ПАРЫ́ЖСКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1763,

мірны дагавор паміж Вялікабрытаніяй і Партугаліяй з аднаго боку, Францыяй і Іспаніяй — з другога, які завяршыў удзел гэтых краін у Сямігадовай вайне 1756—63. Падпісаны 10 лют. ў Парыжы. Паводле дагавора ў Амерыцы да Вялікабрытаніі адыходзілі ад Францыі — Новая Францыя (Канада), в-аў Кап-Брэтон, усе землі на У ад р. Місісіпі (Усх. Луізіяна, за выключэннем Новага Арлеана), шэраг астравоў Карыбскага м.; у Афрыцы — б.ч. калоніі Сенегал; у Індыі — амаль усе франц. ўладанні. Францыя вяртала Вялікабрытаніі захоплены ў 1756 в-аў Менорка ў Міжземным м. Іспанія перадавала Вялікабрытаніі Фларыду ў Паўн. Амерыцы, за што атрымлівала ад Францыі Зах. Луізіяну. Франц. войскі пакідалі Гановер і (разам з ісп. войскамі) Партугалію. П.м.д. азначаў перамогу Вялікабрытаніі над Францыяй у барацьбе за калан. і гандл. першынство.

т. 12, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УА́ЙЛЕР (Wyler) Уільям (1.7.1902, г. Мюлуз, Францыя — 28.7.1981),

амерыканскі кінарэжысёр. З 1920 у Галівудзе. Здымаў вестэрны, камедыі, меладрамы, пасля 1930-х г. — псіхал. драмы з вострай праблематыкай: «Тупік» (паводле С.​Кінгслі, 1937), «Іезавель» (1938), «Навальнічны перавал» (паводле Э.​Бронтэ, 1939), «Лісічкі» (паводле Л.​Хелман, 1941), «Місіс Мінівер» (1942; прэмія «Оскар»), «Лепшыя гады нашага жыцця» (паводле М.​Кантара, 1946; «Оскар»; прыз Міжнар. кінафестывалю ў Марыянске-Лазне, Чэхія, 1948). Высокай рэжысёрскай культурай вызначаліся экранізацыі амер. класікі «Наследніца» (паводле Г.​Джэймса, 1949) і «Кэры» (паводле Т.​Драйзера, 1952), псіхал. драма «Гадзіны адчаю» (1955), вестэрн «Сяброўскае ўгаворванне» (1956; гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Канах, Францыя, 1957), гіст. суперкалос «Бен Гур» (1959; «Оскар»), «Рымскія канікулы» (1953), камедыі «Як украсці мільён» (1966), «Смешная дзяўчынка» (1968) і інш.

Літ.:

Колодяжная В. Уильям Уайлер. М., 1975.

т. 16, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІМО́ВЫЯ АЛІМПІ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,

сусветныя комплексныя спаборніцтвы па зімовых відах спорту. Праводзяцца з 1924 Міжнар. алімп. камітэтам 1 раз у 4 гады (у 1940 і 1944 не адбыліся). Месцы правядзення: I — г. Шамані (Францыя, 1924), II і V — г. Санкт-Морыц (Швейцарыя, 1928, 1948), III і XIII — г. Лейк-Плэсід (ЗША, 1932, 1980), IV — г. Гарміш-Партэнкірхен (Германія, 1936), VI — Осла (Нарвегія, 1952), VII — г. Корціна-д’Ампеца (Італія, 1956), VIII — г. Скво-Вэллі (ЗША, 1960), IX і XII — г. Інсбрук (Аўстрыя, 1964, 1976), X — г. Грэнобль (Францыя, 1968), XI — г. Сапара (Японія, 1972), XIV — г. Сараева (Югаславія, 1984), XV — г. Калгары (Канада, 1988), XVI — г. Альбервіль (Францыя, 1992), XVII — г. Лілехамер (Нарвегія, 1994), XVIII — г. Нагана (Японія, 1998). Бел. спартсмены выступаюць з 1964 (у складзе каманды СССР), у якасці самастойнай каманды з 1994—15-е месца па колькасці медалёў з 67 каманд; заваявалі 1 залаты медаль (Я.​Л.​Рэдзькін, біятлон, гонка на 20 км, 1992), 3 сярэбраныя (А.​У.​Папоў, біятлон, эстафета 4×7,5 км, 1992; І.​М.​Жалязоўскі, канькабежны спорт, 1000 м, 19.94; С.​В.​Парамыгіна, біятлон, 7,5 км, 1994), 4 бронзавыя (Р.​М.​Ачкіна, лыжныя гонкі, эстафета 3×5 км, 1968; Жалязоўскі, канькабежны спорт, 1000 м, 1988; А.​П.​Айдараў, біятлон, 20 км, 1998; Дз.​У.​Дашчынскі, фрыстайл, 1998).

У.​Г.​Майсееў.

