ПЕРФАРА́ЦЫЯ (ад лац. perforatio пранікненне, прасвідроўванне),
1) у батаніцы — скразныя адтуліны ў клетачных абалонках сасудаў і сітападобных трубак раслін (на бакавых і папярочных клетачных сценках). Праз П. па сасудах свабодна праходзяць пажыўныя растворы. Бывае простай (у многіх кветкавых раслін), эфедроіднай (у гнетавых), множнай (у папарацей).
2) У медыцыне — скразное парушэнне цэласнасці сценкі полага ці трубчастага органа (напр., сценкі страўніка на месцы язвы); стварэнне адтуліны ў тканцы або органе, часцей у косці, хірург. шляхам.
т. 12, с. 305
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЛІРУБІ́Н,
прадукт распаду гемаглабіну; адзін з пігментаў жоўці; C33H36O6N4. Дрэнна раствараецца ў вадзе. Мае чырвона-буры колер у растворы, карычневы — у крышталях. Утвараецца найб. у печані, адтуль з жоўцю выводзіцца ў кішэчнік, дзе асн. маса білірубіну ператвараецца ў мезабілірубін, а потым ва урабілінаген. У тонкім кішэчніку невял. колькасць білірубіну ўсмоктваецца ў кроў і зноў трапляе ў печань. Пры атручэнні, парушэнні функцыі печані (закупорцы жоўцевых пратокаў) колькасць білірубіну ў крыві павялічваецца, што выклікае жаўтуху. Змяненне білірубіну ў крыві — дыягнастычны паказчык.
т. 3, с. 152
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЮРЫ́ ЗАКО́Н,
тэмпературная залежнасць удзельнай магнітнай успрыімлівасці χ некаторых парамагнетыкаў. Мае выгляд χ = C/T, дзе C — канстанта рэчыва (канстанта Кюры). Адкрыты ў 1895 П.Кюры. К.з. падпарадкоўваюцца газы, пара шчолачных металаў, разбаўленыя растворы парамагн. солей і інш. Класічная тэорыя К.з. грунтуецца на стат. разглядзе ўласцівасцей сістэмы («газу») слаба ўзаемадзейных атамаў, малекул ці іонаў, якія маюць магн. дыпольны момант. У знешнім магн. полі адбываецца арыентацыя гэтых момантаў уздоўж поля, якой перашкаджае цеплавы рух часціц. Гл. таксама Кюры—Вейса закон.
т. 9, с. 77
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́КІ (ням. Lack),
растворы плёнкаўтваральных рэчываў у арган. растваральніках. Тонкія слаі Л., нанесеныя на паверхню, высыхаюць з утварэннем цвёрдых, бліскучых, празрыстых пакрыццяў (гл. Лакафарбавыя пакрыцці). У састаў Л. звычайна ўваходзяць пластыфікатары, сікатывы, ацвярджальнікі і інш. спец. дабаўкі. Класіфіцыруюць Л. паводле хім. прыроды плёнкаўтваральніка, напр., алкідныя лакі (гл. Алкідныя смолы), поліэфірныя лакі, эфірацэлюлозныя лакі, а таксама паводле галін выкарыстання (напр., мэблевыя, кансервавыя, электраізаляцыйныя). Выкарыстоўваюць як аснову пры атрыманні эмаляў, грунтовак, шпаклёвак, для апрацоўкі драўніны, металу, пластмасы, паперы, тканін.
т. 9, с. 107
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
індыка́тар, ‑а і ‑у, м.
1. ‑а. Прыбор, які служыць для вымярэння фізічных велічынь (ціску, нагрузкі і пад.), а таксама для адлюстравання ходу працэсаў або стану аб’екта назірання. Індыкатар электрычных ваганняў. Індыкатар настройкі. Акустычны індыкатар.
2. ‑у. Рэчыва, якое ўводзіцца ў раствор для выяўлення хімічнага працэсу, што адбываецца ў растворы. Індыкатар шчолачных і кіслых рэакцый.
3. ‑а. Бібліятэчная картатэка, якая паказвае, хто ўзяў чытаць кнігу. Навесці даведку па індыкатар у.
