—40, арх. Х.​Экелунд, М.​Вялікангас), гасцініца «Палас» з гандл. памяшканнямі (1949—52, арх. В.Рэвель, з К.​Пецяя), новы корпус ун-та (1953—58, арх. А.​Эрві), падземная царква Тайвалахты (1965—69, арх. Т. і Т. Суамалайнен), палац «Фінляндыя» (1967—71), Дом кнігі (1970, абодва арх. А.Аалта), парк з помнікам Я.​Сібеліусу (1961—67, скульпт. Э.​Хілтунен), фантаны «Хавіс Аманда» (1907, скульпт. В.​Валгрэн) і «Айна» (1912, скульпт. Э.​Вікстрэм), аўтаномныя раёны Х. — Тапіяла і Отаніемі.

Н.​К.​Мазоўка (гісторыя і архітэктура).

Хельсінкі. Крэпасць Суаменліна (Свеаборг; 1748).
Хельсінкі. Сабор святога Мікалая.

т. 17, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАНК (англ. tank бак, рэзервуар),

баявая гусенічная браніраваная машына высокай праходнасці і рухомасці; асн. від узбраення танкавых войск. Здольны выяўляць і паражаць розныя цэлі на полі бою, ажыццяўляць манеўры і захоўваць баяздольнасць пры агнявым» дзеянні праціўніка, здзяйсняць мама на вял. адлегласці, пераадольваць перашкоды і загароды. Забяспечваюць войскам магчымасць прарыву абароны праціўніка, развіцця поспеху, арганізацыі трывалай абароны, вядзення высокаманеўраных баявых дзеянняў. Падзяляліся на лёгкія (да 20 т), сярэднія (да 40 т), цяжкія (больш за 40 т). З 1960-х г. Выкарыстоўваецца баявы Т. шматмэтавага прызначэння. Асн. ўзбраенне — гармата калібру 105—152 мм, дапаможнае — 1—3 кулямёты (спараныя, зенітныя), часам таксама агнямёты, рэактыўнае ўзбраенне. Экіпаж 3—4 чал. скорасць 41—70 км/гадз, маса 36—55 т. На ўзбраенні армій шэрагу краін ёсць лёгкія авіятранспартабельныя Т. («амфібіі»).

Асн. элементы канструкцыі Т.: бранявы корпус і вежа (літыя або зварныя). комплекс узбраення (асн. і дапаможная зброя, сістэм кіравання агнём, боепрыпасы і інш.), сілавая ўстаноўка (поршневыя і газатурбінныя рухавікі ўнутр. згарання), сілавая перадача (мех., гідрамех. і электрамех. трансмісіі), хадавы частка, электраабсталяванне (сістэмы энергазабеспячэння і эл. пуску рухавіка, прылады кантрольна-вымяральныя. асвятлення і сігналізацыі), сродкі сувязі (радыёстанцыі), спец. абсталяванне (проціпажарнае, сістэм аховы ад зброі масавага паражэння і маскіроўкі). Для пераадолення водных перашкод (глыб. да 6 м) Т. аснашчаюцца абсталяваннем падводнага ваджэння, вадаходным рухачом.