т. 7, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДЭ́Н (Boudin) Эжэн (13.7.1824, г. Анфлёр, Францыя — 8.8.1898),

французскі жывапісец. Яго паэтычныя пейзажы з тонкай фіксацыяй паветранага асяроддзя папярэднічалі жывапісным пошукам майстроў імпрэсіянізму («Крыналіны на пляжы ў Трувілі», 1869; «Пляж у Трувілі», 1871).

Э.Будэн. Пляж у Трувілі. 1871.

т. 3, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАГЕ́Р (Daguerre) Луі Жак Мандэ (18.11.1787, Кармейз-ан-Парызі, Францыя — 10.7.1851),

французскі вынаходнік у галіне фатаграфіі. Па прафесіі мастак. У 1822 стварыў першую дыяраму. Распрацаваў спосаб атрымання незнікаючых адбіткаў, які быў названы дагератыпіяй — першы з вядомых спосабаў фатаграфіі.

Л.Ж.М.Дагер.

т. 5, с. 572

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЯ́ЧА (Ajaccio),

горад і порт на в-ве Корсіка (Францыя). Адм. ц. дэпартамента Паўд. Корсіка. Засн. ў 1492. 54 тыс. ж. (1990). Аэрапорт, вузел мясцовых чыгунак. Паромная сувязь з Марселем, Ніццай і Тулонам. Рыбная лоўля. Прыморскі курорт і цэнтр турызму.

т. 2, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРТЭ́Н ДЗЮ ГАР (Martin du Gard) Ражэ (23.3.1881, г. Нёі-сюр-Сен, Францыя — 22.8.1958),

французскі пісьменнік. Скончыў Эколь дэ Шарт (1905). У раманах «Станаўленне» (1909), «Жан Баруа» (1913) праблемы станаўлення чалавека, пошукі сэнсу жыцця. Асн. твор — раман-хроніка «Сям’я Цібо» (т. 1—8, 1922—40), у якім адлюстравана франц. рэчаіснасць пач. 20 ст. Аўтар фарсаў «Завяшчанне дзядзечкі Лелё» (1920), «Вадзянка» (1928), псіхал. драмы «Маўклівы» (1932), аповесцей «Афрыканскае прызнанне» (1931), «Старая Францыя» (1933). Яго творам уласцівы характэрныя рысы франц. класічнай л-ры: панарамнасць, нар. этычны пафас, высокі напал пачуццяў, выразнасць думкі. Напісаў «Нататкі пра Андрэ Жыда» (1951), «Аўтабіяграфічныя і літаратурныя ўспаміны» (1955). Нобелеўская прэмія 1937.

Тв.:

Рус. пер. — Жан Баруа. М., 1958;

Семья Тибо. Т. 1—2. М., 1972—87.

Літ.:

Наркирьер Ф.С. Роже Мартен дю Гар: Критико-биогр. очерк. М., 1963.

Р.Мартэн дзю Гар.

т. 10, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕВЕ́Н (Pleven) Рэнэ Жан (15.4.1901, г. Рэн, Францыя — 13.1.1993),

французскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Скончыў Парыжскі ун-т. У 2-ю сусв. вайну з 1940 чл. руху «Свабодная Францыя». У 1941—44 камісар фінансаў, калоній, замежных спраў Франц. нац. к-та і Франц. к-та нац. вызвалення. У 1944—46 міністр калоній, фінансаў, нац. эканомікі Часовага ўрада. У 1946—69 дэп. Нац. сходу. У 1946—53 старшыня партыі Дэмакр. і сацыяліст. саюза Супраціўлення. Міністр нац. абароны (1949—50, 1952—54), прэм’ер-міністр (ліп. 1950 — лют. 1951 і жн. 1951 — студз. 1952) Францыі. Выступаў за стварэнне і ўмацаванне зах. саюза і НАТО. У 1950 прапанаваў праект стварэння ваен. блока зах.-еўрап. дзяржаў (Плевена план). Садзейнічаў уцягванню Францыі ў калан. вайну ў Індакітаі. Міністр замежных спраў (1958), юстыцыі (1969—73). У 1974—76 старшыня Брэтонскага рэгіянальнага савета.

т. 12, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́НДЭНШУ (Bindenschu) Руперт (1645, г. Страсбур, Францыя — 1698),

латышскі архітэктар. Прадстаўнік барока. З 1671 працаваў у Рызе. Найб. значныя работы: новы фасад і вежа царквы Петэра (з Я.​Іостэнам, 1689—94), т.зв. дом Рэйтэрна (1684—88), якія вызначаюцца выразнасцю і прыгажосцю кампазіцыі.

т. 3, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНГАЛЬФ’Е́ (Montgolfier),

браты Жазеф (26.8.1740, г. Анане, Францыя — 26.6.1810) і Эцьен (7.1.1745, там жа — 2.8.1799), французскія вынаходнікі аэрастата, піянеры паветраплавання. Першы палёт пабудаванага імі паветр. шара («мангальф’ера»), напоўненага гарачым дымам, адбыўся 5.6.1783, а першы палёт людзей на такім шары — 21.11.1783 у Парыжы.

т. 10, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)