[Лац. indicator — паказальнік.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тэлетэрма́льны
(ад тэле- + тэрмальны);
т-ыя месцанараджэнні — залежы карысных выкапняў, аддаленыя ад глыбінных магматычных парод, з якімі мяркуецца іх роднасная сувязь праз гарачыя водныя растворы.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АЛЕ́ЙНЫЯ ЛА́КІ,
растворы прадуктаў сумяшчэння алеяў і прыродных ці сінт. смол у арган. растваральніках. На алейныя лакі выкарыстоўваюць рафінаваныя і часткова запалімерызаваныя алеі, прыродныя (каніфоль, бурштын і інш.) і сінтэтычныя (фенола-фармальдэгідныя смолы і іх мадыфікацыі) смолы, растваральнікі (уайт-спірыт, сальвент-нафта, бензін, шкіпінар і інш.), дадаюць сікатывы.
У залежнасці ад колькасці алею алейныя лакі падзяляюцца на посныя, сярэднія, тлустыя; атмасфераўстойлівасць іх павялічваецца з павышэннем тлустасці. Алейнымі лакамі пакрываюць металы, драўнінныя пластыкі, прамочваюць абмоткі электраабсталявання, выкарыстоўваюць у грунтоўках, шпаклёўках і эмалевых фарбах. Замяняюцца алкіднымі лакамі.
т. 1, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМІЯ́К,
NH3, найпрасцейшае хім. злучэнне азоту з вадародам. Бясколерны газ з рэзкім удушлівым пахам, tкіп -36 °C, шчыльн. у вадкім стане 0,681∙103 кг/м³, растваральны ў вадзе (10%-ны раствор — нашатырны спірт). Растварае шчолачныя і шчолачна-зямельныя металы, некаторыя неметалы (P, S, I), многія арган. і неарган. рэчывы. Атрымліваюць каталітычным узаемадзеяннем N2 і H2 пад ціскам. Выкарыстоўваецца для вытв-сці азотнай кіслаты, мачавіны, азотазмяшчальных соляў, соды, угнаенняў, а таксама ў медыцыне. Вадкі аміяк і яго растворы — холадарэагенты. Ядавіты, выклікае слёзацячэнне, удушша, болі ў страўніку. ГДК 20 мг/м³.
т. 1, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАФО́БНЫ ЦЭМЕ́НТ,
прадукт тонкага здрабнення партландцэментнага клінкеру (гл. Партландцэмент) разам з гіпсам і гідрафобнымі (воданепрымальнымі) дабаўкамі (асідол, мыланафт, алеінавая к-та і інш.). Дабаўкі (0,1—0,3% ад масы цэменту) утвараюць на паверхні яго часціц тонкія гідрафобныя плёнкі (гл. Гідрафільнасць і гідрафобнасць), якія змяншаюць яго гіграскапічнасць і прадухіляюць ад псавання пры працяглым захоўванні нават у вільготных умовах. Бетоны і растворы на гідрафобным цэменце вызначаюцца меншым водапаглынаннем, большай марозаўстойлівасцю і воданепранікальнасцю, чым на звычайным цэменце. Выкарыстоўваюцца ў аэрадромным і дарожным буд-ве, для абліцоўкі будынкаў і інш.
т. 5, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІЙАРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,
металаарганічныя злучэнні, у якіх атам магнію непасрэдна злучаны з вугляродам. Асн. тыпы М.з. маюць агульныя ф-лы: RMgX і R2Mg, дзе R — арган. радыкал, X — пераважна галаген.
Найб. важныя М.з., т.зв. рэактывы Грыньяра RMgX — бясколерныя крышталі або вязкія вадкасці, устойлівыя да 100—150 °C. Раскладаюцца пад уздзеяннем вады, спіртоў, кіслот. Узаемадзейнічаюць з галагенамі, серай, вуглякіслым газам (утвараюць солі карбонавых кіслот). Атрымліваюць узаемадзеяннем галагеналканаў з магніем у эфірным растворы. Выкарыстоўваюць у арган. сінтэзе (гл. Грыньяра рэакцыя) і для атрымання металаарган. злучэнняў; у прам-сці — як каталізатары полімерызацыі.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 9, с. 477
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)