КАРНЕ́Т (франц. cornette),

малодшы афіцэрскі чын (воінскае званне) у кавалерыі шэрагу краін Еўропы і Расіі ў 15 — пач. 20 ст. Першапачаткова К. выконвалі ролю сцяганосцаў. У рас. арміі ўведзены у 1801 (акрамя драгунскай і казацкай кавалерыі, з 1882 уведзены і ў драгунаў), потым у жандармерыі і пагран. варце, адпавядаў чыну прапаршчыка (з 1884 падпаручніка) у пяхоце, артылерыі і інш. часцях, харунжага ў казакоў. Скасаваны ў еўрап. арміях да канца 19 ст., у Расіі — у 1917.

т. 8, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТУЭ́НСКІ ДАГАВО́Р.

Падпісаны ў снеж. 1703 паслом Вялікабрытаніі ў Партугаліі лордам Метуэнам (адсюль назва) і партуг. ўрадам. Паводле М.д., у абмен на значнае памяншэнне мытных падаткаў на сваё віно партуг. ўлады дазволілі свабодны ўвоз у Партугалію англ. шарсцяных вырабаў. У выніку Вялікабрытанія заняла пануючае месца ў знешнім гандлі з Партугаліяй, што зрабіла вінаробства вядучай галіной партуг. эканомікі і прывяло да заняпаду інш. галін прам-сці. Дагавор узмацніў залежнасць Партугаліі ад Вялікабрытаніі. Фармальна скасаваны ў 1836.

т. 10, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у 1939—54. Цэнтр — г. Пінск. Утворана 4.12.1939, уключала 5 паветаў: Драгічынскі, Косаўскі, Лунінецкі, Пінскі, Столінскі (часткова). 15.1.1940 паветы скасаваны, утвораны 11 раёнаў: Ганцавіцкі, Давыд-Гарадоцкі, Драгічынскі, Жабчыцкі, Іванаўскі, Лагішынскі, Ленінскі, Лунінецкі, Пінскі, Столінскі, Целяханскі. У 1941 пл. вобласці 16,3 тыс. км², нас. 533,6 тыс. чал., 4 гарады, 5 гар. пасёлкаў, 1 раб. пасёлак, 159 сельсаветаў. 8.1.1954 пасля скасавання тэр. вобласці ўключана ў Брэсцкую вобласць.

т. 12, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯГО́МЛЬСКІ РАЁН.

Існаваў у БССР у 1924—60. Утвораны 17.7.1924. Цэнтр раёна г.п. Бягомль. Пл. каля 1,4 тыс. км², нас. 28 265 чал. (на 1.1.1925), 296 нас. пунктаў. Падзяляўся на 9 сельсаветаў: Бягомльскі, Бярэзінскі, Бярозкаўскі, Вітуніцкі, Восаўскі, Глінскі, Домжарыцы, Кадлубішчанскі, Нядальскі. Уваходзіў у Барысаўскую, у 1927—30 у Мінскую, з 1935 у Лепельскую акругі, з 1938 у Мінскай вобл. У сувязі з узбуйненнем раёнаў 20.1.1960 Бягомльскі раён скасаваны, яго тэр. перададзена ў Докшыцкі, Барысаўскі і Лепельскі р-ны.

т. 3, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ПРАФЕСІЯНА́ЛЬНЫ ВУЧЫ́ЦЕЛЬСКІ САЮ́З.

Дзейнічаў у 1929—37 у Вільні. Засн. 9.5.1929 па ініцыятыве А.​Луцкевіча, В.​Грышкевіча (старшыня ўправы), Р.​Астроўскага, А.​Сакаловай-Лекант, Я.​Шнаркевіч і інш. Ставіў за мэту абарону прафес. інтарэсаў настаўнікаў, удасканаленне іх пед. майстэрства, развіццё бел. культуры, падтрыманне бел. школьніцтва. Пашыраў дзейнасць на Віленскае, Навагрудскае, Палескае і Беластоцкае ваяводствы. Ладзіў навук.-пед. канферэнцыі, арганізоўваў лекцыі, канцэрты вучнёўскай самадзейнасці. Праводзіў зборы грашовых сродкаў для бедных вучняў бел. гімназіі. Скасаваны загадам віленскага ваяводы 20.8.1937.