Першыя праекты Т. прапанаваны ў Расіі (В.​Дз.​Мендзялееў, А.​А.​Парахоўшчыкаў. 1911—15), Вялікабрытаніі (Д.​Моль, 1912), Аўстра-Венгрыі (Г.​Бурштын, 1913). Пабудаваныя ў 1915—16 у Вялікабрытаніі Т. (32 «Марк-І») упершыню выкарыстаны ў верасні 1916 на р. Сома (Пн Францыі) у баі англа-франц. войск з германскімі, «Марк-IV» — у 1917. Т. выпускаліся таксама ў Францыі (з 1916). Германіі (з 1918), ЗША (з канца 1-й сусв. вайны). Браня гэтых Т. ахоўвала ад куль і лёгкіх асколкаў, яны прызначаліся ў асн. для падтрымкі пяхоты і выкарыстоўваліся абмежавана. Сав. Т. пачалі выпускацца ў 1920; у 1931—38 — лёгкія Т-26, БТ, сярэднія Т-28, цяжкія Т-35, танкеткі Т-27, малыя плаваючыя Т-37, Т-38. У 1938—40 створаны Т. з проціснарадным браніраваннем: сярэдні Т-34 (з 76-мм даўгаствольнай гарматай, канструктар М.І.Кошкін і інш.) і цяжкі КВ-1. Удасканалены ў 1943 Т-34-85 стаў лепшым Т. 2-й сусв. вайны. У гады Вял. Айч. вайны ў СССР выпускаліся Т. КВ-ІС (1941), КВ-85 (1943), 1С-1 (1943) і інш. На базе Т. былі створаны самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі. Германія ў 2-й сусв. вайне выкарыстоўвала Т. лёгкія Т-I, Т-II, сярэднія Т-III (пры нападзе на Польшчу, Францыю, СССР), Т-IV, цяжкія Т-V «Пантэра» і Т-VI «Тыгр» (1943); ЗША — М-4 «Шэрман» (асн. Т. саюзнікаў пасля 1942), М-26. Сярэднія і цяжкія Т. 2-й сусв. вайны былі аднавежавыя, з проціснарадным браніраваннем, узброены гарматамі 50—122 мм. У пасляваен. перыяд Т. канструяваліся з улікам магчымасці іх выкарыстання ва ўмовах ядз. вайны. У 1980-х г. у СССР з’явіліся Т-72Б (найб. пашыраныя ва Узбр. Сілах Беларусі), Т-72БВ, Т-80У, Т-80УД, Т-84. Найб. аптымальныя баявыя і эксплуатацыйна-тэхн. якасці ў танка Т-90 (Расія). Найб. вядомыя Т. зах. краін: «Леапард» 2 (ФРГ. прыняты на ўзбраенне ў 1979), МІ «Абрамс» (ЗША. 1980), «Чэленджэр» (Вялікабрытанія), «Леклерк» (Францыя), «Меркава» (Ізраіль). Асн. іх асаблівасць — істотнае павышэнне жывучасці на полі бою за кошт павелічэння браніравання, зніжэння сілуэта. выкарыстання большых вуглоў нахілу зварных бранявых канструкцый. камбінаванай і разнесенай брані ў корпусе і вежы, сродкаў па лакалізацыі пашкоджанняў. Яны аснашчаны дасканалымі комплексамі ўзбраення, магутнымі рухавікамі. гідрамех. трансмісіяй. Існуюць і бязвежавыя Т. (шведскі STRV-103).

Літ.:

Танки и танковые войска. М., 1970;

Современные танки. М., 1995;

Энциклопедия танков: Полная энцикл. танков мира. 1915—2000 гг. / Сост. Г.​Л.​Холявский. Мн., 2000;

Современная бронетанковая техника: Справ. пособие. Мн., 1998;

Шунков В.В. Танки. Мн., 2000.

М.​П.​Брэль.

Танк: а — боепрыпасы для 125-міліметровай танкавай гарматы; б — схема танка (1 — паліўныя бакі; 2 — зарады; 3 — снарады; 4 — гармата; 5 — спараны кулямёт; 6 — зенітны кулямёт з дыстанцыйным кіраваннем; 7 — рухавік; 8 — боеўкладка аўтамата зараджання; 9 — апорныя каткі).
Танкі 1-й і 2-й сусветных войнаў: 1 — англійскі «Марк-IV»; 2 — нямецкі Т-III; 3 — М4 «Шэрман» (ЗША); 4 — сярэдні савецкі Т-34-85 (1943).
Сучасныя танкі: 1 — Т-72Б (на ўзбраенні ў арміі Беларусі); 2 — M1A2 «Абрамс» (ЗША); 3 — «Леапард 2Е» (ФРГ); 4 — «Леклерк» (Францыя); 5 — «Меркава-3» (Ізраіль); 6 — Т-90С (Расія).

т. 15, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)