т. 2, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́КШЫЦКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1793—97. Утвораны ў складзе Мінскай губ. з частак Ашмянскага і Мінскага пав. ВКЛ пасля іх далучэння да Расіі ў час 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793). Цэнтр — мястэчка (з 1795 горад) Докшыцы. Найб. значнымі паселішчамі Д.п. былі мястэчкі Беразіно, Гайна, Даўгінава, Ілья, Лагойск, Плешчаніцы, сёлы Бягомль, Нябышына і інш. Скасаваны ў пач. 1797, яго тэр. падзелена паміж Вілейскім і Барысаўскім пав. Мінскай губ.

В.​Л.​Насевіч.

т. 6, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСАЦЫ́ЙНЫ ТРЫБУНА́Л пры ЦВК БССР,

орган нагляду за дзейнасцю Рэв. трыбунала рэспублікі ў 1921—22. Разглядаў у касацыйным парадку скаргі і пратэсты на прыгаворы трыбунала па справах аб контррэвалюцыйных і інш. небяспечных злачынствах. У склад К.т. ўваходзілі старшыня (звычайна нар. камісар юстыцыі рэспублікі) і 2 члены — заг. суд. аддзела Наркамюста і адзін з членаў Рэв. трыбунала (які не прымаў удзел у разглядзе справы па 1-й інстанцыі). Скасаваны 1.9.1922, яго функцыі перададзены Вышэйшаму касацыйнаму суду.

Г.​А.​Маслыка.

т. 8, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МСЦІСЛА́ЎСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1773—1924. Цэнтр — г. Мсціслаў. Утвораны 2.8.1773 у складзе Мсціслаўскай правінцыі, з 2.4.1777 — у Магілёўскай губ. 12.12.1796 уключаны ў Беларускую губ. З 27.2.1802 зноў у Магілёўскай губ. з аднаўленнем папярэдніх межаў. Пл. каля 2,5 тыс. км². Нас. на 1883 было 63 тыс. чал. 2.2.1919 М.п. разам з Магілёўскай губ. уключаны ў РСФСР (з 26.4.1919 у складзе Смаленскай губ.). 3.3.1924 М.п. у паменшаных межах вернуты БССР, 20.6.1924 скасаваны.

В.​Л.​Насевіч.

т. 10, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ДЗЕНСКІ РАЁН,

адм.-тэр. адзінка ў БССР у лютым — ліп. 1935 і 1938—60. Цэнтр — г.п. Рудзенск. Утвораны 12.2.1935, падзелены на 13 сельсаветаў: Азярычынскі, Вузлянскі (з 8.4.1957 Навапольскі), Гарэлецкі, Голацкі, Дрычынскі, Дудзіцкі, Дукорскі, Пудзецкаслабодскі, Пярэжырскі, Рудзенскі, Сяргеевіцкі, Цітвянскі, Шацкі. 6.7.1935 перайменаваны ў Смілавіцкі, які з 11.2.1938 атрымаў ранейшую назву. З 1938 у Мінскай вобл. 20.1.1960 раён скасаваны, Смілавіцкі с/с перададзены Чэрвеньскаму, Навапольскі, Шацкі — Уздзенскаму, Голацкі, Дрычынскі, Дукорскі, Пярэжырскі, Сяргеевіцкі, Цітвянскі і г.п. Рудзенск — Пухавіцкаму р-нам.

т. 13, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕ́РХНІ ЗЕ́МСКІ СУД,

саслоўны дваранскі судовы орган у Расійскай імперыі, у т. л. на Беларусі, у канцы 18 ст. Дзейнічаў на падставе «Устанаўлення для кіравання губерняў Усерасійскай імперыі» ад 7.11.1775. Складаўся з дэпартаментаў крымін. і цывільных спраў. Разглядаў крымін. справы, за якія абвінавачаны мог быць асуджаны да смяротнага пакарання, пазбаўлення гонару або да публічнага пакарання. Кампетэнцыя Верхняга земскага суда па цывільных справах выразна не была вызначана. Ён быў і апеляцыйнай інстанцыяй для ніжняга земскага суда. Засядаў 3 разы ў год. У 1797 скасаваны.

т. 4, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)